Усходнефрызская мова

Усхо́днефры́зская мова (саманазва: Seeltersk) — адна з трох фрызскіх моў, якія ўваходзяць у склад англа-фрызскай падгрупы заходнегерманскай групы германскай галіны індаеўрапейскае моўнай сям'і. Нярэдка мову пазначаюць вузейшым тэрмінам — Затэрла́ндская мова, разглядаючы яе як апошні жывы дыялект уласна ўсходнефрызскай мовы. Распаўсюджаная ў горадзе Затэрланд, што на захадзе нямецкай федэральнай зямлі Ніжняя Саксонія. Цесна звязаная з паўночнафрызскай, распаўсюджанай на крайняй заходняй поўначы Германіі, і заходнефрызскай (распаўсюджаная на паўночным захадзе Нідэрландаў) мовамі, з якімі ўтварае групу фрызскіх моў.

Усходнефрызская мова
Саманазва Seeltersk; Seelterfräiske
Краіны Германія
Афіцыйны статус рэгіянальная мова ў Германіі
Агульная колькасць носьбітаў 2 тыс.
Статус сур’ёзная пагроза[d][1]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Германская галіна
Заходнегерманская група
Англа-фрызская падгрупа
Фрызскі кластар
Пісьменнасць лацініца
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 stq
Atlas of the World’s Languages in Danger 346
Ethnologue stq
Linguasphere 52-ACA-ca
ELCat 3052
IETF stq
Glottolog sate1242
Вікіпедыя на гэтай мове
Фрызскія мовы на карце Еўропы. Усходнефрызская — светла-блакітным

Стараўсходнефрызская мова правіць

Гісторыя развіцця ўсходнефрызскай мовы пачынаецца з перыяду існавання стараўсходнефрызскай мовы, на якой размаўлялі ва Усходняй Фрысландыі — гістарычным рэгіёне, які размяшчаецца паміж рэкамі Лаўэрс (Нідэрланды) і Везэр (Германія); таксама ў гэты рэгіён уваходзілі дзве невялікія мясціны на ўсходнім беразе Везэра.

Стараўсходнефрызскую мову можна падзяліць на дзве дыялектныя групы: везэрскую, распаўсюджаную на ўсходзе, і эмскую (захад арэала мовы). З XVI ст. стараўсходнефрызская паступова страціла ранейшы арэал ужывання пад ціскам навакольных ніжненямецкіх дыялектаў і заняпала.

Выміранне эмскага дыялекту датуецца перыядам прыкладна першае палавіны XVII ст. Перыяд вымірання ўсходняга (везэрскага) дыялекту прыпадае на больш позні час — к пачатку XVIII ст. Найбольш доўга дыялект пратрымаўся на востраве Вангероге, дзе апошні яго носьбіт памёр у 1953 годзе. На цяперашні час стараўсходнефрызская больш не распаўсюджана ў гістарычным рэгіёне Усходняя Фрызія, аднак многія яго жыхары дагэтуль лічаць сябе фрызамі, а свой дыялект ніжненямецкай мовы называюць словам Freesk. Гэты дыялект, у прыватнасці, характарызуецца моцным фрызскім субстратам.

Затэрландскі дыялект правіць

Апошнім жывым дыялектам стараўсходнефрызскай мовы з'яўляецца адзін з дыялектаў эмскай дыялектнай групы — затэрландскі дыялект, пад якім часцей за ўсё і маюць на ўвазе тэрмін усходнефрызская мова. Дыялект распаўсюджаны ў Затэрландзе, які знаходзіцца на поўдзень ад уласна Усходняй Фрызіі. Як мяркуюць даследчыкі, тэрыторыя сучаснага Затэрланда была каланізавана фрызамі Усходняй Фрызіі ў ХІ ст. Дзякуючы знаходжанню Затэрланда сярод непраходных балот і высокаму статусу дыялекту ў параўнанні з ніжненямецкай сярод жыхароў рэгіёна затэрландскі дыялект здолеў добра захавацца на працягу стагоддзяў. Сярод іншых фактараў, што паспрыялі захаванню мовы, адзначаецца таксама і той факт, што па заканчэнні Трыццацігадовай вайны Затэрланд стаў часткай мюнстэрскага біскупства, якое прытрымлівалася каталіцкае царквы, у адрозненне ад астатняй Усходняй Фрызіі, якая на той час ужо стала пратэстанцкай. Гэта стала прычынай абмежавання кантактаў Затэрланда з паўночнымі пратэстанцкімі тэрыторыямі, што таксама магло паўплываць на большае захаванне мовы ў Затэрландзе.

