У́льскі за́мак — колішні замак у мястэчку Ула ля сутокі ракі Улы з Дзвіной.

Славутасць
Ульскі замак
Ульскі замак, гравюра 1568 года
Ульскі замак, гравюра 1568 года
55°13′59″ пн. ш. 29°14′23″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Заснавальнік Жыгімонт II Аўгуст
Дата заснавання 1563
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інфлянцкая вайна правіць

Будаўніцтва замка распачата ў 1563 годзе паводле распараджэння вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста пасля захопу Полацка рускімі з мэтай абароны вусця ракі Ула і кантролю за рухам па Заходняй Дзвіне. Для кіраўніцтва работамі была прыслана будаўнічая група на чале з венецыянскім інжынерам. Праца не была завершана, бо маскоўскія войскі захапілі замак[1]. У 1566, за новым абвастрэннем адносін паміж Вільняй і Масквою, абодва бакі пачалі падрыхтоўваць узнаўленне ваенных дзеянняў. У 1567 Іван IV загадаў збудаваць на захопленай Полаччыне некалькі ўмацаванняў, у т.л. і драўляную крэпасць у Уле. Крэпасць складалася з драўляных сцен-гародняў і 8 вежаў, мела вароты і брамкі[2].

У лютым — сакавіку 1568 замак тры тыдні безвынікова трымалі ў аблозе аддзелы жмудскага старасты Яна Хадкевіча. Прычынай безвыніковай аблогі з’яўлялася перапраўка маскоўскі войск з Полацка па Дзвіне да Улы. Марцін Бельскі паведамляў:

  «Калі прыйшла абкладзеным у замку дапамога з Полацка, масква мацней бараніліся»  

.

Шмат людзей Хадкевіча загінула пры штурме, рыць акопы было цяжка з-за замёрзлай зямлі, таму аблога была спыненая. Хадкевіч, адкліканы Жыгімонтам Аўгустам, перадаў камандаванне князю Раману Сангушку, які пачаў новую аблогу. Падрабязнасці гэтае аблогі пакінуў М. Бельскі:

«Таго ж году месяца верасня, князь Раман гетман польны Улу, замак абарончы маскоўскі ўзяў і спаліў у такі спосаб: наперад казакоў у чаўнах пад замак выправіў, а сам выступіўшы з атрадамі з-пад Полацка і Туроўлі, уначы ротмістраў пяхоты Рачкоўскага і Тарноўскага да сцен з драбінамі накіраваў. Казакі ж з Бірулям, Мінкам ды Аскеркам пачалі падсякаць брамы і фарты. Тады ротмістр Мікалай Салагуб, не марудзячы, уброд перайшоў Улу з усёй сваёй ротай, узмацніўшы пяхоту, якая па драбінах лезла на сцены і секлася з масквой на брамах. Тады, калі ўжо сам замак гарэў, сам князь Раман паслаў сваю роту, а таксама ротмістраў Войну і Тышкевіча ды князя Лукомскага, якія канчаткова даціснулі маскву, што адчайна баранілася сярод агню, і ўзялі замак, захапіўшы двух ваяводаў братоў Вельямінавых, важных баяраў 300, а стральцоў з рушніцамі 800. Але ніякай іншай карысьці ад таго не было, бо ўсё ў замку згарэла, і мусілі нашы яго нанава будаваць».

Шанец Баторыя правіць

У 1580 Стэфан Баторый рыхтаваўся да паходу на Вялікія Лукі. У Чашніках ён збіраў войскі, а пасля прыняцця там маскоўскага пасла асабіста выехаў да замку ў Уле з мэтай яго ўмацавання, каб абараніць край, які заставаўся без абароны войска, што пайшло да Вялікіх Лук. Агледзеўшы замак Баторый загадаў узвесці вал вышынёй 6 сажняў з усходняга боку, паміж Улай і Дзвіною.

У 1654 замак быў спалены рускімі, гэта апошняя згадка пра замак у Уле. Мястэчка пры замку хутка страціла значэнне. Дасюль засталіся сляды акопаў па берагах рэк вакол міжрэчнага мысу. Захаваўся таксама і вал, які сцярог замак з поўдня і ўсходу, званы шанцам Баторыя, за якім знаходзіцца парафіяльны касцёл і плябанскія пабудовы. Колішні замкавы двор заняты пробашчаўскімі агародамі.

Зноскі

  1. Гейденштейн Р. Записки о Московской войне // Витебская старина. Т. 4. С. 201—202.
  2. Ткачоў М. А. Ульскі замак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 224. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).

Літаратура правіць

  • Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. — Вільня, 1933.
  • Ткачоў М. А. Ульскі замак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 224. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).