Шведскі патоп (польск.: Potop Szwedzki) — вайна Шведскай імперыі супраць Рэчы Паспалітай у 16551660 гадах. Вымусіла Рэч Паспалітую заключыць Віленскае перамір’е ў вайне з Маскоўскім царствам дзеля барацьбы супраць шведаў. Афіцыйна скончылася пасля падпісання перамір’е ў Аліве.

Шведскі патоп
Асноўны канфлікт: Паўстанне Хмяльніцкага, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654—1667, Паўночная вайна 1655—1660
Тэрыторыя Рэчы Паспалітай, занятая Швецыяй і Расіяй у лістападзе 1655 года
Дата 1655-1660
Месца Еўропа
Прычына паслабленне Рэчы Паспалітай, узмацненне Расіі
Вынік тэрытарыяльныя саступкі Рэчы Паспалітай Швецыі і Расіі, істотнае паслабленне Польшчы
Праціўнікі
Рэч Паспалітая

Саюзнікі:
Крымскае ханства
 Маскоўская дзяржава (1656-1658)
Данія-Нарвегія
Аўстрыя
Венгрыя
Брандэнбург-Прусія (з лістапада 1657)

Галандская рэспубліка

Швецыя
 Маскоўская дзяржава (1654—1656)

Саюзнікі:
Гетманшчына Войска Запарожскае (1657)

Вялікае Княства Літоўскае

Брандэнбург-Прусія (1656—1657)

Сяміграддзе

Малдаўскае княства

Валахія

Камандуючыя
Ян II Казімір Ваза
Станіслаў Патоцкі
Станіслаў Лянцкаронскі
Стэфан Чарнецкі
Карл X Густаў
Магнус Дэлагардзі
Арвід Вітэнберг
Густаў Левенгаўпт
Густаў Стэнбак
Карл Густаў Урангель
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадумовы і прычыны канфлікту правіць

Пасля адрачэння каралевы Крысціны (6 чэрвеня 1654), увосень 1654 года шведскі ўрад прыйшоў да высновы, што ён не можа далей пасіўна назіраць за развіццём поспеху расійскіх войскаў у Рэчы Паспалітай у час вайны 1654—1667 гадоў, і шведская дзяржава павінна ўмяшацца, але пытанне аб форме ўмяшання заставалася адкрытым.

У снежні 1654 года адбылося пасяджэнне шведскага рыксрада  (руск.), дзе было прынята рашэнне ўмяшацца ў падзеі. Адначасова, з мэтай перашкодзіць далейшаму ўмацаванню Расіі, члены рыксрада вырашылі заключыць саюз з саслабленай польска-літоўскай дзяржавай[1]. Паводле меркавання шведскіх кіруючых колаў, для заключэння саюза польскі кароль Ян II Казімір Ваза павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Лівонію, пагадзіцца на шведскі пратэктарат над Курляндыяй і на саступкі ў Каралеўскай Прусіі — гэта забяспечвала б ператварэнне Балтыйскага мора ў «шведскае возера», што дало б Швецыі поўны кантроль над гандлем у рэгіёне[2].

У выніку разгляда пытання было прынята рашэнне пачаць вайну і прызначаны час — вясна 1655 года. Станоўчы ўплыў на такое рашэнне аказвалі весткі пра тое, што частка магнатаў Рэчы Паспалітай шукае «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У Вялікім Княстве Літоўскам частка магнатаў ужо да канца 1654 года ўступіла ў перамовы са Швецыяй аб «пратэкцыі». У выступленнях некаторых членаў рыксрада была выказана гатовасць такую «пратэкцыю» аказаць[2].

Аднак, у Рэчы Паспалітай катэгарычным праціўнікам саюза са Швецыяй апынуўся кароль Ян Казімір. У студзені 1655 года пад ціскам сенатараў каралю прыйшлося адправіць у Швецыю свайго прадстаўніка, але паўнамоцтваў для заключэння саюза кароль яму не надаў. Наадварот, пасланец караля выступіў з патрабаваннем кампенсацый Яну Казіміру за адмову ад яго правоў на шведскі трон. Пазней шведскі кароль Карл X Густаў нават напісаў цару Аляксею Міхайлавічу, што польскі кароль «шукае… толькі нашай каралеўскай вялікасці ўсялякія шкоды і страты чыніць»[3].

Адначасова Швецыя не магла не звярнуць увагу на становішча, якое ўзнікла на расійска-літоўскіх франтах. Спробы літоўскіх гетманаў вярнуць занятыя расійскімі войскамі землі зімой-вясной 1655 года не прывялі да станоўчага выніку. Тым часам шведскі пасланец Удэ Эдла даставіў у Стакгольм пасланне ад цара Аляксея Міхайлавіча, у якім адзначалася, што цар аддаў загад зімаваць сваім войскам у Вязьме, для таго, каб увесну пачаць наступ на каронныя гарады Рэчы Паспалітай. У сувязі з гэтым, для Швецыі ўзнікала тэрміновая неабходнасць не ўступаючы ў адкрытае супрацьстаянне з Расіяй перашкодзіць развіццю яе поспехаў і паставіць пад свой кантроль стратэгічна важныя для Швецыі тэрыторыі[4].

У пачатку 1655 года ўзмацнілася актыўнасць розных кругоў польска-літоўскай знаці па пошуку «абароны» ў замежных кіраўнікоў. У 1655 годзе магнаты і шляхта Вялікай Польшчы звярнуліся з просьбай аб абароне да курфюрста Брандэнбурга Фрыдрыха Вільгельма  (руск.), а брандэнбургскі агент у Варшаве паведамляў, што прымас і шэраг сенатараў гатовыя бачыць курфюрста на польскім троне[5].

Увесну 1655 года ў актыўныя перамовы са Швецыяй уступіў вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл. Падчас перамоў ставілася пытанне аб абранні шведскага караля на трон Рэчы Паспалітай. Да лета 1655 года перамовы са шведскімі ўладамі пачаткаў і віленскі біскуп Юрый Тышкевіч. Усё гэта дапамагала стварыць уражанне, што сур'ёзнай вайны не будзе, а абяскроўленая Рэч Паспалітая сама прыме шведскі пратэктарат[6].

Да лета 1655 года быў гатовы план хуткай кампаніі. Удар планавалася нанесці з двух бакоў. На захадзе армія фельдмаршала Арвіда Вітэнберга  (руск.) павінна была са Шведскай Памераніі пачаць наступ на землі Вялікай Польшчы. Іншым кірункам павінны былі стаць землі Вялікага Княства Літоўскага і Інфлянтаў. Першай мэтай на гэтым кірунку быў захоп Дынабурга, які быў адным з галоўных цэнтраў Інфлянтаў і кантраляваў шляхі на Рыгу. Такая неабходнасць тлумачылася выхадам расійскіх войскаў да Заходняй Дзвіне. Для шведскіх інтарэсаў у рэгіёне ўзнікла неабходнасць не дапусціць заняцця гэтага горада расійскімі войскамі[7]. Пасля ўзяцця Дынабурга прадпісвалася выслаць войскі для ўзяцця Браслава. Новы генерал-губернатар Шведскай Лівоніі граф Магнус Дэлагарадзі павінен быў заняць усю поўнач Вялікага Княства Літоўскага з гарадамі Біржы і Коўна, асаблівая ўвага надавалася заняццю Жамойці, што забяспечвала набліжэнне шведскіх граніц да Усходняй Прусіі. Дэлагардзі атрымаў правы на заключэнне дагавора з гетманам Радзівілам і павінен быў размясціць шведскія гарнізоны ва ўсіх стратэгічна важных пунктах[8].

Ход вайны правіць

1655 год правіць

 
Аблога Яснай Гуры шведамі ў 1655 годзе. Карціна XVII стагоддзя.

Заваяванне шведамі Вялікай Польшчы правіць

21 ліпеня шведская армія (14 400 чалавек) фельдмаршала А. Вітэнберга, якая выступіла з Шчэціна яшчэ 5 ліпеня, перайшла польскую мяжу пад Чаплінкам і рушыла на Велікапольшчу. Разам з фельдмаршалам знаходзіўся былы каронны канцлер Еранім Радзяёўскі.

 
Эрык Дальберг. «Бітва пад Уйсцем»

Да таго часу ўрад Рэчы Паспалітай сабраў пад Уйсцем (на поўнач ад Познані) 17-тысячнае велікапольскае апалчэнне («паспалітае рушанне»). На чале польскага войска знаходзіліся вялікі падскарбі каронны Багуслаў Ляшчынскі, пазнаньскі ваявода Крыштаф Апалінскі і ваявода калішскі Анджэй Караль Грудзінскі.

24 ліпеня армія А. Вітэнберга захапіла пераправы цераз Нотаць, цалкам блакіраваўшы палякаў пад Уйсцем. 25 ліпеня велікапольскае апалчэнне, якое трапіла ў акружэнне і апынулася пад артылерыйскім абстрэлам, капітулявала. Шведскае камандаванне разам з былым канцлерам звярнуліся да сабранага польскім урадам паспалітага рушання Вялікай Польшчы з прапановай пачаць перамовы, на што адразу атрымалі згоду. Паводле падпісанага пагаднення магнаты і шляхта Вялікай Польшчы прызнавалі шведскага караля сваім пратэктарам і саступалі яму ўсе каралеўскія ўладанні і даходы. Ваявода пазнаньскі К. Апалінскі і ваявода калішскі А. Грудзінскі патаемна распачалі перамовы і склалі сепаратны дагавор са шведскім камандаваннем. Вялікапольшча (Пазнаньскае і Калішскае ваяводствы) перайшла пад уладу шведскага караля[9].

Пасля капітуляцыі велікапольскае паспалітае апалчэнне было распушчана. Шведская армія без бою ўступіла ўглыб Польшчы[10]. 31 ліпеня А. Вітэнберг без супраціўлення заняў горад Познань. Польскія магнаты і шляхта, незадаволеныя ўладай свайго караля Яна Казіміра, масава пераходзілі на бок шведаў. З Познані армія Вітэнберга рушыла пад Сьроду, дзе спынілася, чакаючы падыходу галоўных сіл на чале з каралём.

Баявыя дзеянні ў Вялікім Княстве Літоўскім правіць

На пачатку ліпеня маскоўскія войскі сканцэнтраваліся ў Менску і рушылі да сталіцы княства Вільні. Вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл і віленскі біскуп Юрый Тышкевіч накіравалі сваіх ганцоў да шведаў. 26 ліпеня да Магнуса Дэлагардзі прыбылі пасланцы ад гетмана, біскупа і паноў-рады, якія прасілі хутчэй накіраваць войскі ў Біржы і Вільню.

29-30 ліпеня праз Заходнюю Дзвіну пачалі перапраўляцца шведскія войскі фельдмаршала Густава Левенгаўпта. 1 жніўня Левенгаўпт атрымаў загад заняць усе землі княства, якія яшчэ не былі захопленыя маскоўскімі войскамі. Галоўная стаўка шведаў павінна была размясціцца ў крэпасці Радзівілаў на мяжы з Курляндыяй, адкуль шведскія войскі павінны былі выступіць на Біржы і Коўна. Біржы здаліся шведскай арміі без бою, аднак маскоўскія войскі 6 жніўня захапілі Коўна, а ўжо 8 жніўня штурмам авалодалі Вільняй[11]. Суперінтэндант лютэранскай царквы Вялікага Княства Літоўскага Ян Казімір Маліна пакінуў Вільню і пераехаў у Кёнігсберг, дзе выдаў кнігу "Разгром Літвы" (Excidium Lithuaniae).

Шведы пачалі ўмацоўвацца на захопленых тэрыторыях. Атрад капітана Уленброка заняў Браслаў, Іказнь і Друю[12].

Заваяванне Карлам X Густавам усёй Польшчы правіць

Пакінуўшы Стакгольм, Карл Х Густаў разам з войскамі 19 ліпеня высадзіўся ў памеранскім порце Вольгаст, 10 жніўня рушыў да польскай граніцы на чале другой арміі (12 400 чалавек) і 14 жніўня пад Тучнам перайшоў польскую мяжу. У Рагозне шведскага караля ўрачыста прынялі пазнаньскі і калішскі ваяводы, па просьбе якіх ён павінен быў зацвердзіць польска-шведскую дамову пад Уйсцем[13].

У Польшчы Карл X Густаў падзяліў сваю армію: кароль з часткай арміі рушыў на Конін і Кола, а генерал Густаў Ота Стэнбак з іншай часткай наступаў на Уйсце і Гнезна. У Коле войскі павінны былі злучыцца.

17 жніўня пад уладу шведскага караля перайшло Серадзскае ваяводства нача з ваяводам Янам Канецпольскім[13].

 
Юзаф Брант. «Паход шведаў да Кейданаў»

У той жа дзень у Вялікім Княстве Літоўскім Януш Радзівіл, які страціў надзею абараніць дзяржаву, падпісаў у Кейданах са шведамі пагадненне аб пераходзе ВКЛ пад шведскі пратэктарат.

