Славутая рэвалюцыя

Славутая рэвалюцыя (англ.: Glorious Revolution) — рэвалюцыя 1688 года ў Англіі, Шатландыі і Ірландыі ў выніку якой быў зрынуты кароль Якаў II Сцюарт. У перавароце ўдзельнічалі Нідэрланды на чале з Вільгельмам Аранскім, які стаў новым каралём Вільгельмам III. Пераварот атрымаў шырокую падтрымку сярод самых розных пластоў англійскага грамадства.

Прыбыццё новага караля Вільгельма III

Перадгісторыя правіць

 
Якаў II Сцюарт

У 1685 годзе пасля смерці англійскага караля Карла II на трон Англіі і Шатландыі ўступіў Якаў II, граф Ёркскі. Першапачаткова англійскае грамадства, якое памятала нядаўнюю рэвалюцыю, ставілася да яго лаяльна. Абраны парламент складаўся галоўным чынам з кансерватараў (торы).

Аднак ужо праз некалькі месяцаў пасля каранавання Якаў пачаў праводзіць палітыку, якая выклікала незадавальненне англіканскай большасці. Пад падставай барацьбы з дробнымі мецяжамі кароль стварыў сталае войска, памер якога хутка вырас да 40000 салдат. У лістападзе таго ж 1685г. парламент быў распушчаны. У 1687 годзе кароль выпусціў «Дэкларацыю пра рэлігійную памяркоўнасць», спрыяльную для каталікоў. Асцярогі каталіцкай рэстаўрацыі ў краіне і новага перадзелу ўласнасці адапхнулі ад караля яго натуральных прыхільнікаў — торы. Асаблівую трывогу англікан выклікаў каралеўскі дазвол каталікам займаць афіцэрскія пасады ў войску.[1]

Палітыка рэлігійнай памяркоўнасці выклікала рэзкі пратэст англіканскіх біскупаў. Кароль у адказ загадаў пасадзіць 10 біскупаў у Таўэр. Некаторыя час супернікі Якава спадзяваліся на смерць пажылога караля, пасля чаго трон Англіі заняла б яго дачка-пратэстантка Марыя Сцюарт, жонка Вільгельма. Аднак у 1688 годзе ў 55-летняга Якава II нечакана нарадзіўся сын, гэтая падзея паслужыла штуршком да перавароту. Анты-якабітскія сілы вырашылі абмеркаваць варыянт змены «тырана» на галандскую пару — Марыю і Вільгельма.

Прынц Вільгельм быў найбуйнай постаццю сярод пратэстанцкіх кіраўнікоў у Еўропе, і яго як кіраўніка Нідэрландаў трывожыла перспектыва магчымага англа-французскага саюза і ўмацаванне Якавам II англійскага войска і флоту. Таму адхіленне Якава II ад улады ўяўлялася Вільгельму вельмі пажаданым нават незалежна ад уласных перспектыў стаць кіраўніком Англіі. Дагэтуль Вільгельм некалькі разоў наведваў Англію і заваяваў там вялікую папулярнасць.

Рэвалюцыя правіць

У 1688 годзе Якаў II узмацніў ганенні на англіканскае духавенства і канчаткова пасварыўся з торы. Абаронцаў у яго практычна не засталося (Людовік XIV быў заняты вайной за Пфальцкую спадчыну). Незадаволеныя палітыкай караля сем бачных англійскіх палітыкаў — граф Дэнбі, граф Шрузберы, лорд Кавендыш, віконт Лэмлэй, адмірал Расэл, біскуп Лонданскі Комптан і Сідней — напісалі сакрэтнае запрашэнне Вільгельму, дзе засвядчалася, што 19 з 20 англічан будуць вельмі радыя перавароту і ўзыходжанню пратэстанцкага караля.

15 лістапада 1688 года Вільгельм высадзіўся ў Англіі з войскам у 40 тысяч пяхотнікаў (уключаючы матросаў) і 5 тысяч кавалерыстаў. Войска складалася практычна цалкам з пратэстантаў, у тым ліку англійскіх вігаў-эмігрантаў. На яе штандары былі напісаны словы: «Я буду падтрымліваць пратэстанцызм і волю Англіі».

Войска Якава II засяродзілася ў Солсберы, аднак ніводнай сур'ёзнай бітвы не адбылося, большасць военачальнікаў адразу перайшлі на бок Вільгельма, уключаючы генерал-лейтэнанта Джона Чэрчыля. Малодшая дачка караля - Ганна, таксама з'ехала ў лагер Вільгельма. Актыўна падтрымалі пераварот таксама гараджане, пратэстанцкія і парламенцкія лідары, міністры ўрада. Якаў II бег у Францыю, адкуль спрабаваў ажыццявіць рэстаўрацыю, але без усялякага поспеху.

Далейшыя падзеі правіць

 
Вільгельм III

Вільгельм адхіліў прапанову торы, паводле якой на прастол уступіла б Марыя, а Вільгельм застаўся б толькі кансортам. У студзені 1689 года парламент абвясціў Вільгельма і Марыю Сцюарт манархамі Англіі, Шатландыі і Ірландыі на роўных правах. 9 верасня 1689 года Вільгельм III далучыўся да Аўгсбургскай лігі супраць Францыі. Праз 5 гадоў Марыя памерла, Вільгельм кіраваў краінай самастойна.

У гады кіравання Вільгельма III былі праведзены глыбокія рэформы, якія заклалі аснову палітычнай і гаспадарчай сістэмы краіны. У гэтыя гады пачынаецца імклівы ўзлёт Англіі і яе ператварэнне ў магутную сусветную дзяржаву. Адначасова закладваецца традыцыя, па якой улада манарха абмяжоўваецца «Білем правоў англійскіх грамадзян». Паменшылася дыскрымінацыя пратэстантаў (Акт пра верацерпнасць), але ўзмацнілася дыскрымінацыя каталікоў.

Зноскі

  1. Всемирная история в 24 томах. Том 13. Минск: Литература, 1996. ISBN 985-437-040-2. Стар. 171—178.

Літаратура правіць

  • Ивонина Л. И. Вильгельм III Оранский. Вопросы истории, № 3 (1998), стр. 154—159.
  • Томсинов В. А. «Славная революция» 1688—1689 годов в Англии и Билль о правах. М.: Зерцало-М, 2010.