Фёдар Ігнатавіч Стравінскі

расійскі оперны спявак

Фёдар Ігнатавіч Страві́нскі[1] (8 (20) чэрвеня 1843, маёнтак Новы Двор[2][3][A] Рэчыцкага павета — 21 лістапада (4 снежня) 1902, Санкт-Пецярбург) — оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька кампазітара Ігара Стравінскага.

Фёдар Ігнатавіч Стравінскі
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 20 чэрвеня 1843(1843-06-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 снежня 1902(1902-12-04) (59 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Дзеці Ігар Фёдаравіч Стравінскі і Юрый Фёдаравіч Стравінскі[d]
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Педагог Camille Everardi[d]
Прафесіі оперны спявак, акцёр
Пеўчы голас бас
Жанры класічная музыка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Герб Суліма роду Стравінскіх.
 
Выпіс з метрычнай кнігі 1843 г. Алексіцкай царквы пра нараджэнне і хрост Фёдара Стравінскага[B].
 
Маёнтак Новы Двор на тапаграфічнай карце Мінскай губерні 1846 г. ген.-маёра А. К. Фіцінгофа.
 
Фёдар Стравінскі з мамай Аляксандрай і братамі Канстанцінам (злева) і Аляксандрам. Віцебск. 1868 год.
 
Ф. Стравінскі ў ролі Галавы ў оперы «Майская ноч» М. Рымскага-Корсакава.
 
Фёдар і Ганна Стравінскія. Адэса. 1874 год.
 
Млынар у оперы «Русалка» А. Даргамыжскага.
 
Фёдар і Ганна Стравінскія каля сядзібы дзеда Івана Скарахода. Брагін. 1877 год.[6]
 
Пануры есавул-рэаліст (задні план). Фрагмент карціны «Запарожцы» (1880—1891) Іллі Рэпіна.
 
Магіла Фёдара Стравінскага на Ціхвінскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу.

Фёдар Стравінскі з’явіўся на свет у радзіне шляхецкай, як да бацькоўскай галіны рыма-католікаў Стравінскіх герба «Суліма»[C], і сялянскай, як да праваслаўнай матчынай лініі брагінскіх Скараходаў. У сям’і было чацвёра дзяцей. Усе яны — Аляксандр, Вольга, Канстанцін, Фёдар — нарадзіліся ў розных фальварках, якія трымаў у пасэсіі (часовым уладанні) іх бацька Ігнацы, сын Ігнацыя, Стравінскі ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні на працягу 1835—1843 гг. — у Лянтэрні, Караліне, Карнеліянаве, Новым Двары[D]. Згодна з тагачаснымі законамі Расійскай імперыі, дзеці былі прызнаныя ў дваранскай годнасці, а ахрышчаныя паводле праваслаўнага абраду ў Мікуліцкай Багаяўленскай[11] і Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай цэрквах[2].

Галава сям’і, не дужа паспяховы ў справах, мусіў часта пераязджаць з аднаго маёнтка ў другі, таму Фёдар выхоўваўся спачатку ў Брагіне, у родным доме мамы Аляксандры ў дзеда Івана Скарахода, а пазней у больш заможнага бацькавага брата Станіслава Стравінскага. Недзе каля 1850 года і пачалося яго навучанне ў Мазыры ў тамтэйшай дваранскай вучэльні. 22 верасня 1855 года Фёдар быў прыняты ў першы клас Нежынскай гімназіі пры Юрыдычным ліцэі, дзе, жывучы ў пансіёне, вучыўся амаль пяць з паловай гадоў, але так, што заставаўся ўсё яшчэ ў чацвёртым класе[12]. Калі ў 1861 годзе ў Мазыры мясцовая грамадскасць дамаглася адкрыцця гімназіі, чацверакласнік Фёдар з дапамогай брата Аляксандра зноў вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся, з захапленнем спяваў у царкоўным хоры і браў удзел у пастановах гімназічнага тэатральнага гуртка[F] Пасля заканчэння ўсяго курсу навучання ў 1865 годзе паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй князя Безбародзька (Безбородька (укр.)), але ўжо 28 верасня таго ж года быў у ліку студэнтаў юрыдычнага факультэту Наварасійскага унівэрсытэта (Адэса)[15][G]. Усяго праз адзін семестр перавёўся ва Ўніверсітэт Святога Ўладзіміра ў Кіеве. Вучыўся там са студзеня 1866 да кастрычніка 1868 года, аднак, з-за таго, што не вытрымаў паўкурсавыя іспыты, вымушаны быў вярнуцца ў Нежынскі ліцэй[17], які скончыў у 1869 годзе. У 1869—1873 гадах вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў лепшых майстроў еўрапейскай вакальнай школы Луізы Эрыт-Віардо, П’етра Рэпэта, Генрыэты Нісэн-Саламан, Каміля Эвэрардзі. Пасля заканчэння кансерваторыі Фёдар Стравінскі дэбютаваў у Кіеве на сцэне опернага тэатра. У 1876 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе стаў артыстам Марыінскага тэатра і працаваў да астатніх дзён свайго жыцця[18].

