Свіслач (горад)

горад у Беларусі

Сві́слач[2] (афіц. транс.: Svislač) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Свіслацкага раёна, каля вытокаў р. Свіслач (басейн Нёмана). За 90 км на поўдзень ад г. Гродна, за 3 км ад аднайменнай станцыі на лініі Ваўкавыск—Свіслач, аўтадарогамі звязаная з Гродна, Ваўкавыскам, Поразавам. Насельніцтва 6 426 чал. (2018)[3].

Горад
Свіслач
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Плошча
4,28 км²
Вышыня цэнтра
170 м
Насельніцтва
  • 6 008 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1513
Паштовыя індэксы
231960, 231969
Аўтамабільны код
4
СААТА
4252501000
Афіцыйны сайт
Свіслач на карце Беларусі ±
Свіслач (горад) (Беларусь)
Свіслач (горад)
Свіслач (горад) (Гродзенская вобласць)
Свіслач (горад)

Назва правіць

Тапонім «Свіслач», відавочна, утварылася ад назвы ракі[4]. У сваю чаргу адпаведны гідронім мае яцвяжскае паходжанне, і азначае «балота», «вільгаць». Назву горада звязваюць з ракой Вісла, адкуль рухаліся славянскія плямёны, або з ракой Свіслач, левым прытокам Нёмана[5].

Гісторыя правіць

Ёсць меркаванне, што Свіслач упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256 годам і тым часам была цэнтрам княства.

  Поиде Данило на Ятвязе с братом и сыном Львомъ и с Шварном младоу соушоу емоу и посла по Романа в Новъгородонъ и со Изяславом со Вислочьскимъ и со всего сторонеи приде Самовить со Мазовшаны и помочь о Болеслава со Соудимирцы и Краковляны
Іпацьеўскі летапіс
 

Аднак такая думка нічым не пацвярджаецца, у тым ліку і архелагічна. Напэўна, князь Ізяслаў Свіслацкі быў з дынастыі менскіх князёў і яму належала Свіслач на Бярэзіне. Пазней уласнасць вялікіх князёў літоўскіх, з 1507 года — цэнтр Свіслацкага староства Ваўкавыскага павета. У 1523 Свіслач атрымала статус мястэчка. Паводле вялікакняскай граматы Жыгімонта Старога ад 22 верасня 1525 г. святарам Свіслацкай Прачысценскай царквы былі дадзены землі і дазвол трымаць дзве карчмы ўзамен за царкоўныя землі, якія адыйшлі новазаснаванаму мястэчку. У 1559 годзе Жыгімонт Аўгуст перадае мястэчка ва ўладанне Гераніму Аляксандравічу Хадкевічу, кашталяну троцкаму і старасце жамойцкаму, згодна з загадам яму перадаваліся «ваўкавыскае» мястэчка Свіслач з усімі яго агародамі і палявымі надзеламі (валокамі). 19 лістапада 1559 Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, які зацвердзіў перадачу Хадкевічу мястэчка Свіслачы і шматлікіх іншых зямельных уладанняў. У 1561 маёнткі адышлі да яго сына Яна Хадкевіча. У 1572 Жыгімонт Аўгуст памяняў у Я. Хадкевіча Свіслач на Ляхавічы і іншыя землі, адпаведныя акты былі падпісаны ў Варшаве на вальным сойме[6].

 
Будынак гімназіі, 1880

З сяр. XVI ст. Свіслач перайшла да Заслаўскіх, у 1581 — зноў да Хадкевічаў. У 1667 уладаром мястэчка зрабіўся прусак Крышпін-Кіршэнштэйн. У 1668 тут збудавалі Траецкі касцёл, пры якім дзейнічала парафіяльная школа. Таксама існавала грэка-каталіцкая царква Анёла-Ахоўніка[7].

У 1793 Свіслач увайшла ў Гродзенскае ваяводства. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Свіслач апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, потым Літоўскай губерні. З 1801 мястэчка зрабілася цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.

