Самвыдат — спосаб неафіцыйнага і непадцэнзурнага выдання мастацкай, публіцыстычнай, рэлігійнай і навуковай літаратуры, некаторых перыядычных выданняў, парнаграфіі, аўдыёзапісаў і г.д. Неафіцыйны перазапіс творчасці некаторых спевакоў таксама называўся «магнітвыдатам». Тэрмін з’явіўся ў СССР, але можа выкарыстоўвацца для апісання неафіцыйнага і непадцэнзурнага выдання ў дарэвалюцыйнай Расіі і на постсавецкай прасторы, а таксама ў іншых краінах свету. Есць думка, што тэрмін «самвыдат» з’явіўся дзякуючы паэту М. І. Глазкову, які друкаваў на сваіх зборах вершаў фразу «самсябевыдат»[1]. Слова «самвыдат» было свайго рода пародыяй на шматлікія савецкія скарачэнні, накшалт «дзяржвыдат», «ваенвыдат» і т.п. і ў той жа час было антонімам тэрміну «тамвыдат», якім у савецкім лексіконе характарызавалі публікацыі, выдадзеныя за мяжой і не прайшоўшыя савецкую цэнзуру.

Тэрміны самвыдат і тамвыдат з рускай мовы перайшлі ў многія іншыя еўрапейскія мовы, напрыклад, англійскую, і сталі такім чынам інтарнацыялізмамі[2] [3].

Можна сказаць, што самвыдат як з’ява існаваў усю пісьменную гісторыю чалавецтва, калі адны людзі пісалі і распаўсюджвалі што-небудзь, што забаранялася другімі людзьмі. Аднак няма адзінай думкі даследчыкаў гэтага феномену ў тым, якія прыклады падпольнага выдавецтва лічыць самвыдатам, а якія не.

Самвыдат у дарэвалюцыйнай Расіі правіць

У дарэвалюцыйнай Расіі самвыдат як з’ява існаваў пад назвай «хаджэнне ў спісках», бо ўсе копіі забароненай літаратуры звычайна перапісвалі ад рукі. У 18-м стагоддзі ў «спісках» «хадзілі» «Вандроўка з Пецярбурга ў Маскву» Радзішчава, сатыры Сумарокава і некаторыя рэлігійныя выданні, забароненыя праваслаўнай царквой. У 19-м ст. ў «спіскі» таксама «пайшлі» палітычныя і мастацкія і публіцыстычныя творы дэкабрыстаў, філаматаў, філарэтаў, народнікаў і членаў іншых тайных арганізацый і такія мастацкія творы як, «На смерць паэта» М. Ю. Лермантава, «Гора ад розуму», А. С. Грыбаедава, беларускія ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» і інш. У канцы 19-га -пачатку 20-га ст. «асартымент» самвыдата папоўніўся творамі падпольных палітычных друкарняў, у тым ліку газет і кніг. Пачалося і абмежаванае выкарыстоўванне пішучых машынак для тыражыравання творчасці самвыдата.

Самвыдат у СССР правіць

Гісторыя правіць

Савецкі самвыдат пачаў свае існаванне яшчэ ў раннія гады савецкай улады. Па краіне распаўсюджваліся машынапісныя, рукапісныя і часткова друкаваныя мастацкія творы, публіцыстыка, рэлігійная і палітычная літаратура. Цікавы прыклад самвыдата знаходзіцца ў творы Б. Пастэрнака «Доктар Жывага», дзе галоўны герой даваў свайму знаёмаму вучню друкарні набіраць тэксты яго філасофскіх эсэ і вершаў у якасці вучэбнай практыкі, а пасля прадаваў гатовыя кнігі ў кнігарні.

