Культура Туле (англ.: Thule culture, дацк.: Thule-kulturen, фр.: culture de Thulé) — археалагічная культура канца 1 тысячагоддзя — другой паловы 2 тысячагоддзя н. э. у арктычных раёнах Паўночнай Амерыкі. Атаясняецца з продкамі эскімосаў-інуітаў.

Туле
Жалезны век
Рэшткі хаціны з кітовых костак культуры Туле
Геаграфічны рэгіён Арктыка
Лакалізацыя Аляска, Канада, Грэнландыя
Датаванне канец 1 тысячагоддзя да н.э. — другая палова 2 тысячагоддзя да н.э.
Носьбіты інуіты
Тып гаспадаркі паляванне, рыбалоўства
Пераемнасць
Старажытная берынгаморская культура
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Этымалогія правіць

У навуковы зварот паняцце культура Туле ўвайшло дзякуючы экспедыцыі 19231924 гг. дацкага палярнага даследчыка Кнуда Расмусена. Назва паходзіць ад наймення эскімоскага паселішча на паўночным захадзе Грэнландыі.

Распаўсюджанне правіць

Археалагічная культура Туле сфарміравалася да VIII — IX стст. н. э. на тэрыторыі сучаснай Аляскі на ўсход ад заліва Амундсена на аснове адгалінаванняў старажытнай берынгаморскай культуры. Каля 1000 г. н. э. яе прадстаўнікі рушылі на ўсход і паўночны ўсход. Менавіта гэтым часам прадстаўлена найстаражытнейшая стаянка культуры Туле на востраве Банкс у Канадзе. На працягу наступных двух стагоддзяў стаянкі Туле з’явіліся на ўсіх буйных астравах Арктычнага архіпелага. Каля 1200 г. прадстаўнікі Туле мігрыравалі з вострава Элсмір на поўнач Грэнландыі.

Большасць дадзеных тэрыторый была занята палеаэскімосамі — носьбітамі археалагічных культур Дорсет і Індэпэндэнс II. Палеагенетыкі сцвярджаюць, што наступ прадстаўнікоў Туле не быў звязаны з асіміляцыяй папярэдняга карэннага насельніцтва. У легендах саміх інуітаў апавядаецца пра барацьбу іх продкаў з тубыльцамі. У выніку культура Дорсет у Грэнландыі знікла да 1450 г. У XIV ст. пісьмова зафіксаваны сутычкі людзей Туле з нарманскімі каланістамі паўднёвай Грэнландыі. Перасяленне прадстаўнікоў Туле на Лабрадор і канчатковае вынішчэнне імі тутэйшых носьбітаў Дорсет таксама адбылося не раней за XV ст.

Перасяленні ў значнай ступені былі выкліканы кліматычнымі зменамі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што міграцыі не мелі выгляд адной хвалі, назіраліся перыяды наступлення і адступлення перасяленцаў з пэўных тэрыторый. Напрыклад, у Грэнландыі налічваюць 2 буйныя хвалі міграцый з тэрыторыі Арктычнага архіпелага. Самыя апошнія перасяленцы-інуіты прыбылі на гэты востраў у XIX ст.

XII — XV стст. лічацца росквітам класічнай культуры Туле. З XVI ст. назіраецца еўрапейскі ўплыў і падзел на некалькі рэгіянальных культур інуітаў.

Характэрныя рысы правіць

Носьбіты археалагічнай культуры Туле выкарыстоўвалі матэрыялы, даступныя ва ўмовах Арктыкі, — скуру і косткі кітоў і ластаногіх, некаторых наземных звяроў. Ім былі вядомы выраб керамікі і апрацоўка метэарытнага жалеза. Галоўны занятак — паляванне з дапамогай гарпуноў з рухомым навершам. Вырабляліся вялікія гарпуны для палявання на кітоў, да якіх чапляліся паплавы з цюленяй скуры. Узімку палявалі пераважна на нерпу. Шырока карысталіся непрамакальнай скураной вопраткай. Носьбіты Туле былі выдатнымі разьбярамі.

Распаўсюджаны зімовыя хаціны зямлянкавага тыпу, якія складаліся з каменнай платформы, драўлянага або касцянога каркаса, абкладзенага дзёрнам. Многія стаянкі налічвалі 10 — 15 хацін. У якасці агменю выкарыстоўваўся кітовы пузыр, напоўнены жывёльным жырам. Увесну ў зямлянках збіралася вада, таму іх пакідалі і жылі ў скураных намётах. Падчас зімовага палявання будавалі часовыя снежныя іглу.

Адна з прычын паспяховага распаўсюджвання культуры Туле — развіццё транспартных сродкаў. Продкі інуітаў трымалі сабак, якіх запрагалі ў лёгкія нарты. На моры карысталіся скуранымі каркаснымі лодкамі-каякамі.

Спасылкі правіць