Самбу́ру (саманазва Lokop) — афрыканскі народ. Жывуць у паўночнай частцы Кеніі. Агульная колькасць (2021 г.) — 310 000 чалавек[1].

Самбуру
(Lokop)
Агульная колькасць 310000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Кенія 
Мова самбуру
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы масаі, туркана, ітэса

Паходжанне і асаблівасці гісторыі правіць

Самбуру з’яўляюцца нілоцкім народам, па мове блізкім да масаяў. Згодна з іх уяўленнямі, іх продкі прыйшлі з поўначы, што супадае з навуковай гіпотэзай аб паходжанні нілотаў. Назва самбуру была дадзена ім суседзямі з поўдню. Яна паходзіць, меркавана, з масайскай мовы і значыць мяшок, якім карыстаюцца вандроўныя пастухі. Самбуру называюць сябе лакоп, літаральна «уладальнікі зямлі».

Кантакты прадстаўнікоў гэтага народа з еўрапейцамі пачаліся з канца XIX ст. Аднак з-за частых ваенных сутычак брытанская каланіяльная адміністрацыя, а потым улады незалежнай Кеніі абмяжоўвалі наведванне населенага імі рэгіёна да канца 1970-х гг. Дзякуючы гэтаму традыцыйная культура самбуру захавалася значна лепей, чым у многіх іншых афрыканскіх народаў.

Культура правіць

 
Пастухі са статкам коз

Тэрыторыі, населеныя самбуру, уяўляюць сабою плато, перадгор’і і нізіны, пакрытыя саваннай, дзе асноўны занятак — адгонная жывёлагадоўля. Самбуру трымаюць кароў, коз, авечак, вярблюдаў. З сацыяльнага пункту гледжання каровы з’яўляюцца найбольш важнымі, паколькі іх колькасць вызначае грамадскі статус уладальнікаў. Ялавічыну ўжываюць у ежу рэдка, звычайна ў выпадку смерці каровы, часцей — малако і кроў жывёл. Аднак прадукты жывёлагадоўлі абменьваюцца на збожжа і гародніну. У засушлівы сезон займаюцца збіральніцтвам. У мінулым было шырока распаўсюджана паляванне. Самбуру любяць падкрэсліваць, што, у адрозненне ад туркана, ядуць толькі некаторыя віды дзікіх раслін і жывёл.

Адгонная жывёлагадоўля ў саванне звязана з рызыкай рэзкага скарачэння статкаў у выпадку эпізаотыі, нападаў драпежнікаў і злодзеяў, сезоннай засухай, што можа выклікаць недахоп кармоў і вады для жывёлы. У такіх выпадках гаспадар буйнога статка імкнецца падзяліць яго, перагнаць у іншае месца, выкарыстаць дапамогу іншых абшчыннікаў. Сацыяльная сістэма традыцыйнага грамадства самбуру прыстасавана для вырашэння падобных сітуацый. Грамадства падзелена на паўтара дзясяткі буйных родавых арганізацый. Іх паўнапраўныя чальцы і кіраўнікі — дарослыя жанатыя мужчыны, якія вядуць свой радавод ад агульнага продка. Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі. Родавая арганізацыя кантралюе пашы і вёскі, дзе пастухі і ўладальнікі статкаў спыняюцца на пэўны перыяд, аказвае дапамогу ў выпадку неабходнасці і, галоўнае, арганізуе супольныя рытуалы.

