Характарны танец

Хара́ктарны та́нец — разнавіднасць сцэнічнага танца; адзін з выразных сродкаў балетнага спектакля.

Аляксандр Тарноўскі  (польск.) і Канстанцыя Турчыновіч  (польск.) выконваюць качучу ў балеце «Le Diable à Quatre». Літаграфія Генрыка Хіршэля, 1847

Гісторыя правіць

У пачатку 19 стагоддзя пад тэрмінам «характарны танец» разумелі танец, які ўвасабляе характэрныя рысы, адметныя асаблівасці вобраза пэўнага персанажа, бытавыя жэсты і дэталі. Пазней характарнымі пачалі называць народныя танцы, якія выконваліся ў балетным спектаклі і былі пабудаваны на аснове школы класічнага танца. Лепшыя з іх захоўваюць рысы нацыянальнага характару народа. Узоры характарнага танца стварылі рускія балетмайстры М. Петыпа, Л. Іванаў, М. Фокін, А. Горскі.

У савецкім балеце характарны танец заснаваны на харэаграфічным фальклоры, стаў адным са сродкаў характарыстыкі народных мас і герояў спектакля. У галіне характарнага танца працавалі савецкія балетмайстры Р. Захараў, Ф. Лапухоў, В Вайнонен, К. Галяйзоўскі, В. Чабукіяні і інш.

На беларускай сцэне характарны танец шырока прадстаўлены ў нацыянальных балетах «Салавей» М. Крошнера (балетмайстар А. Ермалаева), «Князь-возера» В. Залатарова і «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (балетмайстар К. Мулера), «Мара» Я. Глебава і «Святло і цені» Г. Вагнера (балетмайстар А. Андрэеў) і іншыя, дзе ён з’яўляўся важным сродкам выразнасці, вызначаў нацыянальную своеасаблівасць харэаграфічнай мовы спектакляў, уваходзіў састаўной часткай у іх драматургію.

У сучасных балетах характарны танец сінтэзуецца з класічным танцам і іншымі формамі пластыкі, узбагачае лексіку балета.

Літаратура правіць