Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы

«Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы» (англ.: The Lord of the Rings: The Two Towers) — эпічны прыгодніцкі фэнтэзі-фільм 2002 года рэжысёра Пітэра Джэксана[18]. Фільм з’яўляецца экранізацыяй рамана Дж. Р. Р. Толкіна «Дзве вежы» (1954) — другога тома трылогіі «Уладар Пярсцёнкаў». Прадзюсарамі фільма сталі Бары Осбарн[en], Фрэн Уолш[en] і Пітэр Джэксан. Сцэнарый фільма напісалі Фрэн Уолш[en], Філіпа Боенс, Стывен Сінклер[en] і Пітэр Джэксан. У акцёрскі ансамбль фільма ўвайшлі Элайджа Вуд, Іэн Мак-Келен, Ліў Тайлер, Віга Мортэнсен, Шон Эсцін, Кейт Бланшэт, Джон Рыс-Дэвіс, Бернард Хіл[en], Крыстафер Лі, Білі Бойд[en], Домінік Монаган[en], Арланда Блум, Х’юга Уівінг, Міранда Ота[en], Дэвід Уэнэм[en], Брэд Дурыф[en], Карл Урбан[en], Эндзі Сэркіс[en]. Фільм стаў другой часткай кінатрылогіі «Уладар пярсцёнкаў», выйшаўшы праз год пасля першай часткі — «Братства пярсцёнка» (2001), і за год да трэцяй часткі — «Вяртанне караля» (2003).

Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежыM:
англ.: The Lord of the Rings: The Two Towers
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм[4][5][…], баявік, драматычны фільм і экранізацыя рамана[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія New Line Cinema[13], WingNut Films[d] і The Saul Zaentz Company[d]
Працягласць 179 хв.[14], 223 хв.[15] і 235 хв.[16]
Бюджэт 94 000 000 $
Зборы 948 945 489 $[17] і 342 952 511 $[17]
Краіна
Мова англійская
Год 5 снежня 2002[1], 18 снежня 2002[2] і 16 студзеня 2003[3]
Папярэдні фільм Уладар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка
IMDb ID 0167261
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Падзеі кінастужкі працягваюць сюжэт «Братства пярсцёнка», апавяданне ўяўляе сабой тры паралельныя сюжэтныя лініі. Фрода і Сэм[en] працягваюць сваё падарожжа ў Мордар[en], каб знішчыць Адзіны Пярсцёнак; дарогай яны сустракаюць Голума[en], агідную істоту, якая валодала Пярсцёнкам перад тым, як яго знайшоў Більба; Голум ведае шлях у Мордар, і хобіты бяруць яго правадніком. Арагорн, Легалас і Гімлі, намагаюцца ўратаваць Мэры[en] і Піпіна, аднак церпяць няўдачу; яны сустракаюць уваскрослага Гэндальфа, і той накіроўвае іх узяць удзел у вайне Рохана супраць легіёнаў вераломнага чараўніка Сарумана. Мэры і Піпін уцякаюць з палону оркаў, сустракаюць энта Дрэвабарода[en] і пераконваюць пастыраў лесу пайсці ў бой на Ізенгард, крэпасць Сарумана.

«Дзве вежы» фінансаваліся і распаўсюджваліся амерыканскай студыяй «New Line Cinema», але цалкам здымаліся і манціраваліся на радзіме рэжысёра ў Новай Зеландыі адначасова з іншымі часткамі трылогіі. Прэм’ера фільма адбылася 5 снежня 2002 года ў Тэатры Зігфельда[en] ў Нью-Ёрку, а сусветны пракат пачаўся 18 снежня 2002 года. Фільм атрымаў прызнанне як сярод крытыкаў, так і сярод гледачоў. Фільм лічыцца важнай вяхай у кінавытворчасці і значнай падзеяй у развіцці жанра фэнтэзі ў кіно. Карціна атрымала пахвалы за рэжысуру, экшан-сцэны, акцёрскую ігру і камп’ютарную графіку (у асаблівасці за працу над вобразам Голума). У першапачатковым пракаце фільм сабраў 936 мільёнаў долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго самым касавым фільмам 2002 года і трэцім самым касавым фільмам усіх часоў на момант яго выхаду. Пасля наступных перавыданняў па стане на 2021 год ён сабраў больш за 947 мільёнаў долараў.

