Сілаба-танічнае вершаскладанне

Сіла́ба-тані́чнае вершасклада́нне — сістэма вершаскладання, у аснове якой — раўнамернае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў. Ужываецца перш за ўсё ў мовах з пераменным месцам націску (рускай, украінскай, беларускай, англійскай, нямецкай і інш.). Рытм сілаба-танічнага верша ствараецца таксама чаргаваннем у вершаваных радках аднолькавай колькасці складоў (як у сілабічным вершаскладанні). Адсюль і назва гэтай сістэмы. Ёсць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанентаў (аднолькавая колькасць адных і тых жа стопаў у радках, упарадкаванае чаргаванне рыфмаў, клаўзулаў, розных паўзаў і інш.), па багацці якіх сілаба-танічнае вершаскладанне пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сістэмы.

Сілаба-танічнае вершаскладанне карыстаецца пяццю метрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасцю вершаваных памераў.

Сілаба-танічнае вершаскладанне ў беларускай літаратуры правіць

У беларускім фальклоры першыя выпадкі ўжывання сілаба-танічнага вершаскладання зафіксаваныя ў XVI ст. Сілаба-танічныя формы народнага верша найбольш пашырыліся ў XVIII—XIX стст., што (разам з уплывам рускай сілаба-тонікі) прывяло да ўзнікнення ў канцы XVIII ст. беларускай літаратурнай сілаба-тонікі. Пераход на сілаба-танічнае вершаскладанне ў беларускай паэзіі адбываўся ў XIX ст. (А. Абуховіч, Ф. Багушэвіч). Выключную ролю ў гэтым адыграў Я. Лучына. Пануючай стала сістэма з пачатку XX ст. дзякуючы творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Сёння сілаба-тоніка — асноўная сістэма вершаскладання ва ўсёй усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, вершатворчасці.

Літаратура правіць