Свята-Пакроўская царква (Сянно)

Свята-Пакроўская царква — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Сянне Віцебскай вобласці.

Праваслаўны храм
Свята-Пакроўская царква
54°48′39″ пн. ш. 29°41′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Сянно
Дата пабудовы 1860 год
Map

Гісторыя правіць

У 1860 годзе Ксаверый Войцехавіч Пуслаўскі, адзін з уладароў горада, будуе драўляную Пакроўскую царкву[1].

Пасля закрыцця царквы ў памяшканні доўгі час знаходзіўся мучны склад. У 1939—1940 гадах будынак быў разбураны. Пасля Другой сусветнай вайны на месцы храма пабудавалі спартыўны комплекс СШ № 2, а ў 1972 годзе быў пабудаваны новы будынак, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя раённай газеты «Голас Сенненшчыны».

Архітэктура правіць

Царква была пабудавана ў народным драўляным стылі з рысамі класіцызму. Гэта быў прыходскі храм, які стаяў у планіровачным цэнтры горада і прызначаўся для вясковага насельніцтва Сенненскага павета, бяднейшых слаёў.

Царква ўяўляла сабой трохзрубны храм, выцягнуты восевай кампазіцыяй з двума купаламі. Ва ўсю даўжыню будынка ішоў неф, які ўпоперак перасякаўся з другім нефам — трансептам. Далей ішла апсіда, зробленая ў форме трох-чатырохгранных выступаў. Уся прастора царквы — прытвор, алтар і апсіда, была пакрыта адным двухсхільным дахам з франтонам над апсідай, трансептам і прытворам.

З левага боку знаходзілася рызніца, невялікае памяшканне пры алтарнай частцы, у якой захоўваліся царкоўныя рэчы. План царквы ўяўляў сабой выцягнуты крыж. У месцы перакрыжавання знаходзіўся васьмігранны барабан з васьмю аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і невялікай галоўкай у форме цыбуліны. Вокны мелі класічную прамавугольную форму і былі аздоблены налічнікамі з франтонамі.

Над прытворам узнімаўся другі барабан у форме чацверыка са схіленымі вугламі, з чатырма аконнымі праёмамі, шатровым завяршэннем і галоўкай-цыбулінай. Тут знаходзілася званіца, афарбаваная ў блакітны колер, з зялёнымі купаламі. Тэрыторыя царквы была абсаджана ліпамі ў два рады і абнесена драўлянай агароджай[2].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. — Віцебск, 2000. — С. 126—132.
  • Пакроўская царква // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. — Мінск : Литература и искусство, 2008. — С. 80-83.

Спасылкі правіць