«Дзве вежы», як і іншыя часткі трылогіі, лічыцца адным з найвялікшых і самых уплывовых фільмаў, сярод калі-небудзь створаных. Фільм атрымаў мноства узнагарод. На 75-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» ён быў намініраваны на шэсць узнагарод, у тым ліку за найлепшы фільм, але атрымаў толькі дзве ўзнагароды: Найлепшы мантаж гука і Найлепшыя візуальныя эфекты.

Сюжэт правіць

Фрода і Сэм[en] працягваюць шлях у Мордар[en]. Яны блукаюць сярод скалістай мясцовасці і ніяк не могуць знайсці дарогу. Хобіты заўважаюць, што за імі нехта сочыць. Ноччу яны ладзяць засаду і бяруць у палон Голума[en], агідную істоту, якая некалі валодала Пярсцёнкам і цяпер прагне зноў завалодаць «сваёй каштоўнасцю». Хобіты не ведаюць, як ім паступіць з Голумам, але выясніўшы, што той ужо бываў у Мордары, на свой страх і рызыку бяруць яго правадніком.

Мэры[en] і Піпін знаходзяцца ў палоне ў ізенгардскіх оркаў урук-хай, якія спяшаюцца даставіць здабычу свайму гаспадару. Да гэтага атраду далучаецца атрад оркаў з Мордара. Два атрады несупынна канфліктуюць, мордарскія оркі хочуць закатаваць палонных, але ізенгардскія супрацьстаяць ім — яны выконваюць загад даставіць хобітаў Саруману ў цэласці. Оркі разбіваюць лагер ля лесу Фангорн, дзе на іх нападаюць вершнікі Рохана. Пакуль ідзе бой, Мэры і Піпін знаходзяць спосаб збегчы. Уцякаючы ад пераследу, яны залазяць на дрэва, якое раптоўна апынаецца жывой істотай — энтам па імені Дрэвабарод[en]. Энт ніколі не сустракаў хобітаў, і каб пераканацца, што яны тыя, за каго сябе выдаюць, ён адносіць іх да Белага чараўніка.

Арагорн, Легалас і Гімлі пераследуюць атрад урук-хай, каб уратаваць Мэры і Піпіна. Дарогай яны сутыкаюцца з вершнікамі Рохана на чале з Эамерам. Военачальнік расказвае падарожнікам, што ён і яго людзі былі выгнаны каралём Рохана Тэадэнам, які зараз знаходзіцца пад уплывам Сарумана і яго прыслужніка Грымы Чарвявуста[en]. Эамер паведамляе, што атрад оркаў з палоннымі хобітамі быў знішчаны. Ён дае пераследнікам коней і паказвае, дзе было месца бітвы. Героі ўжо гатовы паддацца адчаю, але Арагорн заўважае сляды хобітаў, якія вядуць прэч ад поля бою, у лясны гушчар. Падарожнікі ідуць па следзе і раптам сустракаюць Белага чараўніка. Яны думаць, што трапілі ў пастку Сарумана, аднак незнаёмцам аказваецца Гэндальф, які перамог Балрага і памёр сам, але быў «адпраўлены назад», каб выканаць сваю місію. Цяпер ён носіць светлае адзенне і завецца Гэндальф Белы. Чараўнік супакойвае сяброў, паведамляючы, што хобіты зараз у бяспецы з энтамі, і героі адпраўляюцца ў сталіцу Рохана, Эдарас. Гэндальфу ўдаецца вызваліць Тэадэна з-пад чараў Сарумана, і акрыялы кароль выганяе свайго дарадцу Чарвявуста, чыімі рукамі Саруман маніпуляваў правіцелем. Даведаўшыся пра жахі, што чынілі оркі з яго народам, пакуль ён быў пад чарамі, кароль вырашае ўступіць у вайну. Ён не прыслухоўваецца да парады Гэндальфа ўступіць у прамы бой, і адпраўляе народ у Хельмаву Падзь, умацаваную крэпасць, з якой аднак няма куды адступаць. Сам Гэндальф адпраўляецца на пошукі Эамера і яго конніцы. Перад ад’ездам чараўнік просіць Арагорна быць побач з Тэадэнам і не губляць надзею, паколькі ён вернецца з дапамогай на ўсходзе пятага дня. Тым часам Чарвявуст прыбывае ў Ізенгард і паведамляе Саруману пра планы Тэадэна. Чараўнік пасылае наперахоп атрад оркаў вярхом на варгах. Абараняючы людзей, роханскія воіны знішчаюць варожы атрад, але падчас бітвы многія гінуць. Да ахвяраў прылічваюць і Арагорна, які ўпаў з абрыва.

