Рэнатас Юшка (21 сакавіка 1972 — 4 верасня 2019) — літоўскі дыпламат. Консул у амбасадзе Літвы ў Беларусі ў 2000—2003 гадах. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў 2009—2013 гадах.

Рэнатас Юшка
літ.: Renatas Juška
пасол Літвы ў Венгрыі[d]
2009 — 2013
Папярэднік Darius Semaška[d]
Пераемнік Rasa Kairienė[d]
Нараджэнне 21 сакавіка 1972(1972-03-21)
Смерць 4 верасня 2019(2019-09-04) (47 гадоў)
Адукацыя
Дзейнасць дыпламат

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 21 сакавіка 1972 года ў Коўне ў Літоўскай ССР. У 1990—1996 гадах вучыўся ва універсітэце Вітаўта Вялікага на гуманітарным факультэце. Атрымаў ступень магістр гісторыі. У 1995—1996 гадах — трэці сакратар Амерыканскага аддзела Міністэрства замежных спраў Літвы, у 1996—1997 гадах — другі сакратар аддзела СНД МЗС Літвы. У 1997—2000 гадах Першы сакратар Літоўскай місіі пры АБСЕ ў Вене. У МЗС спецыялізаваўся на беларускіх справах.

Дзейнасць у Беларусі правіць

У 2000—2003 гадах — консул амбасады Літвы ў Беларусі. У гэты момант першы раз сутыкнуўся з псіхалагічным ціскам за свае погляды і дзеі ў абароне дэмакратыі: невядомая асоба трапіла ў дом Рэнатаса Юшкі ў Мінску і пакінула папяросны попел у кухоннай ракавіне — ніхто ў сям’і не паліў. Гэтую падзею ён пазней пракаментаваў так: «Я вырашыў, што гэта непрыемна, але прыняў гэта як частку маёй працы».

У 2003—2006 гадах — дарадца ў справах аналіза знешняй палітыкі ў Дэпартаменце планавання МЗС Літвы. Пасля вяртання з Мінска да Вільні праца Рэнатаса Юшкі была звязана з дапамогай апазіцыянерам. Акрамя беларускай апазіцыі, Юшка таксама дапамагаў грузінскаму руху Khmara, першаму ўкраінскаму Майдану, сербскай моладзевай арганізацыі Otpor. Рэнатас Юшка быў аўтарам канцэпцыі пераносу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту з Мінска ў Вільню — у выніку ЕГУ пераехаў туды ў 2004 годзе. Падтрымліваў кантакты з беларускай апазіцыяй, недзяржаўнымі арганізацыямі, палітыкамі, і дапамагаў ім, у той час як афіцыяльнымі кантактамі займаваліся калегі з іншых аддзелаў.

У 2006—2009 гадах — дырэктар Дэпартамента Супрацоўніцтва ў галіне развіцця і Падтрымкі Дэмакратыі МЗС Літвы. Падчас прэзідэнцкія выбараў 2006 года кантактаваў з Аляксандрам Мілінкевічам, Аляксандрам Казуліным і іх штабамі. Рэнатас Юшка каментаваў гэта так: «Мы раілі, выдумлялі праеўрапейскія слоганы і ініцыятывы, працавалі над спосабамі друку матэрыялаў і распаўсюду іх па ўсёй краіне. Мы ўкладалі шмат труда, каб голас беларусаў быў пачуты ў замежных СМІ».

Пасля абвяшчэння перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2006 года і разгона мітынга, КДБ РБ правёў прэсавую канферэнцыю, на якой старшыня КДБ абвініў ЗША і суседнія краі ў правядзенні «тэрарыстычных атак» у Беларусі. Так, КДБ абвінавачваў літоўскага дыпламата Рэнатаса Юшку, яго двух калег з Літвы, а таксама двух грамадзянаў ЗША з арганізацыяў, якія фінансава дапамагаюць у справах дэмакратыі. Беларускія дзяржаўныя СМІ, некаторыя літоўскія СМІ абвінавачвалі Юшку ва ўмяшанні ў справы Беларусі. Беларускія ўлады прабавалі падаць літоўскага дыпламата ў вышук праз Інтэрпал, але ім было адмоўлена. Аднак пасля гэтага да канца жыцця Рэнатасу Юшцы быў забаронены ўезд у Беларусі і Расею.