18 жніўня 1655 года кароль Ян II Казімір з гвардыяй выправіўся з Варшавы ў Лэнчыцу, дзе стаяла польскае войска пад камандаваннем польнага кароннага гетмана Станіслава Лянцкаронскага. У Ловічы пачало збірацца шляхецкае апалчэнне з Куявіі і лэнчыцкай зямлі. Пад Лэнчыцай і Ловічам было згуртавана 10-тысячнае польскае войска.

24 жніўня пад Конінам Карл X Густаў злучыўся з арміяй А. Вітэнберга. 25 жніўня аб'яднаная шведская армія рушыла з Коніна на Кола, дзе да Карла Х Густава далучыўся корпус Г. Стэнбока. 27 жніўня 25-тысячная шведская армія пераправілася пад Колам праз раку Варту і 31 жніўня рушыла на Варшаву. 1 верасня Карл X Густаў заняў Кутна, дзе даведаўся пра збор Янам II Казімірам значных сіл пад Пёнткам, і рушыў супраць польскай арміі.

2 верасня ў бітве пад Саботай шведская армія караля Карла Х Густава, Г. Стэнбака і Магнуса Дэлагардзі нанесла паражэнне аб'яднаным сілам польскага войска і шляхты. У бітве найбольш вылучылася польская кавалерыя вялікага кароннага харунжага Аляксандра Канецпольскага, якая дзейнічала на баку шведаў. Польскі кароль Ян II Казімір з невялікімі сіламі вымушаны быў адступіць углыб краіны. 4 верасня шведы занялі Ловіч. Карл X Густаў з галоўнымі сіламі рушыў на Варшаву, выслаўшы ў пагоню за адступаючым польскім войскам 8-тысячны шведскі корпус фельдмаршала А. Вітэнберга. Ян II Казімір з 12-тысячным войскам пакінуў Варшаву і рушыў на Вольбуж.

8 верасня шведскі кароль Карл X Густаў без супраціўлення ўвайшоў у Варшаву, сталіцу Рэчы Паспалітай, але ўжо 11 верасня пакінуў горад і працягнуў сваё наступленне ў Польшчу. У Варшаве шведскі кароль пакінуў значны гарнізон на чале з Бенедыктам Оксешэрнам, а каля сталіцы застаўся шведскі корпус Г. Стэнбака. Ян II Казімір з польскім войскам адыходзіў ад шведскага авангарда ў Кракаў.

9 верасня кашталян кіеўскі Стэфан Чарнецкі разграміў у баі пад Іноўлуддзю  (польск.) шведскі атрад (500 рэйтараў, 200 чалавек загінула) з авангарда А. Вітэнберга. У адказ А. Вітэнберг захапіў і разрабаваў польскія гарады Іноўлудзь, Джэвіцу, Аджывул, а 12 верасня пасля кароткай аблогі ўзяў Апочну. Шведскі кароль, атрымаўшы данясенне пра канцэнтрацыю значных польскіх сіл пад Вольбужам, рушыў з галоўнымі сіламі услед за А. Вітэнбергам.

15 верасня Ян II Казімір з 11-тысячным войскам (6900 рэгулярнага войска і 3-4 тысячы паспалітага рушання) прыбыў у Жарнаў. 16 верасня ў бітве пад Жарнавам шведская армія (10-11 тысяч чалавек) Г. Стэнбака і Магнуса Дэлагардзі ўшчэнт разграміла войска караля Яна II Казіміра, які стаў хутка адступаць у Кракаў. У бітве палякі страцілі забітымі каля 1 тысячы чалавек, большая частка паспалітага рушання разбеглася. Пад Рушаніцамі шведы разбілі рэшткі польскага апалчэння. З рэштамі войска Ян II Казімір адступіў праз Улашчову, Жарновец на Кракаў. Адступленне караля прыкрываў польны каронны гетман Станіслаў Лянцкаронскі.

19 верасня 1655 года Ян II Казімір прыбыў у Кракаў. 25 верасня ён разам з жонкай і невялікай світай саноўнікаў выехаў з Кракава ў бок граніцы з Аўстрыяй. Сярод іх былі прымас Польшчы Анджэй Ляшчынскі, біскуп кракаўскі Пётр Гебіцкі, біскуп пазнаньскі князь Фларыян Чартарыйскі, біскуп вармійскі Вацлаў Ляшчынскі, ваявода пазнаньскі Ян Ляшчынскі, вялікі каронны канцлер Стэфан Карыцінскі і каронны падканцлер Анджэй Тшабіцкі. Ян II Казімір з'ехаў праз Войніч, Новы Вісніч і Новы Сонч у Сілезію, якая з'яўлялася уладаннямі Габсбургаў. Перад ад'ездам кароль Ян II Казімір прызначыў кашталяна кіеўскага Стэфана Чарнецкага камандзірам польскага гарнізона (2200 салдат і 2300 мясцовых жыхароў) у Кракаве.

У той жа дзень, 25 верасня, Кракаў аблажыла шведская армія (13-14 тысяч чалавек) на чале з каралём Карлам Х Густавам. Шведы шчыльна акружылі горад і пачалі яго абстрэл цяжкай артылерыяй. Нягледзячы на значную колькасную перавагу шведаў, гарнізон Кракава абараняўся каля месяца.

29 верасня вялікі каронны гетман Станіслаў «Рэвера» Патоцкі пацярпеў паражэнне ў бітве пад Гарадком ад сілаў аб'яднанай руска-казацкай арміі баярына Васіля Шарамецева і гетмана Войска Запарожскага Багдана Хмяльніцкага.

Польны каронны гетман Станіслаў Лянцкаронскі, прыкрываючы ўцёкі Яна Казіміра, з невялікім войскам рушыў з Кракава пад Тарнаў, дзе аб'яднаўся з харугвамі Станіслава Патоцкага. Карл Густаў даручыў працягваць аблогу Кракава А. Вітэнбергу і, пакінуўшы яму 8 тысяч чалавек, з галоўнымі сіламі выправіўся супраць С. Лянцкаронскага.

У канцы верасня 1655 года шведскі флот пад камандаваннем адмірала і фельдмаршала Карла Густава Урангеля ўвайшоў у Гданьскі заліў. Шведскі дэсант высадзіўся на беразе, захапіў польскі горад Хэль і рушыў на Пуцк. Але атрады ваяводы мальбаркскага Якуба Вейхера і шляхецкае апалчэнне паморскіх паветаў адбілі напад шведаў. Адначасова другая шведская армія генерала Генрыка Горна ўварвалася з Памераніі ў Каралеўскую Прусію і захапіла гарады Быдгашч, Члухаў і Тухоля, пасля чаго рушыла на Пуцк, аднак атака шведскага дэсанта да таго часу была ўжо адбіта. Генрых Горн з арміяй рушыў на поўдзень, каб аб'яднацца з галоўнымі сіламі на чале з каралём Карлам Х Густавам.

20-30 верасня пакінуты Карлам X Густавам у раёне Варшавы шведскі корпус Г. Стэнбака (8,5 тысяч чалавек) разбіў у баях пад Новым Двурам мазавецкае шляхецкае апалчэнне пад камандаваннем ваяводы плоцкага Яна Красінскага  (польск.) (8 тысяч чалавек). У выніку Мазовія падпарадкавалася ўладзе караля Швецыі.

3 кастрычніка ў бітве пад Войнічам шведская армія (5700 чалавек) Карла Х Густава разграміла польска-шляхецкае войска (6660 чалавек) Станіслава Лянцкаронскага. Гетман С. Лянцкаронскі ледзь не загінуў у баі. Рэшткі польскай войска адступілі ў Тарнаў, дзе здаліся шведскаму каралю. На службу да Карла Х Густава добраахвотна перайшлі польскія магнаты Аляксандр Канецпольскі, Дзмітрый Ежы Вішнявецкі і Ян Сабескі разам са сваімі надворнымі харугвамі.

 
Ёган Філіп Лемке. «Прысяга на вернасць шведскаму каралю пад Сандамірам». XVII ст.

6 кастрычніка шведскі кароль Карл Х Густаў вярнуўся з войскамі пад Кракаў. 17 кастрычніка Стэфан Чарнецкі, склаўшы выгоднае для палякаў перамір'е са шведскім каралём Карлам Х Густавам, капітуляваў і здаў горад. 19 кастрычніка С. Чарнецкі з невялікім польскім атрадам (1800 чалавек) пакінуў Кракаў, які занялі шведскія войскі. У той жа дзень Станіслаў Лянцкаронскі з рэшткамі сваёй дывізіі прысягнуў шведскаму каралю.

21 кастрычніка ваяводствы Кракаўскае, Сандамірскае, Кіеўскае, Рускае, Валынскае, Люблінскае і Белзскае прызналі вярхоўную ўладу шведскага караля. 28 кастрычніка вялікі каронны гетман і ваявода кіеўскі Станіслаў «Рэвера» Патоцкі з рэшткамі польскай войска пад Гарадком прынёс прысягу на вернасць каралю Швецыі.

У выніку шведская армія захапіла ўсю тэрыторыю карэннай Польшчы (Вялікую Польшчу, Мазовію і Малапольшчу). Шведскія гарнізоны былі размешчаны ва ўсіх буйных і важных польскіх гарадах і замках (Познань, Каліш, Гнезна, Варшава, Кракаў, Брэст-Куяўскі, Лэнчыца, Серадз, Інаўроцлаў, Рава, Плоцк, Люблін, Сандамір і інш.). Большасць польскіх магнатаў і шляхты прызнала ўладу шведскага караля Карла Х Густава. Поспехі шведскай арміі на тэрыторыі Польшчы вызначаліся ў капітулянцкай пазіцыі польскіх магнатаў і часткі шляхты, якая прызнала ўладу шведскага караля Карла Х Густава.

30 кастрычніка 1655 года кароль Карл Х Густаў з галоўнымі сіламі шведскай арміі пакінуў Кракаў і распачаў паход супраць польскай Прусіі, якая адмовілася падпарадкавацца шведскай уладзе. Разам са шведскім каралём выправілася 5-тысячная польская армія Аляксандра Канецпольскага. У Кракаве Карл Х Густаў пакінуў шведскі гарнізон на чале з генералам Паўлем Вірцам. Фельдмаршал Арвід Вітэнберг быў прызначаны губернатарам Малой Польшчы.

Ваявода паморскі Якуб Вейхер захаваў вернасць польскаму каралю Яну II Казіміру Вазу. Па загадзе Карла Х Густава 9-тысячная шведская армія пад камандаваннем Магнуса Дэлагардзі рушыла з Літвы ў Прусію.

29 верасня Магнус Дэлагардзі пераправіўся праз Нёман пад Вялёнай  (польск.) і ўступіў ва Усходнюю Прусію. Брандэнбургскі курфюрст і герцаг Прусіі Фрыдрых Вільгельм I Гогенцолерн, васал Рэчы Паспалітай, 12 лістапада 1655 года ў Рыньску  (польск.) склаў абарончы саюз з Польшчай і абавязаўся выправіць на дапамогу польскім ваяводам у Прусію 14-тысячную армію.

15 лістапада кароль Карл Х Густаў са шведскай арміяй і саюзнымі польскімі атрадамі прыбыў у Варшаву. Генерал Роберт Дуглас з 9-тысячным шведскім войскам быў адпраўлены каралём у Сандамір, каб прыняць прысягу на вернасць ад каронных войскаў гетмана Станіслава Патоцкага.

 
Францішак Кандратовіч. «Аблога Яснай Гуры»

18 лістапада 3-тысячны шведскі корпус генерал-лейтэнанта Бурхарда Мілера (Берхарда Мюлера) аблажыў Яснагурскі кляштар у Чэнстахове. Пад камандаваннем Мілера была 1 тысяча шведаў і 2 тысячы палякаў, але апошнія адмовіліся ўдзельнічаць у аблозе. Яснагурскі кляштар упарта абаранялі 170 жаўнераў, 20 шляхцічаў і 70 манахаў, якія адбілі ўсе штурмы шведаў.

 
Эрык Дальберг. «Аблога Торуні». 1697

19 лістапада шведскі корпус Густава Стэнбака, які рухаўся наперадзе асноўных сіл караля Карла Х Густава, узяў Чэрвіньск, затым Брадніцу. 26 лістапада Г. Стэнбак аблажыў буйны польскі горад Торунь, які капітуляваў 2 снежня. Каля Торуні з войскамі Г. Стэнбака аб'яднаўся Карл Х Густаў. Адначасова брандэнбургскія войскі сканцэнтраваліся пад Квідзынам, Ілавай і Паслэнкам, абараняючы граніцы Усходняй Прусіі. Г. Стэнбак з корпусам рушыў у Вармію і аблажыў крэпасці Грудзёндз і Эльблёнг.

22 снежня Эльблёнг здаўся шведам.

Узмацненне польскага супраціўлення правіць

16 снежня вялікі каронны гетман Станіслаў «Рэвера» Патоцкі з Сакаля заклікаў насельніцтва падняцца на ўсенародную барацьбу супраць шведскіх захопнікаў.

