«Тры ко́леры» (фр.: Trois Couleurs, польск.: Trzy kolory) — кінатрылогія, знятая ў 19931994 гадах польскім рэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім: «Тры колеры: Сіні» (1993), «Тры колеры: Белы» (1994), «Тры колеры: Чырвоны» (1994). Сцэнарыі ўсіх трох фільмаў былі напісаны Кеслёўскім у суаўтарстве з Кшыштафам Пясевічам (пры ўдзеле Агнешкі Холанд і Славоміра Ідзяка), музыку да трылогіі стварыў кампазітар Збігнеў Прайснер.

Тры колерыM:
Жанр драматычны фільм
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Canal+
Краіна
Мова французская і польская
Год 1993 і 1994

Уся трылогія была высока ацэнена гледачамі і крытыкамі. На партале «Internet Movie Database» «Сіні» мае рэйтынг 8.0, «Белы» — 7,7, а «Чырвоны» — 8.1. Вядомы амерыканскі крытык Роджэр Эберт уключыў трылогію ў свой спіс выдатных фільмаў. Часопіс «Empire» у 2010 годзе аддаў «Тром колерам» 11 месца ў спісе 33 найлепшых трылогій у гісторыі кіно[4].

«Тры колеры: Чырвоны» стаў апошнім фільмам у жыцці Кеслёўскага, які памёр у сакавіку 1996 года ва ўзросце 54 гадоў.

Сюжэт правіць

Тры колеры: Сіні правіць

Жулі губляе мужа, кампазітара, і маленькую дачку ў аўтакатастрофе. Спустошаная, яна спярша думае пра самагубства, але па нейкай прычыне не можа гэтага зрабіць і таму спрабуе пачаць новае жыццё ўдалечыні ад свайго шыкоўнага загараднага дома і закаханага ў яе сябра нябожчыка мужа. Пераехаўшы ў сціплую кватэру ў Парыжы, Жулі вырашае, што адзіны спосаб вызваліцца ад болю і жалобы — гэта парваць усе сувязі з ранейшым жыццём, унікаць любых прывязаннасцяў да людзей і рэчаў і жыць у ціхай адзіноце. Тым не менш, яе пераследуе музыка з незавершанага яе мужам канцэрту, а мінулае насцігае яе зноў і зноў. Паступова Жулі вяртаецца да неабходнасці жыць, бо музыка і дар яе стварэння валодаюць надзвычайнай гаючай сілай.

Тры колеры: Белы правіць

Пасля разводу са сваёй жонкай-францужанкай Дамінік (Жулі Дэльпі) польскі цырульнік Караль (Збігнеў Замахоўскі) аказваецца адзін на парыжскіх вуліцах — без грошай і пашпарта. Дзякуючы выпадковай сустрэчы з суайчыннікам яму ўдаецца вярнуцца ў Польшчу. Там Караль разумее, што не можа забыцца на жонку, і ў яго нараджаецца ідэя. Ён праварачвае некалькі паспяховых аперацый на чорным рынку[be-tarask], і атрымлівае дастаткова грошай для таго, каб прыступіць да ажыццяўлення свайго плана. Паставіўшы на кон усё, што ў яго ёсць, Караль яшчэ не ведае, чым усё гэта скончыцца…

Тры колеры: Чырвоны правіць

Студэнтка Жэнеўскага ўніверсітэта Валянціна, якая падпрацоўвае мадэллю, выпадкова збівае аўчарку. Жадаючы дапамагчы няшчаснай жывёліне, жанчына трапляе ў дом пажылога суддзі, гаспадара сабакі. Цынічны мізантроп, які бавіць час праслухоўваннем суседскіх тэлефонаў, выклікае ў Валянціны толькі агіду. Аднак знаёмячыся з ім бліжэй, жанчына прыходзіць да ўсведамлення, што зламыснасць, абыякавасць і нелюдзімасць былога суддзі — вынік яго расчаравання ў людзях. Яна пачынае бачыць у ім глыбока няшчаснага самотнага чалавека, якому патрэбны любоў і падтрымка. Сама Валянціна таксама жыве досыць самотна: яе каханы трымаецца з ёй холадна, а іх адносіны ўяўляюць сабой рэдкія тэлефонныя размовы. Таму неўзабаве, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, паміж Валянцінай і суддзёй узнікае ўзаемная сімпатыя. Паралельна з гэтым разгортваецца гісторыя маладога чалавека па імені Агюст. Ён жыве па суседстве з Валянцінай і вучыцца на юрыдычным факультэце. Звычайная гісторыя кахання, рэўнасці і здрады неўзабаве пачынае моцна нагадваць мінулае пажылога суддзі…

Акцёрскі склад правіць

Тры колеры: Сіні

   Жульет Бінош   –   Жулі дэ Курсі
   Бенуа Рэжан[fr]   –   Аліўе Бенуа
   Фларанс Пернэль[fr]   –   Сандрын

Тры колеры: Белы

   Збігнеў Замахоўскі   –   Караль Караль
   Жулі Дэльпі   –   Дамінік Відаль
   Януш Гаяс[en]   –   Мікалай

Тры колеры: Чырвоны

   Ірэн Жакоб   –   Валянціна Дзюсо
   Жан-Луі Трэнціньян   –   суддзя Жазэф Керн
   Жан-П’ер Лары[en]   –   Агюст Бруне

Вытворчасць правіць

Задума і праца над сцэнарыем правіць

Рэжысёр і аўтар сцэнарыя Кшыштаф Кеслёўскі (злева), суаўтар сцэнарыя Кшыштаф Пясевіч (справа).