У 1778 Свіслач перайшла ў валоданне Вінцэнта Тышкевіча, сенатара Вялікага Княства Літоўскага, жанатага на пляменніцы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Новы гаспадар цалкам перабудаваў мястэчка па ўсіх правілах сіметрыі, размясціўшы ў яго цэнтры рынак з высокай калонай пасярэдзіне. Ад рынка вялі шэсць вуліц, кожная з якіх завяршалася каменнай брамай. Самая шырокая і доўгая з іх, вуліца Брэсцкая, цягнулася ў паўднёвым накірунку да Белавежскай пушчы, завяршаючыся капліцай Анёлаў-Ахоўнікаў з дзвюма брамамі паабапал яе. Ва ўсходнім кірунку ад рынку вялі вуліцы Мсцібаўская і Рудаўская з царквой, населеная пераважна вучнёўскай моладдзю. На поўнач ішла Гродзенская вуліца, за брамаю якой былі могілкі, абсаджаныя соснамі. На захад вяла Варшаўская вуліца[8].

Таксама былі дабраўпарадкаваныя дарогі, якія вялі да Свіслачы:

Хто добра натросся і не раз выкуліўся на самых горшых дарогах у нашым краі, хто пазнаёміўся з мясцінамі, дзе развальваюцца дамы, якія так мала розняцца ад мужыцкіх халупаў (…) той будзе вельмі здзіўлены, апынуўшыся на Свіслацкай зямлі. А едучы па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар’ерамі, і ўязджаючы ў акуратна і прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста і ахайна, забудзе на хвіліну, дзе знаходзіцца, і перанясецца ў думках на берагі Эльбы альбо Рэйна …[9]

Па звестках Л. Патоцкага, В. Тышкевіч са свіслаччан «патрабаваў з двара ў тыдзень тры дні работы з канём і адзін пешы. Да гэтага прыбавіў „гвалты“, у час якіх усе, хто быў здольны працаваць, павінны былі выходзіць на сенажаць і жніво. Акрамя гэтага прызначаў шарваркі для рамонту дарог і мастоў». В. Тышкевіч характарызуецца як «разважлівы гаспадар, які быў заняты адзіна ўпарадкаваннем сваіх уладанняў, забеспячэннем добрага быту падданым і паляпшэннем сваёй улюбёнай свіслацкай рэзідэнцыі… ён баяўся запрыгоньваць работнікаў павелічэннем працы»[9]. Свіслач прыносіла яму каля 10 тысяч чэрвоных злотых гадавога прыбытку[10].

У Свіслачы дзейнічалі адразу пяць заезных двароў: пад Арлом, Аленем, Валом, Адзінарогам і Лебедзем, а таксама «кафенгаўз або шынок, салідны, з більярдам, для забавы прыезжых». Паводле звестак за 1833 г., у Свіслачы было 12 «піцейных дамоў».

Аднак найбольшую вядомасць мястэчку надавалі Свіслацкая гімназія і Успенскі кірмаш. Яго патрэбы ў першай палове ХІХ ст. забяспечваў гандлёвы двор з 40 лаўкамі, кожная з якіх мела па тры пакоі. Лаўкі размяшчаліся прамавугольнікам па 14 лавак у даўжыню і па 6 у шырыню. З абодвух бакоў двара былі брамы, а ў сярэдзіне — пляц.

Свіслацкі Успенскі кірмаш, другі па памерах ва ўсёй Гродзенскай губерні пасля Анненскага ў Зэльве, быў заснаваны яшчэ ўладальнікам мястэчка Тышкевічам, які атрымаў прывілей ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста 16 студзеня 1783 года. На час кірмаша Тышкевіч нават запрашаў у мястэчка тэатральныя калектывы з Гродна, Вільні і Варшавы. Таму ў Свіслач прыязджалі не толькі жыхары вакольных вёсак ды суседніх губерняў, але і гандляры з Каралеўства Польскага, Цэнтральнай Расіі, Украіны, а таксама з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Даніі, Турцыі. Усяго збіралася да 3-4 тысяч чалавек. Гандлявалі тымі ж таварамі, што і на Анненскім кірмашы. Пераважнае значэнне мелі расійскія вырабы: у 1830 г., напрыклад, іх прывезлі на 172220 руб. (84 % агульнай сумы), а ў 1850 г. — на 31960 руб. З еўрапейскіх тавараў можна было купіць сукно, фарбы, інструменты, напоі, кнігі і інш. З «усходніх» вырабаў меліся кітайская гарбата, бухарскія і персідскія хусткі. Таксама гандлявалі коньмі, авечкамі, буйной рагатай жывёлай. Спачатку кірмаш праводзіўся як двухтыднёвы, пазней ужо як месяцовы — з 25 жніўня да 25 верасня.