Носьбіты правіць

На цяперашні час ацэнкі ў колькасці носьбітаў усходнефрызскай мовы адрозніваюцца слаба. Агульнае насельніцтва Затэрланда складае прыкладна 10 000 чал., з іх на ўсходнефрызскай размаўляе каля 2250 чал.[2] Паводле некаторых іншых ацэнак на мове можа добра размаўляць каля 2000 чал., з іх крыху менш за палавіну з'яўляюцца носьбітамі ўсходнефрызскай. Падаюцца таксама і іншыя звесткі, згодна з якімі колькасць носьбітаў можа складаць значна большую лічбу, амаль у шэсць з палавінай тыс. чал.[3] Лінгвістычны партал Ethnologue, спасылаючыся на звесткі Салмінена на 2007 год, указвае колькасць носьбітаў у 1000 чал.[4]

Пераважная большасць носьбітаў належыць да старэйшага пакалення, з-за чаго мова знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай знікнення. Між тым, расце колькасць маладых носьбітаў усходнефрызскай мовы, якія выхоўваюць сваіх дзяцей на гэтай мове.

Развіццё правіць

 
Двухмоўны знак на нямецкай і ўсходнефрызскай (другі радок)

Намаганні па падтрымцы мовы прыкладае арганізацыя Seelter Buund (бел.: «Затэрландскі саюз»).

Побач з паўночнафрызскай і пяццю іншымі мовамі ўсходнефрызская трапіла ў спіс рэгіянальных моў, якія падтрымліваюцца Германіяй паводле Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў, ратыфікаванай у 1998 годзе. На працягу апошняга стагоддзя развіваецца літаратура на мове.

Асноўная характарыстыка правіць

Фанетыка правіць

Усходнефрызская фанетыка лічыцца вельмі архаічнай, асабліва ў дачыненні да старафрызскай мовы[5]. Ніжэй прыведзена фанетыка паводле даследаванняў Марана Форта[6][7].

  • Галосныя:
    • Монафтонгі:

Зычны /r/ у складзе часта рэалізуецца як галосны [ɐ].

Кароткія галосныя:

Літара Гук
(паводле IPA)
Прыклад
a [a] fat (тлусты)
ä [ɛ] Sät (нядоўга)
e [ə] ze (яны)
i [ɪ] Lid (канечнасць)
o [ɔ] Dot (немаўля)
ö [œ] bölkje (крычаць)
u [ʊ] Buk (кніга)
ü [ʏ] Jüpte (глыбіня)

Паўдоўгія:

Літара Гук Прыклад
ie [] Piene (боль)
uu [] kuut (кароткі)

Доўгія:

Літара Гук Прыклад
aa [] Paad (шлях)
ää [ɛː] tään (тонкі)
ee [] Dee (цеста)
íe [] Wíek (тыдзень)
oa [ɔː] doalje (супакойваць)
oo [] Roop (вяроўка)
öä [œː] Göäte (жолаб)
üü [] Düwel (д'ябал)
úu [] Múus (мыш)
    • Дыфтонгі:
Літара Гук Прыклад
ai [aːi] Bail (заклад)
au [aːu] Dau (раса)
ääu [ɛːu] sääuwen (сам)
äi [ɛɪ] wäit (вільготны)
äu [ɛu] häuw (штуршок, удар)
eeu [eːu] skeeuw (касы́)
ieu [i.u] Grieuw (перавага)
íeu [iːu] íeuwen (раўніна)
iu [ɪu] Kiuwe (падбародак)
oai [ɔːɪ] toai (жорсткі)
oi [ɔy] floitje (свістаць)
ooi [oːɪ] swooije (качаць)
ou [oːu] Bloud (кроў)
öi [œːi] Böije (парыў ветру)
uui [uːɪ] truuije (пагражаць)
üüi [yːi] Sküüi (падліўка)
  • Зычныя:
    • Выбухныя:

На цяперашні час выбухныя ўсходнефрызскай мовы аглушыліся. Між тым, звонкае вымаўленне захоўваецца ў пажылых носьбітаў.