У 2011 годзе беларускія ўлады скіравалі Літве запыт у справе фінансавання беларускай апазіцыі. У выніку таго, што адказ на гэты запыт ня быў добра прадуманы, на яго падставе абаронца праў чалавека Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года пазбаўлення свабоды. Рэнатас Юшка пазней пракаментаваў гэта так: «Для Літвы гэта вялікае паражэнне на міжнароднай арэне і я ўсё яшчэ адчуваю пэўнае пачуццё віны з-за Алеся. Калі я яшчэ быў адказным за каардынацыю такіх справаў, то нам удавалася прадухіляць падобныя здарэнні».

Першая інфармацыйная атака правіць

У красавіку 2006 года Расія пачала сваю першую інфармацыйную вайну супраць Рэнатаса Юшкі: расійская станцыя ОРТ (вядомая сёння як Першы Канал) апублікавала запісы размоваў Рэнатаса Юшкі з кіраўніком Камісіі Абароны і Бяспекі Парламента Грузіі Гіві Таргамадзэ, паводле якіх яны нібы планавалі арганізаваць забойства Аляксандра Мілінкевіча. Паводле расейскага тэлеканала, журналіст Міхаіл Лявонцьеў (руск.: Михаил Леонтьев) атрымаў гэтыя запісы ад грузінскіх службаў бяспекі. Нягледзячы на тое, што нелегальна запісаныя тэлефонныя размовы сапраўды адбываліся паміж літоўскім дыпламатам і грузінскім палітыкам, яны былі сфабрыкаваныя. У выніку таго, што гэта была адна з першых расейскіх інфармацыйных атак у свеце, яна выклікала вялікі рэзананс у расейскіх, беларускіх, літоўскіх і грузінскіх СМІ. Аднак на той момант падарваць давер МЗС да свайго супрацоўніка не ўдалося: неўзабаве пасля інфармацыйнай атакі ён стварыў аддзел МЗС Літвы пад назвай «узмацненне дэмакратыі» і стаў яго кіраўніком.

Другая інфармацыйная атака правіць

Ад чэрвеня 2009 года да верасня 2013 года быў амбасадарам Літвы ў Венгрыі. Адразу пасля прызначэння Рэнатаса Юшкі амбасадарам У Венгрыі выбухнуў новы скандал: на літоўскім тэлебачанні з’явіўся ролік, у якім Юшка абвінавачваўся ў дрэнным абыходжанні з грашыма платнікаў падаткаў. Так, сцвярджалася, што ў рамах праграмы адраджэння лясных масіваў Афганістана, якой займаўся аддзел Юшкі, былі купленыя дубы, якія не могуць прыжыцца ў клімаце Афганістана. Нягледзячы на тое, што ніякія дубы ніколі не былі купленыя, у літоўскіх СМІ выбухнуў скандал і парламент пачаў расследванне ў гэтай справе. Дзякуючы старанням Юшцы ўдалося пазбегнуць выкрыцця спіса беларускіх апазіцыянераў, якім фінансава дапамагаў аддзел, чаго патрабавалі некаторыя журналісты і палітыкі: дадзеныя былі паказаныя толькі некалькім кантралёрам, якія былі юрыдычна абавязаныя захаваць таямніцу. У выпадку публікацыі гэтага спіса многія беларускія апазіцыянеры маглі бы атрымаць крымінальныя справы з боку беларускіх уладаў. У часе расследавання рахункі Рэнатаса Юшкі былі правераныя, была высланая адпаведная дэлегацыя ў Афганістан, якая праверыла, што пасаджаны былі адпаведныя клімату дрэвы, пасля чаго ўсе абвінавачванні былі знятыя. Нягледзячы на тое, што беспадстаўны скандал затрымаў прызначэнне амбасадарам на некалькі месяцаў, Рэнатас Юшка ўсё адно стаў наймалодшым амбасадарам Літвы, маючы 37 год. Падчас цырымоніі прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус падзякаваў яму за актыўную і прафесійную працу ў справе падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі і Грузіі, а таксама за рэалізацыю праэктаў у Афганістане. Выясніць, што было крыніцай гэтай інфармацыйнай атакі, так і не ўдалося: гэтым разам доказаў умяшання Расіі не было.