Самвыдат знаходзіўся ў заняпадзе ў перыяд масавых сталінскіх рэпрэсій 1930-х-40-х гг. і пачаў адраджацца ў перыяд хрушчоўскай «адлігі» і брэжняўскага «застою». Пік папулярнасці самвыдата прыйшоўся на 1970-я- пачатак 1980-х гг., калі забарона самвыдата не суправаджалася масавымі рэпрэсіямі (у асноўным пакаранне зводзілася да звальнення з работы ці выключэння з вну). Пасля аб’яўлення палітыкі Галоснасці ў СССР самвыдат часткова «легалізаваўся» і «камерцыялізаваўся», і фактычна перайшоў у новыя формы і змест. Пасля распаду Савецкага саюза самвыдат актыўна перайшоў у Інтарнэт, а друкаваныя выданні страцілі сваю прывабнасць.

Формы і змест правіць

Самвыдат у СССР «ішоў у ногу» з тэхнічным прагрэсам: акрамя рукапісаў шырокае распаўсюджанне мелі машынапісныя кнігі, брашуры, часопісы і лістоўкі, якія нярэдка рабіліся пад капірку; кнігі і іншыя публікацыі, зробленныя з дапамогай мімеёграфаў; магнітафонныя запісы; публікацыі, падрыхтаваныя з дапамогай камп’ютараў і капіравальнай тэхнікі, а ў канцы існавання СССР — электронныя версіі дакументаў на дыскетах. Пішучыя машынкі звычайна былі ўласнасцю прыватных асоб, мемеёграфамі ў асноўным карысталіся падпольныя групы рэлігійных меншасцей альбо дысідэнтаў, а камп’ютары і аргтэхніка, як правіла былі уласнасцю буйных навуковых устаноў. Быў выпадак, калі супрацоўнік друкарні ў Маскве на працягу 9 гадоў зарабляў дадатковыя грошы выконваючы замовы рэлігійных меншасцей на выдавецтва іх літаратуры невялікімі тыражамі[4].

Самыя вядомыя і самыя пераследуемыя КДБ СССР напрамкі самвыдата — гэта палітычныя публікацыі і мастацкія творы, якія крытыкавалі савецкую ўладу, савецкі лад жыцця, ці выкрывалі іншыя сур’езныя праблемы ў краіне. Трэба зазначыць, што афіцыйная ідэялогія дазваляла некаторую абмежаваную крытыку недахопаў жыцця ў Савецкім саюзе: маленькія зарплаты інжынераў і настаўнікаў, невялікую жылплошчу кватэр, бюракратыю і фармалізм у рабоце, прымус супрацоўнікаў арганізацый і іншых аб’яднанняў да набыцця латэрэйных білетаў, хамства ў сферы абслугоўвання — пры ўмове, што гэта разглядалася як мясцовы недахоп, несвядомасць асобных савецкіх грамадзян, а не праблема, якую парадзіў сам сацыялістычны лад. Такая крытыка знаходзіла свае месца ў газетных фельетонах і карыкатурах і ў класічных творах савецкага кіно: «Карнавальная ноч», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Іронія лесу альбо з лёгкім парам», «Іван Васільевіч мяняе прафесію» і г.д. Пры гэтым ніколі не дазвалялася пісаць і гаварыць пра абмежаванне палітычных і грамадзянскіх свабод у СССР, сталінскія рэпрэсіі (за выключэннем кароткага перыяду хрушчоўскай адлігі), рэпрэсіі пасля смерці Сталіна, адсутнасць свабоды веравызнання, нізкі ўзровень жыцця насельніцтва Савецкага саюза.

Такія праблемы знайшлі свае адлюстраванне ў мастацкай літаратуры: «Доктар Жывага» Барыса Пастэрнака, «Архіпелаг ГУЛАГ» і «Ракавы корпус» А. Салжаніцына, «Жыцце і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» А. Зіноўева. Такія творы маглі пабачыць свет толькі праз самвыдат і набылі пэўную папулярнасць як свайго роду «забароненая праўда».

