Сёгу́н[1] ( (яп.: 将軍 сё:гун)) — у японскай гісторыі так называліся людзі, якія рэальна (у адрозненне ад імператарскага двара ў Кіота) кіравалі Японіяй вялікую частку часу з 1192 да перыяду Мэйдзі, які пачаўся ў 1868 годзе. Урад сёгуна называўся бакуфу (幕府) (слова бакуфу азначае «намётавы лагер» у сэнсе месца размяшчэння палкаводца). Дзяржаўны лад, пры якім вярхоўная ўлада належала сёгуну, пазначаецца як сёгунат.

Мінамота но-Ёрытома, першы сёгун Камакурскага сёгуната

Этымалогія правіць

Слова «сёгун» — гэта запазычанае з кітайскай мовы слова «цзянцзюнь» (将军, jiāngjūn, 'генерал'). «Цзян» («сё») па-кітайску азначае «трымаць у руцэ», «кіраваць», а «Цзюнь» («гун») — «войска», «армія». Такім чынам, «сёгун» — гэта «палкаводзец», «камандуючы». Паводле «Японскай гістарычнай энцыклапедыі» («кокусі дайдзітэн»), паняцце «сёгун» вызначаецца як «палкаводзец, які па загадзе Імператара ставіцца на чале войска, якое падаўляе бунт або уціхамірвае варвараў».

Аднак у больш позні час «сёгун» — гэта не проста тытул палкаводца, часова пастаўленага на чале якой-небудзь арміі, а скарачэнне ад больш шматслоўнага тытула — сэйі-тайсёгун (征夷大将軍). Слова тайсёгун («галоўнакамандуючы») першапачаткова азначала палкаводца, камандуючага трыма войскамі, кожнае з іх кіравалася простым сёгунам, але пасля пачало пазначаць любога камандзіра, які стаяў на чале самастойна дзеючай арміі. Што ж тычыцца вызначэння сэйі, то сэй азначае «біць», «караць», а і (夷) — гэта «чалавек, узброены лукам» (у гэтым кандзі можна разгледзець чалавека з нацятым лукам), гэта значыць «дзікун», "варвар ". Японцы пазначалі гэтым іерогліфам эдзо (яны ж эмісі або эбісу) — дзікія плямёны, якія жылі на паўночным усходзе Японіі. Паходы супраць паўночна-ўсходніх варвараў пачаліся ў Японіі яшчэ ў глыбокай старажытнасці, пры імператары Кэйко (71-130 гады). У VIII стагоддзі з’явілася афіцыйнае званне сэйі-тайсёгун; яно прысвойвалася палкаводцу, якому даручалася ўзначаліць паход супраць паўночна-усходніх варвараў. Упершыню гэтае званне было прысвоена ў 794 годзе Атома но Атамара. Да пачатку X стагоддзя эдзо былі моцна аслабленыя і перасталі пагражаць дзяржаве; паходы супраць іх спыніліся, і прызначаць сэйі-тайсёгунаў перасталі. На працягу некаторага часу гэта званне не выкарыстоўвалася, аднак праз некаторы час яно зноў паўстала, набыўшы зусім іншы сэнс.

Зноскі

Літаратура правіць