27 снежня Бурхард Мілер вымушаны быў зняць аблогу з Чэнстаховай. Гераічная абарона палякамі Яснагурскага кляштара вымусіла шведаў адступіць. Паражэнні шведаў спрыялі ўздыму маральнага духу насельніцтва Польшчы. У снежні ў Кракаўскім Падгор’і выбухнула сялянскае паўстанне супраць шведскіх акупантаў, якое неўзабаве пашырылася на ўсю Малую Польшчу. Яшчэ пад канец верасня партызанскія атрады польскіх сялян змагаліся са шведамі пад Мысляніцамі. 7 снежня 1655 года ў Падгор’і паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам Габрыэля Вайніловіча разбілі ў баі пад Кроснам шведскі атрад. 13 снежня польскія паўстанцы захапілі горад Новы Сонч. Іншыя шведскія атрады былі разбіты пад Жывецам. Партызаны адбілі ў шведаў замкі Лянцкароны і Піліцы.

Першым арганізатарам паўстання ў Кракаўскім ваяводстве стаў староста новакарчынскі Францішак Дэмбіцкі. Пасля ўзяцця Вялічкі і Вісніча паўстанцкі атрад Францішка Дэмбіцкага рушыў на Кракаў, аднак быў ушчэнт разбіты шведскім гарнізонам Паўля Вірца. Шведскія атрады былі выгнаны з Белай і Асвенціма.

У Вялікай Польшчы таксама пачалася партызанская барацьба супраць шведскіх акупантаў. 4 кастрычніка 1655 года староста бабімосцкі Крыштаф Жагоцкі разам з атрадам гарадскіх жыхароў разбіў невялікі шведскі гарнізон і адбіў горад Косцян каля Познані. Неўзабаве ў Вялікапольшчу ўступіў ваявода падляшскі Ян Пётр Апалінскі, які ўзначаліў узброеную барацьбу супраць шведскіх захопнікаў.

 
Валеры Эліяш-Радзікоўскі. «Заснаванне Тышавецкай канфедэрацыі»

29 снежня ў Тышоўцах вялікі каронны гетман Станіслаў Патоцкі і палявы каронны гетман Станіслаў Лянцкаронскі арганізавалі шляхецкую канфедэрацыю супраць шведскага караля[14].

31 снежня Тышавецкая канфедэрацыя выпусціла ўніверсал з абвяшчэннем узброенай барацьбы супраць шведаў. Польскія канфедэраты неаднаразова заклікалі выгнанага караля Яна Казіміра вярнуцца з Сілезіі ў Рэч Паспалітую, каб узначаліць барацьбу супраць шведскіх захопнікаў.

1656 год правіць

Уступленне Брандэнбурга ў вайну на баку Швецыі правіць

У студзені 1656 года шведскі кароль Карл Х Густаў, даведаўшыся пра вяртанне з Сілезіі Яна Казіміра Вазы і паўстанне ў Малапольшчы, на чале 7-тысячнай шведскай арміі пакінуў Прусію, распачаўшы новы паход супраць Польшчы. 3 студзеня здаліся польскія гарады Тчэў, Гнеў і Старогард. Амаль усе польскія замкі ў Каралеўскай Прусіі добраахвотна прызналі вярхоўную ўладу шведскага караля. Працягвалі абарону толькі Гданьск, Пуцк і Мальбарк. Курфюрст брандэнбургскі Фрыдрых Вільгельм, сабраўшы сваю армію і аб'яднаўшыся з атрадамі польскіх ваяводстваў Прусіі, на чале 15-тысячнага войска сустрэў шведска-польскія войскі на мяжы Рэчы Паспалітай і Прусіі. У шведскім нападзе на Прусію бралі ўдзел польскія харугвы Аляксандра Канецпольскага, Дзмітрыя Ежы Вішнявецкага і Яна Сабескага. Фрыдрых Вільгельм пацярпеў паражэнне і быў вымушаны пачаць мірныя перамовы са шведскім каралём. Тры шведскія арміі ўварваліся ў Прусію і падышлі да наваколляў Кёнігсберга.

17 студзеня ў Кёнігсбергу шведскі кароль Карл Х Густаў і брандэнбургскі маркграф Фрыдрых Вільгельм заключылі ваенна-палітычны саюз[15], паводле ўмоў якога Прусія прызнавала вярхоўную ўладу Швецыі і павінна была ўдзельнічаць у вайне супраць Рэчы Паспалітай. Прускі герцаг і брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм абавязваўся выслаць каралю Швецыі Карлу Х Густаву дапаможны брандэнбургскі корпус (1500 чалавек). Пасля падпісання трактата ў Кёнігсбергу Карл Х Густаў спыніў аблогу Гданьска і рушыў на поўдзень, каб здушыць народнае паўстанне ў Малапольшчы. У польскай Прусіі быў пакінуты корпус генерала Г. Стэнбака, які працягваў аблогу Марыенбурга (Мальбарка). Шведская армія сканцэнтравалася ў Ловічы, адкуль рушыла ў глыб Польшчы.

30 студзеня другая шведская армія Магнуса Дэлагардзі выступіла з Прусіі ў Жамойць.

Дзеянні новай польскай арміі правіць

Тым часам польскі кароль Ян II Казімір узімку 1656 года вярнуўся з аўстрыйскай Сілезіі ў Польшчу. 1 студзеня ён прыбыў у Любомль, 15-16 студзеня знаходзіўся ў Ланьцуце, а 10 лютага прыбыў у Львоў. Каля Львова пачало фарміравацца шляхецкае войска. На бок Яна Казіміра вярнуўся са сваімі атрадамі вялікі каронны гетман Станіслаў Патоцкі, польны каронны гетман Станіслаў Лянцкаронскі, вялікі каронны маршал Ежы Себасцьян Любамірскі і іншыя польскія магнаты і ваяводы. Пад Львовам пачалі збірацца шляхецкія апалчэнні Люблінскага, Белзскага і Валынскага ваяводстваў. Ян Казімір Ваза прызначыў Стэфана Чарнецкага галоўнакамандуючым сваёй арміі. З-пад Львова ў Кракаўскае і Сандамірскае ваяводствы былі высланыя харугвы на чале са Стэфанам Чарнецкім і Габрыэлем Вайніловічам для уздыма шляхты і простага насельніцтва на паўстанне супраць іншаземных захопнікаў. У Малой Польшчы паўстанцы пачалі разбіваць і знішчаць невялікія атрады шведскіх драгунаў. На ваенным савеце ў Кросне і Ланьцуце польскі кароль Ян Казімір пастанавіў збіраць польскія войскі пад Львовам.

17 студзеня Ян Казімір Ваза загадаў віцебскаму ваяводзе Паўлу Яну Сапегу, які стаяў з войскамі Вялікага княства Літоўскага у Берасці, падысці да Сандаміра, каб злучыцца з польскай арміяй. У Кракаўскае ваяводства быў выпраўлены палкоўнік Габрыэль Вайніловіч з двума палкамі, які разбіў некалькі дробных атрадаў шведаў і вызваліў горад Вісніч, а пад канец студзеня падышоў да Кракава.

1 лютага С. Чарнецкі з атрадам конніцы і драгунаў (2500 чалавек) пераправіўся праз Віслу і выправіўся ў Сандамірскае ваяводства, каб узняць мясцовую шляхту і насельніцтва на барацьбу супраць шведаў. Пры набліжэнні дывізіі С. Чарнецкага сандамірская шляхта ўтварыла канфедэрацыю і абвясціла пра збор паспалітага рушання.

 
Ёган Філіп Лемке. «Бітва пад Голамбам»

19 лютага 1656 года ў бітве пад Голамбам шведская армія (7,5—8 тысяч шведскай кавалерыі і 3 тысячы польскіх войскаў) пад камандаваннем Карла Х Густава разбіла польскую дывізію (2640 чалавек) С. Чарнецкага. Палякі страцілі забітымі каля 180 чалавек, шведы — 100-200 чалавек. Пасля паражэння С. Чарнецкі адступіў на Каньскаволю і Кураў.

Густаў Стэнбак заняў 24 лютага горад Марыенбург (Мальбарк), але польскі гарнізон працягваў абараняць гарадскі замак.

21 лютага 1656 года Карл Х Густаў захапіў Люблін і пакінуў у ім шведскі гарнізон. З Любліна Карл Х Густаў на чале шведскай арміі выступіў на Замосце, патрабуючы яго капітуляцыі. Вялікі каронны падчашы і староста калушскі Ян Замойскі, уладальнік Замосця, катэгарычна адмовіўся здавацца шведскай арміі. 25 лютага шведская кавалерыя пад камандаваннем генерала Роберта Дугласа падышла пад Замосце, а 27 лютага туды падышоў кароль з галоўнымі сіламі. Карл Х Густаў не жадаў марнаваць час на аблогу добра ўмацаванай крэпасці і выправіўся на Львоў. 1 сакавіка шведскі кароль зняў аблогу з Замосця і рушыў супраць польскага караля. Ідучы ад Замосця на Тамашаў, шведы спусташалі ўладанні Яна Замойскага.

На службе ў шведскага караля знаходзіліся польскія войскі (3 тысячы чалавек) пад камандаваннем Аляксандра Канецпольскага, Дзмітрыя Ежы Вішнявецкага і Яна Сабескага, якія знаходзіліся ў Мазовіі. Аднак у ноч з 23 на 24 лютага ўсе польскія харугвы перайшлі на бок польскага караля. 3-тысячнае польска-шляхецкае войска вялікага кароннага харунжага Аляксандра Канецпольскага, разбіваючы шведскія атрады, рушыла з Мазовіі на Львоў, дзе далучылася да Яна Казіміра. 6 сакавіка да Львова падышоў кашталян кіеўскі Стэфан Чарнецкі з 6-тысячнай дывізіяй. У Львове таксама збіралася шляхецкае апалчэнне. Вялікі каронны маршал Ежы Себасцьян Любамірскі сабраў пад Ланьцутам вялікія сілы, якія складаліся, галоўным чынам, з польскіх сялян, якім была абяцана ўзнагарода і вызваленне ад прыгону.

У пачатку сакавіка ў Львове з'явіўся перадавы літоўскі корпус (2—2,5 тысячы чалавек) польнага пісара літоўскага князя Аляксандра Палубінскага, высланы Паўлам Сапегам. Сам вялікі гетман літоўскі і ваявода віленскі Павел Сапега з літоўскім войскам (6-8 тысяч чалавек) рухаўся праз Падляшша на дапамогу польскім войскам. У першай палове сакавіка 1656 года пад Львовам ужо было сабрана 22—24-тысячнае польскае войска, якое складалася са шляхецкага апалчэння і добраахвотнікаў. Па загадзе караля Яна II Казіміра С. Чарнецкі з 6-тысячнай дывізіяй выступіў насустрач шведскай арміі і пачаў здзяйсняць раптоўныя і дзёрзкія напады на асобныя шведскія атрады.

Але яшчэ 3 сакавіка пад Бэлжцам шведскі кароль Карл Х Густаў змяніў свой план і замест Львова рушыў на Ярослаў. Неўзабаве ён атрымаў весткі пра тое, што польскі кароль змог сабраць пад сваім камандаваннем 22—24 тысячы чалавек, а вялікі гетман літоўскі і ваявода віленскі Павел Сапега на чале літоўскага войска рухаўся на Львоў на дапамогу польска-шляхецкай арміі. Тады Карл Х Густаў адвёў шведскую армію за раку Сан і 11 сакавіка заняў Ярослаў, разбіўшы польскія харугвы Ежы Себасцьяна Любамірскага, якія абаранялі пераправу цераз Сан.

Шведскі кароль двойчы спрабаваў захапіць суседні Перамышль, але быў разбіты. 15 сакавіка ў бітве пад Ярославам  (польск.) польскія палкі С. Чарнецкага нанеслі сур'ёзныя страты шведскай арміі.

У той жа дзень, 15 сакавіка шляхта ў Пазнаньскім і Калішскім ваяводствах стварыла сваю канфедэрацыю для барацьбы супраць шведаў.

 
Партрэт Стэфана Чарнецкага. 1659

19 сакавіка пад Ланьцутам Стэфан Чарнецкі і вялікі каронны маршал Ежы Себасцьян Любамірскі аб'ядналі свае дывізіі і вырашылі блакіраваць шведскую армію пад Ярославам. 22 сакавіка Карл Х Густаў са сваёй арміяй уздоўж рэк Сана і Віслы выступіў маршам на Варшаву. Ян II Казімір выслаў у пагоню за шведскай арміяй польскія войскі С. Чарнецкага і А. Канецпольскага. Ежы Себасцьян Любамірскі са сваёй дывізіяй рушыў да занятага шведамі Сандамір. 28 сакавіка ў баі пад Ніскам С. Чарнецкі нанёс цяжкія страты шведскай арміі, а 29 сакавіка вялікі літоўскі гетман Павел Сапега з літоўскім войскам размясціўся на рацэ Сан.

30 сакавіка шведскі кароль з арміяй дайшоў да Віслы і паспрабаваў пераправіцца на левы бераг пад Сандамірам, але горад быў ужо ўзяты палкамі пад камандаваннем Ежы-Себасцьяна Любамірскага, хоць шведскі гарнізон працягваў утрымліваць гарадскі замак. Тады шведы пабудавалі ўмацаваны лагер пад горадам. Неўзабаве 5-тысячная шведская армія была акружана аб'яднанымі польска-літоўскімі войскамі на чале з каралём Рэчы Паспалітай (каля 23 тысяч чалавек). У той жа дзень апошнія рэшткі польскіх войскаў на чале з польным каронным пісарам Янам Сапегам, якія знаходзіліся на шведскай службе, перайшлі на бок Яна Казіміра і далучыліся да дывізіі С. Чарнецкага. Шведскі кароль, акружаны польска-літоўскай арміяй, выслаў загад сваім военачальнікам, загадаўшы ім са свежымі сіламі ісці яму на дапамогу.

27 сакавіка з Варшавы на дапамогу Карлу Х Густаву пад Сандамір выступіў 3-тысячны шведскі корпус генерал-лейтэнанта маркграфа Фрыдрыха Бадэнскага[de]. Ян Казімір выслаў супраць Фрыдрыха Бадэнскага 6-тысячную дывізію пад камандаваннем С. Чарнецкага і Е. С. Любамірскага.

 
Бітва паміж Віслай і Санам каля Сандаміра

5 красавіка 1656 года Карл Х Густаў, атрымаўшы вестку пра адступленне польскіх дывізій С. Чарнецкага і Е. С. Любамірскага, пераправіўся цераз раку Сан, разграміў літоўскія харугвы і, вырваўшыся з акружэння пад Сандамірам, 13 красавіка заняў Варшаву. Вялікі гетман літоўскі Павел Сапега адступіў з войскам да Любліна, які заняўвызваліў ад шведаў 20 красавіка.

 
Стэфан Чарнецкі на чале польскіх войскаў у бітве пад Варкай

Адначасова 6 красавіка пад Казяніцамі польская дывізія С. Чарнецкага нечакана напала і разграміла ар'ергард корпуса Фрыдрыха Бадэнскага (300 чалавек). У баі шведы страцілі 240 забітымі і 32 параненымі. 7 красавіка 1656 года ў баі пад Варкай 6-тысячная польская армія пад камандаваннем С. Чарнецкага і Е. С. Любамірскага ўшчэнт разбіла галоўныя сілы Фрыдрыха Бадэнскага. Сам бадэнскі маркграф ратаваўся ўцёкамі ў Чэрск, а рэшткі шведскага корпуса адступілі да Варшавы. У бітве пад Варкай шведы страцілі каля 1500 чалавек забітымі і параненымі, а палякі — каля 100 забітымі і 100 параненымі. 9 красавіка 12-тысячнае польскае войска С. Чарнецкага і Е. С. Любамірскага рушыла ў паход на Велікапольшчу. 12 красавіка пад Ловічам палякі разбілі полк шведаў, які ахоўваў абозы для варшаўскага гарнізона. Шведы адступілі ў Ловіч. 17 красавіка палякі аблажылі Торунь, але не здолелі захапіць яго штурмам. Праз некалькі дзён былі ўзятыя польскія крэпасці Быдгашч і Накла.

У Велікапольшчы і Куявіі пачалося паўстанне супраць шведаў. У Вялікую Польшчу ўступіў ваявода падляшскі Пётр Апалінскі, які, узначаліўшы велікапольскае апалчэнне, пачаў разбіваць невялікія шведскія гарнізоны. 22 красавіка велікапольскае апалчэнне Пятра Апалінскага ўзяло Лешна і аблажыла Косцян.

17 красавіка Карл Х Густаў з 10-тысячнай арміяй рушыў з Варшавы ў Каралеўскую Прусію. Частка арміі на чале з малодшым братам Адольфам Ёганам  (шведск.) шведскі кароль накіраваў супраць польскага войска ў Вялікай Польшчы, а сам на чале 2-тысячнага корпуса рушыў на Каралеўскую Прусію. 28 красавіка войскі аб'ядналіся ў Торуні з корпусам Густава Стэнбака для аблогі і захопу Гданьска.

 
Ёган Філіп Лемке, Бітва пад Клэцкам, 7 мая 1656

С. Чарнецкі і Е. С. Любамірскі, злучыўшы свае дывізіі пад Пілай (10—12 тысяч конніцы і 4—5 тысяч шляхты), 4 мая рушылі на Велікапольшчу. Аднак 7 мая ў бітве пад Клэцкам, каля Гнезна, шведская армія (5 тысяч кавалерыі і 1000 пяхоты) пад камандаваннем прынца Адольфа Ёгана разбіла польскае войска. У бітве палякі страцілі забітымі тысячу чалавек, а шведы — каля пяцісот чалавек. Тым часам серадзская шляхта заняла гарады Баляславец і Серадз. Пасля свайго паражэння пад Клэцкам С. Чарнецкі і Е. С. Любамірскі сталі лагерам у Унееве, пад Лэнчыцай.

20 мая Стэфан Чарнецкі са сваёй дывізіяй рушыў з лагера ва Унееве на Быдгашч, а Ежы Себасцьян Любамірскі разам са шляхецкім апалчэннем неўзабаве выправіўся на Ловіч. Не маючы гармат, Е. С. Любамірскі адмовіўся ад аблогі Лэнчыцы. Каля Накла С. Чарнецкі злучыўся са шляхецкімі атрадамі мальбаркскага ваяводы Якуба Вейхера. Польскае войска заняла пазіцыі пад Кцыняй. Тым часам прынц Адольф Ёган адбіў у палякаў горад Быдгашч.

Карл Х Густаў, даведаўшыся пра набліжэнне С. Чарнецкага, зняў аблогу Гданьска і рушыў насустрач польскаму войску. 31 мая шведскі кароль з войскам прыбыў у Быдгашч, дзе злучыўся са сваім малодшым братам Адольфам Ёганам. 1 чэрвеня 1656 года ў бітве пад Кцыняй шведская армія пад камандаваннем караля Карла Х Густава разграміла дывізію С. Чарнецкага. Пасля перамогі пад Кцыняй Карл Х Густаў рушыў на Варшаву, дзе збіраліся галоўныя сілы польскага караля Яна II Казіміра. 7 чэрвеня па загадзе караля Карла Х Густава яго брат Адольф Ёган і фельдмаршал Карл Густаў Урангель з часткай войска рушылі з Торуні на Новы Двур, каб авалодаць пераправамі праз рэкі Нараў і Віслу. Тады ж Карл Х Густаў адправіў генерала Роберта Дугласа ў Пултуск, каб узмацніць шведскі гарнізон горада.

Аблога Варшавы палякамі правіць

Яшчэ пад канец красавіка 1656 года войскі вялікага гетмана літоўскага Паўла Сапегі аблажылі Варшаву, у якой знаходзіўся невялікі шведскі гарнізон пад камандаваннем фельдмаршала Арвіда Вітэнберга (1275 пяхоты і 1209 кавалерыі). У сярэдзіне мая пад Варшаву з Львова падышла каронная пяхота і артылерыя. 30 мая пад Варшавай з'явіўся кароль Ян II Казімір з дывізіяй каронных гетманаў Станіслава Патоцкага і Станіслава Лянцкаронскага. Польска-літоўскія войскі шчыльна акружылі Варшаву. У аблозе ўдзельнічала каля 28 тысяч кароннай арміі і 18 тысяч паспалітага рушання.

У ноч з 6 на 7 чэрвеня аб'яднаныя войскі падышлі да сцен сталіцы і раніцай пачалі моцны артылерыйскі абстрэл, які працягваўся ўвесь дзень да 8 чэрвеня. 8 чэрвеня польскія войскі (10 тысяч чалавек) распачалі першы генеральны штурм, які шведскі гарнізон з цяжкасцю адбіў. 9 чэрвеня да Варшавы падышоў С. Чарнецкі са сваёй дывізіяй.

27 чэрвеня ў польскі лагер пад Варшавай была прывезена цяжкая артылерыя з Замосця і Львова. 28 чэрвеня адбыўся другі генеральны штурм польскай сталіцы. Польскія войскі здолелі ўварвацца ў Варшаву, але зноў адкінутыя шведамі.

Ужо 29 чэрвеня А. Вітэнберг, бачачы безвыходнасць свайго становішча, вырашыў зацягнуць час і пачаў перамовы з польскім каралём Янам-Казімірам Вазам, просячы дазволу звязацца са шведскім каралём, але атрымаў катэгарычную адмову. Ян II Казімір патрабаваў безумоўнай капітуляцыі шведскага гарнізона. Палякі працягвалі артылерыйскі абстрэл. У ноч з 29 на 30 чэрвеня адбыўся трэці генеральны штурм сталіцы. Раніцай 30 чэрвеня А. Вітэнберг выправіў ганца з лістом да польскага караля Яна II Казіміра, просячы спыніць наступ і даць дзве гадзіны для пачатку мірных перамоваў.

Аднак перамовы завяршыліся безвынікова. А. Вітэнберг адмовіўся капітуляваць і спрабаваў цягнуць час, чакаючы дапамогі ад Карла Х Густава. У адказ палякі ўзнавілі абстрэл. 1 ліпеня Ян II Казімір арганізаваў чацвёрты генеральны штурм. Палякі ўварваліся ў горад 1 ліпеня 1656 года, шведскі гарнізон у Варшаве вымушаны быў капітуляваць[16].

Нягледзячы на капітуляцыю, па распараджэнні польскага караля Арвід Вітэнберг і іншыя шведскія камандзіры былі ўзятыя пад варту і выпраўлены ў крэпасць Замосце. Сярод палонных былі генерал-маёр Бенедыкт (Бенгт) Оксеншэрна, генерал-маёр Ёган Морыц Урангель, варшаўскі камендант Адам Вейхер, палкоўнікі Джордж Форгель і Людвіг Левенгаўпт  (шведск.). 2 ліпеня серадзскае шляхецкае апалчэнне вымусіла здацца шведскі гарнізон у Пётркаве.

Бітва пад Варшавай правіць

Шведскі кароль Карл Х Густаў уступіў у перамовы з брандэнбургскім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам, князем Трансільваніі Дзьёрдзем II Ракацы і запарожскім гетманам Багданам Хмяльніцкім супраць Рэчы Паспалітай. 25 чэрвеня 1656 года ў Мальбарку паміж шведскім каралём Карлам Х Густавам і Фрыдрыхам Вільгельмам, герцагам прускім і курфюрстам брандэнбургскім быў заключаны ваенны альянс супраць Рэчы Паспалітай. Карл Х Густаў перадаў у спадчыннае валоданне курфюрсту брандэнбургскаму Фрыдрыху Вільгельму Пазнаньскае, Калішскае, Серадзскае і Лэнчыцкае ваяводствы, Вармію і Вялюнскую зямлю. Шведскія гарнізоны пакінулі гэтыя ваяводствы, саступіўшы іх брандэнбургскім войскам.

Шведскі кароль Карл Х Густаў з 4-тысячным шведскім войскам падышоў да Паслэнка, дзе сустрэўся з курфюрстам брандэнбургскім Фрыдрыхам Вільгельмам, абмяркоўваючы планы ваеннай кампаніі супраць Рэчы Паспалітай. З Паслэнка кароль Карл Х Густаў заняў Брадніцу, адкуль 4 ліпеня рушыў у Брыньск  (польск.), дзе даведаўся пра капітуляцыю Варшавы. 8 ліпеня шведскі кароль злучыўся Новым Двуры з корпусам малодшага брата Адольфа Ёгана. Аб'яднаныя сілы складалі 10 тысяч чалавек.

10 ліпеня курфюрст брандэнбургскі Фрыдрых Вільгельм са сваёй арміяй рушыў з Кёнігсберга на злучэнне са шведскім каралём Карлам Х Густавам. 19 ліпеня Фрыдрых Вільгельм падышоў да шведскага лагера пад Новым Двурам. 27 ліпеня 1656 года ў Модліне шведскі кароль Карл Х Густаў і брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм аб'ядналі свае ваенныя сілы для супольнага паходу супраць Польшчы.

У канцы ліпеня аб'яднаная шведска-брандэнбургская армія (18 тысяч чалавек) Карла Х Густава і Фрыдрыха Вільгельма рушыла з Прусіі пад Варшаву. Шведаў было 9500 чалавек, а прусакоў — 8500 чалавек. Польскі кароль Ян II Казімір здолеў сабраць пад сталіцай вялікае польска-літоўскае войска (каля 37-40 тысяч чалавек).

