Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша)

Свята-Раства-Багародзіцкая царква[1] — праваслаўны храм у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Знаходзіцца пры ўцячэнні ракі Аршыцы ў Дняпро, на Зааршынні, па адрасе вуліца Савецкая, 4а.

Славутасць
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
54°30′22,8″ пн. ш. 30°25′03,52″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Орша
Канфесія Праваслаўе
Епархія Віцебская і Аршанская
Благачынне Цэнтральнае благачынне горада Оршы 
Архітэктурны стыль барока, класіцызм
Заснавальнік Аршанскае праваслаўнае брацтва
Дата заснавання 1691
Дата пабудовы 2000-я
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000107шыфр 213Г000107
Стан дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву, у 2000-я гады яе аднавілі на старых падмурках. Твор архітэктуры барока і класіцызму. Рэшткі падмуркаў гістарычнай царквы Раства Багародзіцы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

Гісторыя правіць

Гістарычную царкву Раства Багародзіцы збудавалі ў 1661 годзе. На плане Оршы 1770 года яна значыцца насупраць замка і гарадзішча.

У 1781 годзе царква мела назву саборнай у імя Раства Багародзіцы. У XIX стагоддзі яе пераасвяцілі ў імя Святога Мікалая. Будынак рамантаваўся ў 1818 годзе. На плане 1843 года перад царквой значыцца званіца.

У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву разам з званіцай. У 1987 годзе пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія пахаванні. У 1994—1995 гадах праводзіліся археалагічныя даследаванні падмуркаў царквы[2].

У 2000-я гады Беларуская Праваслаўная Царква аднавіла будынак на старых падмурках, аднак пры адбудове аўтэнтычныя барочныя купалы-бані з чатырохканцовымі крыжамі замянілі на пазалочаныя купалы-цыбуліны з васьміканцовымі крыжамі.

Архітэктура правіць

Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Гэта цэнтрычны кубападобны аб’ём з завяршэннем у выглядзе магутнага паўсферычнага купала, над якім узвышаецца васьмігранны ліхтар. Падобныя вежы адзначаюць вуглы асноўнага аб’ёму. Рысы барока выявіліся ў пластыцы веж і авальных люкарнах у аснове купала, складана прафіляваных антаблементах, пластычных ліштвах прамавугольных аконных праёмаў. Рысы класіцызму — у аднолькавых кампазіцыях роўнічных фасадаў, завершаных трохвугольнымі франтонамі, антаблеменце з дарычным фрызам, парных паўкалонах. Да асноўнага аб’ёму воссю ўсход — захад далучаецца акруглая апсіда з бакавымі рызніцамі і прытвор. Будынак мае галоўны і 2 бакавыя ўваходы.

Інтэр’ер у стылі позняга барока меў багатую пластыку. Пад царквой была крыпта з пахаваннямі. Побач з царквой стаяў службовы корпус з вежай-званіцай, які выходзіў на Вакзальную (цяпер Савецкую) вуліцу[3].

Прычт правіць

Святары:

  • Саборны пратапоп Якаў Палікарповіч (зг. ў 1650-я)
  • Іерэй Павел Гамановіч (зг. ў 1774)
  • Протаіерэй Іаан Кутневіч (у манастве Iаіль) (5 жніўня 1798 — лістапад 1800)
  • Протаіерэй Пётр Акаловіч (1800-1809)
  • Протаіерэй Пётр Афанасьевіч Праскура-Сушчынскі (зг. ў 1809)
  • Протаіерэй Іаан Стратановіч (зг. ў 1832)
  • Саборны іерэй Іаан Лепяшынскі (зг. ў 1832)
  • Іерэй Васіль Гінкоў (зг. ў 1832)
  • Іерэй Сімяон Андрэевіч Любіч-Стратановіч (зг. ў 1857)
  • Іерэй Гаўрыіл Ісакавіч Галоўчыц (зг. ў 1861)
  • Іерэй Мікалай Іванавіч Казлоўскі (24 сакавіка 1863 — 11 лістапада 1879)
  • Іерэй Іаан Васілевіч Лепяшынскі (11 лістапада 1879 — 10 лютага 1899)
  • Іерэй Павел Пятровіч Хруцкі (10 лютага 1899 — 1916 (1926?))
  • Протаіерэй Валерый Сярко (з красавіка 2012)

Дыяканы:

  • Дыякан Аўксенцій Ганкевіч (зг. ў 1832)
  • Дыякан Венядзікт Даўгаполаў (24.10.1886-19.03.1892)

Псаломшчыкі:

  • Дзячок Майсей Стратановіч (зг. ў 1832)
  • Міхаіл Савініч (29.10.1886-24.01.1889)
  • Васіль Дзмітрыевіч Бук (08.03.1889-19.05.1912)
  • Дыякан-псаломшчык Аляксандр Барташэвіч (24.08.1912-13.01.1914)
  • Лукіян Пашура (з 22.01.1914)

Старасты:

  • Саборны стараста Сямён Паўлоўскі (зг. ў 1832)
  • Аўрамій Дзеньгубаў (зг. ў 1900)

Зноскі

  1. Таксама царква Нараджэння Божай Маці, Царква Раства Багародзіцы
  2. Левко О. Н. Культовые памятники Орши конца XVI—XVIII вв.: (историко-археол. исслед.). — Орша, 1996.
  3. Праваслаўныя храмы на Беларусі 2001.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць