Чаркесы, адыгэ — народ у Расіі, карэннае насельніцтва Карачаева-Чаркесіі. Жывуць таксама ў Турцыі, Сірыі, Іарданіі і іншых краінах Паўднёва-Заходняй Азіі. У краінах Паўднёва-Заходняй Азіі пад назвай «чаркесы» аб’ядноўваюцца змяшаныя паміж сабой прадстаўнікі паўночнакаўказскіх народаў (адыгейцы, кабардзінцы, убыхі, інгушы, чачэнцы, асеціны, лезгіны і інш.), продкі якіх перасяліліся з Расіі ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў. Адносяцца да балкана-каўказскай расы вялікай еўрапеоіднай расы. Размаўляюць на кабардзіна-чаркескай мове абхаза-адыгскай групы паўночнакаўказскай сям’і. Пісьменнасць на рускай графічнай аснове.

Тэрмін «чаркесы», верагодна, паходзіць ад этноніма «керкеты», які выкарыстоўвалі старажытнагрэчаскія аўтары для абазначэння часткі старажытнаадыгскіх плямёнаў. Пазней грузіны пачалі называць чаркесамі ўсіх адыгаў, а ў XVIII—XIX стагоддзях гэтак называлі ўсіх каўказскіх горцаў. У пачатку 1920-х гадоў пры ўтварэнні Карачаева-Чаркесіі чаркесамі пачалі называць яе адыгскае насельніцтва, якое часткова складалася з нашчадкаў заходнеадыгскіх (адыгейскіх) груп, але ў асноўным з пераселеных у 1820—1840-х гадах за Кубань (т. зв. беглых) кабардзінцаў. У 2-й палове XX стагоддзя ўтварылася новая адыгская народнасць — чаркесы, блізкая па культуры і тоесная паводле мовы з кабардзінцамі.

Літаратура правіць

  • Народы мира. — М.: «Советская энциклопедия», 1988. (руск.)