Акрамя гэтага выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама і падпольныя палітычныя групы і праваабарончыя аб’яднанні СССР у тым ліку групы садзеянню выканання Хельсінкскіх пагадненняў, напрыклад Маскоўская Хельсінкская група. Палітычныя групы распаўсюджвалі лістоўкі з палітычнымі лозунгамі і праграмы палітычных і эканамічных пераўтварэнняў у СССР. Праваабарончыя групы рыхтавалі паведамленні аб парушэннях правоў чалавека ў Савецкім саюзе, распаўсюджвалі іх у СССР і адпраўлялі ў праваабарончыя інстытуты краін Захаду. У 1970 г. старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў прызнаў, што за 5 год арганізаваны дысідэнцкі рух падрыхтаваў не менш 400 грунтоўных даследванняў па гісторыі, эканоміцы, правам чалавека ў Савецкім саюзе з праграмнымі прапановамі па пераўтварэнню дзяржаўнага ладу[5]. Безумоўна, гэты від самвыдата лічыўся найбольш небяспечным, караўся турэмным зняволеннем альбо прымусовым лячэннем у псіхіятрычных клініках. Самвыдатам распаўсюджваліся і засакрэчаныя афіцыйныя дакументы савецкай улады, напрыклад даклад Хрушчова аб кульце асобы Сталіна на 20-м з’ездзе КПСС (1956 г.)[6].

Антысавецкай дзейнасцю лічылася таксама падпольная вытворчасць і распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры. Да сярэдзіны 1960-х гг. за наяўнасць забароненых рэлігійных кніг брашур і часопісаў можна было атрымаць некалькі год турэмнага зняволення. У 1963 г. ва Украіне Іван Дзябка, адзін з Сведкаў Іеговы, які займаўся тыражыраваннем рэлігійнай літаратуры ў спецыяльна зробленым і замаскіраваным сховішчы быў расстраляны супрацоўнікамі КДБ ў бліжэйшым лесе[7]. Да рэлігійнага самвыдата можна аднесці перепісаныя ў сшытках тэксты Новага Запавету, якія і сёння час ад часу трапляюцца ў беларускіх хатах сялян праваслаўнага і каталіцкага веравызнання.

У многіх людзей самвыдат мае асацыяцыю толькі з дысідэнцкім рухам у СССР ці нейкай іншай формай нязгоды з савецкай уладай. Але на самой справе гэта толькі вяршыня айсберга. Блізкім па сутнасці да дысідэнцкага самвыдата з’яўлялася і распаўсюджанне мастацкіх твораў, альбо неафіцыйна забароненых у краіне Саветаў, альбо проста маючых абмежаванае распаўсюджанне. Сярод такіх твораў песні Высоцкага аб лагерах альбо штрафных батальёнах, вершы М. Цвятаевай, А. Галіча і А. Ахматавай. Звычайна тыражыраванне такой творчасці было звязана не з пратэстам супраць савецкай улады, а з цікаўнасцю да літаратуры і мастацтва, жаданнем пашырыць свой кругагляд і захаваць айчынную літаратурную спадчыну. Да гэтай катэгорыі можна далучыць і пераклады замежнай літаратуры, нярэдка зусім не звязаныя з крытыкай савецкай улады (напрыклад, фантастычнай), а таксама творы «ў стол» малавядомых празаікаў і паэтаў, якія звычайна чыталіся сярод іх сяброў і сваякоў. «Мірным» самвыдатам таксама можна лічыць перазапіс заходняеўрапейскай поп і рок-музыкі на бабінных і касетных магнітафонах.

Праз самвыдат распаўсюджваліся кулінарныя рэцэпты, тапаграфічныя карты, парнаграфічныя выявы, пераклады навуковых распрацовак і модных часопісаў. У машынапісным самвыдаце выходзілі наступныя часопісы: «Гадзіннік», «Веча», «Паўночная пошта», «Роксі» (часопіс пра навіны рок-музыкі) і інш.