У маі 1874 года Фёдар Стравінскі ажаніўся з піяністкай і спявачкай Ганнай Халадоўскай[H], якая была яго сталым канцэртмейстарам. У пары нарадзіўся старэйшы сын Раман[I], потым у 1878 годзе нарадзіўся Юры, будучы архітэктар. 17 чэрвеня 1882 года ў Араніенбаўме cям’я Стравінскіх зноў цешылася з нагоды нараджэння сына Ігара, у будучыні знакамітага кампазітара і дырыжора. Праз два гады на свет з’явіўся малодшы сын Гурый, будучы, як і бацька Фёдар, артыст Марыінскага тэатра, бас-барытон, які загінуў у Першую сусветную вайну[20]. У доме Стравінскіх у Пецярбургу гасцінна прымалі музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, у ліку якіх быў і Фёдар Дастаеўскі. Яшчэ ўважаецца, што вобраз панурага, хударлявага, высокага росту, даўгавусага казака для карціны «Запарожцы» Ілля Рэпін пісаў менавіта з аблічча Ф. Стравінскага[21]. Недзе з 1884 года артыст пачаў збіраць бібліятэку мастацкай, гістарычнай і філалагічнай літаратуры, а таксама краявідаў гарадоў, жанравых гравюр і партрэтаў. Набываў і аўтографы вядомых людзей. Сёння яго багатая калекцыя захоўваецца ў рукапісным аддзеле Пушкінскага дома, а частка яе — больш як 1400 партрэтаў кампазітараў, музычных выканаўцаў і акцёраў XIX стагоддзя — у Аддзеле эстампаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі[22].

У 1901 годзе ўрачыста святкаваліся 25-я ўгодкі творчай дзейнасці Фёдара Стравінскага, калі яму было нададзена званне заслужанага артыста імператарскіх тэатраў. Праз год спявак-актор спачыў ва ўзросце 59 гадоў. Пахаваны ў Пецярбургу на Новадзявочых могілках, а ў 1930-я гг. перазахаваны на Ціхвінскіх могілках у Некропалі майстроў мастацтваў Аляксандра-Неўскай лаўры.

У 1915 годзе ў Марыінскім тэатры быў усталяваны бюст артыста.

Ганна Стравінская ў 1922 годзе выехала за мяжу, жыла ў доме сына ў Парыжы. Пакінула свет жывых у 1939 годзе, пахаваная на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа[ru]. Сын Ігар прысвяціў нябожчыцы песню «Незабудачка кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голаса і фартэпіяна».

Творчасць правіць

Фёдар Стравінскі працягнуў традыцыі знакамітага опернага артыста Восіпа Пятрова. Дзейнасць яго як выканаўцы — значны этап у гісторыі рэалістычнага мастацтва. Шматгранны спявак-актор, ён валодаў мастацтвам пераўвасаблення, аднолькава па-майстэрску выконваў драматычныя і камічныя партыі. На ўсім працягу свайго творчага шляху Ф. Стравінскі змагаўся з опернай руцінай і фальшам. Сцэнічныя вобразы яго вылучаліся высокай жыццёвай праўдай, псіхалагічнай глыбінёй, завершанасцю музычна-сцэнічнага ўвасаблення. Голас Стравінскага вялікага дыяпазону (больш за дзьве актавы), не ўтрымліваў, аднак, у сабе прыроднай прыгажосці тэмбру. Мяккая пявучасць, выраўненасць рэгістраў, разнастайнасць вакальна-дэкламацыйных фарбаў дасягнутыя спеваком дзякуючы ўдумлівым, упартым у штодзённай працы намаганням.

