Франчэска Анджаліні

Франчэска Анджаліні (італ.: Francesco Angiolini, 19 мая 1750, П’ячэнца — 21 лютага 1788, Полацк) — перакладчык, літаратар, выкладчык Полацкага езуіцкага калегіума, езуіт.

Франчэска Анджаліні
італ.: Francesco Angiolini
Дата нараджэння 19 мая 1750(1750-05-19)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 лютага 1788(1788-02-21)[1] (37 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік
Навуковая сфера літаратура
Месца працы

Далучэнне да Таварыства Ісуса і навучанне правіць

Нарадзіўся ў П’ячэнцы (Італія) у шматдзетнай сям’і (пяць братоў і дзве сястры). Чацвёра яго братоў — Антаніна (Алессандра), Гаэтана (Каэтан), Джузэпэ (Юзаф) і Луіджы — таксама звязалі свой лёс з Таварыствам Ісуса. Уступіў у Ордэн езуітаў у 1765 г. Да васемнаццаці гадоў авалодаў старажытнаяўрэйскай, халдзейскай, грэчаскай, лацінскай, нямецкай, французскай, англійскай і іспанскай мовамі. У 1768 г. улады выдалілі езуітаў з Пармскага герцагства і П’ячэнцы, і Франчэска разам з братам Гаэтана з’язджае ў Балонню, потым у Модэну і, нарэшце, у Верону, дзе вывучаў тэалогію, перакладаў з грэчаскай і быў асвечаны на ксяндза.

Пераезд у Беларусь правіць

Праз некаторы час пасля скасавання ордэна, у 1783 г. разам з роднымі братамі Джузэпэ Анджаліні (1747—1814) і Гаэтана Анджаліні (1748—1716) прыехаў у Беларусь, дзе езуіты працягнулі сваю дзейнасць са згоды Кацярыны ІІ. Даволі хутка вывучыў польскую і рускую мовы, пісаў на іх. Аўтар граматыкі гэтых моў для італьянцаў, якіх у той час было нямала ў Расійскай імперыі. Выкладаў у Полацкім калегіуме, а таксама ў Віцебску і Магілёве. У езуіцкім тэатры ў Полацку ставіліся як перакладзеныя ім класічныя творы, так і спецыяльна напісаныя польскамоўныя камедыі.

Унёсак Ф.Анджаліні ў культурнае жыццё высока ацэньвае польская даследчыца Ірэна Кадульская: «Дзякуючы Анджаліні на полацкую сцэну прыйшла найлепшая традыцыя еўрапейскай драмы. З ягоным імем звязаны і пералом у рэпертуарнай палітыцы: на ордэнскую сцэну былі дапушчаныя ў нязмененым выглядзе п’есы, якіх раней тут не хацелі бачыць. Творчасць Анджаліні надала смеласці маладому драматургу — Яну Мігановічу, які праз дваццаць гадоў узновіць тут працу над перакладамі Эўрыпіда і Сафокла.»[2]

Творчая спадчына правіць

Ф.Анджаліні пакінуў пасля сябе шмат прац, якія сведчаць пра яго глыбокія веды і літаратурны талент. Пісаў вершы на італьянскай, грэчаскай і старажытнаяўрэйскай мовах. Пераклаў з грэчаскай на італьянскі тры тамы Іосіфа Флавія (апублікаваныя ў 1840—1844). Таксама Анджаліні пераклаў на матчыну мову «Электру» Эдыпа, «Антыгону» Сафокла (Рым, 1782), «Цыклоп» Эўрыпіда, Фукідыда (часткова). Рабіў пераклады твораў Сафокла на польскую. Дзякуючы сваім здольнасцям атрымаў вядомасць пры дварах папы Пія VI, Неапалітанскага караля, вялікага князя Тасканы.[3]

Памёр у Полацку 21 лютага 1788 г.

Зноскі