Родавыя арганізацыі падзяляюцца на нуклеарныя сем’і на чале са старэйшым мужчынам. Кожная сям’я — самастойная эканамічная адзінка, уладальнік аднаго або некалькіх статкаў. У самбуру пашырана палігінія, калі мужчына жэніцца на некалькіх жанчынах, прычым ён заўсёды старэйшы за сваіх жонак. Шлюбы знутры роду забаронены. Жаніх абавязаны заплаціць за нявесту выкуп жывёлай, а таксама прадставіць пасля вяселля ёй у карыстанне асобны малы статак. Пазней гэты статак ператвараецца ў аснову статкаў яго дзяцей. Характэрна, што згоды нявесты ніхто не пытаецца, але сваякі прымаюць і абараняюць яе пасля замужжа ў выпадку дрэнных адносін з боку мужа, яго смерці або згубы сямейнага стану падчас перагонаў жывёлы. Шчыльныя ўзаемаадносіны мужа са сваякамі жонкі таксама працягваюцца пасля заключэння шлюбу. Яны могуць запытаць аб перадачы дадатковых жывёл (звычайна яны вылучаюцца са статку самой жонкі) і аказанні дапамогі. Ён, у сваю чаргу, мае права запытаць дадатковую жывёлу і дапамогу ў мужоў сваіх замужніх сясцёр. Для болей шчыльнага ўзаемадзеяння мужчыны самбуру імкнуцца браць жонак у розных родах.

 
Імуран, 1973 г.

Мужчыны і жанчыны выконваюць прыкладна аднолькавую працу, але жанчыны не ўдзельнічаюць у войнах і не належаць да ўзроставых аб’яднанняў. Сталенню дзяўчыны папярэднічае абрад абразання клітара і часткі палавых губ. Сацыялізацыя мужчын больш складаная. Згодна з рэлігійнымі ўяўленнямі самбуру, мужчына можа дасягнуць дасканаласці толькі ў выпадку выканання 6 рытуалаў. Яны пачынаюцца з падлеткавага ўзросту, калі праводзіцца абразанне. Але рытуалы маюць масавы характар і арганізуюцца дастаткова рэдка, каб ахапіць вялікую колькасць падлеткаў родавай арганізацыі, таму розніца ва ўзросце тых, хто прымае ўдзел, часам дасягае дзесяцігоддзя і нават болей. Хлопчыкі, што прайшлі рытуал абразання, уваходзяць у адзіную ўзроставую групу і ператвараюцца ў імуран (маран). Імуран жывуць асобна ад сям’і, ахоўваюць статкі, складаюць аснову ўзброеных сіл свайго роду. Ім забаронена жаніцца і мець дзяцей. Яны не ўдзельнічаюць у кіраванні. Этнолагі тлумачаць статус імуран доўгім юнацтвам, якое павінна адасобіць маладых людзей ад канкурэнцыі з больш старэйшымі мужчынамі. На самай справе імуран сустракаюцца з дзяўчынамі, прычым са свайго роду, так што шанцаў ажаніцца з імі пасля заканчэння юнацкага статусу ў іх няма. Канкурэнцыя за дзяўчын і рэсурсы, што вылучае для іх род, прыводзіць да сутычак паміж групоўкамі. Імкненне да падвышэння статусу ў вачах супляменнікаў — адна з галоўных прычын нападаў імуран на суседзей, пераважна на прадстаўнікоў іншых народаў, з мэтай захопу жывёлы. Так, у 2012 г. пасля чарговай засухі імуран выкралі жывёлу ў туркана. Накіраваныя супраць злодзеяў кенійскія паліцэйскія трапілі ў засаду. 42 паліцэйскія загінулі, і ўлады былі вымушаны ўвесці ў рэгіён армейскія часткі[2].

Заканчэнне статусу імуран адбываецца, калі збіраецца дастатковая колькасць моладзі для арганізацыі рытуала абразання або калі старэйшыя імуран пачынаюць аказваць ціск на болей «дарослых» абшчыннікаў. Яны атрымоўваюць блаславенне і ўдзельнічаюць у рытуале пераходу ў статус мужчын, што маюць права на жаніцьбу. Узроставая група тых, хто разам прайшоў праз перыяд «адкладзенага юнацтва», пры гэтым захоўваецца і ператвараецца ў палітычны саюз. Самбуру вераць, што ўзрост і выкананне рытуалаў даюць старэйшым пакаленням асаблівыя магічныя ўласцівасці, таму праклён з іх боку разглядаецца як бедства і можа стаць прычынай ігнаравання з боку астатніх суайчыннікаў. Аўтарытэт старэйшых замацоўваецца і дзякуючы павазе, якую выхоўваюць з малых гадоў.

