Рэчытаты́ў (італ.: recitativo ад італ.: recitare) дэкламаваць)[1] — тып вакальнай, радзей інструментальнай мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны музычны строй; таксама назва раздзела ў оперы ў XVII — XIX стагоддзях, які папярэднічаў арыі (А. Скарлаці, І. С. Бах, В. А. Моцарт, Дж. Вердзі і інш.). Рэчытатыў адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.

Гэтая партытура для арыі «Дай мне паплакаць» (Lascia ch’io pianga) Г. Гендэля паказвае просты акампанемент для рэчытатыва; большую частку часу basso continuo (ніжняя частка басовага ключа) грае паўноты і цэлыя ноты пад рэчытатыўнай партыяй вакаліста.
Рэчытатыў з кантаты «Прачынайцеся, кліча голас да нас» (ням.: Wachet auf, ruft uns die Stimme) І. С. Баха.

У фальклоры розных народаў — гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш.

У старажытнай культавай музыцы была пашырана псалмодыя  (руск.). Аднаўленне яе асаблівасцей сустракаецца і ў оперыАіда» Дж. Вердзі).

Кампазітарамі неапалітанскай опернай школы  (руск.) (А. Скарлаці і інш.) распрацаваны два тыпы рэчытатыву:

  • secco («сухі», перадаваў інтанацыі бытавой мовы),
  • accompagnato («акампаніраваны», арыентаваўся на эмацыянальную аратарскую ці тэатральную мову).

Рэчытатыў у інструментальнай музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф. Банпорці  (руск.), Дж. Тарэлі, І. Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інструментальнага рэчытатыва ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фальклорнага рэчытатыва, кантрастнай і медытатыўнай унутранай мовы.[2]

У XIX стагоддзі індывідуалізацыя кампазітараскіх стыляў адбілася і на оперным рэчытатыве (А. Барадзін, Р. Вагнер, Дж. Вердзі, М. Глінка, А. Даргамыжскі, М. Мусаргскі, П. Чайкоўскі і інш.). М. Рымскі-Корсакаў выкарыстоўваў таксама «сказавы» і «былінны» тыпы рэчытатыва.

У XX стагоддзі з’явіліся асаблівыя формы рэчытатыву (А. Берг  (руск.), М. Гнесін  (руск.), А. Шонберг і інш.): «музычнае чытанне» (Sprechtstimme) і «гаворкападобныя спевы» (Sprechgesang).

У беларускай музыцы рэчытатыў прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых беларускіх опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці рэчытатыва ў операх А. Багатырова, С. Картэса, Ю. Семянякі, Дз. Смольскага, А. Туранкова, Я. Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмацыянальны стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння.[2]

У беларускіх операх XX стагоддзя рэчытатыў нярэдка напісаны ў стылі рускай класікі XIX стагоддзя з захаваннем традыцыйных форм: рэчытатыўныя сцэны, аб’яднання рэчытатыва з наступнай арыяй ці арыёзаКветка шчасця» А. Туранкова, паст. 1937; «У пушчах Палесся» А. Багатырова, паст. 1939). Выкарыстоўваецца і сучасны паводле стылю і форм рэчытатыў («Джардана Бруна» С. Картэса, паст.1977).

Магчымасці інструментальнага рэчытатыва шырока выкарыстаны ў беларускай сімфанічнай музыцы.[2]

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 2 : М-Я. — 1999. — 736 с. — ISBN 985-11-0153-2, С.336—337
  2. а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).

Літаратура правіць