У рэпертуары Фёдара Стравінскага было 59 опер пераважна расійскіх кампазітараў. Спявак па-майстэрску выконваў характэрныя эпізадычныя ролі, быў адным з найвыбітных папярэднікаў Івана Шаляпіна.

Яскравыя сцэнічныя вобразы Стравінскі стварыў у операх «Варожая сіла», «Юдзіф» А. Сярова (Ярэмка, Алафэрн), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (Варлаам), «Русалка» А. Даргамыжскага (Млынар), «Руслан і Людміла» Ф. Глінка (Фарлаф), «Князь Ігар» А. Барадзіна (Скула), «Купец Калашнікаў» А. Рубінштэйн (Іван Грозны), «Травеньская ноч» М. Рымскага-Корсакава (Галава), «Мазепа» П. Чайкоўскага (Орлік), «Чарадзейка» П. Чайкоўскага (Мамыраў), «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні (Дон Базыліа, Бартала), «Фауст» Ш. Гуно (Мефістофель), «Мефістофель» А. Бойта (Мефістофель) ды інш.[23].

Заўвагі правіць

  1. У дысертацыі Г. С. Вінаградавай[4] сказана, што будучы артыст нарадзіўся «в небольшой деревне Новый Двор Минской губернии, которая в названном году состояла всего из 22 дворов» (спасылка: Сведения об удобствах квартирного размещения всех родов войск в пределах Российской Империи и Квартирные карты губерний и областей. Минская губерния. Составлено при 1-м отделении Департамента Генерального Штаба. Издание второе. [СПб] 1843. С. 8). На самой справе пададзена колькасць двароў сяла Алексічы, якое разам з Багуслаўцам і Тунеўшчынай належала да маёнтку Новы Двор[5].
  2. Звестка з матэрыялаў што да прашэння на імя імператара Мікалая І, датаванага вераснем 1854 года, калі Ігнацы Стравінскі жыў у мястэчку Холмеч Рэчыцкага павета.
  3. Ці ёсць падставы сцвярджаць, нібы Фёдар Стравінскі «Був шляхетного українського походження» (апошняя такая версія ва ўкраінскай Вікіпедыі – 10 сакавіка 2021 г.)? Нават, калі не зазіраць глыбей, дык у 1759 — 1768 гг. яго прапрадзед Станіслаў з жонкай Францішкай жылі ў Лісцвіне[7] (сучасны Хойніцкі р-н), у 1795 г. прадзед Адам з жонкай Уршуляй, сынам Ігнацыем і дачкой Марыянай – у Кустаўніцы[8] (Мазырскі раён), дзед Ігнацы прысутнічаў пры хросце Фёдара ў Алексіцкай царкве, а памёр у 1849 г., быўшы парафіянінам касцёла ў Астраглядах (Брагінскі раён), у Карнеліянаве[9], дзе раней (1839) нарадзіўся ўнук нябожчыка Канстанцін[10].
  4. Сёння ўсе ў межах Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
  5. Ад сябе А. С. Співачэнка заўважыла: «Федір же був православним, ніколи не позиціонував себе поляком, радше демонстрував свою українську приналежність (у творчості, літературно-мистецьких вподобаннях тощо)». Тут дарэчы задацца пытаннем: чалавекам якой нацыянальнасці і культурнай прыналежнасці пазіцыянаваў сябе артыст, калі ствараў вакальна-сцэнічныя вобразы Алаферна, Спарафучыле («Рыгалета» Дж. Вердзі), Мефістофеля, Івана Грознага?
  6. В. Кушнер выказаў думку, нібыта на фармаванне светапогляду Ф. Стравінскага пэўны адбітак наклалі падзеі 1863 г., калі ў хваляваннях супраць расейскай улады бралі ўдзел і навучэнцы Мазырскай гімназіі[13]. Тады з установы на працягу года быў выключаны 51 вучань[4]. Гэта ўражвае, але праваслаўны і адпаведна выхаваны Фёдар, наадварот, заўсёды пазбягаў удзелу ў таемных згуртаваннях і іх акцыях. Нездарма яго стрыечны брат-католік Мікалай, сын Якуба, Стравінскі рабіў яму закіды за індыферэнтную грамадзянскую пазіцыю, найперш за адсутнасць пачуцця патрыятызму да Рэчы Паспалітай[14][E].
  7. Гэта быў бясспрэчны разлік, бо перавесціся з даволі прэстыжнага ліцэю ва ўніверсітэт без іспытаў — зусім не тое, як бы проста спрабаваць туды паступіць[16]
  8. Родзічы Ганны Халадоўскай валодалі маёнткам у Горвалі Рэчыцкага павета, куды, як і ў Брагін, сямейная пара наведвалася. Пра тое Ф. Стравінскі згадваў у сваіх «расходных кнігах»[19]. У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве захоўваюцца дакументы аб фінансавых прэтэнзіях Халадоўскіх да імперскага скарбу за страты, панесеныя пры складанні выкупных актаў, аб спрэчках паміж Халадоўскімі і горвальскімі сялянамі што да раздзелу зямлі, датаваныя яшчэ і 1882—1890 гадамі (гл.: РДГА. Ф. 1344. Воп. 2. Спр. 1820. Воп. 4. Спр. 84. Воп. 13. Спр. 1989. Воп. 18. Спр. 217).
  9. У 1874 альбо 1875 годзе, у літаратуры ёсць разыходжанні, як і з годам спачыну — 1895 альбо 1897.

