Тамаш Макоўскі (польск.: Tomasz Makowski; 1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630) — польскі і беларускі друкар, мастак і гравёр, стваральнік карты Вялікага Княства Літоўскага.

Тамаш Макоўскі
Фатаграфія
Бюст Тамаша Макоўскага ў Нясвіжы.
Дата нараджэння 1575
Месца нараджэння
Дата смерці 1630[1][2]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, кнігадрукар, картограф, гравёр па медзі, рысавальнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

 
Нясвіж на гравюры Тамаша Макоўскага (1604)

Нягледзячы на шырокую папулярнасць і запатрабаванасць у той час твораў майстра, аб ім захавалася вельмі мала звестак. Дакладна не ўстаноўлена, дзе Т. Макоўскі атрымаў мастацкую адукацыю. Аб тым, што ён яе меў, дазваляюць меркаваць якасці выкананых твораў, упэўненае валоданне новай на той час тэхнікай медзярыту, дасведчанасць у правілах перспектыўнай і анатамічнай пабудовы выяў. Акрамя гэтага майстар паказвае выдатныя веды ў шэрагу навукова-гістарычных галін, напрыклад у эмблематыцы, геральдыцы, тэалогіі. Па захаваных дакументах вядома, што ён у 1600—11 выконваў розныя даручэнні Мікалая Крыштофа Радзівіла (Сіроткі), верагодна, уваходзячы ў склад дворні нясвіжскага двара князя. У пачатку XVII ст. Макоўскі кіраваў друкарняй у Нясвіжы, працаваў пры двары князёў Радзівілаў каморнікам, прыдворным артыстам, маляваў і гравіраваў па заказах Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

 
Карта Вялікага Княства Літоўскага (Амстэрдам, 1613)

Тамаш Макоўскі выгравіраваў першую дакладную карту Вялікага Княства Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, даў агульную характарыстыку края (захоўваецца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта). Арыгінал тэксту да карты захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы горада Упсала ў Швецыі. Аўтар гравюр да кніг «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» М. К. Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К. Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня).

Аўтар гравюр з відамі Вільні, Клецка, Трокаў, серыі гравюр «Аблога Смаленска». У 1611 годзе ў нясвіжскай майстэрні Макоўскі выгравіраваў план Масквы, на якім пазначаны маскоўскія храмы, званіцы, вежы і іншыя славутасці[4]. Выканаў гравіраваныя партрэт М. К. Радзівіла, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Аблога Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т. М.

Творчасць правіць

Творы Т. Макоўскага вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. З яго дзейнасцю звязаны пачатак актыўнага ўваходжання медзярыту ў беларускую кніжную гравюру.

Карта ВКЛ правіць

 
Фрагмент карты ВКЛ

Першай з вядомых зараз значных работ графіка з’яўляецца карта Вялікага Княства Літоўскага, створаная ў канцы XVI ст. па ініцыятыве М. К. Радзівіла (Сіроткі). Вядома, што ў яе выкананні акрамя Т. Макоўскага прымалі ўдзел яшчэ некалькі майстроў, паколькі работа, якая працягвалася каля 20 гадоў (да 1595), патрабавала вялікіх намаганняў, звязаных з фіксацыяй асобных месц, відаў гарадоў і мястэчак, нарэшце — з гравіраваннем сабранага выяўленчага матэрыялу. Безумоўна, Т. Макоўскі выкарыстоўваў ужо існуючыя работы, напрыклад карты І. Мюнцэра (1493), М. Кузанскага (1520), А. Паграбкі (1580-ыя), дзе былі паказаны землі Вялікага Княства Літоўскага. Выкананая Т. Макоўскім карта друкавалася за мяжой. Першы раз — магчыма, у Гданьску ці Аўгсбургу (1603). Потым яна была паўторана ў Амстэрдаме ў майстэрні В. Блауа (1613).

«Перэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю» правіць

Другой важнай у мастацкіх адносінах працай Т. Макоўскага з’яўляюцца афармленне і ілюстрацыі да кнігі М. К. Радзівіла (Сіроткі) «Перэгрынацыя, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю» аб падарожжы гаспадара Нясвіжа ў Іерусалім у 1582—84 г. Кніга была надрукавана ў г. Брунсберг (1601, Прускае герцагства, сучасны г. Бранёва, Польшча). Тытульны ліст «Перэгрынацыі…» Т. Макоўскі вырашыў у выглядзе партала, у абрамленні элементаў якога змешчаны тэкст і выяўлены іерусалімскі крыж як важная адзнака здзейсненага вандравання князя. У кнізе ўсё стрымана і лаканічна. Выявы ідуць за тэкстам, адлюстроўваючы яго змест, але з вялікай ступенню фантастычнасці. Верагодна, у карыстанні Т. Макоўскага меліся падобнага зместу кнігі аб вандраваннях еўрапейцаў у далёкія землі, адкуль ён мог запазычыць асобныя ілюстрацыі, інтэрпрэтуючы ці нават паўтараючы іх.

