Тасілі́н-Аджэ́р (Tassili'n Ajjer, у перакладзе з тамашэк — «Плато рэк») — плато ў паўднёва-ўсходняй частцы Алжыра, у пустыні Сахара; з'яўляецца адным з буйнейшых помнікаў наскальнага мастацтва Сахары. У 1982 годзе ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Тасілін-Аджэр
ar/
Катэгорыя МСАП — II (Нацыянальны парк)
Размяшчэнне Алжыр
Плошча
  • 120 000 км²
  • 7 200 000 га
physical
Тасілін-Аджэр
Тасілін-Аджэр

На плато ў розныя гады былі знойдзены петрогліфы, якія датуюцца ад 7 тысячагоддзя да н. э. да VII стагоддзя н. э.

Геаграфічныя дадзеныя правіць

 
Тасілін-Аджэр, выгляд зверху

Даўжыня плато — каля 500 км, ад 26°20′ пн. ш. 5°00′ у. д.HGЯO усходняга паўднёвага ўсходу да 24°00′ пн. ш. 10°00′ у. д.HGЯO. Вышэйшай кропкай з'яўляецца гара Азаа (2158 м, 25°10′ пн. ш. 8°11′ у. д.HGЯO). Бліжэйшы горад — Джанет, каля 10 км на паўднёвы захад.

Большая частка плато, якая ўключае кіпарысы і археалагічныя пляцоўкі, з 1972 года ўваходзіць у склад нацыянальнага парка, біясфернага запаведніка і спіса сусветнай спадчыны ЮНЭСКА пад назвай «Нацыянальны парк Тасілін-Аджэр» агульнай плошчай 72 000 км².

Геалогія правіць

 

Горная града складаецца з пясчаніка. Дзякуючы эрозіі тут утварылася шмат (больш за 300) натуральных каменных арак, таксама як і мноства іншых уражальных аб'ектаў. Граду праразаюць вадзі — высахлыя ложы рэк, што некалі тут цяклі. Існуе мноства пячор.

Экалогія правіць

 
Сахарскі кіпарыс у запаведніке

У выніку вышыні і вільгаценакапляльных уласцівасцяў пясчаніка, вегетацыйны перыяд раслін тут значна большы, чым у навакольнай пустыні; таму тут магчыма існаванне зндэмічных відаў сахарскага кіпарыса і сахарскага мірта ў вярхоўях усходняй часткі плато.

Літаральны пераклад назвы грады — «Плато рэк» — адносіцца да таго перыяду, калі мясцовы клімат быў значна больш вільготным, чым цяпер.

Археалагічныя знаходкі правіць

 
Сцэна ахоты
 
Буйвалы
 
Вярблюды

Сусветную вядомасць прынеслі выяўленыя тут у 1909 годзе вялізныя яркія малюнкі, якія адлюстроўваюць людзей, жывёл і сцэны з жыцця. Гэтыя малюнкі гавораць аб тым, што цяпер пазбаўленая жыцця пустыня некалі была ўрадлівай мясцовасцю, па якой хадзілі вялізныя чароды жывёл, а на берагах рэк і азёр жылі людзі, якія займаліся паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам.

Малюнкі правіць

Выкананыя ў розных стылях, малюнкі адносяцца да розных перыядаў часу. Самыя раннія — петрогліфы, пакрытыя цёмным слоем паціны — выкананыя ў натуралістычным стылі і датуюцца 6000 — 2000 год да н.э. Гэта пераважна сцэны палявання і выявы так званай «эфіопскай» фауны: сланоў, насарогаў, жырафаў, гіпапатамаў, кракадзілаў, страусаў, антылоп, вымерлага віда буйвала і інш. Жывёлы намаляваныя вельмі рэалістычна. Ёсць асобныя малюнкі, выкананыя пазней, але іх стыль ужо адрозніваецца. Людзі, намаляваныя тут, адносяцца да так званага «бушменскага тыпу». Гэта людзі ў масках, з лукамі і стрэламі. Даледчык малюнкаў Тасілін-Аджэра Анры Лот, які вывучаў іх у 19561957 гг., называў іх «круглагаловыя людзі».