На рыначнай плошчы мястэчка знаходзіліся 40 крам, якія адчыняліся ў перыяд кірмашу. Акрамя таго, тут пастаянна гандлявалі крамы, якія існавалі непасрэдна пры жылых памяшканнях: «… по м. Свислочи находятся лавки во всяких домах фронтовых жилых и не отдельно построенных, а только из одной фронтовой комнаты составленные, и в оных по большей части из разной мелочи торг состоит». У 1835 г. жыхар мястэчка купец Броўда звярнуўся да міністра фінансаў з прашэннем аб дазволе яму пабудаваць 12 мураваных крам з уплатай на карысць казны 120 руб. серабром у год. Гродзенская казённая палата пастановай ад 3 лютага 1836 г. паведаміла, што «чрез существование в еврейских домах лавок казна не лишается дохода с собственных лавок, ибо таковые чрез время до ярмарки никем не занимаются… Ежели кто из жителей пожелает вновь строить дом с лавкою, чтобы уплачивал казне чинша по 5 руб. сер. в год кроме поземельного». Як лічыць Іна Соркіна, колькасць местачковых крам і іншых гандлёвых пунктаў была на самай справе значна большай за тую, якая фігуравала ў статыстыцы губернскіх улад[11].

Але паступова яго значэнне памяншалася, на што паўплывала канфіскацыя Свіслачы царскімі ўладамі за ўдзел Тадэвуша Тышкевіча ў паўстанні 1830—1831 гадоў. Калі ў 1829 годзе на кірмаш прывозілі тавараў коштам больш за 200 тысяч рублёў, у 1845 годзе — да 135 тысяч рублёў, то ў 1857 годзе — толькі на суму 15 тысяч рублёў.

Яшчэ ў верасні 1850 года ваўкавыскі спраўнік даносіў губернатару пра цяжкасці, якія меліся ў Свіслачы: «Каменныя казённыя лаўкі па сваім трывалым, з усімі выгодамі для купецтва, папярэднім уладкаванні цяпер прыведзены ў такі стан старасці, што ў папярэдніх і цяперашнім годзе некаторыя гандляры пацярпелі страты ад намакання тавараў, бо дах на лаўках зусім стары, у выпадку дажджу лаўкі вадою залівае»[8]. З 1855 г. іншагароднія купцы перасталі наведваць Свіслацкі кірмаш, у выніку чаго ў 1861 г. губернская адміністрацыя канстатавала, што «ярмарка здесь почти не существует, торг производится самыми мелочными товарами на весьма незначительную сумму местными и из окрестных местностей торговцами». На гандаль у мястэчку адмоўна паўплывала і закрыццё Свіслацкай гімназіі[11].

Аб значнай ролі наяўнасці гімназіі ў эканоміцы Свіслачы яскрава сведчыць скарачэнне прыбыткаў ад корчмаў пасля яе закрыцця. Так, у жніўні 1850 г. на таргах піцейны продаж дастаўся на 4 гады, з 1 студзеня 1851 г., мяшчанам Ратнеру і Гольдбергу за плату ў дзяржаўны скарб па 1745 руб. серабром у год. Аднак у снежні 1850 г. яны нечакана перадалі свае правы на піцейны продаж купцу Булькаўштэйну з Беластока і мешчаніну Ахноху з Бераставіцы. Трэба адзначыць, што зрабілі яны гэта своечасова, бо з 1 верасня 1851 г. гімназія ў Свіслачы была закрыта, што рэзка змяншала прыбыткі ад утрымання піцейнага продажу. Натуральна, не з-за таго, што асноўны даход прыносілі гімназісты. Пасля страты гімназіі мястэчка стала менш бойкім. Расчараваныя Булькаўштэйн і Ахнох звярнуліся ў красавіку 1853 г. у сенат з прашэннем аб вызваленні іх ад утрымання піцейнага продажу ў Свіслачы, у якім яны скардзіліся на «ветхость корчем и убытки от сокращения продажи питей за уменьшением народонаселения по случаю вывода из м. Свислочи гимназии». Сенат не знайшоў законных падстаў для задавальнення хадайніцтва.