Эльранд бачыць відзенне будучыні, дзе Арагорн стаў каралём Гондара і праз нейкі час памёр ад старасці, а аўдавелая Арвен бадзяецца па закінутых лясах Лорыэна. Ён пераказвае бачанае дачцэ і пераконвае яе пакінуць свайго каханага і назаўсёды адправіцца за мора разам з іншымі эльфамі. Адправіўшы Арвен у гавані, ён звязваецца з Галадрыэллю, непакоячыся, што без іх дапамогі людзі не выстаяць.

Роханцы дабіраюцца да Хельмавай Падзі, і Чарвявуст кажа Саруману, што цяпер яму спатрэбяцца тысячы воінаў, каб узяць такую крэпасць. Тады чараўнік выводзіць свайго прыслужніка на балкон вежы і дэманструе яму дзесяцітысячнае войска урук-хай. Ён гаворыць прамову і адпраўляе іх на штурм крэпасці. Выхад войскаў трапляе на вочы Мэры і Піпіну, і яны пераконваюць Дрэвабарода сабраць раду энтаў і ўступіць у вайну з Саруманам. Дрэвабарод прыслухоўваецца да слоў хобітаў і склікае сваіх сабратоў, але энты вырашаюць, што вайна — гэта не іх справа.

Тым часам рака выносіць Арагорна на водмель, дзе яго знаходзіць ягоны конь. Прыйшоўшы ў сябе, Арагорн адпраўляецца ў Хельмаву Падзь і па дарозе заўважае войска Сарумана. Дабраўшыся да крэпасці, ён абвяшчае, што на іх насоўваецца дзесяцітысячнае войска, і заклікае Тэадэна прасіць дапамогі ў Гондара — запаліць сігнальныя агні, аднак кароль стаіць на тым, што дапамогі чакаць няма адкуль, бо ранейшыя саюзы ўжо даўно аджылі сваё. У Хельмавай Падзі ўзбройваюцца ўсе, хто можа насіць зброю — ад падлеткаў да старых. Калі людзі ужо гатовы паддацца паніцы, да крэпасці падыходзіць шматлікі эльфійскі атрад на чале з Хальдзірам з Лорыэна, якога паслаў Эльранд у даніну павагі мінулым саюзам людзей і эльфаў. Уначы пад праліўным дажджом да крэпасці падыходзіць армія Сарумана. Урук-хай не спяшаюцца са штурмам, але нехта з роханскіх лучнікаў выпадкова выпускае стралу і забівае аднаго з оркаў; раз’юшаныя оркі кідаюцца ў атаку. Урук-хай падцягваюць лесвіцы і ўрываюцца на сцены, падносяць таран і спрабуюць выламаць брамы. Пакуль паўсюль кіпіць бой, оркі непрыкметна гатуюць таемную зброю Сарумана — закладваюць выбухоўку ў сцёкавую адтуліну ў сцяне. Нягледзячы на адчайныя спробы абаронцаў крэпасці спыніць іх, оркі завяршаюць падрыхтоўку і орк-смяротнік узрывае сцяну, адкрываючы праход асноўным сілам Сарумана. Абаронцы адыходзяць у цытадэль. Не маючы больш ніякіх рэзерваў, Тэадэн і яго набліжаныя ідуць на адчайную конную вылазку, топчучы і секучы оркаў, што трапляюцца на дарозе. Калі надзеі на перамогу ўжо не застаецца, на дапамогу прыходзіць конніца роханцаў пад кіраўніцтвам Эамера і Гэндальфа. Оркі рыхтуюцца даць адпор і ім, але над полем бою ўзыходзіць сонечнае святло і асляпляе іх. Коннікі Эамера змятаюць іх строй.

