Уладзімір Васілевіч Юрчанка

беларускі футбаліст

Уладзімір Юрчанка (нар. 26 студзеня 1989, Магілёў) — беларускі футбаліст, нападнік.

Футбол
Уладзімір Юрчанка
Агульная інфармацыя
Поўнае імя Уладзімір Васілевіч Юрчанка
Мянушка Цыган
Нарадзіўся 26 студзеня 1989(1989-01-26)[1] (35 гадоў)
Грамадзянства  Беларусь
Рост 173 см
Вага 69 кг
Пазіцыя нападнік
Клубная кар’ера[* 1]
2006—2007 Беларусь Дынама (Мінск) 17 (3)
2008—2010 Расія Сатурн (Раменскае) 6 (1)
2010   Беларусь Дняпро (Магілёў) 29 (9)
2011—2014 Беларусь Шахцёр (Салігорск) 11 (0)
2012   Беларусь Тарпеда-БелАЗ (Жодзіна) 5 (0)
2012—2013   Беларусь Дняпро (Магілёў) 32 (11)
2015 Беларусь Дынама (Брэст) 11 (0)
2016—2017 Беларусь Дняпро (Магілёў) 35 (6)
2017 Беларусь Орша 6 (1)
2018 Беларусь Горкі 2 (0)
Нацыянальная зборная[* 2]
2006—2007 Беларусь Беларусь (да 19) 4 (0)
2008—2010 Беларусь Беларусь (да 21) 18 (3)
2012 Беларусь Беларусь (алімпійская) 3 (0)
  1. Колькасць гульняў і галоў за прафесійны клуб лічыцца толькі для розных ліг нацыянальных чэмпіянатаў.
  2. Колькасць гульняў і галоў за нацыянальную зборную ў афіцыйных матчах

Клубная кар’ера правіць

Раннія гады правіць

Выхаванец магілёўскага футбола, у 2006 годзе быў запрошаны ў мінскае «Дынама». На наступны год замацаваўся ў аснове мінчан, а ў 2008 годзе перайшоў у падмаскоўны «Сатурн». За два гады правёў за «Сатурн» шэсць матчаў, забіў адзін гол і не здолеў стаць іграком асновы.

2010 правіць

Сезон 2010 правёў у арэндзе ў магілёўскім «Дняпры». Быў трывалым іграком асновы, у чэмпіянаце забіў 9 галоў. Дапамог магілёўскаму клубу дайсці да раўнда плэй-оф Лігі Еўропы, забіў 6 галоў. У канцы 2010 года вярнуўся ў «Сатурн», але той неўзабаве спыніў сваё існаванне, і Юрчанка ў якасці свабоднага агента вымушаны быў шукаць новы клуб.

2011 правіць

У сакавіку 2011 года афіцыйна стаў іграком салігорскага «Шахцёра». Аднак за салігорскі клуб паспеў згуляць усяго месяц, пасля чаго атрымаў цяжкую траўму ў трэніровачным матчы за моладзевую зборную і выбыў да канца сезона. У лютым 2012 года кантракт з «Шахцёрам» спыніўся, і яго было вырашана не падаўжаць.

2012 правіць

У сакавіку 2012 года, аднак, Юрчанка падпісаў новы кантракт з салігорцамі і амаль адразу адправіўся ў арэнду ў жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» для ігравой практыкі. Але замацавацца ў жодзінскім клубе Юрчанку не атрымалася. Улетку 2012 года ён пакінуў «Тарпеда-БелАЗ» і перайшоў у арэнду ў «Дняпро» (які на той момант гуляў у Першай лізе) да канца сезона.

У магілёўскім клубе Юрчанка адразу пачаў забіваць. У другім сваім матчы за «Дняпро» ён дапамог разграміць «Віцебск» (6:0), забіўшы 3 галы і зрабіўшы 2 галявыя перадачы. Усяго ў 12 матчах забіў 10 галоў, а каманда выйшла ў Вышэйшую лігу з першага месца.

2013 правіць

Па заканчэнні арэнды Юрчанка вярнуўся ў «Шахцёр», дзе павінна была вызначыцца яго далейшая кар’ера. Кіраўніцтва клуба хацела пакінуць Юрчанку ў «Шахцёры», але сам Уладзімір хацеў у Магілёў. У выніку, кіраўніцтва клуба пайшло насустрач іграку, і ў студзені 2013 года Юрчанка быў аддадзены ў чарговую арэнду ў «Дняпро» на паўгады.

У складзе «Дняпра» спачатку выступаў у аснове на пазіцыі правага нападніка. Але не мог праявіць сябе належным чынам, забіў усяго адзін гол (4 мая 2013 прынёс перамогу над БАТЭ з лікам 2:1). Па заканчэнні арэнды ўлетку 2013 года спрабаваў працаўладкавацца за мяжой, але ў выніку зноў адправіўся ў Магілёў да канца сезона 2013[2]. Але месца ў аснове ўжо не меў і толькі зрэдку выхадзіў на замены.