 
Жанчыны падчас свята

Традыцыйная культура самбуру адметна рытуаламі, што суправаджаюцца яркімі святамі, музыкай, песнямі і танцамі. Спеўныя здольнасці юнакоў падтрымліваюцца з дзяцінства. У перыяд імуран яны ператвараюцца ў важную якасць у канкурэнцыі за ўвагу дзяўчат[3]. Для імуран асабліва вакальнае выкананне ў экспрэсіўнай або ў лірычнай манеры. Існуюць таксама жаночы вакал і харавыя спевы. Танцы звычайна суправаджаюць абрадавыя сходы. На іх збіраецца вялікая колькасць людзей, гатуецца супольная ежа. Аднак існуюць танцы для баўлення часу. Так, адзін з тыповых мужчынскіх танцаў уяўляе кола юнакоў. Тыя, хто аказваецца знутры кола, скокаюць угару. Высокі скок павінен падкрэсліць індывідуальныя мужчынскія якасці юнака[4]. Падчас танцаў апавядаюцца гераічныя гісторыі, адбываюцца заляцанні хлопцаў да дзяўчат.

Традыцыйная мужчынская вопратка складаецца з кавалка тканіны, апаясанай лентай. Жаночая вопратка ўключае 2 кавалкі тканіны. Адзін апаясвае сцёгны, другі — грудзі. Дарослыя мужчыны і жанчыны часцяком голяць валасы на целе і галаве, а імуран аддаюць перавагу доўгім валасам, якія часцяком фарбуюць у чырвоны колер. І жанчыны, і мужчыны носяць шмат упрыгожванняў. Жаночыя каралі з каляровых пацерак — знак прыгажосці, а таксама паказчык грамадскага стану і дабрабыту. Дзяўчынка атрымлівае першыя чырвоныя каралі ў падарунак ад бацькі, што значыць тое, што для яе ўжо знайшоўся жаніх. Наступныя каралі яна атрымоўвае ад імаран падчас заляцанняў, але пасля заключэння шлюбу з дарослым мужчынам з іншага роду вяртае іх хлопцу і апранае цяжкія латуневыя завушніцы. Пасля нараджэння кожнага сына яна атрымоўвае ад мужа пярсцёнак[5]. Выраб упрыгожванняў — жаночая справа. На яе трацяць шмат часу.

У нашы дні традыцыйная культура самбуру адчувае трансфармацыю пад ціскам знешніх абставін. Так, пры стварэнні запаведніка Самбуру была згублена частка родавых тэрыторый. Выгнаныя самбуру не заўсёды атрымоўвалі падтрымку ад урада Кеніі і грамадскіх арганізацый. З-за недахопу пашы яны былі вымушаны займацца нязвыклым для іх земляробствам. У нашы дні многія самбуру так ці інакш удзельнічаюць у абслугоўванні турыстаў. У 1990 г. 15 жанчын заснавалі асобную вёску Умоджа. Яна стала прыстанкам для жанчын, што адмаўляюцца цярпець гвалт, аперацыі на полавых органах і раннія шлюбы са старымі мужчынамі[6]. Насельніцтва Умоджы стала павялічваецца.

Рэлігія правіць

Самбуру вераць у бажаство нкаі, якое стварыла і насяліла сусвет. Яно ўвасоблена ў духах прыроды, што насяляюць скалы, камяні, дрэвы, крыніцы вады. Самбуру ўзносяць да нкаі малітвы аб урадлівасці, абароне ці здароўі, а таксама двойчы на год прыносяць у ахвяру цёмных авечак. Арганізатарам рытуалаў звычайна з’яўляюцца старэйшыны. Акрамя таго, існуюць традыцыйныя вешчуны і лекары лайбон.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць