Сільвестр (свецкае імя Стэфан Адамавіч Косаў; бл. 1607, Жаробычы, Віцебскае ваяводства, Рэч Паспалітая, цяпер Шумілінскі раён — 13 (23) красавіка 1657, Кіеў) — праваслаўны епіскап, багаслоў, педагог, пісьменнік-палеміст Рэчы Паспалітай. Кіраўнік Кіеўскай мітраполіі, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі. Экзарх Канстанцінопальскага патрыярха.

Сільвестр Косаў

Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі,
4-ы Экзарх Канстанцінопальскага Патрыярха
1647 — 1657
Царква Канстанцінопальская праваслаўная царква
Папярэднік Пётр (Магіла)
Пераемнік Дзіянісій (Балабан)
Епіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі і Аршанскі
жнівень 1635 — 18 студзеня 1649
Царква Канстанцінопальская праваслаўная царква
Папярэднік Іосіф (Бабрыковіч)
Пераемнік Ігнат (Аксяновіч-Старушыч)
Адукацыя
Дзейнасць святар, пісьменнік
Месца працы
Нараджэнне 1607
Смерць 13 красавіка 1657(1657-04-13)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся на Віцебшчыне ў праваслаўнай сям’і гродскага пісара Адама Косава. Род Косавых належаў да незаможнай беларускай шляхты[1].

Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай брацкай школе, дзе выявіў рэдкую схільнасць да навукі. Вышэйшую адукацыю ў галіне філасофіі, рыторыкі і граматыкі атрымаў у каталіцкіх школах — Люблінскай езуіцкай калегіі і Замойскай акадэміі. Імаверна, вучыўся таксама ў Оламаўцы і Вене[2]. Пасля вяртання ў Вільню, у канцы 1620-х распачаў педагагічную дзейнасць у брацкай школе пры манастыры Св. Духа, дзе стаў выкладчыкам рыторыкі і тэалогіі. У 1631 прыехаў у Львоў, выкладаў у Львоўскай брацкай школе ва Успенскай царкве. Летам гэтага года сустрэўся з пячорскім архімандрытам Пятром Магілам, які запрасіў яго ў Кіеў. У 1632 заняў пасаду прэфекта і выкладчыка рыторыкі ў лаўрскай (магілянскай) і брацкай кіеўскіх школах. Пасля ад’езду рэктара брацкай школы Тамаша Яўлевіча з Кіева ў Магілёў, узначаліў ужо аб’яднаную Кіева-Магілянскую калегію, у якой стаў прафесарам. Адначасова кіраваў брацкай школай у Вінніцы. Уваходзіў у т. зв. «Магілянскі гурток» — аб’яднанне выдатных кіеўскіх гуманістаў.

З 1633 — архімандрыт Кіева-Пячорскай лаўры, з 1635 года — епіскап Мсціслаўскі, Аршанскі і Магілёўскі, з 1647 — мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі. Канфліктаваў з полацкім і віцебскім уніяцкім архібіскупам Антонам Сялявам.

У снежні 1648 мітрапаліт Сільвестр урачыста прывітаў Багдана Хмяльніцкага пры яго ўездзе ў Кіеў.

Да з’яднання з Масквой (1654) Сільвестр Косаў ставіўся непрыхільна, быў таксама супраць безагляднага паразумення з Польшчай. Адстойваў незалежнасць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай і яе знаходжанне ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха.

Памёр у красавіку 1657.

Сачыненні правіць

 
Тытульны аркуш «Дыдаскаліі» (1637) С. Косава, надрукаванай у Куцеінскай друкарні

Літаратурная спадчына С. Косава даволі значная. На старонках сваіх твораў ён прадставіў і абгрунтаваў адметную канцэпцыю гістарычна-культурнай арыентацыі Праваслаўя.

У 1635 ён выдаў на польскай мове пропаведзь, напісаную ў двух варыянтах, празаічным — «Cherubin przy akcie pogrzebnym… ojca Jozepha Bobrykowecza» і вершаваным — «Echo zalu na glos lamentuecego… Iozepha Bobrykowicza». У тым жа годзе апублікаваў «Патэрыкон, або Зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў», які пазней двойчы перавыдаваўся на царкоўнаславянскай мове: у 1661 і 1678 гг. Таксама ў гэтым годзе апублікаваў і выдаў у Кіеве гісторыка-публіцыстычны твор «Экзегезіс».

Іншыя сачыненні мітрапаліта Сільвестра: «Аб сямі сакраментах» (першае куцеінскае выданне 1638) і «Дыдаскалія» (1637).

У перыяд з 1635 да 1637 °C. Косаў падрыхтаваў «навуку для святароў», напісаную ў форме катэхізіса: «Дідаскаліа, альбо Наука, которая ся первей из уст священником подавала — о седми сакраментах алболи тайнах, на Сіноде поместном в Богоспасаемом граде Могилеве, року Божего 1637, месяца октобра 19 дня, отправованым от превелебнаго его милости господина отца Сільвестра Косова, на тот час епископа мстиславскаго, оршанскаго и могилевскаго, теперешнего милостью Божею митрополита киевского, галицкого и всея Россіи. Потом през того ж в друк подана. По-трете, в тіігографіи монастыра общежителнаго Кутеенского тіпом издася року 1653, месяца мая 30 дня». Упершыню твор быў публічна прачытаны аўтарам 19 кастрычніка 1637 на Магілёўскім праваслаўным саборы. «Дыдаскалія» доўгі час з’яўлялася незаменным дапаможнікам для праваслаўных святароў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Зноскі

  1. Antoni Mironowicz, Sylwester Kossow — biskup białoruski, metropolita kijowski, Białoruskie Towarzystwo Historyczne, Białystok 1999
  2. R. Łużny, Sylwester Kossow, «Polski Słownik Biograficzny», t. XIV, Wrocław 1968, s. 326.

Літаратура правіць

  • Antoni Mironowicz, Sylwester Kossow — biskup białoruski, metropolita kijowski. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1999
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 524—526
  • Голубев С. Киевский митрополит Пётр Могила и его сподвижники. ― Киев, 1898. — т. 2. — С. 245—293
  • Лаўрык Ю. М. Куцеінскае выданне 1638 г. трактата Сільвестра Косава «Дыдаскалія» і яго пазнейшыя перадрукі // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2015. — 376 с. ISSN 2221-9919
  • Флоря Б. Н., Корзо М. А.. Сильвестр (Косов) // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2021. — Т. LXIII. — С. 362—368. — 752 с. — ISBN 978-5-89572-069-1.

Спасылкі правіць