Самвыдат заўжды быў таксама формай крадзяжу інтэлектуальнай уласнасці, паколькі ніхто не мог яго кантраляваць. Так знакамітая кніга «Ледакол» Віктара Суворава нярэдка з’яўлялася ў самвыдаце СССР як твор іншага аўтара[8]. Аднак у Савецкім саюзе амаль ніхто не ведаў пра інтэлектуальную ўласнасць, таму не дзіва, што знаходзіліся людзі, якія пры тыражыраванні таго ці іншага літаратурнага тэксту ўносілі ў яго свае праўкі, альбо прыпісвалі аўтарства сабе. Да таго ж як маглі савецкія фанаты заходняеўрапейскай рок-зоркі папрасіць пісьмовы дазвол на перезапіс яго песень на ўласныя касеты, калі яны жылі ва ўмовах ізаляцыі ад капіталістычнага свету і нават іншых сацыялістычных краін?

Самвыдат на постсавецкай прасторы правіць

Пасля распаду СССР машынапісны, міміяграфічны і рукапісны самвыдат прыйшоў у стан заняпаду. Практычна ўсе краіны былога Савецкага саюза правялі палітычныя рэформы, якія дазволілі больш свабоды слова, перакананняў і веравызнання. Таму палітычны і рэлігійны самвыдат у асноўным «легалізаваўся» альбо знік.

Яшчэ адну істотную змену ўнесла з’яўленне ў пачатку 1990-х гг. пашуковых праграм Інтэрнэта, якія дазволілі знаходзіць інфармацыю ў сусветнай сетцы па ключавым словам. Пасля гэтага Інтэрнэт напоўніўся мільёнамі сайтаў, як прафесійных, так і аматарскіх. Напрыклад, на хосцінгах рунэта ucoz і narod многія карыстальнікі Інтарнэта лёгка ствараюць сабе сайты з дапамогай праграмы канструктара сайтаў. У гэты жа час развіццё камп’ютараў і аргтэхнікі дазволіла любому пісьменніку альбо спеваку ствараць свае кнігі ці музычныя альбомы без прафесійнай дапамогі на высокім тэхнічным узроўні. У 2000-х гг. развіццё блогасферы прывяла да з’яўлення блогавай журналістыкі, якая дазваляе пэўную камунікацыю чытачоў самвыдата, палеміку з аўтарамі ў Інтарнэт-прасторы. Гэта радыкальна змяніла твар самвыдата.

У апошнія гады постсавецкі самвыдат уключае ў сябе пераважна Інтарнэт-рэсурсы, на якіх размяшчаюцца песні і кліпы спевакоў, кнігі пачынаючых аўтараў[9], аматарскія фільмы ўсіх жанраў, палітычныя і філасофскія артыкулы, парнагрфічныя выявы і зборы анекдотаў, а таксама інфармацыя «па інтарэсам» рознага кшалту (камп’ютарныя праграмы, астрафізіка, рыбалка, кулінарыя і г.д.). Палітычны самвыдат краін постсавецкай прасторы па большай частцы прадстаўлены тымі напрамкамі палітычнай апазіцыі, якія не маюць падтрымкі шырокіх пластоў грамадства альбо раздроблены на шматлікія групоўкі з членствам ад некалькіх асоб да каля сотні чалавек. Гэта звязана з тым, што буйныя палітычныя партыі і групы маюць сродкі на выданне літаратуры з высокаякаснай паліграфіяй і прафесійна зробленых сайтаў. Рэлігійны самвыдат таксама выражаны асобнымі членамі і невялікімі групамі прадстаўнікоў розных рэлігій, якія жадаюць штосьці змяніць у сваёй царкве ці апавядаць пра яе альбо пра свае рэлігійныя погляды праз самвыдат па прычыне таго, што кіраўніцтва іх рэлігійных арганізацый не садзейнічае альбо нават супрацьдзейнічае іх актыўнасці. Навуковы самвыдат прадстаўлены распрацоўкамі вучоных, выкладзенымі ў Інтэрнэт ці ў брашурах, надрукаваных на прынтары. Постсавецкія навукоўцы карыстаюцца самвыдатам, калі не маюць шырокай падтрымкі сваіх ідэй і распрацовак, а таксама калі не маюць сродкаў на выданне сваіх публікацый у камерцыйных друкарнях. Такім жа чынам некаторыя выкладчыкі ўстаноў адукацыі публікуюць вучэбныя дапаможнікі.

