Удод[1] (Upupa epops) — невялікага памеру птушка з пер’ем стракатай афарбоўкі і вялікай вузкай (4—5 см) дзюбай. Прадстаўнік сямейства Удодавыя (Upupidae), атраду птушак-насарогаў (Bucerotiformes)[2].

Удод
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Upupa epops L., 1758

Падвіды
  • U. e. africana
  • U. e. epops
  • U. e. marginata
  • U. e. senegalensis
  • U. e. ceylonensis
  • U. e. longirostris
  • U. e. major
  • U. e. orientalis
  • U. e. saturata
  • U. e. waibeli
Арэал
выява

  Месцы гнездаванняў

  Круглы год

  Міграцыі

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  178117
NCBI  57439
EOL  917145
FW  371813

Апісанне правіць

Даўжыня цела — 25—29 см, размах крылаў — да 48 см. На галаве — характэрны нараст у выглядзе доўгіх пёраў — чуб. Звычайна пёры чубу шчыльна прыціснутыя адно да аднаго, але часам птушка раскрывае іх, нібы веер. Пер’е на крылах і хвасце — чорнае і белае, утварае выразна акрэсленыя палосы. Афарбоўка пер’я галавы, шыі і грудной часткі — ружаватая, вохрыстая ці нават рудавата-карычневая (у залежнасці ад месца пражывання і падвіду). Чуб аранжава-рудога колеру, пёры ў чубе маюць чорнае наверша. Крылы афарбаваныя чорнымі і жаўтаватымі барвамі, таксама ў выглядзе палос. Хвост сярэдняй даўжыні, чорны з шырокаю белаю паласою пасярэдзіне.

Арэал правіць

 
У Партугаліі.

Удод шырока распаўсюджана ў цэнтральных і паўднёвых раёнах Еўропы, у Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, а таксама амаль на ўсім Афрыканскім кантыненце. У Афрыцы удоды жывуць на працягу ўсяго года, а ў Еўропе і Азіі бываюць у час гнездавання і вывядзення птушанят. Улюбёныя месцы пражывання — адкрытая мясцовасць з невялікаю колькасцю дрэваў ці рэдкім кустоўем, лугі, паша. Удод шмат часу праводзіць на зямлі, палюючы.

Асаблівасці біялогіі правіць

Удод — птушка не палахлівая, але вельмі асцярожная. Птушаняты удода маюць адмысловую абарону ад магчымых ворагаў: у небяспечнай сітуацыі яны апырскваюць іх струменем смуроднай вадкасці. Тое ж уласціва і дарослым птушкам.

Манагам. Гняздо удод ладзіць у дупле (таксама ў гнездавых скрынках), пад пнямі або ў пакінутых пабудовах, у земляных норах, шчылінах скал, камяністых восыпах. Высцілка адсутнічае, або скупая з сухой травы і лісця, ігліцы і валосся. Пад час выкормлівання паблізу гнязда адчуваецца непрыемны пах абароннай вадкасці птушанят.

 
Яйкі

Яйкі (звычайна 5—8) моцна падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, шэрыя, светла-жоўта-шэрыя, светла-аліўкавыя з шэрым адценнем, часам карычнева-шэрыя, карычневыя або цёмна-блакітна-зялёныя, без плям і мазкоў.

Ахова правіць

Колькасць удодаў у свеце апошнім часам змяншаецца. У Міжнароднай Чырвонай кнізе удоду нададзены статус таксона мінімальнай рызыкі (катэгорыя LC).

У міфалогіі правіць

 
Паштовая марка Беларусі.

Паводле беларускага міфа, удод быў некалі царом птушак. Але яму захацелася стаць птушыным богам. За такое зухвальства Бог пакараў яго, сказаўшы: «Не быць табе богам, быць табе смярдзючым удодам». Ад колішняга царскага ўбору застаўся ў удода толькі чуб — напамінак пра карону[3].

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  2. Todies, motmots, bee-eaters, hoopoes, wood hoopoes & hornbills (англ.). IOC World Bird List. (Праверана 16 жніўня 2020).
  3. http://rv-blr.com/dictonary/view/5903(недаступная спасылка)

Літаратура правіць

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. — ISBN 83-01-13187-X
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 166. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).