Чарлз Спе́нсер Ча́плін, Ча́рлі Ча́плін (англ.: Charles Spencer Chaplin; 16 красавіка 1889, Лондан — 25 снежня 1977, Карсейр-сюр-Вевэ, Швейцарыя) — легендарны англійскі і амерыканскі кінаакцёр і кінарэжысёр першай паловы 20-га стагоддзя. Прызнаны як адзін з найлепшых комікаў ў гісторыі сусветнага кіно, тройчы уганараваны прэміяй «Оскар».

Чарлі Чаплін
англ.: Charles Chaplin
Дата нараджэння 16 красавіка 1889(1889-04-16)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 снежня 1977(1977-12-25)[2][4][…] (88 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Чарльз Чаплін[d][5]
Маці Ганна Чаплін[d][5]
Жонка Мілдрэд Харыс[d], Літа Грэй[d], Палет Гадар і Уна О'Ніл[d]
Дзеці Christopher Chaplin[d], Чарльз Чаплін[d], Sydney Chaplin[d], Geraldine Chaplin[d], Michael Chaplin[d], Josephine Chaplin[d], Victoria Chaplin[d], Eugene Chaplin[d] і Jane Chaplin[d]
Адукацыя
Месца працы
Прафесія кінарэжысёр, кампазітар, кінаакцёр, сцэнарыст, кінапрадзюсар, комік, мантажор, аўтабіёграф, тэатральны акцёр, кінакампазітар, акцёр
Узнагароды
IMDb ID 0000122
charliechaplin.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ён іграў ролі, пісаў сцэнарыі, прадзюсаваў уласныя фільмы. Чаплін быў адным з класікаў эры нямога кіно. За сваю кар’еру, якая доўжылася больш як 65 гадоў, ён прайшоў шлях ад віктарыянскіх сцэн брытанскіх мюзік-холаў, да Галівуда — цэнтра сусветнага кінамастацтва.

Біяграфія правіць

Паходжанне правіць

Некалькі пакаленняў сямейства Чаплінаў пражывала на ўсходзе Англіі ў графстве Суфалк.

Мяркуючы з прозвішча, гэта былі нашчадкі гугенотаў, якія ахвотна сяліліся ва Усходняй Англіі. Прапрадзед Чапліна Сэдрах нарадзіўся 1786 годзе і стаў сельскім шаўцом ў Грэйт-Фінбара.

Бацька Чарлі Чапліна Чарлз Чаплін нарадзіўся 18 сакавіка 1863 года на Оркас-стрыт, у Мерылебоўні. Маці — Ханна Харыет Педлінгем Хіл — нарадзілася ў 1865 годзе на Кэмдэн-стрыт, 11. Яна таксама паходзіла з шавецкага роду.

Цырымонія шлюбу Чарлза Чапліна і Ханы Хіл праходзіла ў царкве святога Яна ў Лондане.

Ранняя біяграфія правіць

Чарлі Чаплін нарадзіўся 16 красавіка 1889 года ў Лондане. Неўзабаве пасля нараджэння Чарлі яго бацькі разышліся; дзеці засталіся на апецы маці, Ханы Харыет Хіл, якая выступала ў вар'етэ. Праз некалькі гадоў яна страціла голас і ў 1896 годзе была вымушаная пакінуць сцэну. Браты Сід і Чарлі (разам з маці) апынуліся ў працоўным доме ў Ламбета, а потым іх аддалі ў школу для сірот і бедных дзяцей.

Чарлі ўпершыню выступіў на сцэне ў 1894 годзе, ва ўзросце пяці гадоў, калі яго нумар замяніў нумар яго маці ў праграме мюзік-хола. У канцы 1898 года ён уступае ў дзіцячую танцавальную групу «Восем ланкашырскіх хлопцаў» (англ.: The Eight Lankashire Lads). Гэта паўплывала на творчую манеру акцёра, фільмы якога пасля крытыкі называлі «фільмамі-балетамі». На Каляды 1900 года «Ланкашырскія хлопцы» ўдзельнічалі ў пантаміме «Папялушка». Чаплін у гарнітуры кошкі ўпершыню атрымаў магчымасць рассмяшыць гледачоў. Вясной 1901 года Чаплін пакідае трупу «ланкашырскіх хлопцаў». 9 мая 1901 года ва ўзросце 37 гадоў памірае бацька Чапліна. Чарлі рэдка наведвае школу, працуе прадаўцом газет, памочнікам урача, у друкарні і т.п., але нідзе доўга не затрымліваецца праз юны ўзрост.

У 1903 годзе ён ва ўзросце 14 гадоў атрымлівае сталую працу ў тэатры і ролю пасыльнага Білі ў п’есе «Шэрлак Холмс». У гэты час Чаплін быў практычна непісьменным. Калі яму ўручылі тэкст ролі, ён баяўся, што яго папросяць прачытаць услых некалькі абзацаў. Ролю яму дапамог вывучыць брат Сідні.

На працягу некалькіх гадоў Чарлі таксама выступаў у вар’етэ. З 16 гадоў Чаплін рэгулярна практыкаваўся ў ігры на скрыпцы, беручы урокі ў тэатральнага дырыжора, і займаючыся па 4-16 гадзін у дзень.

21 лютага 1908 года атрымаў месца акцёра ў тэатральным прадпрыемстве Фрэда Карно, якое пастаўляла гатовыя скетчы і пантамімы для цэлага шэрагу мюзік-холаў, і неўзабаве становіцца адным з ключавых акцёраў у шэрагу пастановак (некаторыя з іх ён пазней адаптаваў для экрана).

Злучаныя Штаты правіць

Кістоун Філм правіць

Чаплін з трупай Карно быў на гастролях у ЗША з верасня 1910 года па чэрвень 1912 года. У 1912 годзе ён на пяць месяцаў вяртаецца ў Англію, а 2 кастрычнік 1912 года юнак прыязджае разам з трупай Карно ў ЗША і застаецца ў гэтай краіне. Падчас аднаго з выступаў яго заўважае кінапрадзюсер Мак Сенет. Гульня Чарлі падабаецца Маку, і ён запрашае артыста на працу ў сваю студыю «Keystone Studios». 23 верасня 1913 года Чаплін заключае кантракт з «Кістоун Філм» з платай $ 150 у тыдзень.

Спачатку Чаплін спрабуе імітаваць даволі грубы стыль сенетыўскіх камедый-экспромтаў, аднак поспех яму прыносіць менавіта адыход ад гэтага стылю. Неўзабаве ён становіцца знакамітым кінаакцёрам і пачынае фарміраваць і навострываць свой экранны вобраз. Спачатку яго персанаж Чэз (на здымачных «хлапушках» у працоўных дубляў, якія захаваліся, ён пазначаўся як Chas Chaplin, Авенарыус называе яго «Чэйс») выглядаў дзёрзкім махляром і лавеласам, аднак паступова ў вобразе з’яўляецца ўсё больш чалавечай цеплыні і лірызму, які глядач прывык звязваць з маленькім валацугам. Паступова асвойваючы найноўшыя аспекты кінавытворчасці, Чаплін перастае задавальняцца толькі акцёрскай працай і ўгаворвае Сенета дазволіць яму самому ставіць фільмы. Неўзабаве Чаплін пачынае разумець, што праца на Сенета абмяжоўвае яго творчыя магчымасці, і сыходзіць з «Кістоун».

Эсэней Філм правіць

Заробкі Чарлі хутка растуць: калі ў 1914 годзе ў «Кістоун» ён атрымлівае $ 150 у тыдзень, то ўжо ў 1915 годзе ў студыі «Эсэней Філм» (Essanay Film) — $ 1250 у тыдзень плюс бонус $ 10 000 за кантракт; у 1916—1917 гадах, у «М’ючуэл Філм» (Mutual Film) — $ 10 000 у тыдзень плюс $ 150 000 за кантракт. У 1917 годзе Чаплін заключае са студыяй «Фёрст Нэшнал Пікчэрз» (First National Pictures) кантракт на $ 1 млн, становячыся па тых часах самым дарагім акцёрам у гісторыі.

Юнайтэд Артыстс правіць

 
Чарлі Чаплін. 1920 год

З часам ён вырашае знайсці творчую самастойнасць і ў 1919 годзе засноўвае студыю «Юнайтэд Артыстс» (United Artists) сумесна з Мэры Пікфард, Дугласам Фэрбенксам і Дэвідам Грыфітам.

Рост папулярнасці правіць

У 1921 годзе Чаплін здзяйсняе падарожжа ў Еўропу. У Лондане і Парыжы пры яго з’яўленні збіраюцца велізарныя натоўпы. За тры першых дня ў Лондане Чаплін атрымаў 73000 лістоў. У Берліне яго ніхто не ведаў, у пасляваеннай Германіі фільмы Чапліна не паказваліся. Другі візіт у Еўропу Чаплін здзейсніў ў 1931 годзе — падчас прэм’еры фільма «Агні вялікага горада». Трэці Чаплін пабываў у Еўропе ў 1936 годзе падчас паказу фільма «Новыя часы».

У 1922 годзе Чаплін не меў уласнага дома — жыў у арандаваных хатах, гасцініцах і клубе. У 1922 годзе Чаплін пабудаваў сваю хату ў Бэвэрлі-Хілз. У доме акрамя 40 пакояў былі кіназала і арган.

Славу Чапліну прынесла нямое кіно, і хоць гук з’явіўся ў фільмах ўжо ў 1927 годзе, Чарлі застаецца верным старой кінатэхніцы яшчэ цэлае дзесяцігоддзе. Першай цалкам гукавой карцінай Чапліна стаў «Вялікі дыктатар» — антыгітлераўскі фільм, зняты ў 1940 годзе. Гэта быў апошні фільм, дзе выкарыстоўваецца вобраз Валацугі-Чарлі.

Апошнія гады жыцця правіць

У 1952 годзе Чаплін стварае фільм «Агні рампы» — аповяд пра лёс творчага чалавека і пра творчасць наогул. 17 верасня 1952 года ён адпраўляецца ў Лондан на сусветную прэм’еру «Агнёў рампы», і кіраўнік ФБР Эдгар Гувер дамагаецца ад іміграцыйных уладаў забароны на зваротны ўезд акцёра ў краіну. Чаплін пасяліўся ў Швейцарыі, у мястэчку Веве.

У Швейцарыі Чаплін піша музыку да сваіх старых нямых фільмаў, агучвае фільм «Залатая ліхаманка».

Акцёр быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй Міру ў 1954 годзе.

У сваім фільме «Кароль у Нью-Ёрку» (1957) Чаплін усё яшчэ сам грае галоўную ролю.

У 1964 годзе Чаплін выдае свае мемуары, якія ляглі ў аснову біяграфічнага мастацкага фільма «Чаплін» (1992). Апошні фільм «Графіня з Ганконга» Чаплін ставіць па сваім сцэнарыі ў 1967 годзе; галоўныя ролі ў фільме выканалі Сафі Ларэн і Марлан Бранда.

У 1972 годзе Чаплін ў другі раз атрымаў ганаровага «Оскара». Для гэтага ён прыехаў на кароткі час у ЗША — яму далі толькі абмежаваную візу. 4 сакавіка 1975 года Чаплін быў пасвечаны ў рыцары каралевай Елізаветай II у званні рыцара-камандора Ордэна Брытанскай імперыі.

Акцёр памёр 25 снежня 1977 года ў сваім доме ў Веве.

Вобраз Валацугі правіць

Чарлі Чаплін спалучаў акцёрскі талент з бліскучай клоўнскай тэхнікай. Ён стварыў вядомую кінамаску «маленькага чалавека»[6].

Вобраз Валацугі ўпершыню з’явіўся ў фільме «Незвычайна цяжкае становішча Мэйбл» (па іншай версіі — у фільме «Дзіцячыя гонкі на аўтамабілях», знятым некалькі пазней, але які выйшаў на экран на тыдзень раней, 7 лютага 1914 года): з кіёчкам, у кацялку і чужых чаравіках, абутых да таго ж кожны не на тую нагу, у велізарных штанах і з паходкай дрэннага танцора. Чаплін быў малады, а выглядаў маладзей сваіх гадоў, таму ён для самавітасці прыляпіў невялікія вусы. Маленькія вусы не хавалі мімікі, неабходнай ў нямым кіно. Гэтаму валацугу, чалавеку без пашпарта, было наканавана зрабіцца візітнай карткай нямога кіно[7].

 
Кадр з фільма «Дзіцячыя гонкі на аўтамабілях»

У кароткай стужцы «Дзіцячыя гонкі на аўтамабілях» герой Чапліна, які завітаў на гэткае спецыфічнае мерапрыемства, не робіць фактычна нічога, апрача таго, што ўвесь час спрабуе пралезці на першы план. Ён атрымлівае некалькі выспяткаў ад рэжысёра, які кіруе здымкамі гонак, і ледзь не трапляе пад бязлітасныя колы юных гоншчыкаў; яго намаўляюць адысці і нават у пэўны момант скручваюць яму рукі, але марна — адсунуць валацугу да публікі так і не ўдаецца. Герой Чапліна ўжо ў гэтым, першым фільме — маленькі чалавек у пошуках любові. Вобраз, які пройдзе праз усе карціны з Валацугам — і наогул праз усе карціны Чапліна. Свет у нямых фільмах з Чарлі метадычна і мэтанакіравана спрабуе выбіць з валацугі ягоную саманадзейную дурасць і пераканаць яго, што ён — ніхто і на любоў не напрацаваў. Але Чарлі не здаецца, сціпла і ўпарта кажа: я ёсць[7].

Вобраз бадзягі Чарлі выяўлены ў фільмах «Бадзяга» (1915), «Ціхая вуліца», «Імігрант» (абодва 1917) і інш. Герой Чапліна арганічна існаваў у жанрах і трагіфарсу («На плячо!», 1918), і меладрамы («Малыш», 1921)[6].

Чаплін у аўтабіяграфіі пісаў аб сваім персанажы:

 

…Ён вельмі рознабаковы — ён і валацуга, і джэнтльмен, і паэт, і летуценнік, а ў цэлым гэта адзінокая істота, якая марыць аб прыгожым каханні і прыгодах.

 

Чаплін імкнуўся выйсці за рамкі «камедыі аплявух», у жанры якіх здымаліся камедыі таго часу. У фільме «Пазыковая каса» Валацуга у сцэне вызвалення паказаў жэстам, што ў яго некалькі дзяцей, якіх трэба карміць. Вобраз Валацугі стаў знаходзіць лірычныя і трагічныя рысы.

 
Чарлі Чаплін у фільме «Залатая ліхаманка»

Непаўторная творчая індывідуальнасць Ч. Чапліна прынесла поспех стужкам «Залатая ліхаманка» (1925), «Цырк» (1928), «Агні вялікага горада» (1931) і інш.

Маленькі Валацуга стаў адным з самых тыражаваных вобразаў у масавай культуры XX стагоддзя.

Асабістае жыццё правіць

Чаплін быў жанаты чатыры разы, у яго было 11 дзяцей. Некаторыя з іх таксама спрабавалі сябе ў якасці акцёраў. Найбольшую вядомасць як актрыса атрымала Джералдзіна Чаплін.

Жанчыны ў жыцці Чапліна правіць

Хэці Кэлі правіць

Хэці Кэлі — танцорка, першае каханне Чапліна. Яны пазнаёміліся ў Лондане, калі Чапліну было 19 гадоў, а Хэці 14. Пасля пяці спатканняў яны рассталіся. Пазней Хэці Кэлі выйшла замуж, а Чаплін некалькі разоў сустракаўся з яе братам. Хэці Кэлі памерла ў 1918 годзе падчас эпідэміі «іспанкі». Чаплін даведаўся пра гэта толькі ў 1921 годзе.

Эдна Пэрвіенс правіць

 
Эдна Пэрвіенс

Пэрвіенс і Чаплін пазнаёміліся ў 1915 годзе ў Лос-Анджэлесе падчас здымак другога фільма Чапліна для студыі Эсэне. Эдна Пэрвіенс падтрымлівала рамантычныя адносіны з Чапліным падчас іхняй сумеснай працы ў студыях Essanay і Mutual films ў 1916—1918 гг. У 1918 годзе яна пачала сустракацца з акцёрам Томі Мейганам з кампаніі «Парамаўнт». Пэрвіенс заставалася галоўнай актрысай ў фільмах Чапліна да 1923 года. Чаплін штотыдзень плаціў ёй зарплату да самай яе смерці ў 1958 годзе.

Мілдрэд Харыс правіць

 
Мілдрэд Харіс

Мілдрэд Харыс (Mildred Harris, 1901—1944) — першая жонка Чапліна. Вяселле адбылося 23 кастрычніка 1918 года. Чапліну было 29 гадоў, Харыс — 16. Чаплін ажаніўся з Харыс з-за яе цяжарнасці. Пазней цяжарнасць апынулася ілжывай. 7 ліпеня 1919 года ў іх нарадзіўся сын — Норман Спенсер Чаплін. Дзіця пражыло усяго тры дні.

У 1920 годзе падчас мантажу фільма «Малыш» пачалася працэдура разводу. Адвакаты Харыс спрабавалі арыштаваць фільм. Чаплін быў вымушаны вывезці каля 140 000 метраў плёнкі (больш за 2000 дубляў) у іншы штат. Фільм мантаваўся ў гасцінічным нумары ў Солт-Лэйк-Сіці.

Развод суправаджаўся ўзаемнымі абвінавачваннямі. Пазней Чаплін у аўтабіяграфіі напісаў пра гэта шлюбе наступнае:

  Мілдрэд не была зллй, але яна была безнадзейна заалагічнай. Я ніколі не мог дабрацца да яе душы — яна была ў яе забітая нейкім ружовым рыззём і усякім глупствам.  

Літа Грэй правіць

Літа Грэй (Lita Grey, 1908—1995) — другая жонка Чапліна. Вяселле адбылося 26 лістапада 1924 года. Здымалася ў фільмах «Залатая ліхаманка», «Святочны клас», «Малы». У іх было двое сыноў: Чарлз Чаплін (малодшы) (1925—1968) і Сіднэй Эрл Чаплін (1926). Развяліся ў 1928 падчас здымак фільма «Цырк». Чаплін выплаціў Ліце $ 825,000 — рэкордную для таго часу суму, што стала прычынай расследавання падатковых органаў. Біёграф Чапліна Джойс Мілтан пісаў, што адносіны Чапліна і Літы Грэй сталі асновай рамана Набокава Лаліта.

Палет Гадар правіць

Актрыса Палет Гадар (1910—1990) і Чаплін былі ў блізкіх адносінах з 1932 па 1940 год. Вялікую частку гэтага часу Палет пражыла ў доме Чапліна. Здымалася ў галоўных ролях у фільмах «Новыя часы» і «Вялікі дыктатар». Пасля разрыву адносін у 1940 годзе яны заявілі, што таемна спалучаліся шлюбам у 1936 годзе. У канцы жыцця Палет таксама пераехала ў Швейцарыю. Яе мужам стаў пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк.

Уна О’Ніл правіць

Уна О'Ніл (13 мая 1925 — 27 верасня 1991) — дачка Юджына О’Ніла. Чацвёртая жонка Чапліна; была на 36 гадоў маладзейшай за яго. Пазнаёміліся, калі Чаплін шукаў актрысу для экранізацыі п’есы «Прывід і рэчаіснасць». Фільм не быў зняты. Уна заявіла, што не хоча кар’еры актрысы, а хоча прысвяціць сябе сям’і. Вяселле адбылося 16 чэрвеня 1943 года падчас працэсу аб прызнанні бацькоўства дзіцяці Джоан Бэры. Пасля шлюбу з Чапліным бацька Уны спыніў з ёю кантакты. У 1952 годзе Чаплін перад ад’ездам з ЗША выдаў Уне даверанасць на распараджэнне сваім банкаўскім рахункам. Пасля таго, як Чапліну закрылі ўезд у ЗША, Уна вывезла маёмасць Чапліна з ЗША. Пазней яна адмовілася ад грамадзянства ЗША.

О’Ніл і Чаплін мелі трох сыноў (Крыстафер, Юджын і Майкл) і пяцярых дачок (Джэральдзіна, Джозефін, Джоана, Вікторыя, Ганна-Эміль). Апошняе дзіця Уна нарадзіла, калі Чапліну было 73 гады.

Суд аб прызнанні бацькоўства правіць

У 1943 годзе Джаан Бэры (Joan Berry) падала пазоў у суд Каліфорніі аб прызнанні Чапліна бацькам яе дзіцяці. Аналіз крыві адназначна паказаў, што Чаплін не з’яўляецца бацькам. Але федэральныя ўлады ўсё ж прад’явіла Чапліну абвінавачванні ў парушэнні закона Мана. Закон Мана, або «Закон аб перавозцы белых рабоў» быў прыняты для барацьбы з прастытуцыяй. Пасля забароны публічных дамоў закон састарэў, але федэральныя ўлады карысталіся законам для расправы з палітычнымі праціўнікамі. Нават пасля абвяшчэння вынікаў аналізу крыві расследаванне не было спынена.

У сваёй біяграфіі Чаплін пісаў, што яму паказвалі звесткі аб тым, быццам Джаан Бэры выкарыстоўвалі нацысцкія арганізацыі для расправы з ім, але па патрабаванні адваката Чапліна гэтыя факты не абвяшчаліся на судзе.

У 1944 годзе судом прысяжных Чаплін быў прызнаны невінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання.

За судовага працэсу Чаплін працаваў над сцэнарыем фільма «Мсье Вэрдэ» амаль два гады, а на здымкі фільма сышло ўсяго тры месяцы.

Палітычная дзейнасць правіць

 
Чарлі Чаплін 4 чэрвеня 1918 года робіць прамову ў гонар гадавіны ўступлення ЗША ў Першую сусветную вайну.

У час Першай сусветнай вайны Чаплін па просьбе ўрада ЗША ўдзельнічаў у распаўсюдзе урадавых аблігацый. Разам з Мэры Пікфард і Дугласам Фэрбенксам Чаплін выступаў на спецыяльных мітынгах. Падчас Другой сусветнай вайны «Камітэт дапамогі Расіі ў вайне» ў Сан-Францыска запрасіў Чапліна выступіць на мітынгу, замест захварэлага Джозэфа Е. Дэвіса, былога амерыканскага амбасадара ў СССР. Сваю прамову Чаплін пачаў з звароту «Таварышы!» і заклікаў як мага хутчэй адкрыць другі фронт. Пасля гэтага выступу (праз прамоўленае слова «Таварышы») Чапліна сталі лічыць камуністам.

Федэральнае бюро расследаванняў завяло справу на Чапліна яшчэ ў 30-х гадах — пасля фільма «Новыя часы». Справа складалася з 1900 лістоў.

Падчас здымак фільма «Вялікі дыктатар» Чапліна папярэджвалі, што ў фільма будуць непрыемнасці з цэнзурай. Чапліна прасілі адмовіцца ад выпуску фільма, запэўніваючы, што ён ніколі не будзе паказаны ні ў Англіі, ні ў ЗША. Пасля нападу Германіі на СССР ціск «зверху» спыніўся, але сталі паступаць лісты ад гледачоў з пагрозамі. У некаторых з іх пагражалі, што ў кінатэатры, у якіх пачнуць паказваць «Дыктатара», будуць кідаць бомбы з душным газам і страляць у экран. Чаплін спрабаваў дамовіцца з лідарам прафсаюзаў партовых грузчыкаў аб ахове кінатэатраў.

Пасля выхаду «Дыктатара» на экраны нью-ёркская газета «Дэйлі ньюс» пісала, што «Чаплін тыкаў у гледачоў „камуністычным пальцам“». Нацысцкая прапаганда пачала называць Чапліна яўрэям. Камісія па расследаванні антыамерыканскай дзейнасці пачала расследаванне дзейнасці Чапліна, адным з пунктаў расследавання была яго нацыянальная прыналежнасць.

Пры мантажы фільма «Месье Вэрдэ» Чапліна выклікалі ў Вашынгтон на слуханні Камісіі па расследаванні антыамерыканскай дзейнасці, але пазней выклік адмянілі. З Галівуду выклікалі 19 чалавек. Тыя з іх, хто настойваў на сваіх грамадзянскіх правах, селі на год у турму за непавагу да камісіі.

Па адной версіі Чаплін, каб высмеяць Камісію па расследаванні антыамерыканскай дзейнасці, меў намер з’явіцца на слуханні ў сваім касцюме Валацугі. Таму Камісія адмяніла свой выклік. Але ў аўтабіяграфіі Чаплін пра гэта нічога не паведамляе.

Чаплін ніколі не быў грамадзянінам ЗША. Выпуск фільма «Мсье Вэрдэ» быў забаронены цэнзурай. Пасля дадатковага мантажу цэнзары ўсё ж дазволілі пракат фільма. Дэманстрацыя «Мсье Вэрдэ» суправаджалася ў Злучаных Штатах пратэстамі. У газетах пачалася траўля Чапліна. Акрамя абвінавачванняў у прыналежнасці да камуністаў дадаліся папрокі ў тым, што ён, пражываючы ў Злучаных Штатах, не жадае атрымаць грамадзянства ЗША. «Каталіцкі легіён» абвясціў байкот фільма, кінатэатры сталі адмаўляцца ад пракату «Мсье Вэрдэ». У газетах друкаваліся фатаграфіі пікетаў «Каталіцкага легіёну» з плакатамі «Прэч з нашай краіны чужынца», «Чаплін вельмі доўга загасцювався ў нас!», «Чаплін — няўдзячны! Ён прыхвасцень камуністаў!», «Выслаць Чапліна ў Расію!». Аднак, фільм быў намінаваны на атрыманне прэміі Оскар у катэгорыі «Лепшы сцэнарый».

У 1952 годзе Чаплін захацеў ненадоўга выехаць у Англію і пачаў прасіць у іміграцыйных службаў ЗША зваротную візу. Іміграцыйныя службы ЗША пачалі праводзіць уласнае расследаванне, якое працягвалася некалькі месяцаў, і выдалі Чапліну ўязную візу. Ужо на шляху ў Еўропу Чапліну паведамілі, што ўезд у ЗША яму зачынены, а для атрымання візы яму трэба будзе адказаць камісіі дэпартамента іміграцыі на шэраг абвінавачванняў палітычнага парадку, а таксама на абвінавачванні ў маральнай распушчанасці.

Праз тры гады пасля выезду Чапліна з ЗША Падатковы дэпартамент ЗША абклаў даходы, атрыманыя Чапліным ў Еўропе ад пракату фільма «Агні рампы» па 1955 год. Падатковы дэпартамент ЗША лічыў яго пастаянным жыхаром ЗША. Чаплін не змог звярнуцца да абароны амерыканскага суда, каб абараніць свае інтарэсы.

Сучаснікі і паслядоўнікі правіць

Нягледзячы на тое, што нямое кіно саступіла месца гукавому, акцёрская і рэжысёрская тэхніка Чапліна аказала значны ўплыў на многіх камічных акцёраў. Прыкметна гэты ўплыў прасочваецца ў творчасці французскага акцёра і рэжысёра Жака Таці, які здымаў гукавыя фільмы, шырока і з вялікім поспехам выкарыстоўваючы прыёмы нямога кіно (напрыклад, «Канікулы спадара Юло»).

Своеасаблівым паслядоўнікам Чапліна можна лічыць ганконскага акцёра і майстры баявых мастацтваў Джэкі Чана, які выкарыстоўвае выдасканаленую тэхніку трука для стварэння цэлых каскадаў камедыйных сітуацый.

У свой час (1926—1929 гг.) выбітны савецкі рэжысёр Аляксандр Даўжэнка напісаў сцэнарый «Цар» для Чарлі Чапліна, які быў сатырай на Мікалая Другога. Гэта трагікамічны фарс пра бессэнсоўнасць вайны, калі салдата, які ніколі не ваяваў, прысуджаюць да смяротнага пакарання, а затым пасмяротна ўзнагароджваюць. Адказа на прапанову Даўжэнка не атрымаў.

Таксама ў гэты час Даўжэнка піша іншы сцэнарый «Закінуты Чаплін», пра Чарлі Чапліна на незаселеным востараве. Аднак і гэты сцэнарый не быў увасоблены ў фільм.

Таксама ў падобным жанры (нямое кіно) дзеюць ўкраінскае творчае аб’яднанне Маскі (комік-трупа).

Фільмаграфія правіць

Чаплін часта, выконваючы эпізадычныя ролі (камеа) у сваіх фільмах, не з’яўляўся паказаны ў тытрах і з’яўляўся інкогніта, але яго заўсёды можна было пазнаць. У фільме «Парыжанка» ён нават у пачатку папярэджвае у тытрах, што сам у фільме не з’явіцца. У фільме «Графіня з Ганконга» ён паўстае ў ролі вельмі старога сцюарда.

Цікавыя факты правіць

  • Чаплін на чатыры дні старэйшы за Гітлера, якога спарадыраваў ў фільме «Вялікі дыктатар».
  • У Чапліна былі блакітныя вочы.
  • Чаплін быў леўшуном і нават на скрыпцы іграў левай рукой.
  • Першым аўтамабілем Чапліна быў раскошны хуткасны Locomobile за $ 4900 вытворчасці кампаніі Locomobile.
  • Любімым відам спорту Чапліна быў бокс. З Вірджыніяй Чэрыл (выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Агні вялікага горада») Чаплін пазнаёміўся на стадыёне падчас баксёрскага бою.
  • Улюбёным танцам Чапліна было танга. У фільме «Агні вялікага горада» ён «супаставіў» бой на рынгу з танго.
  • Чаплін на сваіх фільмах зарабіў каля $ 10.500.000.
  • Чаплін прадаў усе свае акцыі ў 1928 годзе, грунтуючыся на дадзеных пра беспрацоўе — да наступу Вялікай дэпрэсіі.
  • Падчас здымак фільмаў Чапліна адбыўся ўсяго адзін няшчасны выпадак. Траўму атрымаў сам Чаплін на здымках фільма «Ціхая вуліца».
  • Чаплін аднойчы інкогніта прымаў удзел у конкурсе двайнікоў Валацугі. Па адной версіі ён заняў у конкурсе другое месца, па іншай версіі — трэцяе.
  • Улюбёным комікам Чапліна быў Бэні Хіл. Калі Хіл ў 1991 годзе наведаў сям’ю Чапліна, яму паказалі вялікую калекцыю відэа з шоў Бэні Хіла, сабраную Чапліным.
  • У 20-х гадах персанаж Чапліна («маленькі чалавек») быў вядомы пад імем «Шарль».
  • У Расійскай імперыі фільмы Чапліна не карысталіся значным поспехам. Характэрнае выказванне пра іх, апублікаванае ў часопісе «Праектар»: «Чаплін далёка не камічны акцёр. Ён проста клоўн, проста той, хто атрымлівае аплявухі. <…> У нас у Расіі Чаплін не можа мець такога поспеху: ён вельмі грубы, вельмі прымітыўны, вельмі мала хупавы. <…> Такія комікі, як Макс Ліндэр, Прэнс, Паташон, нават Андрэ Дзід, нам непараўнальна бліжэй і зразумелей».

