Са́ву, або ха́ву (саманазва: Hawu) — карэннае насельніцтва вострава Саву ў Інданезіі. Агульная колькасць — 135 тыс. чал. (2015 г.)[1]

Саву
(Hawu)
Фота 1930 г.
Агульная колькасць 135 тыс. чал. (2015 г.)
Рэгіёны пражывання востраў Саву
Мова саву
Рэлігія хрысціянства, анімізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы сумба (хумба), мбоджа

Паходжанне правіць

Саву маюць аўстранезійскае паходжанне, размаўляюць на мове, блізкай да моў Сумбы. Аднак у перыяд позняга сярэднявечча востраў Саву знаходзіўся пад уплывам яванскай індуісцкай дзяржавы Маджапахіт, што адлюстравалася на мясцовай міфалогіі. Саву лічаць сябе нашчадкамі выхадцаў з Індыі.

Традыцыйная культура правіць

Галоўны занятак саву — сельская гаспадарка. Паколькі яны насяляюць даволі засушлівы рэгіён, земляробства залежыць ад умелага сумеснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вузкія палосы апрацаванай зямлі абсаджваюць дрэвамі, якія захоўваюць вільгаць. Да нашых дзён большая частка працы выконваецца ўручную. Вырошчваюць розныя культуры — бабовыя, рыс, кукурузу, цукровую пальму, гародніну, бавоўнік. Трымаюць кароў, авечак, коз, коней, кур, свінняў.

Важны рамесны занятак — ткацтва. Яно набыло камерцыйнае значэнне толькі ў часы галандскага каланіяльнага панавання ў другой палове XIX — першай палове XX стагоддзя. Тканіны ікат вырабляюць з бавоўны, фарбуюць натуральнымі пігментамі.

Пераважаюць нуклеарныя сем’і, якія ўваходзяць у пэўны бацькоўскі род уду. Прыналежнасць да ўду лічыцца вызначальнай, паколькі менавіта яна, а не мова, месца пражывання і паўсядзённая культура, вызначаюць прыналежнасць да народа саву. Кожны род, згодна з паходжаннем, мае свой сацыяльны статус. Вясковыя сем’і аб’яднаны тэрытарыяльнымі абшчынамі, што кантралююць зямельныя і водныя рэсурсы. Да пачатку XX ст. уся тэрыторыя вострава Саву была падзелена на дробныя дзяржаўныя ўтварэнні, на чале якіх стаялі спадчынныя правадыры-раджы.

Фальклор саву адметны музычным мастацтвам. Найбольш папулярны традыцыйны музычны інструмент — гонг.

Рэлігія правіць

Дзякуючы высілкам галандскіх місіянераў у XIX — першай палове XX стст. большасць саву прыняла хрысціянства. Больш за 75 % насельніцтва вострава Саву спавядае пратэстантызм. 20 % належаць да вернікаў традыцыйнай рэлігіі джынгі тыы эў, заснаванай на анімістычных вераваннях і кульце продкаў. Рытуалы джынгі тыы эў арганізуюць святары. У мінулым галоўнымі святарамі былі толькі прадстаўнікі рода Джары-Га, аднак у пачатку XXI стагоддзя яны прынялі хрысціянства.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Бернова А. А. Хаву // Народы и религии мира / Глав. ред. В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1999.
  • Бромлей Ю. В., Арутюнов С. А. Народы мира: историко-этнографический справочник. — Советская энциклопедия, 1988. — С. 101.
  • Большой энциклопедический словарь / Под ред. А. М. Прохорова. Т. 1. — 1991. — С. 137.
  • Кондрашов А. Большой новейший справочник необходимых знаний. — 2005. — С. 959.

Спасылкі правіць