Больш познія малюнкі, узрост якіх вызначаецца перыядам канца 3000 — 1000 гадоў да н. э., выкананыя фарбамі, і адлюстроўваюць хатніх жывёл. Гэта авечкі, козы, буйная рагатая жывёла. Акрамя таго, тут сустракаюцца выявы каней, сабакаў, муфлонаў, сланоў і зрэдку — жырафаў. Малюнкі выкананыя больш умоўна, чым папярэдняя група. Людзі звычайна ў масках, з лукамі і стрэламі, дроцікамі, сякерамі і крывымі палкамі. Мужчыны апранутыя ў кароткія і шырокія плашчы, жанчыны ў звонападобных спадніцах. Зрэдку жанчыны маюць адзнакі яскрава выяўленай стэатапігіі, а мужчыны адлюстраваныя з ніткападобнымі фігурамі, нагадваючы роспісы Паўднёвай Афрыкі. Гэтыя шматкаляровыя малюнкі выкананыя плямёнамі жывёлагадоўцаў, якія займаліся таксама паляваннем і збіральніцтвам.

Таксама былі знойдзеныя выявы каней і павозак з коламі, якія адносяцца да 2 тысячагоддзю да н.э. — пачатку нашай эры.

У малюнках, якія адлюстроўваюць быкоў ці баранаў з сонечным дыскам на галаве, бачылі вынік егіпетскага ўплыву і звязвалі з культам Ра, але ёсць меркаванне, што шанаванне сонца было распасюджана па ўсёй Лівіі. Магчыма, ад іх культ сонца пранік у даліну Ніла, бо малюнкі больш старажытныя за культ Амона-Ра ў Егіпце.

З'яўленне вярблюда на малюнках адпавядае II—VII вв. н.э. і адзначае чацвёрты перыяд — «перыяд вярблюда» — згодна з прынятай перыядызацыяй.

Археалогія Тасілін-Аджэра не абмяжоўваецца аднымі толькі малюнкамі (якіх тут сотні тысяч). Сярод скалаў таксама было знойдзена мноства наканечнікаў стрэл, скрабкоў, зернацёрак, каменных нажоў і іншых прылад працы чалаека. Радыёвугляродны аналіз арганічных астаткаў даў магчымасць больш дакладна вызначыць час знаходжання тут чалавека.

Гісторыя адкрыцця правіць

 
Слон

Упершыню малюнкі на плато Тасілін-Аджэр былі заўважаныя Карцье ў 1909 годзе. Французскі афіцэр Брэнан правёў у гэтым рэгіёне Сахары восем гадоў (з 1932 па 1940) і зрабіў шмат замалёвак, якія потым паказаў А. Брэйлю. Брэйль вырашыў арганізаваць экспедыцыю, але планам перашкодзіла Другая сусветная вайна. Пасля вайны Брэйль выдаў замалёўкі Брэнана, дадаўшы да іх апісанне. Паколькі замалёўкі былі недакладнымі і перадавалі толькі ідэю, то і тлумачэнне яны атрымалі вельмі вольнае. Напрыклад, Брэйль у выявах бачыў цэлыя сцэны з маральна-этычным зместам, як у выпадку з «Жазэфінай, якую прадаюць яе сёстры»: гэта сцэна, дзе адлюстравана група жанчын, адну з якіх — «Жазэфіну» — яе сёстры гвалтоўна цягнуць да групы мужчын, якія стаяць паблізу.

У 1933 годзе была выдадзена кніга Л. Жалео, у якой ён намеціў перыядызацыю малюнкаў з чатырох адрэзкаў часу[1]:

  • «эпоха буйвала», якую складалі рэалістычныя малюнкі насарогаў, сланоў, жырафаў і людзей так званага «бушменскага тыпу»;
  • «эпоха афрыканскага слана», калі з'яўляюцца выявы хатніх жывёл, у тым ліку звязаныя з культурай сонца: баран з сонечным дыскам на галаве, а потым і «сонечны бык»;
  • малюнкі, дзе з'яўляецца конь, кола і калясніцы;
  • «эпоха вярблюда» — апошняя група.