 
Ёган Філіп Лемке. Карл X Густаў у сутычцы з польскімі татарамі ў бітве пад Варшава, 29 ліпеня 1656

28-30 ліпеня 1656 года ў трохдзённай бітве пад Варшавай 18-тысячная шведска-брандэнбургская армія разграміла польска-літоўскія войскі. У бітве шведы і брандэнбургцы мелі каля 7500 шведскай кавалерыі і драгунаў, 3000 шведскай пяхоты, 5000 нямецкай кавалерыі і драгунаў, 3500 нямецкай пяхоты і 47 гармат. Польска-літоўская армія налічвала каля 20 тысяч кавалерыі і драгунаў, 4 тысячы пяхоты, 2 тысячы татараў і 10 тысяч паспалітага рушэння. У трохдзённай бітве за Варшаву войска Рэчы Паспалітай страціла забітымі 2 тысячы чалавек, шведы і брандэнбургцы — 1 тысячу чалавек. 29 ліпеня падчас атакі літоўскай конніцы шведскіх пазіцый кароль Карл Х Густаў быў паранены літоўскім гусарам Якубам Кавалеўскім.

 
Эрык Дальберг. Другі дзень бітвы пад Варшавай

30 ліпеня на ваеннай нарадзе ў Варшаве было прынята рашэнне пакінуць сталіцу. Ян Казімір з пяхотай, невялікай часткай конніцы і паспалітым рушаннем пераправіўся на левы бераг ракі Віслы і пачаў адступаць да Любліна, дзе пачаў збіраць войскі. 3 жніўня шведскі кароль Карл Х Густаў і брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм на чале аб'яднанай арміі занялі Варшаву. Але Фрыдрых Вільгельм адмовіўся працягваць кампанію шведскага караля супраць Рэчы Паспалітай. Не маючы магчымасці працягваць паход уласнымі сіламі, Карл Х Густаў прапанаваў Яну II Казіміру заключыць мірны дагавор, але беспаспяхова. 26 жніўня Карл Х Густаў і Фрыдрых Вільгельм пакінулі разрабаваную саюзнымі войскамі Варшаву і выправіліся ў Прусію. У сталіцы быў пакінуты шведскі гарнізон.

Польскі кароль Ян Казімір арганізаваў у Любліне ваенную нараду, на якой было прынята рашэнне выслаць дывізію С. Чарнецкага для пераследу адступаючай шведска-брандэнбургскай арміі. Вялікі каронны гетман Ежы Себасцьян Любамірскі са сваёй дывізіяй быў выпраўлены з Любліна ў Кракаў, дзе знаходзіўся значны шведскі гарнізон (3500 чалавек). Войскі ВКЛ з часткай каронных сіл і 2-тысячным татарскім атрадам палявога гетмана ВКЛ Вінцэнта Гасеўскага рушылі ва Усходнюю Прусію, каб прымусіць Фрыдрыха Вільгельма адмовіцца ад саюза са шведскім каралём. Сам польскі кароль з галоўнымі сіламі польскай арміі павінен быў наступаць на польскую Прусію.

20 жніўня С. Чарнецкі са сваёй дывізіяй перайшоў раку Віслу пад Казімежам і рушыў на поўнач, пераследваючы шведска-брандэнбургскую армію. 24-25 жніўня пад Равай Мазавецкай і Ловічам ён разбіў шведскія атрады. 25 жніўня галоўныя сілы шведска-брандэнбургскай арміі, што стаялі пад Ловічам, пачалі адступаць у Каралеўскую Прусію. Шведскі кароль Карл Х Густаў са сваёй арміяй рушыў пад Гданьск, а брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм з войскам выступіў у Кёнігсберг. 1 верасня шведскі гарнізон пакінуў Варшаву.

Пасля адступлення шведска-брандэнбургскай арміі з-пад Варшавы велікапольскае апалчэнне на чале з ваяводам падляшскім Пётрам Апалінскім разбіла пад Сьрэмам шведскія атрады графа Вржэсавіча і вызваліла горад Каліш. , Каб вымусіць брандэнбургскага курфюрста адмовіцца ад саюзу са Швецыяй, у Прусію на пачатку кастрычніка 1656 года было выпраўлена 10-тысячнае войска ВКЛ пры падтрымцы 2 тысяч татараў В. Гасеўскага.

8 кастрычніка ў баі пад Просткамі 12-тысячнае войска В. Гасеўскага ўшчэнт разграміла пруска-шведскае войска (3500 рэйтараў і драгунаў, 800 кавалерыі Радзівіла, 3 тысячы пяхоты) генерала Георга Фрыдрыха Вальдэка і князя Багуслава Радзівіла. У баі брандэнбургцы і шведы страцілі забітымі 5,5 тысяч чалавек, а войска ВКЛ — 2-2,5 тысячы чалавек. Татары захапілі ў палон Багуслава Радзівіла. Пасля перамогі літоўскія і татарскія атрады пачалі спусташаць Прусію. Шведскі кароль выправіў на дапамогу Фрыдрыху Вільгельму шведскі корпус генерала Г. Стэнбака.

22 кастрычніка ў бітве пад Філіпавам[pl] 9-тысячная саюзная армія пад камандаваннем Г. Стэнбака і князя Георга Фрыдрыха Вальдэка разбілі войска В. Гасеўскага (8500 чалавек). Пасля паражэння В. Гасеўскі рушыў з Прусіі ў Падляшша, разграміўшы падчас адступлення шведскі полк. Курфюрст брандэнбургскі і герцаг Прусіі Фрыдрых Вільгельм прапанаваў В. Гасеўскаму спыніць ваенныя дзеянні і заключыць перамір'е. 8 лістапада 1656 года Фрыдрых Вільгельм і Вінцэнт Гасеўскі сустрэліся ў Вержбалове, дзе заключылі перамір'е. Паражэнне Рэчы Паспалітай у гэтай бітве істотна паўплывала на перамовы з Маскоўскім царствам, у выніку чаго было заключана Віленскае перамір'е.

У лістападзе 1656 года велікапольскае паспалітае рушанне ваяводы падляшскага Пятра Апалінскага ўварвалася ў Брандэнбург і спусташыла Новую Марку. Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм вымушаны быў пагадзіцца на заключэнне міру.

12 снежня з дазволу польскага караля Яна Казіміра ваявода падляшскі П. Апалінскі ў Суленціне заключыў перамір'е з прадстаўнікамі брандэнбургскага курфюрста. Фрыдрых Вільгельм Брандэнбургскі абяцаў разарваць ваенны саюз са шведскім каралём і згадзіўся вывесці свае гарнізоны з большасці польскіх гарадоў, пакінуўшы іх толькі ў Познані, Косцяне і Курніку.

У канцы верасня 1656 года Ян II Казімір з 20-тысячным шляхецкім войскам спыніўся пад Іноўлуддзю. 4 кастрычніка польская армія захапіла Лэнчыцу, якую абараняў тысячны шведска-брандэнбургскі гарнізон. З Лэнчыцы Ян Казімір з арміяй рушыў на Памор'е, вызваліўшы гарады Быдгашч і Хайніцы. 12 кастрычніка каронныя войскі польскага караля падышлі да Гданьска. Ян II Казімір планаваў паход на Тчэў і Грудзёндз, але польскае войска адмовілася працягваць барацьбу. Польскія жаўнеры узнялі бунт з-за нявыплаты грошай за службу і пачалі рабаваць ваколіцы Гданьска. Шляхецкае апалчэнне спынілася на зімняй кватэры ў Велікапольшчы. Пад Гданьскам з польскім каралём засталася толькі пяхота.

Пад канец 1656 года на тэрыторыі Рэчы Паспалітай шведы кантралявалі частку Каралеўскай Прусіі і Паўночнай Мазовіі, Тыкоцін і Райгруд у Падляшшы, Познань, Косцян і Курнік у Велікапольшчы, Ловіч і Кракаў.

20 лістапада 1656 года шведскі кароль Карл Х Густаў заключыў новую саюзную дамову з брандэнбургскім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам, прызнаўшы яго сюзерэнныя правы на Усходнюю Прусію.

Пад канец 1656 года польскі кароль, які застаўся з пяхотай у Гданьску, аказаўся ізаляваным ад астатняй Польшчы. Карл Х Густаў са сваёй арміяй знаходзіўся ў Мальбарку. Польская каралева і вялікая княгіня літоўская Людвіка-Марыя Ганзага, жонка Яна Казіміра Вазы, вырашыла ўз'яднацца са сваім мужам у Гданьску. Карл Х Густаў вырашыў захапіць у палон каралеву падчас паездкі ў Гданьск. Каралева папрасіла дапамогі ў Стэфана Чарнецкага, які са сваёй дывізіяй выправіўся з Пётркава. У Вольбужы С. Чарнецкі сустрэўся з каралевай Людвікай-Марыяй і паехаў разам з ёю ў Гданьск. У Хайніцах С. Чарнецкі аб'яднаўся з дывізіяй вялікага кароннага гетмана Станіслава «Рэверы» Патоцкага і Станіслава Лянцкаронскага.

Уначы 2-3 студзеня 1657 года 10-тысячнае польскае войска было атакавана шведскім атрадам кавалерыі (950 чалавек). Пры набліжэнні галоўных сіл шведскага караля да Хайніцаў польскія войскі адступілі ў Накла, а 7 студзеня ўвайшлі ў Грахолін, дзе пакінулі пад аховай каралеву. Станіслаў Патоцкі і Станіслаў Лянцкаронскі адмовіліся працягваць паход на Гданьск. Чарнецкі са сваёй дывізіяй вырашыў выратаваць польскага караля. 8 студзеня ён з лагера пад Кцыняй рушыў пад Гданьск на чале 6-тысячнага войска. Спачатку С. Чарнецкі накіраваўся маршам у Торунь, збіраючыся перайсці Віслу і напасці на Прусію. Карл Х Густаў, які знаходзіўся з войскамі пад Гданьскам, рушыў супраць С. Чарнецкага, каб перашкодзіць яму пераправіцца. Але С. Чарнецкі змог пераправіцца на левы бераг Віслы і рушыў на Быдгашч, адкуль выправіўся да Цяханаў. Кароль Карл Х Густаў з часткай шведскай арміі рушыў у Марыенбург, а фельдмаршал Густаў Стэнбак з галоўнымі сіламі павінен быў пераследваць дывізію С. Чарнецкага.

1 лютага пад Пшаснышам шведы дагналі палякаў, але С. Чарнецкі ўхіліўся ад бою і адступіў у Пултуск. Адтуль ён з 2-тысячным атрадам рушыў маршам наўпрост да Гданьска. 7 лютага С. Чарнецкі з атрадам увайшоў у Гданьск і 9 лютага вывез караля ў Каліш, адкуль Ян Казімір неўзабаве прыехаў у Чэнстахову.

1657 год правіць

У 1657 годзе ў вайну паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай умяшаўся князь Трансільваніі Дзёрдзь II Ракацы, саюзнік шведскага караля Карла Х Густава. Трансільванскі князь з 1648 года прэтэндаваў на польскі каралеўскі трон і вёў перамовы з запарожскім гетманам Багданам Хмяльніцкім аб стварэнні саюза супраць Рэчы Паспалітай. Багдан Хмяльніцкі, незадаволены заключэннем перамір'я паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай і спыненнем баявых дзеянняў, пачаў патаемныя перамовы са шведскім каралём Карлам Х Густавам і трансільванскім князем Дзьёрдзем Ракацы.

У снежні 1656 года ў трансільванскім горадзе Раднат паслы Хмяльніцкага заключылі сакрэтную дамову са Швецыяй, Брандэнбургам і Трансільваніяй.

У студзені 1657 года ў трансільванскім горадзе Шомашвары трансільванскі князь Дзьёрдзь Ракацы, паслы Карла Х Густава і Багдана Хмяльніцкага дамовіліся аб падзеле Рэчы Паспалітай. Дзьёрдзь II Ракацы павінен быў стаць каралём Рэчы Паспалітай, а таксама атрымаць значную частку яе тэрыторый: Малую Польшчу, Вялікае Княства Літоўскае, Мазовію, Падляшша і Берасцейшчыну. Шведскі кароль Карл Х Густаў атрымліваў Вялікую Польшчу, Каралеўскую Прусію, Лівонію, Курляндыю, Віленскае і Троцкае ваяводствы[17]. Сакрэтная дамова прадугледжвала стварэнне незалежнай гетманскай дзяржавы на абодвух берагах Дняпра, у якую б уваходзілі паўднёвыя і ўсходнія тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Саюзнікі дамовіліся аб супольных дзеяннях супраць Польшчы. Швецыя згадзілася прызнаць трансільванскага князя Дзёрдзя Ракацы каралём Рэчы Паспалітай, калі ён выступіць супраць польскай арміі. Шведскія і трансільванскія войскі павінны былі аб'яднацца паміж Кракавам і Варшавай.

Багдан Хмяльніцкі абяцаў Ракацы 12-тысячны дапаможны казацкі корпус, і на пачатку студзеня 1657 года мабілізаваў тры казацкія палкі, загадаўшы ім збірацца каля Белай Царквы. Наказным гетманам казацкага корпуса быў прызначаны кіеўскі палкоўнік Антон Ждановіч.

