Тымф, тынф (польск.: Tymf, tynf) — народная назва польскага (літоўскага) сярэбранага злотага, які чаканілі ў 1663—1666 гадах спачатку на быдгашчскім і кракаўскім манетных дварах, а пасля і на львоўскім.

Афіцыйны намінал гэтай манеты быў варты 30 грошам, але вага серабра мела вартасць толькі 10-15 грошаў. Чаканка такой манеты было выклікана фінансавымі цяжкасцямі ў Рэчы Паспалітай з-за Трынаццацігадовай вайны, «шведскага патопу» і казацкіх войнаў (гл. таксама барацінка).

На аверсе манеты змешчаны трохлітаравая манаграма Яна Казіміра «ICR» — Ioannes Casimirus Rex (Ян Казімір кароль, лац.), які зласліўцы чыталі як Initium Calamitatis Regni (пачатак няшчасця каралеўства).

Надпісам «DAT PRETIVM SERVATA SALVS POTIORQ METALLO EST» («Жаданне выратаваць Айчыну пераўзыходзіць кошт металу») ўлады спрабавалі патлумачыць, чаму чаканілася непаўнавартасная манета.

На рэверсе была выява герба Рэчы Паспалітай і намінал — ХХХ (30 грошай). Вядомыя і тымфы ВКЛ: на рэверсе замест герба Рэчы Паспалітай — Пагоня. Але такая манета сустракаецца надзвычай рэдка.

Чаканіць манету прапанаваў арэндатар каралеўскіх мынц Андрэй Тымф, ад прозвішча якога і пайшла назва манеты.

Было адчаканена каля 9 мільёнаў манет. Шмат манет чаканілася нядбала, з памылкамі ў надпісах. Бляха, з якой чаканіўся тымф, часта была дрэнна развальцаваная, таму якасна адчаканеныя і добра чытальныя манеты сустракаюцца рэдка.

Сярод народу манета не мела папулярнасці і прымалася не як 30 грошаў, але па кошту орта — 18 грошаў. А потым і наогул сустракаецца асобная назва — тымфавы орт.

Стаўшыся, як і барацінка, сімвалам заняпаду Рэчы Паспалітай, манета адзначылася і ў тагачасных прыказках «Добры жарт тымфа варт».

У снежні 1666 года Варшаўскі Сойм забараніў чаканку тымфаў і пастанавіў прыцягнуць да суду арандатара Андрэя Тымфа. Апошні, не даплаціўшы 4 млн злотых, уцёк у Германію (дарэчы, Бараціні здолеў апраўдацца на судзе і атрымаць нават грошы за ўласны ўнёсак у чаканку барацінак).

У 1752—1755 гадах тымф чаканіў Аўгуст III на ліпскім манетным двары.

Літаратура правіць

  • Валянцін Рабцэвіч. Нумизматика Беларуси. — Мінск: Полымя. 1995 ISBN 5-345-00737-3
  • Синчук И.И. К атрибуции тынфов Яна Казимира 1663-1666 гг. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы). Мінск, 3-5 лютага 1993 года. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Частка I. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С.87-90.
  • Синчук И.И. Тынфы Яна Казимира – атрибуция монет отдельных монетных дворов (по материалам польских собраний) // Труды VI Международного Конгресса славянской археологии. Т.4. Общество, экономика, культура и искусство славян. М., 1998. С.187-194.
  • Синчук И. Тынфы Национального музея Литвы: исследование и каталог(недаступная спасылка) // Numizmatika. T.7-8. Metraštis 2006-2007. Vilnius, 2008. P.53-228.
  • Sinczuk I. Fałszerstwa tymfów Jana Kazimierza // Fałszerstwa i naśladownictwa monet: XI Ogólnopolska Sesja Numizmatyczna w Nowej Soli. Poznań, 1998. S.113-127.