Сімвалі́зм:

  1. у шырокім сэнсе — мастацкі метад, які палягае ў сістэматычным выкарыстанні для выражэння пэўнае ідэі вобразаў ці знакаў (сімвалаў), асацыяваных з гэтай ідэяй (у гэтым сэнсе сімвалізм распаўсюджаны, напрыклад, у мастацтве Сярэднявечча ды Рэнесансу);
  2. у больш вузкім сэнсе — напрамак у літаратуры і выяўленчым мастацтве 2-й паловы 19 ст., у якім метад сімвалізму з'яўляецца базавым.

Сімвалізм як мастацкі стыль узнік у сяр. 19 ст. як альтэрнатыва рэалізму ды натуралізму. Непасрэднымі яго папярэднікамі лічацца Ш. Бадлер і Э. По, першымі сімвалістамі — французскія паэты П. Верлен, А. Рэмбо, С. Малармэ. У 1886 г. Жан Марэа апублікаваў «Маніфест сімвалізму», у якім дэкларуе непрыманне простага апісання фактаў, імкненне адлюстраваць ідэальнае, знайсці форму, якая здолее максімальна раскрыць гэты ідэал. Тэксты паэтаў-сімвалістаў шматзначныя, багатыя на метафары, у іх часта сустракаюцца містычныя матывы, тэмы смерці, нематэрыяльнага свету. Першым сімвалістам уласцівая дэкадэнцкая эстэтыка, у пазнейшых аўтараў гэта менш прыкметна.

Да сімвалізму належыць, альбо адчула яго моцны ўплыў, творчасць такіх аўтараў, як М. Метэрлінк, Э. Вэрхерн, П. Адам, У. Блэйк, О. Уайльд, У. Ейтс, Т. Эліят, К. Бальмонт, В. Брусаў, Д. Меражкоўскі, А. Блок і шмат іншых. Рысы сімвалізму можна заўважыць у творчай спадчыне беларускіх паэтаў — Я. Купалы, М. Багдановіча, А. Гаруна.

Нарадзіўшыся ў межах літаратуры, сімвалізм пранік і ў іншыя галіны мастацтва. Вядомыя мастакі-сімвалісты — Г. Маро, А. Рэдон, А. Фантэн-Латур, Л. Бакст. Да сімвалізму часам адносяць скульптуру А. Радэна і жывапіс Э. Мунка. У музыцы адбітак сімвалізму нясуць творы К. Дэбюсі, Р. Вагнера. У першыя гады 20 ст. сімвалізм паступова губляе папулярнасць, і да пачатку 1-й сусветнай вайны (1914) фактычна саступае месца новым, мадэрністычным мастацкім плыням.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць