Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін

музыкант, канцэрт майстар, дыктар і педагог

Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін (21 студзеня 1930, Гомель[1] — 1 верасня 2002[2], Мінск) — беларускі савецкі піяніст, дыктар Беларускага радыё і тэлебачання, вядучы канцэртаў у Белдзяржфілармоніі, настаўнік[1], спявак і акцёр.

Уладзімір Аляксеевіч Шаліхін
Род дзейнасці музыкант, вядучы, піяніст, спявак, дыктар, канцэртмайстар
Дата нараджэння 21 студзеня 1930(1930-01-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 верасня 2002(2002-09-01) (72 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Лілія Стасевіч
Дзеці дачка Кацярына
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 21 студзеня 1930 года ў Гомелі ў сям’і рабочага шклозавода і хатняй гаспадыні. У 1937 годзе бацька быў абвінавачаны ў трацкізме і асуджаны на тры гады. Пасля вызвалення з пачаткам вайны быў мабілізаваны і загінуў на фронце.

Маленькі Валодзя ўпершыню выканаў песню «О мое солнце» перад дамашнімі і суседзямі калі яму было толькі тры гады. У час вайны і пасля выступаў у ваенных шпіталях перад раненымі байцамі.

У 1951 годзе скончыў Гомельскае музычнае вучылішча па класах вакалу, фартэпіяна і харавога дырыжыравання. На выпускных экзаменах па фартэпіяна прысутнічаў вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, які параіў маладому музыканту паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Так Шаліхін паступіў на класы фартэпіяна і вакалу. Маючы прыродны гучны і прыемны голас, ён паспрабаваў сябе ў якасці дыктара на Гомельскім радыё, а пасля заканчэння кансерваторыі папрасіў направіць яго на Беларускае радыё у Мінску.

Тэлебачанне і радыё правіць

На радыё Уладзімір Шаліхін пачаў працаваць дыктарам з 1952 года. Быў вучнем такіх майстроў як Ілья Курган і Любоў Бацвіннік.

З 1956 года Шаліхін пачаў працаваць на толькі што створаным Беларускім тэлебачанні[3]. Акрамя работы дыктарам, вёў розныя тэле- і радыёперадачы: канцэрт па заяўках «Сябрам дарагім», перадачы «Якая ты, музыка?», «Я з 70-х», «Вахта ўраджаю», «Жывуць сярод нас героі», «Наша пошта», «Кінаафіша», «Камертон», «Актава», «Танцуйте з намі», «Пра музыку ад А да Я» і іншыя. У 1970-х гадах стаў адным з асноўных дыктараў «Панарамы навін» [4] (а пасля «Панарамы» і «Навін» калі яны выходзілі як асобныя праграмы), разам з Зінаідай Бандарэнка вёў трансляцыі са святочных мерапрыемстваў[5].

Да Шаліхіна дыктары «вяшчалі». Ён жа першым вырашыў, што з гледачом трэба размаўляць, вытрымаўшы нямала спрэчак з начальствам. На тэлебачанні гэта стала сапраўднай рэвалюцыяй[6]. Пісаў цікавыя артыкулы, тонкія рэцэнзіі і сцэнары перадач. Чалавек з глыбокімі ведамі і шырокім кругаглядам, бліскуча валодаў дарам імправізацыі, быў аўтарам і рэдактарам адначасова, таму што большасць радыё- і тэлеперадач ён вёў у жывым эфіры. Уладзімір Шаліхін увайшоў у гісторыю як аўтар і выканаўца 25 радыёперадач з цыклу «Выдатныя майстры сусветнага музычнага мастацтва»[7]. Акрамя дыктарства і вядзення музычных праграм, быў таксама спартыўным каментатарам, распрацаваў цыкл праграм для дзяцей «Тэлебачанне — школе»[6].

Вера Ропат, дыктар Беларускага тэлебачання ў 1975—2003 годзе, ўспамінае гісторыю з праграмы «Панарама». Зараз гэта анекдот, а тады Шаліхін атрымаў вымову. Вера і Уладзімір чыталі міжнародныя падзеі. У студыю заляцела муха і села на Шаліхіна. «Карэспандэнты ТАСС паведамляюць: сёння самалёты iзраiльскай авiяцыi бамбiлi Лiван», — паведаміў Уладзімір Аляксеевіч і выразна адмахнуўся … За кадрам стаяў такі рогат, што асістэнт рэжысёра ніяк не магла памяняць застаўку. Пасля гэтага за адсутнасцю мух у студыі сталі сачыць асабліва пільна.[6][8]

Музыка і спевы правіць

У 1968 годзе пад уласны акампанемент Уладзімір Шаліхін даў два канцэрты ў Доме работнікаў мастацтваў[9]. У першым спяваў старадаўнія рамансы, у праграме другога вечара былі песні з вакальных цыклаў Ф. Шуберта і Р. Шумана, рамансы С. Рахманінава і М. Балакірава. На творчых вечарах ён не раз сам выступаў у якасці выканаўцы вакальных твораў і старадаўніх рамансаў[6]. На працягу 18 гадоў У. Шаліхін акампанаваў студэнтам-вакалістам. Удзельнічаў у IV Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага ў Маскве — акампанаваў спеваку Валерыю Кучынскаму, які стаў тады лаўрэатам.