Трэцяя інфармацыйная атака правіць

У 2011 годзе, калі ў Расіі праходзілі масавыя дэманстрацыі супраць Уладзіміра Пуціна пасля яго перамогі на выбарах, расейскія службы бяспекі праз расейскія парталы навінаў пачалі новую атаку на Рэнатаса Юшку: гэтым разам заяўлялася, што ён нібыта арганізаваў «у Літве трэніровачны лагер для дэманстрантаў» і ўдзельнічаў у дэманстранцыях на Балотнай плошчы ў Маскве.

У ліпені 2013 года Літва пачала свой паўгадавы тэрмін прэзідэнцтва ў Савеце Еўрапейскага саюза. 8 ліпеня 2013 года карыстальнік «Zydrunas Gerintas» апублікаваў у сэрвісе YouTube 2 відэа: «Так Літва сапраўды адносіцца да Азербайджана. Частка 1» і «Так Літва сапраўды адносіцца да Азербайджана. Частка 2». На відэа бачна статычная постаць літоўскага дыпламата, даданыя недакладныя субцітры на ангельскай мове, а ў якасці аўдыё выкарыстаныя нелегальна запісаныя і сфабрыкаваныя тэлефонныя размовы Рэнатаса Юшкі з калегай з Баку. Нягледзячы на тое, што звонку запісы прыпамінаюць адну размову, насамрэч яны былі выразаныя, склееныя, браныя з арыгінальнага кантэксту і змененыя месцамі, у выніку чаго можна сцвердзіць, што дыпламат паводзіць сябе некарэктна і выказвае абразы ў бок прэм’ер-міністра Літвы Альгірдаса Буткявічуса напярэдадні ягонага візыта ў Санкт-Пецярбург. Публікацыя выклікала скандал у літоўскіх, азербайджанскіх, венгерскіх і расійскіх СМІ. Паводле літоўскага палітолага Нэріюса Малюкявічуса, цэлем атакі было абсмейванне літоўскіх дыпламатаў прама перад сустрэчай прадстаўнікоў краін Усходняга партнёрства, якая павінна была адбыцца праз некалькі месяцаў. Нягледзячы на тое, што прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ публічна назвала гэта маніпуляцыяй, яна ўсё ж акрэсліла размовы дыпламатаў як недыпламатычныя. Камісія Замежных Спраў выслухала амбасадараў у Будашепце і Баку, і большая частка камісіі стала на бок Юшкі, аднак 28 жніўня 2013 года міністр замежных спраў Літвы адклікаў Рэнатаса Юшку. Прыкладна ў тым жа часе, калі былі апублікаваныя першыя відэа, карыстальнік «Farid Madzhirov» апублікаваў на YouTube іншую серыю відэа пад назвай «Так Літва сапраўды адносіцца да Туркменістана», якая была адразу выдаленая пасля таго, як амбасадар Літвы ў Баку падаў заяўку аб адстаўцы.

У сакавіку 2014 года у штогадовым рапарце Дэпартамэнту Бяспекі Літвы было афіцыйна заяўлена, што за скандалам і маніпуляцыяй стаіць ФСБ Расіі. Паводле рапарту, частка міжнародных тэлефанічных спалучэнняў былі кіраваныя праз сеткі расійскіх тэлеаператараў, а цэллю правакацыі было абсмейванне прэзідэнцтва Літва ў Савеце Еўрапейскага Саюза і Усходнім Партнёрстве.

Пазнейшая кар’ера правіць

Летам 2014 года Рэнатас Юшка звольніўся з МЗС Літвы і даў вялікае інтэрв’ю аб сваёй сітуацыі з расійскімі маніпуляцыямі, а таксама выславіў крытычную думку аб літоўскай дыпламатыі, якая тады не была ў стане аказаць супраціў расійскай інфармацыйнай вайне. Пасля гэтага Юшка пераехаў у Брусэль, дзе 5 гадоў працаваў у Еўрапейскім Парламенце, быў дарадцам члена Еўрапарламента Пятраса Аўштравічуса[1][2].

Памёр 4 верасня 2019 года. Пахаваны на могілках у Табарышках пад Вільняй.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Aro Jessikka. Trolle Putina — Kraków, 2020 — ISBN 978-83-812-9793-6 // DYPLOMATA — RENATAS JUŠKA, s. 27—63

Спасылкі правіць