«Панегірык братоў Скарульскіх» правіць

 
Панегірык братоў Скарульскіх (Нясвіж, 1604)

Калі гравюры «Перэгрынацыі…» яшчэ характарызуюцца некаторай аматарскай няўпэўненасцю, вызначанай тэхнічнай недасканаласцю, то наступныя работы Т. Макоўскага паказваюць значна ўзросшы яго прафесіяналізм і майстэрства. 3 відавочнасцю гэта адлюстроўваецца ў выявах «Панегірыка братоў Скарульскіх» (1604), створанага ў Нясвіжы ў гонар прызначэння М. К. Радзівіла (Сіроткі) на пасаду віленскага ваяводы.[5]

Звычайна такія творы складаліся па пэўнай схеме і ўтрымлівалі акрамя тэкстаў выявы алегарычных персанажаў, эмблем, сімвалаў, непасрэдна звязаных з адраснасцю і зместам панегірыка. У іх часта паказваліся гербы, змяшчаліся партрэты канкрэтных асоб, сюжэтныя кампазіцыі, адлюстраванні некаторых істот і прадметаў. Як правіла, усе выявы і тэкст даваліся ў абрамленні ці на фоне архітэктурных форм і дэталяў, у спалучэнні з пышным арнаментаваным дэкорам. Менавіта такім творам з’яўляецца «Панегірык». Тэксты для яго напісалі студэнты Нясвіжскага езуіцкага калегіума Ян, Захар і Мікалай Скарульскія, а выявы выгравіраваў Т. Макоўскі. Друкавалі работу ў Брунсбергу ў тамтэйшага гравёра і перакладчыка Т. Трэтэра.

«Панегірык» уяўляе сабой даволі вялікі аркуш памерам 37 х 57 см і складаецца з чатырох раздзеленых вузкімі рамкамі частак: дзве — у выглядзе нешырокіх палос — размешчаны па баках, дзве — усярэдзіне. Верх сярэдняй часткі займае дэкараваны картуш, у якім змешчаны загаловак-прысвячэнне панегірыка, а крыху ніжэй — архітэктурны аб’ём (эдыкула з выявай герба роду Радзівілаў). Герб паказаны ў пышным абрамленні. Яго падтрымліваюць дзве алегарычныя фігуры — «Справядлівасць» і «Розум». Ніжэй, таксама ў дэкаратыўнай аздобе, выяўлены іерусалімскі крыж, паабапал якога на стужках напісана «Адзнакі набожнасці». Цікавасць выклікае фрыз уверсе эдыкулы з панарамай Вільні. Ніз сярэдняй часткі «Панегірыка» займае тэкст.

Важны сэнс быў укладзены ў выявы, змешчаныя ў васьмі медальёнах па баках аркуша (па чатыры на кожным). Усе яны ў сімволіка-алегарычнай форме расказваюць аб М. К. Радзівілу. Гэта сцэны, дзе паказана, як кароль надае князю годнасць ваяводы, як улады Вільні перадаюць яму сімвалічныя ключы ад горада, як Майсей збірае ў пустыні манну нябесную, а таксама асобныя сімвалічныя вобразы — арла, звернутага да сонца, калонны з зіхаценнем-глорыяй уверсе, куста ружаў на фоне Вільні. Усе выявы «Панегірыка» выгравіраваны прафесійна ўпэўненай рукой вопытнага майстра. Ураўнаважаная кампазіцыя, дакладны малюнак, граматная перспектыўная пабудова, добрае веданне анатоміі — рысы, якія вылучаюць гэты твор. Па-барочнаму шматслоўнай мовай выяў Т. Макоўскі паказвае пышнае ўслаўленне добрых спраў і заслуг свайго апекуна.