Як і ў выпадку з тэлецыклам «Дэкалог», на стварэнне трылогіі «Тры колеры» Кеслёўскага натхніў Кшыштаф Пясевіч[5][6]. Кожны фільм трылогіі павінен быў тым ці іншым чынам акцэнтаваць увагу на адным з ідэалаў Вялікай французскай рэвалюцыі, адлюстраваных у дэвізе «Свабода, роўнасць, братэрства». У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі адзначае:

  Гэта была ідэя Пясевіча: калі мы знялі «Дэкалог», то чаму не заняцца свабодай, роўнасцю, братэрствам? Зрабіць фільмы і разглядзець дзесяць біблейскіх запаведзей у самым шырокім кантэксце. Убачыць, што яны значаць у сённяшнім свеце, як мы ўспрымаем іх і які сэнс маюць у нашыя дні гэтыя тры словы — свабода, роўнасць, братэрства — у чалавечым, асабістым, інтымным плане, а не ў філасофскім і тым больш не ў палітычным ці грамадскім. У палітычным і грамадскім плане Захад гэтыя тры лозунгі рэалізаваў. Але на ўзроўні асобнага чалавека справы ідуць іначай. Таму мы і ўзяліся за гэтыя фільмы[5].  

Усе фільмы трылогіі мелі па чатыры варыянты сцэнарыя і яшчэ адзін, так званы «выпраўлены» чацвёрты варыянт. Выпраўленні ў апошняй версіі сцэнарыя тычыліся перакладу дыялогаў на французскую мову. Кеслёўскі запрасіў у якасці перакладчыка Марціна Лятала[pl], які шукаў максімальна дакладныя пераклады усіх рэплік і дбайна падбіраў адпаведныя французскія ідыёмы[7].

Здымкі правіць

Трылогія была знята ў надзвычай сціслы тэрмін: з верасня 1992 года па красавік 1993 года. У адрозненні ад «Дэкалога», дзе рэжысёр перамяжаў здымачныя графікі розных частак, здымкі трылогіі адбываліся паслядоўна.

  Гэтым разам мы здымаем тры фільмы ў трох розных краінах, з трыма рознымі здымачнымі групамі і трыма абсалютна рознымі акцёрскімі ансамблямі, таму ніякія перамяжоўкі не магчымыя. <…> У першую чаргу мы знялі ўсё, што тычылася «Сіняга». Адразу затым, практычна на наступны дзень, мы пачалі здымаць французскія эпізоды «Белага». У нас было дзесяць-дванаццаць здымачных дзён у Парыжы, а затым мы паехалі ў Польшчу, дзе працавалі ўжо з новай групай[8].  

Здымачны графік меў наступны выгляд:

  • «Тры колеры: Сіні»: верасень—лістапад 1992 года[6]
  • «Тры колеры: Белы»: 9 лістапада 1992 — 1 лютага 1993[9]
  • «Тры колеры: Чырвоны»: 1 сакавіка — 29 красавіка 1993 года[10]

Музычнае суправаджэнне правіць

Музычнае суправаджэнне да ўсіх фільмаў трылогіі стварыў польскі кампазітар Збігнеў Прайснер.

Музыка ў «Трох колерах» выконвае, у пэўным сэнсе, апавядальную, а не дэкаратыўную функцыю[6]. Гэта знайшло сваё выражэнне, у тым ліку, у выбары музычных жанраў, якія б найлепшым чынам адпавядалі сутнасці кожнага фільма. Так, у выпадку «Сіняга» — гэта сімфонія, у выпадку «Белага» — танга, а ў выпадку «Чырвонага» — балеро[6].

Ацэнкі правіць

Уся трылогія была высока ацэнена гледачамі і крытыкамі. На партале «Internet Movie Database» «Сіні» мае рэйтынг 8.0, «Белы» — 7.7, а «Чырвоны» — 8.1. Вядомы амерыканскі крытык Роджэр Эберт уключыў трылогію ў свой спіс выдатных фільмаў. Часопіс «Empire» у 2010 годзе аддаў «Тром колерам» 11 месца ў спісе 33 найлепшых трылогій у гісторыі кіно[4].

Крытыкі высока ацанілі рэжысуру, сцэнарый і акцёрскую ігру, а таксама аператарскую працу, працу мастакоў-пастаноўшчыкаў, мантаж і музыку. Спецыяліст па музыцы для кіно Цім Грэйвінг адзначыў, што «Прайснер заслугоўвае пахвалы за тое, што стварыў у трылогіі настрой экзістэнцыяльнага адчаю»[11].