Дрэвабарод прапануе аднесці Мэры і Піпіна да заходняй мяжы лесу, каб адтуль хобіты маглі адправіцца дадому, у Шыр. Аднак Піпін просіць энта даставіць іх да Ізенгарда, дзе яны змогуць неўпрыкмет прабрацца міма крэпасці і адправіцца ў родныя краі, абмінуўшы пераход праз горы. Хітрасць Піпіна ўдаецца, убачыўшы, як страшэнна пасечаны і папалены лес вакол Ізенгарда, Дрэвабарод прыходзіць у шаленства і трубіць збор энтаў. Войска пастыраў лесу штурмуе крэпасць. Сустрэўшы адпор ворага, энты вырашаюць зруйнаваць плаціну, і струмені вады змываюць оркаў і затапляюць шахты Сарумана.

Здзейсніўшы нялёгкі пераход праз пусткі і балоты, Голум выводзіць Фрода і Сэма да Брамаў Мордара, аднак праход апынаецца добра ахоўваемым. Фрода памятае пра свой абавязак увайсці ў Чорную Краіну любым коштам і, не бачачы іншага шляху, збіраецца проста ісці да Брамаў. Голум моцна палохаецца, што «яго каштоўнасць» трапіць у рукі Саўрана, і ўмаляе Фрода не рабіць гэтага. Ён кажа, што ведае іншы, патаемны шлях, дзе ёсць шанец прайсці незаўважанымі, і хобіты згаджаюцца ісці за ім. Шлях вядзе праз Ітыліен, тэрыторыю Гондара. Голума не пакідае жаданне завалодаць «каштоўнасцю», але ён старанна заглушае ў сабе цёмны бок і пачынае па добрай волі дапамагаць хобітам. Аднаго разу ён упалёўвае пару трусаў, каб услужыць ім. На прывале падарожнікі заўважаюць атрад харадрымаў, які ідзе ў Чорную Краіну, каб уліцца ў мордарскае войска. Раптам з засады на іх нападаюць следапыты Гондара. Яны знішчаюць варожы атрад і ловяць Фрода і Сэма, якіх памылкова прымаюць за оркаў. Кіраўнік атрада Фарамір спрабуе даведацца мэту хобітаў, але тыя адказваюць асцярожна, апавядаючы толькі пра Брацтва і іх паход, але замаўчваючы пра Пярсцёнак. Фарамір, у сваю чаргу, агаломшвае хобітаў навінай пра смерць Бораміра, які апынаецца яго родным братам. Ноччу людзі Фараміра знаходзяць Голума ля забароненага возера, побач з якім у атрада размешчана таемнае прыстанішча. Пры дапамозе Фрода Голума ловяць і той, адчуваючы сябе здраджаным, сярод бясконцых мармытанняў згадвае «сваю каштоўнасць». Фарамір выяўляе, што Фрода нясе той самы Адзіны Пярсцёнак са старадаўніх паданняў. Яму паведамляюць, што былую сталіцу Гондара Асгіліят атакуюць оркі. Нягледзячы на мальбы хобітаў, якія просяць адпусціць іх і дазволіць працягнуць выконваць сваю місію, Фарамір адпраўляецца ў Гондар, беручы хобітаў з сабой.

Прыбыўшы ў Асгіліят, Фарамір вырашае адправіць хобітаў і Пярсцёнак да свайго бацькі, намесніка Гондара Дэнэтара, спадзеючыся, што Пярсцёнак дапаможа выратаваць Гондар. Аднак Сэм адкрывае Фараміру, што Борамір меў такія ж думкі, паддаўшыся ўплыву Пярсцёнка, ён спрабаваў адабраць яго ў Фрода і загінуў. Раптам горад атакуе Чорны Вершнік на крылатай пачвары. Фрода губляе сувязь з рэальнасцю, ён выходзіць на адчыненую пляцоўку прама перад назгулам і спрабуе надзець Пярсцёнак, але Сэм спыняе яго. Фарамір пускае стралу ў крылатае стварэнне, змушаючы назгула адступіць. Фрода з мячом накідваецца на Сэма, але ў апошні момант прыходзіць у сябе, ён прызнаецца, што Пярсцёнак захоплівае яго розум. Сэм пераконвае Фрода працягнуць барацьбу са злом і працягнуць свой шлях, на што Фарамір цяпер ужо дае дабро.