У канцы студзеня 1657 года трансільванскі князь Дзёрдзь II Ракацы на чале 25-тысячнай арміі, якая складалася з венграў (8-10 тысяч), немцаў, трансільванцаў, малдаван, сербаў і валахаў, пачаў уварванне ў Польшчу з Трансільваніі. Армія Дзёрдзя II Ракацы перайшла Карпацкія горы і ўступіла у Галіцыю, дзе паспрабавала захапіць Львоў, але няўдала. Адступіўшы ад Львова, армія Ракацы аблажыла і ўзяла Перамышль.

У лютым на поўдзень ад Львова Дзёрдзь Ракацы злучыўся з казацкім дапаможным корпусам Антона Ждановіча, але абложаны Львоў адмовіўся здавацца. Пасля ўступлення ў Рэч Паспалітую войскі Ракацы і Ждановіча актыўна спусташалі тэрыторыі краіны. У сакавіку войскі саюзнікаў рушылі на Кракаў, разрабаваўшы падчас паходу Малую Польшчу.

21 сакавіка Дзьёрдзь II Ракацы заняў горад Тарнаў. У Кракаве знаходзіўся пакінуты шведскім каралём гарнізон (2500 чалавек) генерал-маёра Паўля Вірца. Адначасова Кракаў трымала ў аблозе войска вялікага кароннага гетмана Любамірскага. Даведаўшыся пра набліжэнне да горада войска Дзьёрдзя Ракацы, Любамірскі зняў аблогу і адступіў. 29 сакавіка князь Дзьёрдзь II Ракацы з 5-тысячным авангардам уступіў у Кракаў, які цяпер пераходзіў пад яго вярхоўную ўладу.

Дзьёрдзь II Ракацы пакінуў у горадзе 2,5-тысячны гарнізон на чале з Янам Бетленам  (англ.). Далучыўшыся да трансільванскага князя, шведскі камендант Паўль Вірц з гарнізонам перайшоў у кракаўскі замак, а трансільванскі гарнізон размясціўся ў горадзе.

У студзені 1657 года кашталян кіеўскі Стэфан Чарнецкі з 6-тысячнай дывізіяй рушыў у Гданьск, блакаваны шведскай арміяй, каб вызваліць з акружэння польскага караля Яна Казіміра. Вялікі каронны гетман Станіслаў «Рэвера» Патоцкі са сваёй дывізіяй (3500 чалавек) выступіў у паўднёвыя раёны Польшчы, каб не прапусціць трансільванскага князя. 20 лютага Станіславаў «Рэвера» Патоцкі размясціўся са сваёй дывізіяй у Ярославе.

Станіслаў Патоцкі не здолеў супрацьстаяць значна большым сілам Дзьёрдзя Ракацы і пачаў адыходзіць на Янаў Любэльскі, дзе сутыкнуўся з атрадамі трансільванскага князя. У сутычцы пад вялікім каронным гетманам быў забіты конь, але Патоцкі ўнікнуў бітвы з галоўнымі сіламі Ракацы і рушыў праз Краснік, Ужэндаў, Бэлжыцы і Люблін на Лукаў. 29 красавіка пад Ласіцамі войска Патоцкага злучылася з войскам Паўла Яна Сапегі.

 
Эрык Дальберг. Злучэнне войскаў Карла Густава і Ракацы пад Цмелевам, 12 красавіка 1657

Даведаўшыся пра ўварванне свайго трансільванскага саюзніка Дзьёрдзя Ракацы ў польскія ўладанні, шведскі кароль Карл Х Густаў на чале сваёй арміі выступіў з Прусіі на Польшчу. 23 сакавіка Карл з арміяй выступіў з Торуні, каб злучыцца з Ракацы. 2 красавіка Карл заняў Пётркаў і рушыў маршам на Пшэдбуж, Янджэеў, Піньчаў і Цмелеў. З'явіўшыся 11 красавіка ў Цмелеве, 12 красавіка шведскі кароль Карл Х Густаў злучыў свае войскі з сіламі трансільванскага князя Ракацы.

 
Дзьёрдзь Ракацы ў Карла Густава пад Мадлібажыцамі

У сакавіку 1657 года польскі ўрад выправіў новае пасольства ў Вену, каб схіліць нямецкага імператара і аўстрыйскага эрцгерцага Леапольда І Габсбурга да заключэння ваеннага саюза супраць Швецыі. У чэрвені 1657 года быў заключаны ваенная дамова паміж Аўстрыяй і Рэччу Паспалітай, накіраваная супраць шведскага караля Карла Х Густава. Нямецкі імператар Леапольд выслаў на дапамогу польскаму каралю Яну-Казіміру 17-тысячную аўстрыйскую армію фельдмаршалаў Мельхіёра фон Гацфельта і Раймунда Монтэкуколі.

Тым часам шведы, трансільванцы і запарожскія казакі спусташалі Малую Польшчу. З Малапольшчы шведскі кароль Карл Х Густаў і трансільванскі князь Дзьёрдзь II Ракацы рушылі на Замасць, дзе сядзелі ў турме Арвід Вітэнберг і іншыя шведскія камандуючыя, захопленыя ў палон пасля капітуляцыі Варшавы ў 1656 годзе. Але ўладальнік крэпасці староста калушскі Ян Замойскі адмовіўся здацца і выдаць знатных шведскіх палонных. Саюзнікі адмовіліся ад аблогі добра ўмацаванай крэпасці і выправіліся пад Люблін. Карл Х Густаў і Дзьёрдзь II Ракацы захапілі горад і пакінулі ў ім свае гарнізоны.

З Любліна саюзнікі выступілі на Берасце. У Берасці знаходзіліся войска Рэчы Паспалітай вялікага кароннага гетмана Станіслава Патоцкага і вялікага гетмана літоўскага Паўла Яна Сапегі, якія чакалі падыходу дывізіі польнага гетмана літоўскага Вінцэнта Гасеўскага. Даведаўшыся пра з'яўленне аб'яднанага войска шведаў і трансільванцаў, Станіслаў Патоцкі і Павел Сапега адступілі ад Берасця, пакінуўшы ў горадзе невялікі гарнізон. Войска Сапегі адышло да Камянца у Падляшшы, а дывізія Патоцкага адступіла да Сандаміра.

 
Эрык Дальберг. Аблога Берасця

7 мая 1657 года польска-літоўскі гарнізон Берасця (700 чалавек) старосты берасцейскага Мельхіёра Савіцкага капітуляваў. Трансільванскі князь Дзёрдзь II Ракацы пакінуў у горадзе 600 чалавек. З Берасця шведскі кароль Карл Х Густаў і трансільванскі князь Дзёрдзь Ракацы выступілі на Мазовію і аблажылі Варшаву.

Варшаву абараняў гарнізон (1500—1800 чалавек) палкоўніка Эліяша Лонцкага. Польскі гарнізон адбіў тры штурмы, але 9 чэрвеня 1657 года сталіца капітулявала. Дзьёрдзь II Ракацы і Карл Х Густаў на чале саюзнай арміі ўвайшлі ў Варшаву. Горад быў разрабаваны і спалены, а шляхта, духавенства і гараджане перабіты. Падчас паходу шведска-трансільванскай арміі па польскай тэрыторыі 6-тысячнае войска Чарнецкага працягвала яго непакоіць раптоўнымі і дзёрзкімі нападамі. У сярэдзіне чэрвеня вялікі каронны маршалак Ежы-Себасцьян Любамірскі з 4-тысячнай дывізіяй уварваўся ў Трансільванію і спустошыў спадчынныя ўладанні князя Ракацы.

12 чэрвеня Карл Х Густаў разам са шведскай арміяй пад Варшавай аддзяліўся ад Дзёрдзя Ракацы і адступіў да Торуні. Падчас адступлення шведскія войскі разрабавалі некалькі польскіх гарадоў.

Карэнны пералом у вайне правіць

У чэрвені 1657 года ў вайну супраць Швецыі на баку Польшчы ўступіла Данія. Шведскі кароль Карл Х Густаў, даведаўшыся 20 чэрвеня пра абвяшчэнне вайны, не паведамляючы сваім саюзнікам пра свае планы, пачаў хутка выводзіць свае войскі з Польшчы, каб выступіць супраць Даніі. Першапачаткова Карл Х Густаў пакінуў на дапамогу трансільванскаму князю Дзьёрдзю Ракацы корпус фельдмаршала Г. Стэнбака. Аднак ужо 22 чэрвеня па каралеўскім загадзе корпус Стэнбака пакінуў Ракацы і рушыў з Польшчы ў Памеранію, каб у Шчэціне злучыцца са сваім каралём. Адначасова Карл Густаў вывеў войскі з Варшавы і іншых велікапольскіх гарадоў, накіраваўшы іх праз Куявію ў Памеранію, спусташаючы польскія землі. Ужо 1 ліпеня Карл быў каля Штэтына, а 18 ліпеня падыходзіў да гальштынскай мяжы. Пад канец ліпеня кароль заняў Ютландыю і накіраваўся ў Вісмар.

Адступленне трансільванцаў і казакоў правіць

Дзёрдзь II Ракацы і Антон Ждановіч, застаўшыся без падтрымкі шведскага караля, прынялі рашэнне хутка адыходзіць з Варшавы на Валынь і Падолле, каб сабраць там вялікае войска. У Ракацы заставалася 16 тысяч трансільванцаў і 6 тысяч казакаў.

Польскі кароль Ян-Казімір Ваза загадаў Стэфану Чарнецкаму, які са сваёй дывізіяй пераследваў корпус Г. Стэнбака, рушыць на Чэнстахову, дзе да яго далучыліся аўстрыйскія атрады[удакладніць] і літоўскія харугвы на чале з польным пісарам літоўскім князем Аляксандрам Палубінскім. Пад камандаваннем Стэфана Чарнецкага было сабрана 10-тысячнае войска. На ваенным савеце ў Ланьцуце 7-8 ліпеня было вырашана, што С. Чарнецкі са сваёй дывізіяй будзе пераследваць князя Дзьёрдзя Ракацы, а войскі Ежы-Себасцьяна Любамірскага і Станіслава Патоцкага не дазволяць трансільванскаму князю адступіць ў Трансільванію.

Тым часам трансільванцы і запарожскія казакі пераправіліся цераз раку Віслу пад Завіхастам.

Не чакаючы канца аблогі Львова, С. Чарнецкі разам са сваёй дывізіяй пагнаўся за адступаючымі сіламі Ракацы. 11 ліпеня пад Магеравам, на поўдзень ад Львова, Чарнецкі дагнаў Ракацы і напаў на яго. Спачатку авангард палякаў захапіў варожы абоз, які рухаўся без аховы за войскам. Ракацы выправіў свой ар'ергард супраць палякаў, якія былі разбіты і адступілі. Затым да Магерава падышоў С. Чарнецкі з галоўнымі сіламі і адразу ж напаў на трансільванцах і казакаў, вымусіўшы Ракацы адступіць да Жоўквы. Палякі атрымалі перамогу і разграмілі ар'ергард Ракацы, захапіўшы 2 тысячы вазоў.

12 ліпеня польская дывізія зноў дагнала Ракацы падчас пераправы цераз раку Полтву, загнаўшы значную частку яго сіл ў балота, шмат трансільванцаў патанула.

16 ліпеня пад Падгайцамі С. Чарнецкі злучыўся з дывізіяй вялікага кароннага гетмана Станіслава «Рэверы» Патоцкага  (польск.) і войскамі вялікага кароннага маршалка Ежы-Себасцьяна Любамірскага, які вярнуўся з Трансільваніі, спустошыўшы ўсе радавыя землі Дзёрдзя Ракацы.

За адступаючым трансільванскім князем таксама ішлі войскі Рэчы Паспалітай на чале з польным каронным гетманам Станіславам Лянцкаронскім і вялікім гетманам літоўскім Паўлам Сапегам.

Наказны гетман і кіеўскі палкоўнік Антон Ждановіч, які ўдзельнічаў у паходзе князя Ракацы, збіраўся і далей працягваць паход, але калі саюзнікі падышлі да Мэдзыбіжа, казакі, стомленыя ад вайны і прыгнечаныя няўдачамі, узбунтаваліся. Яны пачалі пагражаць смерцю Антону Ждановічу, калі той будзе прымушаць іх працягваць паход, у выніку казацкае войска пакінула Ракацы.

20 ліпеня пад Чорным Востравам  (укр.) польска-літоўскія войскі цалкам акружылі войска Дзёрдзя Ракацы.

22 ліпеня 1657 года Дзёрдзь II Ракацы быў вымушаны капітуляваць і падпісаў мірную дамову з Рэччу Паспалітай. Ён адмовіўся ад прэтэнзій на польскую карону, абяцаў выплаціць велізарную кантрыбуцыю Рэчы Паспалітай, а таксама абавязаўся вывесці свае гарнізоны з Берасця і Кракава.

