Фелікс Ражанскі (польск.: Feliks Różański; 1838, Бераставіца, Гродзенскі павет — пасля 1903) — беларускі паэт, мемуарыст, удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг.

Фелікс Ражанскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1838
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1903
Месца смерці
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мемуарыст, паэт
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Ражанскіх герба «Порай». Нарадзіўся ў 1838 г. у Бераставіцы Гродзенскага павета. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай прыхадской школе (настаўнік Мацвей Гірэнь), потым вучыўся ў Беластоцкай гімназіі[1].

Служыў як афіцэр Ваўкавыскага і Бельскага аддзелаў межавых спраў. Быў каморнікам, займаўся вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў Ваўкавыскага і Бельскага паветаў, рабіў здымкі мясцовасці. У пачатку 1860-х гг. кіраваў хатняй маёмасцю графа Касакоўскага (1795—1872)[1].

Першыя сустрэчы Ражанскага з К. Каліноўскім маглі адбыцца ў 1861 г. у Беластоку, дзе праходзіў службу Ф. Ражанскі. У 1861 г. увайшоў у Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю К. Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газеты «Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод сялян[1].

У 1863 г. у паўстанцкіх атрадах В. Урублеўскага, які кіраваў Сакольскім, Беластоцкім, Бельскім паветамі. Ю. Бялыня Халадзецкі паведамляе пра 11 стычак 1863 г., у якіх удзельнічаў Фелікс Ражанскі, у тым ліку і пад Міхалінам (14 мая, Гродзенскі павет, зараз Бераставіцкі р-н)[1].

Пасля паўстання эміграваў у Кракаў, дзе ажаніўся. Выязджаў у Парыж і выдаў там кнігу на польскай мове «Аб свавольніцтвах сялянскага люду ў Польшчы» (1863 г.). У кнізе ўказваў на слабыя бакі студзеньскага маніфеста, абвешчанага ў Варшаве, успамінаў рэвалюцыйныя падзеі 1863 г[1].

У 1890-х гг. арандаваў маёнткі ў Галіцыі (Заходняя Украіна), дзе і пражываў да апошніх дзён[1].

Творчасць правіць

Аўтар паўстанцкіх песень на беларускай мове «Гэй-га разам, хлопцы…», «Ах ты, мая чарнабрыва…» (апубл. ў 1865 г. былым паўстанцам І. Арамовічам) і інш., успамінаў «3 Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэвалюцыйнага руху 1860-х г. на Гродзеншчьше, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі К. Каліноўскага.

Паэтычную спадчыну Ф. Ражанскага апублікаваў Ігнацій Арамовіч, настаўнік Беластоцкай гімназіі і ўдзельнік паўстання, у кнізе «Летуценні: дзённік аб партызанскім руху ў Гродзенскім ваяводстве ў 1863—1864 гг.»[1].

Памяць правіць

У гонар Фелікса Ражанскага названая вуліца ў Вялікай Бераставіцы.

Творы правіць

  • Aramowicz, I. Marzenia: pamiętnik o ruchu partyzanckim w województwie grodzieńskiem, w 1863 i 1864 r. / przez Ignacego Aramowicza. — [S. l.]: [S. n.], 1865. — [4], 84 s. — S. 21—23.
  • Z województwa Grodzieńskiego // W czterdziestą rocznicę powstania styczniowego, 1863—1903. — Lwów: Komitet Wydawniczy, 1903. — [8], 558 s.
  • Гродзенская арганізацыя // Каліноўскі, К. За нашую вольнасць: Творы, дакументы / Кастусь Каліноўскі; Уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялева; Навук. рэд. Я. Янушкевіч. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1999. — 459, [1] с., 2 л. іл. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі). — ISBN 985-6318-41-6.

Зноскі

  1. а б в г д е ё Герой паўстання з Вялікай Бераставіцы. Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ

Літаратура правіць

  • Кісялёў, Г. Ражанскі Фелікс / Генадзь Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 83. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Кісялёў Г. В. Ражанскі Фелікс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 249. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Смирнов, А. Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А. Ф. Смирнов; АН СССР, Институт истории. — М.: Изд-во АН СССР, 1963. — 392 с.
  • Янушкевіч, І. Невядомая песня // Літаратура і мастацтва. — 1977. — № . — 29 ліпеня.
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Фелікс Ражанскі