Востраў Сімушыр (руск.: Симушир) — востраў у Вялікай градзе Курыльскіх астравоў. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад Сахалінскай вобласці Расіі. Плошча — 227,6 км²[1].

Сімушыр
руск. Симушир
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча227,6 км²
Насельніцтва0 чал.
Размяшчэнне
46°58′ пн. ш. 152°00′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Сімушыр (Расія)
Сімушыр
Сімушыр
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Прырода і геаграфія правіць

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 59 км, найбольшая шырыня — 13 км. Складаецца з некалькіх вулканічных масіваў, злучаных узгорыстымі і нізіннымі пярэсмыкамі. Паўночная і паўночна-ўсходнія ўскраіны ўзгорыстыя.

Найвышэйшы пункт — вулканічны пік Прэво (1360 м) у цэнтральнай частцы. Горы і частка ўзгоркаў складзены з крышталёвых горных парод, у тым ліку базальтаў. Паверхня часткі ўзгоркаў — з пемзы. Схілы гор стромкія, раздзеленыя глыбокімі разорамі з-за сталых ападкаў. На ўзбярэжных абрывах сустракаюцца пячоры.

Паверхневыя воды прадстаўлены рэдкай сеткай невялікіх рэк і ручаёў. На паўднёва-заходнім беразе яны зрынаюцца ў мора вадаспадамі. У сярэдняй нізіне маецца вулканічнае бяссцёкавае возера.

Клімат умераны марскі, прахалодны. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ад −5,1 °C у лютым да 10,6 °C у жніўні. Сярэдняя вільготнасць — 88,1 %, прычым найбольш вільготныя месяцы — з мая па верасень. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1630,7 у год.

Флора прадстаўлена рознымі травамі і хмызнякамі, у тым ліку зараснікамі алешыны, карлікавай бярозы, верасаў, хвоі сібірскай кедравай і г. д. Ля ўзбярэжжа знаходзяцца зёлкавыя лугі. Маюцца невялікія па плошчы імшары.

Распаўсюджаныя жывёлы — лісы, пясцы, грызуны, ластаногія, марскія птушкі.

Гісторыя правіць

Першымі насельнікамі былі айны. На іх мове назва Сімушыра значыла «знаёмы востраў». Акрамя традыцыйных лову рыбы і палявання на марскіх звяроў, мясцовыя тубыльцы займаліся здабычай і апрацоўкай базальту.

Рускія і японцы пачалі даследаванне Сімушыра з XVIII ст. У 1875—1945 гг. ён уваходзіў у склад Японіі. Айны былі пераселены на поўдзень Курыльскіх астравоў. На Сімушыры працавалі японскія дзяржаўныя сельскагаспадарчыя гадавальнікі, праводзіліся даследаванні магчымасцяў земляробства, развядзення авечак і буйной рагатай жывёлы, былі інтрадуцыраваны лісы і пясцы.

Пасля далучэння да РСФСР (1945 г.) на востраве некаторы час дзейнічалі ваенная памежная база, метэаралагічная станцыя, існавалі жылыя паселішчы. Зараз востраў незаселены.

У 2002 г. расійскімі ўладамі абмяркоўвалася ідэя стварэння на Сімушыры сховішча радыеактыўных адыходаў[2].

Зноскі

Спасылкі правіць