Падчас вяртання ў Трансільванію Ракацы быў акружаны пад Скалатам войскам крымскага хана Мехмед-Гірэя. Ракацы паспрабаваў дамовіцца з крымскім ханам, але пасланец быў затрыманы. 31 ліпеня 1657 года трансільванскі князь паспрабаваў вырвацца з акружэння, але быў ушчэнт разбіты значна большымі сіламі крымскага хана. Ракацы здолеў вырвацца і вярнуцца ў Трансільванію з атрадам уласнай аховы ў 400 чалавек. Пасля ўцёкаў трансільванскага князя яго галоўны военачальнік Янаш Кемені ўзяў на сябе кіраўніцтва войскам. У бесперапынных баях з татарамі трансільванцы дабраліся да Вішняўчыка, за Церабоўляй, дзе абараняліся ў сваім абозе. Крымскія татары разбілі трансільванцаў, захапіўшы штурмам іх абоз. Падчас штурму загінула 500 чалавек, а 11 тысяч на чале з Янашам Кемені трапіла ў палон.

Для дапамогі польскаму каралю ў вайне супраць Швецыі ў жніўні 1657 года ў Польшчу ўступіла 17-тысячная аўстрыйская армія Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пад Кракавам аўстрыйцы злучыліся з войскам Ежы Себасцьяна Любамірскага, які займаўся аблогай горада. Даведаўшыся пра адступленне з Польшчы Дзёрдзя Ракацы, на Кракаў выступіў польскі кароль Ян Казімір Ваза. Польска-аўстрыйскія войскі аблажылі Кракаў, які абараняў шведскі гарнізон (каля 2500 чалавек) генерала Паўля Вірца і трансільванскі гарнізон (каля 2500 чалавек) канцлера Яна Бетлена.

Па загадзе Ракацы 4 жніўня трансільванскі гарнізон Яна Бетлена здаўся і 18 жніўня пакінуў Кракаў.

Барацьба супраць Швецыі і Брандэнбурга правіць

24 жніўня шведскі камендант Паўль Вірц здаў Кракаў каралю Рэчы Паспалітай, атрымаўшы права пакінуць горад разам з гарнізонам. 31 жніўня шведскі гарнізон пакінуў Кракаў і адышоў у Памеранію.

4 верасня 1657 года польскі кароль Ян Казімір Ваза на чале арміі ўрачыста ўвайшоў у Кракаў, а 28 верасня здаўся брандэнбургскі гарнізон у Познані, абложаны велікапольскім апалчэннем падляшскага ваяводы Пятра Апалінскага. Брандэнбургскія гарнізоны таксама пакінулі польскія гарады Косцян і Курнік.

Шведскія гарнізоны працягвалі ўтрымліваць частку Каралеўскай Прусіі з гарадамі Мальбарк, Эльблёнг, Штум, Брадніца, Гданьска Глова, Грудзёндз і Торунь. У Каралеўскай Прусіі (Памор'і) знаходзілася 8 тысячны корпус прынца Адольфа Ёгана Пфальц-Цвайбрукенскага, малодшага брата шведскага караля Карла Х. 26 лістапада 1657 года на ваеннай нарадзе ў Познані палякі вырашылі працягваць барацьбу супраць Швецыі да поўнага выгнання шведскіх войскаў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Польскі кароль Ян Казімір Ваза ўступіў у сакрэтныя перамовы з брандэнбургскім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам. 19 верасня 1657 года ў горадзе Велау быў заключаны польска-брандэнбургскі мірны дагавор  (ням.), паводле ўмоў якога кароль Рэчы Паспалітай адмаўляўся ад сваіх ленных правоў на Усходнюю Прусію на карысць Фрыдрыха Вільгельма.

6 лістапада 1657 года адбылася сустрэча польскага караля Яна Казіміра Вазы і брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма Гогенцолерна ў Быдгашчы. Польшча і Брандэнбург заключылі саюзны дагавор, накіраваны супраць Швецыі. Ян Казімір Ваза адмовіўся ад ленных правоў на Усходнюю (Княжацкую) Прусію на карысць курфюрста брандэнбургскага Фрыдрыха Вільгельма і яго дзяцей. Пры нападзе ворага на Рэч Паспалітую курфюрст Фрыдрых Вільгельм павінен быў выслаць на дапамогу палякам 6-тысячную дапаможную армію. Польскі кароль Ян-Казімір перадаў у спадчыннае валоданне свайму саюзніку тры памежныя польскія гарады Драхім, Лембарк і Бытаў з ваколіцамі.

11 верасня пасля капітуляцыі Кракава 15-тысячная аўстрыйская армія выправілася ў Паўночную Польшчу і пад канец верасня стала лагерам у Плоцку. Польскі кароль Ян-Казімір запатрабаваў, каб аўстрыйскія саюзнікі пачалі аблогу Торуні. Аднак аўстрыйскае камандаванне не спяшалася выступаць у Торунь, а зімой адвяло войскі на зімовыя кватэры ў Велікапольшчы.

Пад канец верасня 1657 года ваявода Стэфан Чарнецкі, не ведаючы пра заключэнне польска-брандэнбургскага саюзнага дагавора, рушыў з 4-тысячным польскім войскам з Кракава ў Велікапольшчу. Адтуль Стэфан Чарнецкі са сваёй дывізіяй уварваўся ў Новую марку, якая належала брандэнбургскаму курфюрсту Фрыдрыху Вільгельму. За 10 дзён польскія атрады цалкам спустошылі і выпалілі тэрыторыю Новай Маркі.

23 кастрычніка С. Чарнецкі з 5-тысячным войскам са свайго лагера ва Уйсці выправіўся ў паход праз землі Новай Маркі ў шведскую Памеранію. С. Чарнецкі пераправіўся праз Одэр і праз Пазевальк рушыў на Шчэцін. Падчас паходу палякі спусташалі шведскія ўладанні і аблажылі горад Ікермюндэ, але не здолелі яго ўзяць. Войскі Чарнецкага спустошылі і разрабавалі ваколіцы Шчэціна, пасля чаго 12 лістапада вярнуліся з Памераніі ў Польшчу.

У кастрычніку 1657 года польны гетман літоўскі Вінцэнт Корвін-Гасеўскі разам з 5-тысячнай дывізіяй уварваўся з Жамойці ў Лівонію. Літоўскія харугвы ўзялі Кірхгольм і акружылі Рыгу. Аблажыўшы горад, войскі ВКЛ разрабавалі яго ваколіцы. Да лета 1658 года літоўскія атрады занялі Гельмет, Вольмар і Роненбург і іншыя гарады ў Лівоніі.

1658 год правіць

 
Аблога Торуні ў 1658 годзе

Улетку 1658 года палякі і аўстрыйцы аднавілі баявыя дзеянні ў Каралеўскай Прусіі. 2 ліпеня 1658 года да Торуні падышоў аўстрыйскі корпус (3650 чалавек) і аблажыў горад. Торунь абараняў шведскі гарнізон (2420 чалавек) генерал-маёра Бартальда фон Бюлава  (ням.). 26 ліпеня пасля артылерыйскага абстрэлу аўстрыйскія войскі пачалі штурм і захапілі гарадскія прадмесці. 1 жніўня да аблогі далучыўся 3-тысячны польскі корпус генерала артылерыі Крыштафа Градзіцкага  (укр.). Неўзабаве прыйшоў полк кавалерыі польнага кароннага пісарчука Яна Сапегі (1000 чалавек), а таксама дывізія С. Чарнецкага (4 тысячы конніцы). На дапамогу аўстрыйцам і палякам з Прусіі рушылі брандэнбургскія сілы на чале з князем Багуславам Радзівілам. У верасні пад Торунь падышлі польскія атрады, якія ўзначальваў новы польны каронны гетман Ежы-Себасцьян Любамірскі. Пад Торунню сабралася 18 700 палякаў і 4600 аўстрыйцаў. У кастрычніку пачаўся моцны артылерыйскі абстрэл горада. У ноч з 16 на 17 лістапада саюзнікі пачалі генеральны штурм і захапілі 3 бастыёны. 30 снежня шведскі гарнізон у Торуні капітуляваў. Падчас аблогі Торуні шведскі гарнізон страціў забітымі і параненымі 1200 чалавек, а саюзнікі — 1800 чалавек, у тым ліку 1500 палякаў.

Падчас аблогі Торуні 3-тысячная польская конніца А. Канецпольскага ўварвалася ў Каралеўскую Прусію, якую кантралявалі шведы. Палякі блакіравалі шведскія гарнізоны ў Мальбарку, Штуме, Грудзёндзе і Брадніцы. Разам з польскімі харугвамі ў Каралеўскай Прусіі дзейнічалі брандэнбургскія войскі Багуслава Радзівіла.

Пасля ўзяцця Торуні ў студзені 1659 года большая частка польскай арміі вярнулася ў Польшчу. У Каралеўскай Прусіі застаўся толькі корпус Крыштафа Грудзінскага (5780 чалавек). Неўзабаве Градзіцкі адвёў свае сілы на зімовыя кватэры ў Куявію. Ва Усходняй Прусіі знаходзілася 7200 брандэнбургцаў.

У 1658 годзе з-за непазбежнасці ўзнаўлення вайны з Маскоўскім царствам польскі ўрад вырашыў выправіць значныя сілы (30 тысяч чалавек) у Вялікае княства Літоўскае і на тэрыторыю Украіны. Войска вялікага гетмана літоўскага Паўла Яна Сапегі рушыла ў Вялікае княства Літоўскае, польскія войскі вялікага кароннага гетмана Станіслава Патоцкага і польнага кароннага гетмана Ежы-Себасцьяна Любамірскага выступілі на Украіну. У Каралеўскай Прусіі былі пакінуты значныя сілы: 3-тысячны корпус К. Градзіцкага, полк польнага кароннага пісарчука Яна Сапегі і дывізія С. Чарнецкага (3 тысячы конніцы і драгунаў), брандэнбургскія палкі пад кіраўніцтвам прускага губернатара князя-магната Багуслава Радзівіла і аўстрыйцы. Польны гетман літоўскі Вінцэнт Гасеўскі з дывізіяй (каля 5000 чалавек) ваяваў са шведамі ў Ліфляндыі.

Шведскі кароль імкнуўся разарваць ваенны саюз брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма з Рэччу Паспалітай. 17 чэрвеня 1658 года шведскія войскі высадзіліся на Балтыйскай касе ва Усходняй Прусіі, але пацярпелі паразу.

Пад канец лета 1658 года шведскі кароль Карл X Густаў распачаў новы паход супраць дацкага караля Фрэдэрыка III, які, атрымаўшы дапамогу ад Галандыі, адмовіўся выконваць умовы мірнай дамовы. На чале 10-тысячнай арміі Карл Х Густаў высадзіўся на дацкіх астравах. 9 жніўня шведскія войскі зноў з'явіліся пад сценамі Капенгагена, а шведскі флот адмірала Карла Густава Урангеля блакіраваў сталіцу Даніі з мора. Капенгаген абараняла 7500 чалавек.

У верасні 1658 года на дапамогу Даніі выступіла аўстрыйская армія (10 600 чалавек) фельдмаршала Раймунда Монтэкуколі, брандэнбургская армія (14 500 чалавек) курфюрста Фрыдрыха Вільгельма і польская дывізія (4500 чалавек) С. Чарнецкага. Аб'яднаныя сілы (29 600 чалавек) на чале з Р. Монтэкуколі пад канец верасня перайшла Одэр і выступіла праз шведскую Памеранію і Мекленбург на Ютландыю.

24 верасня С. Чарнецкі з дывізіяй пераправіўся праз Одэр і 16 кастрычніка ўступіў у Шлезвіг. Саюзнікі ўварваліся ў Гальштынію і занялі Ютландскі паўвостраў, не здолеўшы, аднак, захапіць крэпасць Фрэдэрыксодэ. На дапамогу Капенгагену прыйшла нідэрландская эскадра пад камандаваннем адмірала Якаба ван Васенара. 29 кастрычніка 1658 года ў марской бітве ў праліве Зунд нідэрландскі флот (35 караблёў) разбіў шведскі флот (45 караблёў). Шведскі адмірал, граф Карл Густаў Урангель, страціўшы пяць караблёў, адступіў у Ландскруне. Нідэрландская эскадра неўзабаве блакіравала шведскі флот у порце Ландскруне, і аблога Капенгагена з боку мора скончылася.

Шведскі кароль апынуўся ў цяжкім становішчы, бо шведская армія апынулася заблакаваная на дацкіх астравах. З'яўленне нідэрландскай флатыліі вымусіла яго зняць аблогу Капенгагена і адступіць ва ўмацаваны лагер каля дацкай сталіцы.