Найбольш пераследуемай формай постсавецкага самвыдата з’яўляецца крадзеж інтэлектуальнай уласнасці («пірацтва»). У строгім сэнсе слова незаконнае тыражыраванне апублікаваных кніг і іншых відаў творчасці, абароненых правам інтэлектуальнай уласнасці, не з’яўляецца самвыдатам пры ўмове даступнасці ліцензійнай прадукцыі. Але нярэдка пірацкі самвыдат прадстаўляе сабой мадыфікацыю арыгінальнага прадукту ці пераклад твора інтэлектуальнай уласнасці на іншую мову без дазволу аўтара. Да такога самвыдата можна аднесці кампакт-дыскі з базамі тэлефонных нумароў аператараў сотавай сувязі, інфармацыя на якіх атрымана ў выніку крадзежу канфідэнцыяльнай інфармацыі.

Самвыдат у іншых краінах свету правіць

Самвыдат за межамі Расіі, СССР і постсавецкай прасторы праходзіў тыя ж этапы тэхнічнага прагрэсу ад рукапісаў да камп’ютарных тэхналогій і таксама быў доляй палітычнай апазіцыі ў краінах дыктатарскага тыпу, забароненых ў шэрагу краін рэлігійных меншасцей, малавядомых і пачынаючых пісьменнікаў і спевакоў, а таксама сродкам распаўсюджання інфармацыі «па інтарэсам» ад анекдотаў да парадаў па вядзенню сельскай гаспадаркі. Таксама распаўсюджвалася і перакладная забароненая літаратура, напрыклад, «Акварыўм» В. Суворава ў перакладзе на польскую Тадеўша Маркавіча[8]. Найбольшае развіццё самвыдат атрымаў пры левых і правых аўтарытарных рэжымах у краінах Еўропы і Азіі. Літаратура самвыдата выходзіла на абгортачнай паперы з дапамогай прымітыўных друкарных станкоў, на фотапаперы і г.д. У найбольш цяжкім становішчы знаходзіліся самвыдатчыкі Албаніі часоў камуністычнай дыктатуры, бо там да немагчымасці выехаць за мяжу далучалася немагчымасць мець пішучую машыну, паколькі на валоданне такім прыборам патрабаваўся афіцыйны дазвол устаноў дзяржаўнага кантролю.

Сення друкаваны самвыдат распаўсюджаны пераважна ў тых краінах свету, дзе забаронена карыстанне Інтарнэтам (КНДР, Туркменістан да 2007 г.) альбо дзе існуе жорсткая цэнзура кантэнту глабальнай сеткі (КНР) ці дзе толькі нямногія маюць магчымасць карыстацца сусветнай павуцінай. Звычайна ў такіх краінах і тэрыторыяй самвыдат друкуецца на прынтары ці распаўсюджваецца з дапамогай флэшак. Прычым змест такога самвыдата самы разнастайны: ад хронікі парушэння правоў чалавека ў краіне да парнаграфічных фільмаў.

Зноскі

  1. Самсебяиздат(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2010. Праверана 18 мая 2012.
  2. N.Cornwell, Soviet Literature — Samisdat, Tamisdat and Gosizdat publishing (1917—1991), The Literaty encyclopedia
  3. By Linda Mastalir. From Samizdat to Tamizdat: a Vienna meeting Радио Прага, 19-09-2006
  4. Jehovah’s Witnesses Yearbook 2008, p. 149—152
  5. Доклад Андропова о самиздате в ЦК КПСС, Протокол от 21 декабря 1970 г.
  6. Хорошевский А. Ю. 100 знаменитых символов советской эпохи. Харьков: ФОЛИО, 2006. С.412-418
  7. Jehovah’s Witnesses Yearbook 2002, p. 217
  8. а б Виктор Суворов. Мог ли я купить любовь?
  9. Напрыклад беларускі апазіцыйны палітдзеяч Францішак Вячорка апублікаваў свае апавяданне «Але сексу паміж намі больш не было» у глабальнай сетцы