2014 правіць

Па заканчэнні тэрміну арэнды ў канцы 2013 года вярнуўся ў «Шахцёр». Новы галоўны трэнер салігорскай каманды Сяргей Бароўскі вырашыў даць Юрчанку шанец застацца ў камандзе. Юрчанка праходзіў з «Шахцёрам» перадсезонную падрыхтоўку і ў выніку распачаў сезон 2014 у стане гарнякоў.

У «Шахцёры» гуляў пераважна за дубліруючы склад, за асноўную каманду згуляў толькі ў чатырох матчах, выніковымі дзеяннямі не адзначаўся. У чэрвені 2014 года быў выстаўлены салігорскім клубам на трансфер[3].

У ліпені 2014 года стала вядома, што Юрчанка асуджаны на чатыры месяцы за ўхіленне ад адбывання пакарання[4]. Пасля выхаду з турмы і заканчэння кантракта з салігорскім клубам стаў падтрымліваць форму ў складзе брэсцкага «Дынама»[5].

2015 правіць

Са студзеня 2015 года рэгулярна трэніраваўся з дынамаўцамі і нарэшце 13 лютага 2015 падпісаў кантракт з брэсцкім клубам[6]. Пачатак сезона 2015 прапусціў з-за траўмы, а з чэрвеня пачаў з’яўляцца на полі, пераважна выходзячы на замену.

2016 правіць

У лютым 2016 года падпісаў кантракт з «Дняпром»[7]. У сезоне 2016 забіў 5 галоў у 25 матчах Першай лігі і другі раз дапамог магіляўчанам вярнуцца ў эліту.

2017 правіць

Па заканчэнні тэрміну кантракта ў студзені 2017 года пакінуў «Дняпро»[8], аднак пазней зноў стаў трэніравацца з камандай і ў лютым падпісаў новы кантракт[9]. У першым жа сваім матчы 8 красавіка супраць «Віцебска» забіў гол, які стаў для нападніка першым у Вышэйшай лізе з 2013 года. Месца ў аснове, аднак, не меў, звычайна толькі з’яўляючыся на замену ў канцы сустрэчы. У ліпені 2017 года пакінуў магілёўскі клуб[10].

З верасня 2017 года да канца сезона выступаў у Першай лізе за «Оршу».

2018 правіць

У першай палове 2018 года заставаўся без каманды, а ў жніўні далучыўся да клуба Другой лігі «Горкі», за які да канца года згуляў у двух матчах.

Міжнародная кар’ера правіць

Выступаў за моладзевую зборную Беларусі. Удзельнічаў у моладзевым чэмпіянаце Еўропы 2009. 12 кастрычніка 2010 года ў адказным матчы супраць зборнай Італіі за выхад у фінальную частку чэмпіяната Еўропы 2011 ужо на пятай хвіліне аформіў дубль, што дазволіла беларускай зборнай трапіць на фінальны турнір. Сам Юрчанка, аднак, атрымаў цяжкую траўму незадоўга да старту чэмпіянату і не змог прыняць у ім удзел.

У 2012 годзе выступаў за алімпійскую зборную Беларусі на турніры ў Тулоне, але не трапіў на Алімпіяду 2012 у Лондан.

Цікавыя факты правіць

Традыцыйна Юрчанка адзначаў забітыя галы кульбітамі праз сябе.

Дасягненні правіць

Крыніцы правіць

  1. Vladimir Yurchenko // Transfermarkt — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Владимир Юрченко остается в "Днепре" (руск.). football.by (7 жніўня 2013). Праверана 18 красавіка 2024.
  3. «Шахтер» выставил Юрченко на трансфер (руск.). by.tribuna.com.
  4. Владимир Юрченко осужден на 4 месяца за уклонение от отбывания наказания (руск.). by.tribuna.com.
  5. «Турма пайшла мне на карысць». Уладзімір Юрчанка – пра арыштанцкія прыгоды . by.tribuna.com.
  6. Владимир Юрченко и Андрей Цеван заключили контракты с брестским "Динамо" (руск.). football.by (13 лютага 2015). Праверана 18 красавіка 2024.
  7. Владимир Юрченко подписал контракт с "Днепром" (руск.). football.by (12 лютага 2016). Праверана 18 красавіка 2024.
  8. Сийака, Юрченко, Гаврюшко, Марков и Образов покинули "Днепр" (руск.). football.by (3 студзеня 2017). Праверана 18 красавіка 2024.
  9. Владимир Юрченко продлил трудовые отношения с "Днепром" (руск.). football.by (27 лютага 2017). Праверана 18 красавіка 2024.
  10. "Днепр" расстался с Юрченко и Сазанковым (руск.). football.by (12 ліпеня 2017). Праверана 18 красавіка 2024.