Услед за дывізіяй Чарнецкага польскі ўрад выправіў у Данію польскія атрады Пятра Яна Апалінскага і Крыштафа Жагоцкага. 23-25 снежня тысячны польскі атрад (500 чалавек конніцы і 500 пяхоты) Чарнецкага аблажыў і ўзяў штурмам Кольдынг, разграміўшы 2-тысячны шведскі гарнізон. Кароль Швецыі Карл X Густаў паспрабаваў вярнуць крэпасць Кольдынг, але палякі адбілі напад шведскага дэсанта.

1659 год правіць

У лютым 1659 года шведскі кароль распачаў новы паход на Капенгаген. У ноч на 12 лютага шведы штурмавалі дацкую сталіцу, але не дамагліся поспеху, бо абаронцы горада ведалі пра прыступ і здолелі да яго добра падрыхтавацца.

Тым часам брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм, які прыняў на сябе галоўнае камандаванне саюзнымі войскамі, да вясны падрыхтаваў высадку моцнага дэсанту на дацкія астравы. Саюзнікі сабраліся каля Фленсбурга, куды прыйшло шмат транспартных караблёў. Курфюрст Фрыдрых Вільгельм чакаў толькі падыходу цяпер ужо саюзнага галандска-дацкага флоту для прыкрыцця дэсантнай экспедыцыі ад шведскіх войскаў. Шведскі флот выправіўся да Фленсбурга, каб знішчыць дэсантныя карабелі саюзнікаў.

Але на поўдзень ад вострава Лангелана адбыўся бой шведскага флоту са значна мацнейшым галандска-дацкім флотам. Шведскі флот адступіў, страціўшы два караблі. Тады кароль Карл X Густаў загадаў сканцэнтраваць свой ваенны флот каля берагоў Памераніі і перайсці да актыўных дзеянняў. На пачатку красавіка шведская эскадра блакіравала саюзны галандска-дацкі флот у Фленсбург-фіёрдзе, дазволіўшы шведам атрымаць поўны кантроль над Балтыйскім морам.

Карл X Густаў вырашыў скарыстацца перамогай шведскага флоту. Шведскія войскі занялі дацкія астравы Лолан і Фальстэр. Нідэрландскі флот, большая частка якога знаходзілася пад Капенгагенам, вырашыў перакрыць шляхі паміж астравамі Даніі.

Але галандскі адмірал Якаб ван Васенар быў вымушаны адмовіцца ад задуманага плана. У красавіку 1659 года ў праліў Зунд увайшла англійская эскадра (60 караблёў) адмірала Эдварда Мантэг'ю. Нягледзячы на гэта, нідэрландскі флот выправіўся на дапамогу нідэрландска-дацкай эскадры, блакаванай шведскім флотам у Фленсбург-фіёрдзе. У бітве 30 красавіка нідэрландцы вымусілі шведскую эскадру адступіць у Ландскруну. Неўзабаве да берагоў Даніі дайшла другая галандская эскадра адмірала Міхаэля дэ Руйтэра.

У маі 1659 года брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм узнавіў баявыя дзеянні супраць шведскіх войскаў. 17 мая была захоплена дацкая крэпасць Фрэдэрыксодэ, якую абараняў шведскі гарнізон. Саюзнікі захапілі дацкі востраў Фенэ[удакладніць], але спроба высадзіцца на востраве Фіёнія скончылася правалам, саюзнікі страцілі амаль усе транспартныя караблі. З-за небяспечнага становішча шведаў на востраве Фіёнія Карл X Густаў выклікаў з Ландскруны шведскі флот з дэсантам. Дэсант быў паспяхова высаджаны, а шведскі флот пасля сустрэчы з нідэрландцамі, якія не адважыліся ў прысутнасці англійскай флатыліі атакаваць шведаў, вярнуўся ў Ландскруну.

Фрыдрых Вільгельм Брандэнбургскі падрыхтаваў новую дэсантную аперацыю на востраў Фіёнія. Даведаўшыся пра гэта, шведскі кароль выслаў з Ландскруны эскадру. Каля вострава Зеландыя адбыўся марскі бой, у якім шведы спалілі усе судны саюзнікаў. Пасля гэтага шведскія караблі напалі на порт Орхус і патапілі яшчэ 30 караблёў.

У жніўні 1659 года Карл X Густаў канчаткова адмовіўся ад пасрэдніцтва еўрапейскіх дзяржаў у вайне, і англійскі флот пакінуў Данію. Гэта дазволіла нідэрландцам правесці шырокую дэсантную аперацыі ў розных месцах Даніі. 24 верасня каля горада Нюбарга адбылася бітва, у якой 5-тысячная шведская армія пацярпела паражэнне. Саюзнікі захапілі востраў Фіёнія.

У студзені 1659 года Карл X Густаў і шведскае камандаванне распрацавалі план наступлення з двух бакоў на Каралеўскую і Княжацкую Прусію. З захаду павінен быў наступаць генерал-лейтэнант Паўль Вірц разам з корпусам са Шчэціна. З ім павінны былі злучыцца сілы шведскіх гарнізонаў з Мальбарка і Эльблёнга на чале з прынцам Адольфам Ёганам Пфальц-Цвайбрукенскім. З усходу павінен быў наступаць фельдмаршал Роберт Дуглас, які разам са сваім атрадам павінен быў прайсці праз Жамойць і Усходнюю Прусію. Шведскае ўварванне ва Усходнюю Прусію і спусташэнне яе тэрыторыі павінны былі прымусіць брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма заключыць сепаратны мір са Швецыяй.

У студзені 1659 года генерал-губернатар Памераніі Паўль Вірц сабраў у Дэбжне 2 тысячы рэйтараў і выступіў на Польшчу. Адначасова атрад прынца Адольфа Ёгана (1500 кавалерыі і 700—800 пяхоты) рушыў з Мальбарка. На пачатку лютага прынц Адольф Ёган пасля кароткай аблогі захапіў штурмам і спалі Хайніцы. Пад Чарнэ П. Вірц злучыўся з Адольфам Ёганам. 9-10 лютага шведы трымалі ў аблозе Члухава, але польскі гарнізон пры падтрымцы жыхароў горада і сялян з ваколіц здолеў адбіць усе напады. Пасля няўдалай аблогі Чхулава шведы захапілі гарады Свецце і Хэлмна і уварваліся ва Усходнюю Прусію, дзе захапілі Квідзын, Залева, Мілакова і Моранг. Адтуль атрад Адольфа Ёгана вярнуўся ў Мальбарк, узяўшы падчас вяртання Тчэў. Але атрад Вірца заставаўся ў Прусіі.

На дапамогу брандэнбуржцам з Торуні рушыў польскі атрад магістра артылерыі Кшыштафа Градзіцкага  (польск.). Корпус Паўля Вірца быў вымушаны адступіць з Прусіі ў Памеранію.

У жніўні 1659 года вялікае польскае войска (12 600 чалавек) польнага кароннага гетмана Ежы Себасцьяна Любамірскага выправілася ў паход ў Каралеўскую Прусію. 28 жніўня польскія палкі аблажылі і захапілі штурмам Грудзёндз, пасля чаго прымусілі здацца шведскі гарнізон у гарадскім замку.

У жніўні таго ж года 30-тысячнае аб'яднанае аўстра-брандэнбургскае войска распачало новы паход супраць шведскай Памераніі. 4 верасня дывізія Чарнецкага пачала вяртацца з Даніі і 20 кастрычніка вярнулася ў Польшчу, размясціўшыся на зімовых кватэрах ў Велікапольшчы. Польска-брандэнбургскія войскі блакіравалі шведскія гарнізоны ў прускіх замках Глова, Брадніца, Мальбарк, Эльблёнг. 22 снежня 1659 года шведскі гарнізон у Глове капітуляваў, пасля капітуляцыі Глова здалася крэпасць Брадніца. Польскія войскі аблажылі добра ўмацаваныя замкі Мальбарк і Эльблёнг, але шведы абаранялі іх да канца вайны.

Вайна ў Курляндыі правіць

18 мая 1659 года ў Курляндыі абозны літоўскі Самуіл Камароўскі  (польск.), які ўзначаліў дывізію левага крыла пасля захопу ў палон Гасеўскага, разграміў у бітве пад Шкудамі шведскае войска фельдмаршала Роберта Дугласа.

У жніўні пасля аблогі Камароўскі ўзяў горад Кулдыгу. У верасні-кастрычніку 1659 года літоўскія харугвы Аляксандра Палубінскага занялі курляндскія гарады Віндаву і Шкрунду. 24 лістапада 1659 года вялікі абозны літоўскі Міхаіл Пац, які ўзначаліў дывізію пасля заўчаснай смерці Камароўскага, аблажыў Мітаву, сталіцу Курляндыі. Шведскі гарнізон у Мітаве капітуляваў 8 студзеня 1660 года. Пасля гэтага Міхаіл Пац аблажыў горад Баўск, але да канца вайны так і не здолеў яго ўзяць.

Пасля паражэння і высадкі саюзных войскаў у Даніі шведскі кароль Карл X Густаў вымушаны быў пачаць мірныя перамовы са сваімі праціўнікамі — Даніяй, Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Брандэнбургам і Рэччу Паспалітай.

1660 год правіць

13 лютага 1660 года 37-гадовы Карл X Густаў, захварэўшы на ліхаманку, памёр у Гётэбаргу. 23 лютага новым каралём Швецыі стаў 4-гадовы Карл XI (1660-1697), адзіны сын і спадчыннік Карла Х Густава. Краінай з-за непаўналецця караля кіраваў рэгенцкі савет пад кіраўніцтвам Магнуса Дэлагардзі.

3 мая 1660 года ў Аліўскім кляштары, пад Гданьскам, пасля доўгіх перамоваў была заключана Аліўская мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай, Аўстрыяй і Брандэнбургам, з аднаго боку, і Швецыяй, з іншага. На перамовах шведскую дэлегацыю ўзначальваў граф Бенгт (Бенедыкт) Оксеншэрна, прызначаны канцлерам, а таксама лівонскі генерал-губернатар граф Магнус Дэлагардзі. На чале польска-літоўскай дэлегацыі стаялі вялікі каронны канцлер Мікалай Пражмоўскі, вялікі літоўскі канцлер Крыштаф Жыгімонт Пац, ваявода пазнаньскі Ян Ляшчынскі, рэферэндар каронны Ян Морштын, надворны каронны падскарбі Уладзіслаў Рэй і староста гнезненскі Ян Гнінскі.

Паводле ўмоў Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмаўляўся ад прэтэнзій на шведскую карону. За Швецыяй былі замацаваны Эстонія і большая частка Лівоніі, акрамя Курляндыі, якая засталася ў васальнай залежнасці ад Рэчы Паспалітай, і Інфлянтаў. Польшча і Швецыя пацвердзілі незалежнасць Прусіі ад Рэчы Паспалітай.

Вынікі і наступствы правіць

Адным з найважнейшых вынікаў вайны са Швецыяй было поўнае згортванне рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай і выгнанне з краіны пратэстантаў, якія да таго на працягу паўтары стагоддзяў адагрывалі выключна важную ролю ў асвеце і культуры.

Шведскі патоп у літаратуры і кіно правіць

Польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч паклаў падзеі данага перыяду ў аснову гістарычнага рамана «Патоп» (1886 г.), зрабіўшы акцэнт на вызваленчай барацьбе польскага народа супраць шведскіх захопнікаў. У 1974 годзе польскі рэжысёр Ежы Гофман зняў па кнізе аднайменны фільм.[18]

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Флоря Б. Н. 2010, С. 17.
  2. а б Флоря Б. Н. 2010, С. 18.
  3. Флоря Б. Н. 2010, С. 18−19.
  4. Флоря Б. Н. 2010, С. 19.
  5. Kubala L. Wojna szwecka w roku 1655 і 1656. — Lwyw, 1914. — С. 52.
  6. Флоря Б. Н. 2010, С. 19−20.
  7. Флоря Б. Н. 2010, С. 20−21.
  8. Флоря Б. Н. 2010, С. 23.
  9. Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 144−145.
  10. Флоря Б. Н. 2010, С. 23−24.
  11. Флоря Б. Н. 2010, С. 24-25.
  12. Флоря Б. Н. 2010, С. 26.
  13. а б Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 148.
  14. Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 166.
  15. Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 171.
  16. Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 173.
  17. Павлищев Н. И. 1887, Т. 2., С. 200.
  18. Potop на сайце «Internet Movie Database» (англ.)

Літаратура правіць

  • Флоря Б. Н. Русское государство и его западные соседи (1655-1661 гг.). — М.: Индрик, 2010. — ISBN 978-5-91674-082-0.
  • Павлищев Н. И. Польская анархия при Яне Казимире и война за Украину. — СПб., 1887.
  • Заборовский Л. В. Россия, Речь Посполитая и Швеция в середине XVII в. Из истории международных отношений в Восточной и Юго-Восточной Европе — м, 1981.
  • Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655−1656 гг.) Ин-т славяноведения и балканистики РАН — м: «Наука», 1994. — ISBN 5-02-010078-1.
  • Изборник: Самійло ВЕЛИЧКО «ЛІТОПИС» (1648−1702)

Спасылкі правіць