Наяўнасць гімназіі ў Свіслачы адкрывала перспектывы набыцця мястэчкам статуса горада. І такое пытанне ўздымалася. Так, у 1837 г., калі збіраліся звесткі аб канфіскаваных маёнтках, Гродзенская казённая палата ў сваёй даведцы адзначала, што м. Свіслач можа быць пераўтворана ў горад з прычыны заснавання гімназіі, у якой збіраецца немалая колькасць вучняў. Ад гімназістаў і ад прыязджаючых бацькоў жыхары маюць немалыя выгады. Ад розных асоб паступала шмат просьб аб дазволе будаваць дамы нават на ўмовах павышанага чыншу за зямельныя пляцы. Усё гэта ўзмацняла прамысловасць і гандаль. Акрамя таго, вялікія прыбыткі прыносіў існуючы ў Свіслачы кірмаш. Іншымі словамі, мясцовыя жыхары праз казённую палату даводзілі, што яны ў стане ўтрымліваць органы гарадскога самакіравання. Аднак гродзенскі грамадзянскі губернатар не падтрымаў гэтай ініцыятывы, бо не бачыў патрэбы ў заснаванні новых гарадоў.

Станам на 1833 у мястэчку было 1 мураваны і 146 драўляных будынкаў.

У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ваколіцы Свіслачы сталі месцам актыўных ваенных дзеянняў паміж паўстанцкімі аддзеламі і расійскімі карнымі войскамі. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 526 будынкаў (24 мураваныя і 502 драўляныя), 6 гарбарных, піваварнае і медаварнае прадпрыемствы, сельская лячэбніца.

У Першую сусветную вайну ў 19151918 Свіслач займалі нямецкія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны. За польскім часам тут дзейнічалі некалькі беларускіх нацыянальна-вызваленчых арганізацый.

У верасні 1939 Свіслач увайшла ў БССР, дзе ў студзені 1940 атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу і зрабілася цэнтрам раёна Беластоцкай вобласці. У Другую сусветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 Свіслач знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У лістападзе 1942 нацысты расстралялі 1536 вязняў яўрэйскага гета. 14 снежня 2000 Свіслач атрымала статус горада[12].

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1816 — 614 чал.; 1833 — 1256 чал.[13]
  • XX стагоддзе: 1995 — 8,9 тыс. чал.[14]
  • XXI стагоддзе: 2001 — 7,8 тыс. чал.[13]; 2006 — 7,4 тыс. чал.; 2009 — 6 886 чал. (перапіс); 2016 — 6 600 чал.[15]; 2017 — 6 481 чал.[3]; 2018 — 6426 чал.; 2023 — 6098 чал.

Эканоміка правіць

Прадпрыемствы харчовай, мэблевай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца «Свіслач»[16].

Культура правіць

Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1990-я ў цэнтры горада пабудаваны касцёл святога Францыска Асізскага і святой Пяцідзесятніцы.

Адукацыя правіць

У 1-й пал. XIX стагоддзя тут працавала найлепшая на Літве гімназія (цяпер гімназія № 1 імя К. Каліноўскага), у якой навучаліся Восіп Кавалеўскі, Напалеон Орда, Юзаф Крашэўскі, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі і іншыя вядомыя асобы.

Славутасці правіць

 
Будынак Свіслацкай гімназіі
 
Касцёл Св. Францыска Асізскага

Помнікі:

Страчаная спадчына правіць

Вядомыя асобы правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 337.
  5. История на Свислочский районный исполнительный комитет
  6. Пазднякоў Валерый. Найстаражытная гісторыя мястэчка Свіслач да XVI ст. (паводле неапублІкаваных дакументаў) // Беларусь, Свіслацкі край і Эдвард Вайніловіч. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Свіслач, 13-14 жніўня 2021 г. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2021. — С. 94-107.
  7. Свіслач // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 559. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  8. а б Герасімчык Васіль. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна: Юрсапрынт, 2018. — С. 28-35.
  9. а б Патоцкі, Леон. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану. Мінск, 1997. С. 24-28.
  10. Филатова Е. Н. Белорусско-литовские земли в 1772—1860 гг.: человек и общество. — Минск: Беларуская навука, 2021. — С. 63.
  11. а б Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. — С. 205.
  12. Статус: Свислочь теперь город // «БДГ. Деловая газета», 28 снежня 2000.
  13. а б БелЭн 2002.
  14. Беларусь 1995.
  15. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  16. Свислочь // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9

Літаратура правіць

Спасылкі правіць