Саюз вызвалення Беларусі (справа)

Справа «Саюза вызвалення Беларусі» — сфальсіфікаваная палітычна-крымінальная справа, распачатая ДПУ БССР у 1930 годзе супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры; частка рэпрэсій у БССР 1929—1931 гадоў.

Гісторыя правіць

Пачалася 17 лютага 1930 года арыштам П. Ільючонка. Агулам па справе СВБ вясной—летам 1930 года арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Спачатку ДПУ за кіраўніцтва СВБ называла В. Ластоўскага, А. Цвікевіча і А. Смоліча, але іх уплыў у Беларусі быў невялікі. Пазней за кіраўніцтва СВБ у ДПУ называлі А. Адамовіча, А. Баліцкага, П. Ільючонка і Дз. Прышчэпава, але іх справу разглядалі асобна. Абвінавачанні ў належнасці да СВБ выстаўляліся Я. Купалу і Я. Коласу, У. Ігнатоўскаму, І. Васілевічу і інш.

Справу абвінавачаных-камуністаў вылучылі ў асобную. Калегіяй АДПУ ўсе арыштаваныя, апроч 18, былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення або ссылкі. У. Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 года. Названыя кіраўнікамі СВБ былі асуджаны на 10 гадоў лагераў кожны (рэабілітаваныя ў чэрвені 1988 года), справа разглядалася асобна. Большасць астатніх абвінавачаных як члены СВБ — 77 чалавек, выслана на 5 гадоў ва ўнутраныя раёны СССР. Агулам па справе было асуджана 86 чалавек. У 1937—1941 гады справа была перагледжана, многіх з абвінавачаных як члены СВБ расстралялі, іншыя зняволены ў лагеры. У 1937—1939 гадах ліквідаваны і многія следчыя ДПУ, што вялі справу «Саюза вызвалення Беларусі». Рэпрэсіі супраць абвінавачаных як члены СВБ, што засталіся ў жывых на той час, таксама адбыліся ў 1949—1952 гадах.

Справа «Саюза вызвалення Беларусі» азначыла сабой першыя практычныя наступствы змянення балансу сіл у ВКП(б) і выніковага павароту палітычнага курсу ў СССР і БССР, якія адбыліся ў канцы 1920-х гадоў і былі скіраваныя, у т. л. на згортванне тагачаснай нацыянальнай палітыкі («карэнізацыя»). Вастрыня крытыкі нацыянал-дэмакратызму вырасла яшчэ ў 1927 годзе; Камуністычная партыя Беларусі ў 1929 годзе сваёй устаноўкай прызнала нацыянал-дэмакратызм «галоўнай небяспекай на дадзеным этапе развіцця», а ў маі 1930 годзе рэзалюцыяй свайго XIII з’езда назвала яго «галоўнай небяспекай для нацыянальнай палітыкі».[1]

Ацэнкі правіць

Дасюль дакладна невядома, ці праўда існаваў «Саюз вызвалення Беларусі». У позняй савецкай гістарыяграфіі даследчыкі лічылі СВБ выдумкай ДПУ, а асуджаных па гэтай справе — ахвярамі[2]. Прыкладна такога ж меркавання трымаліся і беларускія эмігранцкія гісторыкі, праўда з іншых матываў, бо асуджаныя па справе СВБ у асноўным былі іх палітычнымі праціўнікамі.

Таксама існуе меркаванне, што СВБ існаваў і яго кіруючы цэнтр быў не ў інтэлігенцкім асяродку, а ў нацыянальных колах ураду БССР, што за савецкім часам зацямнялася па зразумелых прычынах[3].

Яшчэ ў 1957 годзе спецслужбы выказвалі такую версію: «У 1926 годзе на тэрыторыі БССР нацыяналісты стварылі антысавецкую паўстанцкую арганізацыю з цэнтрам у Мінску, … якая атрымала названне „Саюз вызвалення Беларусі“ (СВБ). Яна мела філіялы ў Віцебску, Полацку і іншых гарадах Беларускай ССР. Для пашырэння антысавецкай дзейнасці „Саюза вызвалення Беларусі“ спецыальная група на чале з актыўным нацыяналістам Улашчыкам вербавала ў падполле моладзь. Агентурнай разработкай і следствам па справе „Саюза вызвалення Беларусі“ выяўлена, што праграма гэтага варожага падполля была накіравана на ліквідацыю заваяванняў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўлення ў рэспубліцы ўлады памешчыкаў і капіталістаў.»[4].

У 1988 годзе КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў аб верагоднасці існавання „Саюза вызвалення Беларусі“»[1].

Пералік названых як удзельнікі СВБ[заўв 1] правіць

Глядзі таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. Пералік не поўны, толькі 99 асоб
  2. Рыгор Мікалаевіч Гацько (1903, в. Ступяні Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — пазней 10.4.1931) — настаўнік. З сялянскай сям'і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў настаўнікам 9-гадовай школы імя К. Лібхнехта ў Гомелі. Арыштаваны 15.4.1930 г. Асуджаны калегіяй АДПУ 10.4.1931 як «удзельнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі „Саюз вызвалення Беларусі“» да 5 гадоў ППЛ. Этапаваны ў Угліч Яраслаўскай вобл., Расія. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР 30.1.1956 г. Групавая справа Р. Гацько і інш. № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.[5]

Зноскі

  1. а б Чыгрынаў. Гісторыя Беларусі…, С.482.
  2. Сачанка, Б. Баліць, крывавіць…
  3. Аркуш А. Рызыкоўная…
  4. Белорусские буржуазные националисты: Учебный материал. / сост. Бойченко В. М. и Ерёмин П. П. — М.: «Редакционно-издательский отдел Высшей школы КГБ при Совете Министров СССР», 1957. — С. 14.
  5. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 4. Кніга 1. Рэпрэсаваныя настаўнікі Беларусі. 1917—1954 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2007.
  6. Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт…

Літаратура правіць

  • Аркуш, А. Рызыкоўная барацьба намэнклятуры // Наша Ніва, № 7;
  • Адамушка, У. Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў на Белару­сі. — Мн., 1994;
  • Васілеўская, Н. У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме: (Пра наркома асветы Беларусі А. В. Баліцкага) / Пад рэд. Палуяна У. А.; АН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995;
  • Иоффе, Э. Раздел III. Григорий Рапопорт: «Изобретатель „СВБ“» / И палачи и жертвы. (Руководители карательных органов СССР и Беларуси) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. I. — Минск, 2007.
  • Міхнюк, У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. — Мн., 1996.
  • Міхнюк, У. Вязень сумлення // Полымя. — 1996. — № 2. — С.
  • Міхнюк, У. Захоўваць вечна: справа № 20951-с // Маладосць. — 1992. — № 6. — С.
  • Міхнюк, У. «Саюз вызвалення Беларусі» / Уладзімір Міхнюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 249—250. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Міхнюк, У. Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. — 1993. — № 8—9. — С.
  • Сачанка, Б. Баліць, крывавіць / З пісьменніцкіх дзённікаў // Віртуальны музей Барыса Сачанкі — Эл.рэсурс sachenko.iatp.by
  • Сідарэвіч, А. Трыюмвіры, або Помнік камісарам // Наша Ніва, № 13.