У 1935 годзе французскі археолаг Рэйграс на кароткі час наведаў гэты раён. Знаёмы са шматлікімі роспісамі Сахары, Рэйграс стварыў прыблізную перыядызацыю малюнкаў. Найбольш старажытнымі ён палічыў петрогліфы, якія адлюстроўвалі жывёл трапічнай фаўны: гіпапатамаў, насарогаў, буйной рагатай жывёлы, жырафаў, буйвалаў, антылоп і страусаў; да другой групы ён аднёс шматкаляровыя і больш умоўныя роспісы з буйнымі рагатымі жывёламі, а таксама з калясніцамі. Вельмі прыблізнае і асцярожнае датаванне патрабавала праверкі, і ў 1956-57 гг. кіраўніцтва экспедыцыі было даручана Анры Лоту, які ўжо наведваў гэты раён у 1934 годзе, і быў знаёмы з Брэйлем, прымаў удзел у выданні яго працы.

Анры Лот падрыхтаваўся грунтоўна і на працягу паўтара гадоў вывучаў малюнкі разам з групай мастакоў і фатографаў. Экспедыцыя Лота пацвердзіла дакладнасць датавання Рэйграса. Пасля вяртання Лот апублікаваў кнігу «У пошуках фрэсак Тасілін-Аджэра» с жывым і цікавым апісаннем сваёй экспедыцыі. У кніге Лот разам з сур'ёзнымі дадзенымі выказаў шэраг неверагодных гіпотэз аб паходжанні народа фульбэ ад неалітычнага насельніцтва Сахары, сыходзячы з падабенства жаночых прычосак на малюнках і ў саміх фульбэ. Праз некалькі гадоў пасля экспедыцыі адзін з яе ўдзельнікаў, фатограф Жан-Дамінік Лажу, зноў накіраваўся ў вядомыя яму пячоры і мясцовасці, правёў там дзесяць месяцаў, перазняў нанава ўсе здымкі і выдаў кнігу, у якой ўсе фатаграфіі суправаджаліся вельмі кароткімі, але цвярозымі каментарыямі. Напрыклад, Лажу казаў аб умоўнасці спроб вызначэння выяў паводле іх стылю. Ён таксама ўказваў, што малюнкі не даюць дастатковых падстаў для вызначэння відаў жывёл ці расавай прыналежнасці людзей. Ён сцвярджаў, што пры вызначэнні ўзросту ці расы рашаючае значэнне маюць даследаванні костных парэшткаў[2]. Такім жа чынам ён крытыкаваў спробы Лота вызначыць узрост выяў паводле паслядоўнасці наслаенняў малюнкаў.

Пазнейшыя даследаванні, праведзеныя італьянцам Фабрыцыё Моры, які даследаваў суседні раён на мяжы Алжыра з Лівіяй, сабралі інфармацыю, якая дапамагла вызначыць датаванне выяў Тасілі-Аджэра больш дакладна. Даследаванні палінолагаў паказалі, што магчымы ўзрост малюнкаў больш старажытны, чым лічылася раней. Дадзеныя раскопак у суседніх раёнах паказалі, што неаліт суданскай традыцыі — гэта значыць Тасілін-Аджэра і Энэдзі — больш старажытны за неаліт Паўднёвай Еўропы і Кірэнаікі, а кераміка ва Усходняй і Цэнтралнай Сахары з'явілася адначасова з керамікай у Пярэдняй Азіі[3].

 
 

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. L. Joleaud. Gravures rupestres et rites de l'eau en Afrique du Nord//Journal de la Société des Africanistes, t. III, 1933
  2. J. D. Lajoux. Merveilles du Tassili n'Ajjer. Paris, Editions du Chêne, 1962
  3. FR. Willet. A Survey of Recent Results in the Radiocarbon Chronology of Western and Northern africa//Journal of African History, vol. XII, № 3, pp.339-370.

Літаратура правіць

  • А. Лот. В поисках фресок Тассилин-Ажера. Л.: «Искусство», 1973

Спасылкі правіць

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 179
рус.англ.фр.