Шкаплер Маці Божай з гары Кармель

каталіцкая сакраменталія, а таксама частка габіта кармелітаў

Шкаплер Маці Божай з гары Кармель (таксама вядомы як карычневы шкаплер) — шкаплер, які з’яўляецца часткай габіта кармелітаў і босых кармелітаў, прычым абодва гэтыя ордэны вызнаюць Маці Божую з гары Кармель за сваю апякунку[1]. У сваёй паменшанай форме карычневы шкаплер шырока папулярны ў лацінскіх абрадах Каталіцкай Царквы як персанальны рэлігійны атрыбут, прычым, імаверна, ён служыў прататыпам усіх іншых шкаплераў, якія выкарыстоўваюцца вернікамі ў якасці сакраменталій. Успамін Маці Божай з гары Кармель, які адзначаецца ў Рымска-Каталіцкай Царкве 16 ліпеня, сярод вернікаў асацыюецца таксама і з карычневым шкаплерам.

Статуя Маці Божай з гары Кармель у Чылі з карычневым шкаплерам

Паводле Ватыканскай Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакраментаў, карычневы шкаплер — гэта «знешні знак сыноўскіх адносін паміж Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, Маці і Каралевай гары Кармель, і вернікамі, якія цалкам аддаюць сябе пад Яе абарону, якія звяртаюцца па Яе мацярынскае заступніцтва, якія памятаюць пра першынство духоўнага жыцця і патрэбу ў малітве»[2].

Гісторыя правіць

Па сваім паходжанні, як практычная вопратка, шкаплер быў адным з відаў працоўнага фартуха, які часта выкарыстоўваўся манахамі і складаўся з вялікіх кавалкаў тканіны спераду і ззаду, злучаных на плячах. Ён з’яўляецца часткай габіта некаторых рэлігійных ордэнаў, у тым ліку, братоў Найсвяцейшай Дзевы Марыі з гары Кармель, кармелітаў. Мяркуецца, што першыя пустэльнікі-кармеліты, якія жылі на гары Кармель на Святой Зямлі ў XII стагоддзі, насілі падпаясаную туніку і паласатую мантыю, характэрную для паломнікаў; калі кармеліты пераехалі ў Еўропу ў сярэдзіне XIII стагоддзя і сталі ўбогім ордэнам, яны прынялі новы габіт, які меў у складзе карычневую падпаясаную туніку, карычневы шкаплер, капюшон (які называецца капюшам) і белую мантыю[3].

У Сярэднявеччы габіт быў вельмі важнай часткай ідэнтыфікацыі членаў рэлігійных ордэнаў. Адмова ад габіта была раўназначна выхаду з ордэна[3]. Канстытуцыя кармелітаў 1369 года прадугледжвала аўтаматычную экскамуніку для кармелітаў, якія адпраўлялі Імшу без шкаплера, а канстытуцыі 1324 і 1294 гадоў лічылі сур’ёзнай правінай сон без шкаплера[4].

Паводле айца Х’ю Кларка OCarm, «вытокі адданасці шкаплеру можна знайсці ў жаданнях свецкіх людзей Сярэднявечча быць цесна звязанымі з ордэнам кармелітаў і яго духоўнасцю»[5]. Было агульнай нормай тое, што свецкія, якія належалі да канфрэрый, садаліцый або трэціх ордэнаў, звязаных з манаскімі ордэнамі, насілі пэўны знак прыналежнасці, найчасцей, частку габіта: напрыклад, шнур, плашч ці шкаплер. На працягу часткі сваёй гісторыі свецкія вернікі, якія жылі кармеліцкай духоўнасцю і былі звязаныя з кармелітамі, насілі белую мантыю (такую ж самую, як у братоў) або нават габіт[3]. Маленькі карычневы шкаплер і абяцанне Марыі аб збаўленні для яго ўладальніка пачалі распаўсюджвацца сярод свецкіх у той форме, якую мы ведаем сёння, па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Джавані Батысты Росі, генеральнага прыёра кармелітаў у 15641578 гады[6].