Гэндальф са сваімі паплечнікамі глядзіць у бок Мордара і кажа, што вырашальная бітва за Міжзем’е яшчэ наперадзе, і ўся надзея на Фрода і Сэма, якія ідуць недзе ў глушы. У гэты ж самы час хобіты ідуць у Мордор і ўяўляюць, як яны патрапяць у легенды. Голум, размаўляючы сам з сабой, вінаваціць Фрода ў здрадзе і вырашае адвесці хобітаў да павучыхі Шэлаб[en], а калі тая іх заб’е, забраць « сваю каштоўнасць» сабе, гэтае рашэнне прымірае абодва бакі яго асобы. Голум вядзе Фрода і Сэма да перавала Кірыт Унгал, дзе іх чакае смяротная пастка.

Акцёрскі склад правіць

   Элайджа Вуд   –   Фрода Бэгінс
   Іэн Мак-Келен   –   Гэндальф
   Віга Мортэнсен   –   Арагорн
   Шон Эсцін   –   Сэмуайз Гэмджы[en]
   Эндзі Сэркіс[en]   –   Голум[en]
   Білі Бойд[en]   –   Перэгрын Тук
   Домінік Монаган[en]   –   Мэрыядок Брэндзібак[en]
   Джон Рыс-Дэвіс   –   Гімлі / голас Дрэвабарода[en]
   Арланда Блум   –   Легалас
   Бернард Хіл[en]   –   Тэадэн
   Крыстафер Лі   –   Саруман
   Х’юга Уівінг   –   Эльранд
   Міранда Ота[en]   –   Эавін
   Дэвід Уэнэм[en]   –   Фарамір
   Брэд Дурыф[en]   –   Грыма Чарвявуст[en]
   Карл Урбан[en]   –   Эамер
   Ліў Тайлер   –   Арвен
   Кейт Бланшэт   –   Галадрыэль

Саўндтрэк правіць

Музычнае суправаджэнне да фільма «Уладар пярсцёнкаў: Дзве вежы» напісаў кампазітар Говард Шор.

Узнагароды правіць

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 126 кінаўзнагародамі і яшчэ 138 намінацыямі[19]. Сярод найбольш значных узнагарод:

Зноскі правіць

  1. выгрузка даных FreebaseGoogle.
  2. Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  3. https://www.comingsoon.it/film/il-signore-degli-anelli-le-due-torri/1031/scheda/ Праверана 6 лютага 2024.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н http://www.ofdb.de/film/28980,Der-Herr-der-Ringe-Die-Zwei-T%C3%BCrme Праверана 6 ліпеня 2016.
  5. а б в http://www.metacritic.com/movie/the-lord-of-the-rings-the-return-of-the-king Праверана 6 ліпеня 2016.
  6. http://www.imdb.com/title/tt0167261/ Праверана 6 ліпеня 2016.
  7. https://web.archive.org/web/20160721141608/http://www.sinemalar.com/film/604/yuzuklerin-efendisi-iki-kule Праверана 6 ліпеня 2016.
  8. http://www.sinemalar.com/film/604/yuzuklerin-efendisi-iki-kule Праверана 6 ліпеня 2016.
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у https://www.filmaffinity.com/en/film944222.html Праверана 6 ліпеня 2016.
  10. а б в г д е ё ж з і к http://www.imdb.com/title/tt0167261/fullcredits Праверана 6 ліпеня 2016.
  11. а б в http://www.cinematografo.it/cinedatabase/film/il-signore-degli-anelli---le-due-torri/42092/ Праверана 6 ліпеня 2016.
  12. а б в г д е Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  13. http://stopklatka.pl/film/wladca-pierscieni-dwie-wieze Праверана 6 ліпеня 2016.
  14. https://catalog.afi.com/Catalog/MovieDetails/53999 Праверана 8 лютага 2024.
  15. https://www.blu-ray.com/dvd/The-Lord-of-the-Rings-The-Two-Towers-DVD/19382/ Праверана 8 лютага 2024.
  16. https://www.blu-ray.com/movies/The-Lord-of-the-Rings-The-Two-Towers-Blu-ray/19930/ Праверана 8 лютага 2024.
  17. а б https://www.boxofficemojo.com/title/tt0167261/ Праверана 15 лютага 2024.
  18. The Lord of the Rings: The Two Towers (2002) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 8 красавіка 2022.
  19. The Lord of the Rings: The Two Towers — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 8 красавіка 2022.

Спасылкі правіць