Літара Гук Прыклад
p [p] Pik (крок)
t [t] Toom (аброць)
k [k] koold (халодны)
b [b] Babe (бацька)
d [d] Dai (дзень)
g [ɡ] Gäize (гусь)
    • Фрыкатывы:
Літара Гук Прыклад
g [ɣ,x] Gäize (гусь), Ploug (плуг)
f [f,v] Fjúur (агонь)
w [v] Woater (вада)
v [v,f] iek skräive (я крычу)
s [s,z] säike (шукаць), zuuzje (шаргацець)
ch [x] truch (праз, цераз)
h [h] hoopje (спадзявацца)
    • Іншыя:
Літара Гук Прыклад
m [m] Moud (мужнасць)
n [n] näi (новы)
ng [ŋ] sjunge (спяваць)
j [j] Jader (вымя)
l [l] Lound (зямля [тэрыторыя])
r [r,ɐ] Roage (жыта)
w [w] Kiuwe (падбародак)

Дыялектны падзел правіць

Затэрландскі дыялект падзяляецца на тры гаворкі, якія адпавядаюць тром асноўным сёлам муніцыпалітэта Затэрланд: рамсласкую, шарэльскую і струклінгенскую. Статус літаратурнай мовы замацаваны на рамсласкай гаворцы. Усе тры гаворкі з'яўляюцца ўзаемназразумелымі.

Прыклад тэксту правіць

Прыклад тэксту на ўсходнефрызскай і параўнанне ўсходнефрызскай мовы з некаторымі іншымі германскімі мовамі на прыкладзе гэтага тэксту.

Усходнефрызская:

Die Wänt strookede dät Wucht uum ju Keeuwe un oapede hier ap do Sooken.

Паўночнафрызская (бекінгардскі або моорынскі дыялект):

Di dreng aide dåt foomen am dåt kan än mäket har aw da siike.

Заходнефрызская:

De jonge streake it famke om it kin en tute har op 'e wangen.

Усходнефрызскі дыялект ніжненямецкай мовы:

De Jung straktde dat Wicht üm't Kinn to un tuutjede hör up de Wangen.

Нямецкая:

Der Junge streichelte das Mädchen ums Kinn und küsste sie auf die Wangen.

Нідэрландская:

De jongen aaide/streelde het meisje over haar kin en kuste haar op haar wangen.

Афрыкаанс:

Die seun streel die meisie oor haar ken en soen haar op haar wange.

Англійская:

The boy stroked the girl on the chin and kissed her on the cheeks.

Пераклад:

Хлопчык пагладзіў дзяўчынку на падбародку і пацалаваў яе ў шчокі.

Зноскі правіць

  1. UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger Праверана 24 чэрвеня 2018.
  2. Stellmacher, Dieter. Das Saterland und das Saterländische. — Florian Isensee GmbH, 1995. — ISBN 978-3-89598-567-6.
  3. Fort, Marron C. Das Saterfriesische / Munske. — 2001.
  4. Saterfriesisch | Ethnologue
  5. Versloot, Arjen. Grundzüge Ostfriesischer Sprachgeschichte. — Munske, 2001.
  6. Fort, Marron C. Das Saterfriesische / Munske. — 2001. — С. 411-412.
  7. Fort, Marron C. Saterfriesisches Wörterbuch. — Hamburg, 1980. — С. 64-65.

Літаратура правіць

  • Fort, Marron C. (1980): Saterfriesisches Wörterbuch. Hamburg: Helmut Buske.
  • Kramer, Pyt (1982): Kute Seelter Sproakleere — Kurze Grammatik des Saterfriesischen. Rhauderfehn: Ostendorp.
  • Stellmacher, Dieter (1998): Das Saterland und das Saterländische. Oldenburg.

Спасылкі правіць

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на ўсходнефрызскай мове