 
Босыя кармеліткі з Аргенціны ў карычневых шкаплерах

Паведамляецца, што кармеліцкі шкаплер быў вельмі распаўсюджаны ў еўрапейскіх краінах у канцы XVI стагоддзя[7]. У 1600 годзе кармеліт Эгідыя Леаіндэліката да Шака выдаў кнігу пад назвай «Кармеліцкі сад» (італ.: Giardino Carmelitano), якая ўключала формулы блаславенняў для Братоў і Сясцёр Таварыства Маці Божай з гары Кармель (італ.: Fratelli e Sorelle della Compagnia della Madonna del Carmine) ― свецкіх вернікаў, якія атрымалі поўны габіт ордэна, ― і формулу блаславення шкаплера для Пасвячоных Кармеліцкага Таварыства (італ.: Devoti della Compagnia Carmelitana). Верагодна, гэта самая ранняя захаваная форма блаславення малога шкаплера. Варта адзначыць, што формула для сясцёр не ўтрымлівае ніводнага прыгадвання шкаплера, калі для братоў існуе асобны чын яго блаславення[8].

Паводле каталіцкага традыцыйнага пабожнага падання, Найсвяцейшая Дзева Марыя з’явілася ў Кембрыджы Святому Сымону Стоку, які быў генеральным прыёрам ордэна кармелітаў у сярэдзіне XIII стагоддзя[9]. Самая ранняя задакументаваная згадка гэтай гісторыі датуецца канцом XIV стагоддзя, у ёй паведамляецца што «Святы Сымон быў англічанінам, чалавекам вялікай святасці і адданасці, які заўсёды ў сваіх малітвах прасіў Дзеву адарыць яго ордэн нейкай асаблівай прывілеяй. Дзева з’явілася яму, трымаючы ў руцэ шкаплер і кажучы: „Гэта прывілея для цябе і тваіх; той, хто памрэ ў ёй, будзе збаўлены“».

У некаторых крыніцах паведамляецца, што апісанае аб’яўленне Дзевы Марыі адбылося ў 1251 годзе[10], але да канца XIV стагоддзя (гэта значыць, амаль 150 гадоў) яно не згадвалася ў біяграфічных і агіяграфічных нарысах пра жыццё і цуды Святога Сымона Стока. Крыніцы тых часоў, якія апісвалі гісторыю кармеліцкага габіта ці дыскусіі вакол ордэнскага статута, не згадвалі і, магчыма, і не імкнуліся нейкім чынам падкрэсліць пабожнае паданне аб тым, што Найсвяцейшая Дзева дала шкаплер кармелітам. Вядомыя кармеліцкія пісьменнікі, якія жылі ў першую палову XIV стагоддзя, як, напрыклад, Джон Бэйканторп, не прыгадвалі асаблівым чынам шкаплер у сваіх працах. Гісторыя нават фіксуе выпадак, калі ў 1375 годзе англійскі кармеліт Нікалас Хорнбі ўступіў у публічныя дэбаты з дамініканцам, у якіх Хорнбі высмейваў дамініканскія сцверджанні пра тое, што яны атрымалі свой габіт ад Найсвяцейшай Дзевы, ― увогуле, гэта версія паходжання габіта была агульнай для некалькіх розных ордэнаў у Сярэднявеччы. Адметна тое, што Хорнбі не прадэманстраваў ніякім чынам інфармаванасць аб тым, што хоць хтосьці з англійскіх кармелітаў папярэдняга стагоддзя лічыў свой габіт прамым дарам Багародзіцы[11][12].

Сярод каталікоў існуюць таксама меркаванні[13], што хтосьці іншы з кармелітаў, а не Святы Сымон Сток, меў апісанае вышэй містычнае аб’яўленне, якое пазней сталі звязваць са Стокам. Гісторыя, запісаная Жэрарам з Фрашэ ў 1259—1260 гадах, расказвае пра смерць праз утапленне ля ўзбярэжжа Акры (на тэрыторыі сучаснага Ізраіля, як раз каля гары Кармель) у 1237 годзе Блаславёнага Іардана Саксонскага, дамініканскага манаха. У ёй згадваецца «пэўны брат Кармельскага Ордэна» (у некаторых крыніцах паведамляецца, што ён яшчэ не склаў шлюбы, але праходзіў навіцыят), які меў спакусу занядбаць сваё пакліканне, бо Бог дазволіў, каб жахлівая смерць напаткала такога святога чалавека. Паведамляецца, што тады Блаславёны Іардан аб’явіўся гэтаму брату, абнадзейваючы яго, што «ўсе, хто служаць Госпаду Ісусу Хрысту да самога канца, будуць збаўленыя». Жэрар робіць выснову: «Той брат, а таксама прыёр таго ж самага ордэна, брат Сымон, чалавек рэлігійны і праўдзівы, расказалі гэтыя рэчы нашым братам». Гэта гісторыя, якая мае прыкметнае падабенства (з відавочнымі адрозненнямі) да традыцыйнага каталіцкага падання пра перадачу шкаплера і абяцанне збаўлення, з’яўляецца адной з вельмі нямногіх вядомых задакументаваных прыжыццёвых крыніц пра Святога Сымона Стока.