Пачынаючы з 1951 года Шаліхін правёў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі больш за 11 тысяч канцэртаў[9]. Запомніўся слухачам тым, што выходзіў без паперкі, гаварыў ад душы і заўсёды дакладна аб’яўляў аўтараў і выканаўцаў.[10] Добра ведаў тое, пра што казаў і з захапленнем слухаў выканаўцаў. Уладзімір Аляксеевіч быў гарачым прыхільнікам Мантсерат Кабалье. У 1996 годзе вялікая спявачка павінна была прыехаць у Мінск. Білеты на канцэрт расхапалі загадзя. Вядомы канцэртмайстар стаў абіваць парогі арганізатараў, і нарэшце яму сказалі: «Мы вас пусцім на канцэрт, але за гэта вы яго правядзеце!» Так ён апынуўся на адной сцэне з Кабалье.

Памёр 1 верасня 2002 года ў Мінску ад анкалагічнага захворвання[6].

Кніга правіць

Напісаў кнігу «Сэрца памятае», якая выйшла ў 2000 годзе, пра выбітных дзеячоў культуры XX стагоддзя, якіх Шаліхін ведаў асабіста і з кім падтрымліваў сяброўскія адносіны. У 2003 годзе фонд Дзяржаўнага музея гісторыі музычнай і тэатральнай культуры набыў асабісты архіў Уладзіміра Шаліхіна[9]. Сярод унікальных матэрыялаў архіва — багатая калекцыя аўтографаў знакамітых дзеячаў сусветнага мастацтва — музыкаў, спевакоў, акцёраў, дырыжораў, кампазітараў, з якімі давялося размаўляць У. Шаліхіну на працягу амаль паўвекавога творчага шляху. Гэта фатаграфіі з памятнымі надпісамі Ларысы Александроўскай і Івана Казлоўскага, Святаслава Рыхтэра і Дзмітрыя Шастаковіча, Марыі Калас і Любові Арловай[11]

Фільмаграфія правіць

Сям’я правіць

  • З 1958 года жыў у цывільным браку з дыктаркай Ліліяй Стасевіч.
  • Дачка — Кацярына Уладзіміраўна Шаліхіна[13][14].

Бібліяграфія правіць

  • «Сердце помнит…» : альбом-книга / В. А. Шелихин. — Минск : Четыре четверти, 2000. — 222 с.

Узнагароды правіць

Ушанаванне памяці правіць

  • Уладзімір Шаліхін. «Нашы. Рэтра» на «Беларусь 1» — 15 студзеня 2015 года[8][15].
  • «Святло далёкай зоркі» — Беларускае тэлебачанне, 21 студзеня 2016 года.[16]

Зноскі

  1. а б Шаліхін Уладзімір Аляксеевіч — Беларусь у асобах і падзеях (nlb.by).
  2. Умер первый белорусский телеведущий Владимир Шелихин(руск.).
  3. Владимиру Шелихину сегодня исполнилось бы 85 (tvr.by)(руск.).
  4. Куда исчезли белорусские дикторы? (kp.by)(руск.).(недаступная спасылка)
  5. Фантастычны лёс Зінаіды Бандарэнка (nn.by).
  6. а б в г д sb.by.
  7. Шелихин, Владимир Алексеевич (gomelstreet.by)(руск.). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020.
  8. а б Владимир Шелихин. НАШИ — YouTube(руск.).
  9. а б в «Рыцар мастацтва» - Часопіс «Літаратура і Мастацтва» № 4 29 студзеня 2010 г..
  10. Владимир Шелихин (tvr.by).
  11. Вечер памяти Владимира Шелихина(руск.). — Белорусская государственная филармония (philharmonic.by).
  12. Владимир Шелихин — актёр — фильмография — актёры — знаменитости в кино (руск.). — Кино-Театр. РУ (kino-teatr.ru).
  13. Белорусскому языку научила теща (руск.). — Хартия’97 :: Новости Беларуси 30.07.2018.
  14. Как актёр Роман Филиппов увёл девушку у Высоцкого и обрел счастье всей своей жизни(руск.). — kulturologia.ru.
  15. Уладзімір Шаліхін. «Нашы. Рэтра» на «Беларусь 1». — tvr.by.
  16. Беларусь 3 — телепрограма на 21 січня 2016. — tv-programm.com.ua.(недаступная спасылка)

Літаратура правіць

  • Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2003. — Т. 2.
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 7.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2013. — Т. 3, кн. 2 : Гомельская область.

Спасылкі правіць