«Гіпіка, альбо Кніга пра коней» правіць

 
Ілюстрацыі да кнігі «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» К. Дарагастайскага (Кракаў, 1603)

Не менш значнай работай з’яўляюцца ілюстрацыі да выдання: «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» (1603, Кракаў). Яго аўтарам быў Крыштаф Дарагастайскі. Па сутнасці гэта быў дапаможнік па конегадоўлі, дзе змяшчаліся звесткі пра гісторыю коннай язды, пароды коней, іх развядзенне і выездку, апісанні збруі, нават патрабаванні да стайні і ветэрынарныя рэкамендацыі. Хутчэй за ўсё малюнкі, а потым і гравюры да кнігі Т. Макоўскі рабіў па накідах і парадах К. Дарагастайскага. Наўрад ці ў мастака меліся настолькі грунтоўныя веды ў гэтай галіне. Асноўную частку мастацкага вырашэння «Гіпікі» складаюць выявы коней, пароды якіх асабліва італьянскіх, цаніў заказчык. У іх пераважае амаль аднолькавае кампазіцыйнае вырашэнне: рэльефна трактаваныя фігуры жывёл паказаны ў дынамічных рухах, постаці выразна чытаюцца на фоне неба і панарамных пейзажных відаў. Майстэрства Т. Макоўскага знайшло адлюстраванне не толькі ў прафесійнай гравіроўцы, рэалістычнасці, уважлівых адносінах да перадачы дэталяў, але і ў тым, што ў кожнай ілюстрацыі мастак знаходзіць новыя выраз-ныя пластычныя рашэнні. Выявы дапаўняюць шматлікія варыянты конскай збруі, якія набываюць выгляд своеасаблівага дэкору, абрамляючы фігуры коней. Т. Макоўскаму ўдалося аб’яднаць чыста прыкладны характар ілюстрацый і свае мастацкія погляды аб прыгажосці навакольнага асяроддзя, прыроды ў мнагастайнасці яе праяўленняў.[5]

«Натхнёны абаронца айчыны Казімір» правіць

У друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі ў 1610 была выканана яшчэ адна значная работа Т. Макоўскага — афармленне і ілюстрацыі да кнігі «Натхнёны абаронца айчыны Казімір» («Панегірык Казіміра»). Кніга напісана Геранімам Більдзюкевічам з нагоды кананізацыі ў 1602 Казіміра Ягелончыка і нараджэння ў 1609 каралевіча Яна Казіміра. Ініцыятарам выдання быў М. К. Радзівіл (Сіротка). Мастацкую частку кнігі складаюць тытульны ліст, 24 эмблемы-сімвалы і герб маці наследніка — каралевы Канстанцыі. Як і ў «Панегірыку братоў Скарульскіх», тут выкарыстаны матыў эдыкулы, па баках якой на фоне калон выяўлены персаніфікаваныя ўвасабленні важных маральных вартасцей улады — «Бескарыслівасці» і «Пастаянства».

Змест кнігі адлюстроўваюць эмблемы-сімвалы, паказаныя на яе старонках: «Святла», «Яснасці» (выявы сонца і месяца), «Мужнасці» (вобраз рыцара, які гатовы да бою), «Згоды» (звязаныя стрэлы), «Справядлівасці» (выява шаляў), «Вечнасці» (гербы Польшчы, Літвы, Вазаў, Ягелонаў, Габсбургаў — каралевы Канстанцыі), «Набожнасці» (фігура ўкленчанага чалавека), а таксама «Аўтарытэта», «Улады», «Вытрыманасці», «Шчодрасці». Кожнае сімвалічнае абазначэнне змешчана ў пышным абрамленні накшталт картушаў, іх суправаджаюць тэксты-тлумачэнні. Пры стварэнні выяў Т. Макоўскі карыстаўся разнастайнай літаратурай эмблематычна-панегірычнага зместу, якая была шырока распаўсюджана ў той час у Еўропе. 3 яе майстар мог запазычыць такія знакі амаль агульнапрынятага сэнсу.

Ушанаванне памяці правіць

У Нясвіжы ўстаноўлены бюст Т. Макоўскага.

Зноскі

  1. Thomas Makowski // opac.vatlib.it
  2. Tomasz Makowski // Alvin
  3. Catalog of the German National Library Праверана 11 мая 2023.
  4. Журнал «Союзное Государство» (апрель 2008 г.) Архівавана 16 лютага 2018.
  5. а б Лазука (2010)

Літаратура правіць

  • Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9
  • Jakubowski J. Tomasz Makowski, sztycharz i kartograf nieświecki. Warszawa, 1923.
  • Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII w. Poznań, 1989.

Спасылкі правіць