Франсішку ды Алмейда

Франсішку ды Алмейда (Francisco de Almeida; каля 14501 сакавіка 1510) — першы партугальскі віцэ-кароль Індыі. Разам з Албукерке ён заклаў падмурак Партугальскай каланіяльнай імперыі.

Франсішку Алмейда, віцэ-кароль Індыі.

Амаль усё сваё жыццё Алмейда — сын першага графа Абрантыша і продак герцагаў Кадаваль — правёў у войнах з маўрамі. Пад уражаннем ад яго подзвігаў кароль Мануэл I у сакавіку 1505 г. заснаваў для яго тытул віцэ-караля Індыі і на чале флатыліі з 21 карабля накіраваў яго на заваяванне ўсходніх земляў, адкрытых экспедыцыямі Албукеркі, Кабрала і Васка да Гамы.

Абмінуўшы мыс Добрай Надзеі, Алмейда паспрабаваў замацавацца на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі. Мамбаса і Занзібар падвергліся абстрэлу партугальскай артылерыі, а ў Кілве быў пабудаваны партугальскі форт. Будаўніцтва фартоў было разгорнута і ў іншых стратэгічна важных пунктах Індыйскага акіяна (Кананур, Анджадзіва). Сваёй рэзідэнцыяй віцэ-кароль абраў Кочын у Індыі.

Дзеянні Алмейды — спусташэнне арабскіх крэпасцяў у Афрыцы, гандлёвы саюз з Малакай, прадпрынятая сынам віцэ-караля вылазка на Цэйлон — вымусілі арабаў і егіпцян аб'яднаць высілкі для процідзеяння партугальцам. У адказ Алмейда разрабаваў і спаліў арабскія гавані і разграміў непрыяцельскі флот каля вострава Дыу (люты 1509 г.)

Тым часам расла напружанасць у адносінах паміж Алмейдам і яго галоўным канкурэнтам, Албукеркі, паспяховыя дзеянні якога пераканалі караля паставіць яго на чале ўсіх партугальскіх калоній. Калі прыбыўшы з Еўропы ў Кочын Албукеркі абвясціў яму пра сваё новае прызначэнне, Алмейда пасадзіў яго пад варту да пацверджання свайго адхілення ад спраў.

У лістападзе 1509 г. Алмейда прызнаў абгрунтаванасць прэтэнзій Албукеркі і адправіўся дадому. Магелан, які служыў пад яго начальствам, застаўся ў Індыі. 1 сакавіка 1510 г. партугальцы прышвартаваліся для папаўнення запасаў вады ў бухце Сталовай гары (там, дзе цяпер стаіць Кейптаўн). Там на іх напалі гатэнтоты, і «вялікі дон Франсішку», які прымушаў трапятаць дзяржавы Усходу, паклаў галаву ў сутычцы з дзікунамі.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць