Шанідар — пячора ў Іраку, у якой былі выяўленыя рэшткі неандэртальцаў. Прыкладны ўзрост знаходак 50—70 тысяч гадоў. Знаходзіцца ў Іракскім Курдыстане.

Шанідар
Каардынаты: 38°48′10″ пн. ш. 44°13′52″ у. д.HGЯO

У калектыўным пахаванні сталага мужчыны, дзвюх жанчын і дзіцяці захаваліся сляды подсцілу ці покрыва з кветак і ігліцы, якія характэрны для гэтай мясцовасці ў маі — пачатку чэрвеня. Гэта адкрыццё Ральфа Салецкі (Калумбійскі універсітэт) паўплывала на працэс «ачалавечвання» неандэртальца. У іншай шанідарскай магіле быў пахаваны мужчына-неандэрталец 45 гадоў (сталы па тым часам узрост), якому ў маладосці ампутавалі правую руку і які пазней атрымаў сур’ёзную траўму галавы. Абедзве гэтыя хваробы былі паспяхова вылечаны, што кажа аб высокім узроўні развіцця ведаў. Адметнай асаблівасцю шанідарскіх чэрапаў было тое, што надброўны валік не зрастаўся ў адну лінію, а ўтвараў нешта накшталт броваў[1].

У верхнім палеаліце тут жа з’явілася стаянка людзей сучаснага тыпу зарзійскай культуры, а ў эпоху протанеаліту (каля 9 тысяч гадоў да н. э.) — найстаражытнейшай земляробчай культуры — шанідар-карым-шахірскай.

Шанідар — пячора, з якой атрыманы цікавыя знаходкі пярэднеазіяцкіх неандэртальцаў. Знойдзены 9 шкілетаў неандэртальцаў, прычым многія са знойдзеных шкілетаў нясуць сляды цяжкіх паталогій — сляды хвароб і траўмаў. Людзі з такімі хваробамі не маглі б выжыць самастойна, што сведчыць аб развіцці ўзаемадапамогі ў калектыве неандэртальцаў. Было ўсталявана, што некаторыя неандэртальцы ў гэтай пячоры былі пахаваныя, а ў пахаванні Шанідар-IV была выяўленая незвычайна высокая канцэнтрацыя пылку кветак. Верагодна, магіла была проста засыпаная кветкамі. Гэта цікавы факт, бо ў дадзеным выпадку можна казаць аб адным з самых старажытных выпадкаў здзяйснення наўмыснага пахавання, якое суправаджаецца нейкім пахавальным абрадам[2].

Неандэртальскае насельніцтва Еўропы з паўночнашанідарскімі неандэртальцамі, якія прымыкаюць сюды, даволі аднастайна. Усе індывіды маюць арктычныя прапорцыі, акрамя Шанідар-IV, чый прамянёва-плечавы паказальнік, рэканструяваны, зрэшты, з магчымай хібнасцю, прыкметна ўхіляецца ў «трапічны» бок[3].

Даследаванні ў пячоры Шанідар, праведзеныя ў 1960 годзе пад кіраўніцтвам амерыканскага археолага Р. С. Салецкі, далі і першыя дакладныя звесткі аб мэтанакіраваным выкарыстанні першабытным чалавекам лекавых раслін. Косткі шкілета мужчыны Шанідар-I, які жыў прыкладна 45 тысяч гадоў таму, сведчаць аб сур’ёзным пашкоджанні латэральнай сценкі левай вачніцы (у выніку чаго гэты старажытны чалавек быў, па ўсёй верагоднасці, сляпы на левае вока); косткі яго левай ступні захавалі відавочныя сляды пералому з выяўленым артрытам яе суставаў; яго правая рука за шмат гадоў да смерці была ампутаваная вышэй за локаць (у выніку траўмы ці наўмысна), што прывяло да выяўленай дыстрафіі касцяной тканіны. Сцёртасць вонкавай часткі пярэдніх зубоў кажа аб тым, што, перажыўшы ампутацыю, гэты чалавек многія гады карыстаўся зубамі замест страчанай правай рукі. Будучы поўным калекай, ён жыў у калектыве суродзічаў, якія аказвалі яму паўсядзённую дапамогу, і памёр ва ўзросце каля 40 гадоў (што значна вышэй сярэдняй працягласці жыцця першабытных людзей).

Мужчына Шанідар-IV (каля 60 тысяч гадоў таму) быў пахаваны на ложку з галінак дрэў і лекавых кветак васьмі відаў. Сярод іх былі крываўнік (Achillea), цвінтарэй (Centaurium), старасцень (Senecio), эфедра (Ephedra), алтэя (Althaea) з сямейства мальвавыя (Malvaceae), расліна роду Muscary з сямейства лілейныя (Liliaceae) і іншыя. Усе яны і па гэты дзень растуць у Паўночным Іраку[4].

Зноскі

Спасылкі правіць