Зноскі правіць

  1. БелЭн 2002. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFБелЭн2002 (даведка)
  2. а б НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 25844. А. 2адв.-3
  3. Маёнтак Новы Двор на карце.
  4. а б Виноградова А. С. Ф. И. Стравинский и русский музыкальный театр последней трети XIX века: репертуар, исполнительское искусство. Диссертация на соискание ученой степени кандидата искусствоведения. — Москва, 2019. — С. 29, 32.
  5. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408 (агульныя звесткі), 1412—1415 (Новы Двор), 1416—1423 (Алексічы), 1424—1427 (Багуславец), 1428—1432 (Тунеўшчына)
  6. Гілеўскі Віктар. Брагінскія карані музычных геніяў Стравінскіх. // Маяк Палесся. 15. 01. 2021. Архівавана 1 мая 2021.
  7. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 155, 157, 158
  8. НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр.181. А. 631адв.-632
  9. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 82адв.
  10. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 551. А. 765адв.
  11. Гілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77—84
  12. Гілеўскі Віктар. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. С. 81—82; пар.: Виноградова А. Первая глава из жизни Федора Стравинского: новые находки. // Opera Musicologica. — 2016. № 3 (29). С. 72—75
  13. Кушнер Васіль. Фёдар Стравінскі (1843—1902). // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Выпуск другі. — Мінск: Беларускі фонд культуры, 2003. — С. 348.
  14. Співаченко О. С. Просопографічний портрет Ф. Г. Стравінського в українському ракурсі (досвід реконструкції) / О. С. Співаченко // Актуальні проблеми історії, теорії та практики художньої культури. - 2018. Вип. 40. — С. 428—429 (спасылка на кнігу Стывена Ўолша)
  15. Список студентов и посторонних слушателей Новороссийского университета за 1865/66 академический год.
  16. Співаченко О. С. Федір Стравінський: роки навчання (за матеріалами українських архівів) / О. С. Співаченко // Культура і сучасність. 2017. № 2. — С. 167.
  17. Самойленко Г. В. Випускники Ніжинської вищої школи — відомі діячі культури. // Література та культура Полісся. Вип. 98. Серія «Філологічні науки». № 14 / відп. ред. і упоряд. Г. В. Самойленко. Ніжин: НДУ ім. М. Гоголя, 2020. — С. 269—273. (укр.)
  18. Кушнер Васіль. Фёдар Стравінскі (1843—1902). — С. 348—350.
  19. гл.: Клара Бирюкович. Стравинский на Гомельщине. // Гомельская праўда. – 2003. 7 чэрвеня
  20. Стравинский Гурий Фёдорович // Отечественные певцы. 1750—1917: Словарь / Пружанский А. М. — Изд. 2-е испр. и доп. — Москва, 2008
  21. История создания картины «Запорожцы пишут письмо турецкому султану» «Запарожцы»
  22. Нікалаеў Мікола. Беларускі Пецярбург. — Санкт-Пецярбург: Агентство «ВиТ-принт», 2009. — С. 224
  23. Стравинский Федор Игнатьевич на сайце «История в лицах».

Літаратура правіць