Узнагароды правіць

Кінафестываль / Кінапрэмія Сіні Белы Чырвоны
20/20 1 / 3 0 / 1 0 / 2
BAFTA 0 / 4
Camerimage 1 / 2
Асацыяцыя кінакрытыкаў Далас—Форт-Уэрта[en] 1 / 2
Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 1 / 2 1 / 1
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі[en] 0 / 1 0 / 1 0 / 1
Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага[en] 0 / 1 1 / 2
Асацыяцыя пісьменнікаў і кінасцэнарыстаў Андалузіі 1 / 1
Берлінскі кінафестываль 1 / 2
Бодыль 1 / 1
Венецыянскі кінафестываль 7 / 7
Гільдыя нямецкага артхаус-кінематографа[de] 1 / 1
Гоя 1 / 1
Залатая стужка[pl] 1 / 1
Залаты глобус 0 / 3 0 / 1
Залаты жук[en] 0 / 1
Канскі кінафестываль 0 / 1
Кінафестываль на Фарэрскіх астравах 1 / 2 1 / 3
Кінафестываль у Ванкуверы[en] 1 / 1
Кола кінакрытыкаў Нью-Ёрка 1 / 2
Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў[en] 1 / 1
Нацыянальнае таварыства кінакрытыкаў ЗША 0 / 1 1 / 5
Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША 1 / 1
Незалежны дух[en] 1 / 1
Оскар 0 / 3
Сан Жордзі 2 / 2
Сезар 3 / 9 1 / 7
Супольнасць ланцуга прэмій 0 / 2 0 / 1 2 / 2
Сярэбраная стужка 1 / 1
Таварыства кінакрытыкаў Бостана[en] 1 / 1
Тарнаўская кінапрэмія[pl] 2 / 2
Турыя[es] 1 / 1 1 / 1
Фелікс 0 / 1 0 / 1 0 / 1
Фестываль найлепшых фільмаў Сацыяльнай службы камерцыі[it] 1 / 1
Французскі сіндыкат кінакрытыкаў 1 / 1
Чыкагскі кінафестываль[en] 1 / 1

Аналіз правіць

Тэмы правіць

Сіні, белы і чырвоны з’яўляюцца колерамі сцяга Францыі (злева направа), і сюжэт кожнага фільма тым ці іншым чынам заснаваны на адным з дэвізаў Французскай рэспублікі: «Свабода, роўнасць, братэрства».

Стылістычнае адзінства трылогіі правіць

Трылогію яднае шэраг візуальных паралеляў. Так, кожны фільм пачынаецца з кадра, які адсочвае аб’ект у руху — кола машыны на аўтастрадзе, чамадан на канвеернай стужцы аэрапорта, электронны імпульс, які ляціць па тэлефонным дроце. Канцоўкі фільмаў таксама зарыфмаваны — буйным планам твару, які, здаецца, і плача, і ўсміхаецца[12].

У кожным фільме трылогіі сваю сэнсавую нагрузку нясе гук, які нярэдка апярэджвае выяву. Так, у кожным з трох фільмаў, у адкрываючай сцэне спярша з’яўляецца гук: у «Сінім» — гэта шум машын, які апярэджвае выяву руху па аўтастрадзе, у «Белым» — гэта гук канвеернай стужкі ў аэрапорце, у «Чырвоным» — гукі набіраемага нумара тэлефона[6].

Крыніцы правіць

  1. а б в г д е https://web.archive.org/web/20180318054347/https://www.europeanfilmacademy.org/1994.110.0.html Праверана 22 сакавіка 2020.
  2. а б https://web.archive.org/web/20200329091422/https://europeanfilmawards.eu/en_EN/film/three-colours-blue.5386 Праверана 29 сакавіка 2020.
  3. https://web.archive.org/web/20200329091434/https://europeanfilmawards.eu/en_EN/film/three-colours-white.5389 Праверана 29 сакавіка 2020.
  4. а б Willow Green. The 33 Greatest Movie Trilogies (англ.). Сайт часопіса «Empire» (7 красавіка 2022). Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2022. Праверана 9 мая 2023.
  5. а б Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 212.
  6. а б в г д Annette Insdorf. «Double Lives, Second Chances» 1999.
  7. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 225.
  8. Krzysztof Kieślowski, Danusia Stok. «Kieślowski on Kieślowski» 1993, p. 220.
  9. Trois couleurs: Blanc — Filming & Production (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 3 лістапада 2021.
  10. Trois couleurs: Rouge — Filming & Production (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 3 лістапада 2021.
  11. Tim Greiving. Under the Sign of Sadness: Zbigniew Preisner’s Three Colors Scores (англ.). Сайт «The Criterion Collection» (7 лютага 2023). Праверана 18 сакавіка 2024.
  12. Adam Kirsch. Intolerable Freedoms (англ.). Сайт «The New York Review of Books» (19 кастрычніка 2023). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 10 лістапада 2023.

Літаратура правіць

Кнігі правіць

Артыкулы правіць

Спасылкі правіць