Знешні выгляд і практыка нашэння правіць

 
Шкаплер Маці Божай з гары Кармель, які таксама называюць карычневым шкаплерам, расшыты золатам
 
One design of the Brown Scapular, with images of the Sacred Heart of Jesus with the Crown of Thorns, and the Immaculate Heart of Mary, pierced with a dagger.

На тэрыторыях былой Рэчы ПаспалітайПольшчы, Беларусі, Літве, а таксама, у пэўнай ступені, у Латвіі, ва Украіне і Расіі) агульнапрынята тое, што шкаплер Маці Божай з гары Кармель, які выкарыстоўваецца вернікамі ў якасці сакраменталіі, выглядае як два карычневыя кавалкі шэрсці (звычайна адносна невялікага памеру), звязаныя паміж сабой дзвюма вяроўкамі ці тоўстымі ніткамі. Таксама звычайна на адным з кавалкаў шэрсці адлюстроўваецца пэўная марыйная выява (яго найчасцей апранаюць спераду, на грудзі), а на другім — выява, прысвечаная Ісусу Хрысту (звычайна апранаецца ззаду, на спіну). Варта звярнуць увагу на тое, што ў згаданых вышэй краінах, якія з’яўляюцца пераемніцамі рымска-каталіцкіх традыцый Рэчы Паспалітай, падыходы да каталіцкага вучэння і, у тым ліку, да сакраменталій і некаторых іншых формаў народнай пабожнасці з’яўляюцца вельмі кансерватыўнымі, таму правільнай практыкай прынята лічыць нашэнне шкаплера толькі з шэрсці (іншыя матэрыялы непажаданыя і могуць нават успрымацца як недапушчальныя) ці яго замены ў выглядзе металічнага медальёна (пры гэтым рытуал накладання шкаплера на свецкага духоўнай асобай усё адно павінен выконвацца з ужываннем шарсцянога шкаплера).

Калі ж звярнуцца да прыкладу іншых тэрыторый, то ў Катэхізісе, які быў падрыхтаваны пад кіраўніцтвам правінцыйных прыёраў (правінцыялаў) ордэна кармелітаў і ордэна босых кармелітаў у Паўночнай Амерыцы і меў імпрыматур Арцыбіскупа Вашынгтонскага, прапісана, што скапулярый павінен складацца з дзвюх частак карычневай тканіны, адна з якіх павінна вісець на грудзях карыстальніка, а другая — на спіне. Гэтыя часткі мусяць быць злучаныя дзвюма стужкамі або ніткамі, кожная з якіх павінна быць перакінута праз адпаведнае плячо — адсюль і паходзіць слова «шкаплер» (ад лац.: scapula — лапатка, праз польск.: szkaplerz). Рэлігійныя выявы альбо сімвалы, хаця і не з’яўляюцца неабходнымі, могуць быць вышытыя на кавалках тканіны ці нашытыя на яе (гэты звычай з’явіўся ў XVIII стагоддзі). У Катэхізісе таксама прызнаваўся той факт, што раней шкаплер цалкам рабіўся з чыстай шэрсці (правіла, якое ў наш час не з’яўляецца абавязковым). Далей паведамляецца, што габіты кармелітаў таксама звычайна вырабляюцца з іншых, менш дарагіх, але больш практычных матэрыялаў[14].

Звычайна шкаплер носяць пад адзеннем, але не прышпільваюць да ніжняй бялізны.