Памяць правіць

 
Помнік Чарлі Чапліну ў Лондане
  • Яго імя выбіта на Алеі Славы ў Галівудзе.
  • У гонар Чарлі Чапліна савецкім астраномам Людмілай Георгіеўнай Карачкінай названы астэроід 3623 Chaplin.
  • У швейцарскім горадзе Веве, дзе Чарлі Чаплін правёў апошнія гады свайго жыцця, ёсць статуя з яго выявай. Таксама ёсць рэпрадукцыя на Лейстэр-сквер у Лондане.
  • У музеі мадам Цюсо ёсць муляж вялікага акцёра.
  • Помнік Чарлі Чапліну пабудаваны таксама ў Вільяментыку, Канэктыкут.

Зноскі

  1. Weissman S. M. Chaplin: A Life (hardcover 4 ed.) — 1 — NYC: Arcade Publishing, 2008. — P. 118. — ISBN 978-1-55970-892-0
  2. а б Charlie Chaplin // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Robinson D. Chaplin: His Life and Art — 1985. — С. 10.
  4. Charles Chaplin // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. а б Weissman S. M. Chaplin: A Life (hardcover 4 ed.) — 1 — NYC: Arcade Publishing, 2008. — P. 10. — ISBN 978-1-55970-892-0
  6. а б Шур Г. Чаплін // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. Т. 17. — Мн., 2003.
  7. а б Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014.

Літаратура правіць

  • Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, 2014. 464 с.: іл. ISBN 978-0-929849-64-5
  • Кукаркин А. В. Чарли Чаплин. 2-е изд., дораб. и доп. — М.: «Искусство», 1988. — 287 с.
  • Садуль Ж. Чарли Чаплин. Пер. с франц. — М.: «Искусство», 1981. — 209 с.
  • Чаплін Ч. С. Моя біографія / Пер. з англ. І. Ф. Лещенко та ін. — К.: Мистецтво, 1989. — 446 с.
  • Шур Г. Чаплін // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
  • David Robinson Chaplin. His Life and Art — Collins, 1985
  • Charles Chaplin: My Life in Pictures. Bodley Head, 1974.
  • Alistair Cooke: Six Men. Harmondsworth, 1978.
  • S. Frind: Die Sprache als Propagandainstrument des Nationalsozialismus, in: Muttersprache, 76. Jg., 1966, S. 129—135. (ням.)
  • Georgia Hale, Charlie Chaplin: Intimate Close-Ups, edited by Heather Kiernan. Lanham: Scarecrow Press, 1995 and 1999. ISBN 157—886-0040 (1999 edition).
  • Victor Klemperer: LTI — Notizbuch eines Philologen. Leipzig: Reclam, 1990. ISBN 337—900-1252; Frankfurt am Main (19. A.) 2004 (ням.)
  • Charlie Chaplin at Keystone and Essanay: Dawn of the Tramp, Ted Okuda & David Maska. iUniverse, New York, 2005.
  • Chaplin: His Life and Art, David Robertson. McGraw-Hill, second edition 2001.
  • Chaplin: Genius of the Cinema, Jeffrey Vance. Abrams, New York, 2003.
  • Charlie Chaplin: A Photo Diary, Michel Comte & Sam Stourdze. Steidl, first edition, hardcover, 359pp, ISBN 388—243-7928, 2002.

Спасылкі правіць