Тадэвуш Тышкевіч

генерал

Тадэвуш Тышкевіч (польск.: Tadeusz Tyszkiewicz, руск.: Тадеуш Станиславович-Антониевич Тышкевич; 6 (17) верасня 1774 — 3 (15) красавіка 1852) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі.

Тадэвуш Тышкевіч
Ляліва
Ляліва
Нараджэнне 6 верасня 1774(1774-09-06)
Смерць 3 красавіка 1852(1852-04-03) (77 гадоў) ці 12 красавіка 1852(1852-04-12) (77 гадоў)
Месца пахавання
Род Тышкевічы
Бацька Станіслаў Антоні Тышкевіч[d]
Маці Людвіка з Белапятровічаў[d]
Жонка Юзэфа з Салагубаў[d]
Веравызнанне каталіцтва
Званне брыгадны генерал
Бітвы
Узнагароды
кавалерскі крыж ордэна Virtuti Militari
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям’я правіць

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», прадстаўнікі якога ў XVI—XVIII стст. адносіліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай. Адносіўся да «украінскай» (бярдычаўскай) галіны роду Тышкевічаў.

Нарадзіўся ў сям’і графа Станіслава-Антонія Тышкевіча (1727—1801) і Людвікі Белапятровіч. Бацька Станіслаў Антоні займаў сенатарскія пасады мсціслаўскага кашталяна (1775—1783) і жамойцкага кашталяна (1783—1795) і быў двойчы жанаты — з Ганнай-Евай Белазор і Людвікай Белапятровіч.

Тадэвуш Тышкевіч у 1816 ажаніўся з графіняй Юзэфай з Салагубаў Патоцкай, для якой гэта быў ужо другі шлюб. Першым мужам Юзэфы быў генерал польскіх войск граф Станіслаў Патоцкі.

Выхаванне і адукацыя правіць

Скончыў Віленскую школу-пансіён, вучыўся ў Варшаўскім піярскім калегіуме.

Службовая дзейнасць правіць

З 1790 служыў у конным гвардзейскім Мірскім палку, з 1792 харунжы Пінскай пяцігорскай (легкаконнай) брыгады войска Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792. Падчас паўстання 1794 быў ад’ютантам Якуба Ясінскага, які даручыў Тышкевічу ўзначаліць адзін з паўстанцкіх атрадаў у Вільні. Удзельнік абароны Прагі (прадмесце Варшавы), потым эмігрыраваў у Галіцыю (Аўстрыйская імперыя).

З 1801 у Парыжы, дзе скончыў ваенную школу інжынераў і артылерыстаў. У 1805 пераехаў у Варшаву, у 1806 сфарміраваў там конны атрад. Удзельнік аўстра-французскай вайны 1809 (узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары»).

 
Тадэвуш Тышкевіч

У вайну 1812 ваяваў на баку французаў, генерал кавалерыйскай брыгады 5-га корпуса Юзафа Панятоўскага (1763—1813), удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве. Паранены, пад Мядынню ўзяты ў палон і вывезены ў Астрахань. У 1814 вярнуўся ў Варшаву.

10 снежня 1813 граф Вінцэнт Антоніевіч-Казіміравіч Тышкевіч (1756—1816), вялікі рэферэндарый і кавалер ордэнаў Рэчы Паспалітай, граф на Лагойску і Свіслачы, міліянер, ажэнены з пляменніцай апошняга польскага караля і вялікага князя літоўскага Марыяй-Тэрэзай Панятоўскай (1761—1831), зацвердзіў тэстамент. Не маючы дзяцей, Вінцэнт Тышкевіч свае багатыя маёнткі перадаваў сваякам: Лагойск адпісаў графу Пію Тышкевічу (1756—1858), Белаполле — украінскім Тышкевічам, а Свіслач — графу Юзафу Тышкевічу (1724—1815), старосце вялятыцкаму, але апошні адмовіўся ад Свіслачы на карысць Тадэвуша Тышкевіча (1774—1852), з украінскай (бярдычаўскай) галіны роду Тышкевічаў.

Тадэвуш Тышкевіч прыняў у валоданне Свіслацкае графства (з цэнтрам у Свіслачы) у Ваўкавыскім павеце Літоўска-Гродзенскай губерні, дзе вырашыў пасяліцца.

З 1820 сенатар Царства Польскага, увайшоў у склад сеймавага суда, які 1828 вёў следства над членамі Патрыятычнага таварыства.

Падчас паўстання 1830—1831 гадоў, калі апошняе разгарнулася і ў літоўска-беларускіх губернях, графу Тадэвушу Тышкевічу было прапанавана ўзначаліць там паўстанне. Тышкевіч згадзіўся ўзначаліць Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, створаны пры штабе паўстання ў Варшаве, і войскі. У чэрвені 1831 на чале паўстанцкіх войск Тадэвуш Тышкевіч штурмаваў Вільню, але беспаспяхова. Пасля паразы паўстання выехаў у Прусію, адтуль — у Дрэздэн, а ў пачатку 1832 — у Парыж, дзе стала пачаў жыць і скончыў жыццё.

У адпаведнасці з тэстаментам, складзеным у 1847 годзе[1], Тышкевіч выказаў пажаданне пасля атрымання Польшчай незалежнасці быць перазахаваным на радзіме[2]. Нашчадкі генерала распачалі спробы выканання яго тэстамента толькі ў 1936 годзе. На просьбу аб мажлівасці перавоза цела Тадэвуша Тышкевіча з Парыжа ў Польшчу 21 студзеня 1936 года імі быў атрыманы станоўчы адказ ад загадчыка ваенна-гістарычнага аддзела генеральнага інспектарыята Узброеных сіл Польшчы Отана Лясковіча[3].

Зноскі

  1. Z. G. Nad grobem gen. Tadeusza Tyszkiewicza // Kurier Warszawski. — 1939. — 11.1. — S.
  2. Гарбачова, В. В. З гісторыі помніка Тадэвушу Тышкевічу на могілках Пэр-Ляшэх у Парыжы / В. В. Гарбачова // Архіварыус. — 2008. — Вып. 6. — С. 40—45.
  3. Biblioteka Polska w Paryżu, akc. 3338. Materiały dotyczące ekshumacji w Paryżu i reinhumacji w Warszawie prochów Tadeusza hrabiego Tyszkiewicza (1.1939)

Літаратура правіць

  • Гарбачова, В. В. Паўстанне 1830—1831 гадоў на Беларусі / В. В. Гарбачова. — Мінск: БДУ, 2001. — 186 с.
  • Гарбачова, В. В. Удзельнікі паўстання 1830—1831 гг. на Беларусі : бібліягр. слоўн. / В. В. Гарбачова. — Мінск: БДУ, 2006. — 400 с.
  • Ерашэвіч, А. Тышкевіч Тадэвуш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 551. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Патоцкі, Л. Успаміны пры Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану / Л. Патоцкі; укл., прадм., камент., А. М. Філатавай. Пер. з польск. І. У. Саламевіча. — Мінск: Полымя, 1997. — 270 с.