Паколькі шэрсць хутка псуецца ў трапічным клімаце, з 1910 года тыя, хто належным чынам ставяцца да свайго ўдзелу ў канфрэрыі (своеасаблівым брацтве людзей, што наклалі на сябе шкаплер), могуць насіць належным чынам блаславёны шкаплерны медальён з выявай Ісуса і Яго Найсвяцейшага Сэрца на рэверсе і Марыі на аверсе[15] (пры гэтым, аднак, першапачаткова на чалавека павінен накладацца менавіта шарсцяны шкаплер). Тым не менш, сам Святы Папа Пій X, хаця і выдаў адпаведны дазвол, выказваўся ў падтрымку менавіта шарсцянога шкаплера. Яго пераемнік, Бенедыкт XV, таксама заявіў, што Царква аддае перавагу класічнаму шкаплеру, а не медальёну. Гэта тлумачыцца і тым, што шарсцяны кавалак тканіны з’яўляецца важным знакам, які нагадвае, што шкаплер — гэта часткі адзення, манаскага габіта[16].

Зноскі

  1. У 1951 годзе Вялебны Папа Пій XII абвясціў наступнае падчас адзначэння 700-годдзя аб’яўлення Маці Божай Святому Сымону Стоку: «Шкаплер ― гэта па сваёй сутнасці габіт. Чалавек, які атрымлівае яго, праз сам факт яго прыняцця становіцца ў большай ці меншай ступені звязаным з ордэнам кармелітаў» (з апостальскага ліста «Neminem profecto latet»). Крыніца: Hugh Clarke OCarm. Mary and the Brown Scapular; Carmelite Province of Our Lady of the Assumption; Anglo Irish Province of the Discalced Carmelites, 1994. (буклет) (англ.)
  2. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакраментаў. Дырэкторыя пра народную пабожнасць і літургію (англ.). Ватыкан, 2001.
  3. а б в Andrew Jotischky. The Carmelites and Antiquity. Mendicants and their Pasts in the Middle Ages. Оксфард: Oxford University Press, 2002.
  4. Most, William. «The Brown Scapular» (англ.)
  5. Hugh Clarke OCarm. Mary and the Brown Scapular; Carmelite Province of Our Lady of the Assumption; Anglo Irish Province of the Discalced Carmelites, 1994. (booklet) (англ.)
  6. Bede Edwards OCDS. Carmel Clarion Volume XXI, pp. 17-22. «St. Simon Stock--The Scapular Vision & the Brown Scapular Devotion.» July-August 2005, Discalced Carmelite Secular Order, Washington Province. (англ.)
  7. «La cronica Carmelitana» by the Carmelite Joseph Falcone; referenced by the Catholic Encyclopedia, 1912; Scapular (англ.)
  8. Hilgers, Joseph. «Scapular.» The Catholic Encyclopedia. Vol. 13. New York: Robert Appleton Company, 1912. 22 Dec. 2014 (англ.)
  9. Louis Saggi OCarm. Saint Simon Stock (XIII Century) Saint, Priest Архівавана 13 чэрвеня 2010 года. — Scholarly historical information (англ.)
  10. Fr. Paul D’Souza, OCD. The Carmelite Scapular: History and Devotion Архівавана 8 кастрычніка 2020. — This article mentions the 17th century forgery, probably by a Carmelite named Fr. John Cheron, of what was purported to be a fragment of a letter by Saint Simon Stock’s secretary Peter Swanington (or Swanyngton). This «Swanington» letter was the origin of the July 16, 1251 date for Saint Simon Stock’s vision, this date having been chosen presumably because July 16th was (and still is) the Feast of Our Lady of Mount Carmel. It is also the source of some other oft-repeated details, such as the location of the vision at Cambridge, England. There is further information and analysis on the «Swanington» forgery in a July-December, 1904 Irish Ecclesiastical Record article by Herbert Thurston, S.J., «The Origin of the Scapular — A Criticism.», and the letter itself is extensively quoted at this link Архівавана 3 сакавіка 2016.
  11. Andrew Jotischky; The Carmelites and Antiquity. Mendicants and their Pasts in the Middle Ages. Oxford: Oxford University Press, 2002.
  12. «A Catechesis on the Brown Scapular» Архівавана 9 студзеня 2016 года.
  13. Louis Saggi, O.Carm; Saint Simon Stock (XIII Century) Saint, Priest Архівавана 13 чэрвеня 2010 года. — Scholarly historical information
  14. http://www.meditationsfromcarmel.com/content/scapular-catechesis Архівавана 28 снежня 2020.
  15. Acta Apost. Sedis, III, 22 sq.
  16. "A Catechesis on the Brown Scapular" Архівавана 9 студзеня 2016 года.