Шлях моладзі

(Пасля перасылкі з Шлях моладзі (1929))

«Шлях моладзі» — маладзёжны грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1929—1939 гадах у Вільні на беларускай мове (лацінкай і кірыліцай).

«Шлях моладзі»
Тып часопіс
Выдавец Янка Антонавіч Багдановіч
Краіна Польская Рэспубліка (1918—1939)
Рэдактар Мар'ян Пецюкевіч, Язэп Найдзюк і Янка Шутовіч
Заснавана 1929
Спыненне публікацый 1939
Мова беларуская
Галоўны офіс Вільня
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Выходзіў 1 раз у месяц, з верасня 1937 года — 2 разы ў месяц. Друкаваўся ў Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, выдавецтве «Белпрэс». Рэдактары М. Пецюкевіч, Я. Найдзюк, Я. Шутовіч, выдавец Я. Багдановіч; у склад рэдкалегіі ўваходзілі І. Тумаш, А. Шутовіч, Я. Малецкі і інш.

Галоўная дэклараваная мэта — «змаганне за незалежнасць Беларусі і за паляпшэнне народнай долі шляхам абуджэння моладзі да народнай свядомасці, пашырэння асветы і культуры на вёсцы».

Часопіс меў рубрыкі «З краю», «Хроніка», «Лісты», «Паштовая скрынка», «Што чуваць у свеце», «Для нашых малодшых» (вершы, апавяданні, казкі для дзяцей) і інш. З 1938 года выдаваў штомесячны дадатак «Шлях беларускага студэнта». Часопіс знаходзіўся пад уплывам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), аднак імкнуўся адлюстроўваць погляды прадстаўнікоў розных ідэйна-палітычных плыняў. Апублікаваў гістарычныя працы А. Станкевіча, паліталагічныя матэрыялы Я. Найдзюка, успаміны М. Краўцова. Даваў хроніку падзей грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі: пра дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, суд над кіраўніцтвам Таварыства беларускай школы, забарону працы беларускіх культурна-асветных і палітычных арганізацый у 1936—1937, змаганне за існаванне Віленскай беларускай гімназіі, беларускіх пачатковых школ, беларускія пілігрымкі і інш. Заклікаў стварыць фонд культурна-асветнай працы ў заходнебеларускіх вёсках. У палеміцы з польскімі шавіністычнымі выданнямі адстойваў нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Уважліва сачыў за падзеямі ў БССР, выказваў пратэст супраць рэпрэсій, рэформы беларускага правапісу (1933). Праяўляў цікавасць да міжнароднага жыцця. Традыцыйнымі былі публікацыі да юбілеяў, угодкаў гістарычных падзей. Рэдакцыя праводзіла конкурс на лепшае апавяданне. На старонках часопіса друкаваліся творы В. Адважнага, Н. Арсенневай, Я. Бартуля, Я. Брыля, А. Бярозкі, З. Верас, Я. Журбы, М. Засіма, Х. Ільяшэвіча, М. Машары, У. Паўлюкоўскага, М. Танка, Н. Тарас, В. Таўлая, Я. Салаўя, Ф. Стацкевіча, С. Хмары і інш., літаратуразнаўчыя артыкулы Я. Шутовіча, М. Мілючанкі, пераклады твораў сусветнай літаратуры, палемічныя нататкі, рэцэнзіі, анатацыі. У некаторых матэрыялах закраналіся пытанні геалогіі, фізічнай геаграфіі; рабіўся аналіз развіцця промыслаў. Часопіс змяшчаў сельскагаспадарчыя парады, выступаў за правядзенне справядлівай аграрнай рэформы, разгортванне кааперацыі. Значнае месца адводзілася праблемам аховы здароўя. Шмат увагі аддавалася пытанням выхавання моладзі, існавала асобная «Скаўцкая старонка». Прымаліся спробы стварыць новую моладзевую арганізацыю, аднак польскія ўлады ў гэтым адмовілі.

У 1930-я часопіс «Шлях моладзі» быў адным з самых папулярных у Заходняй Беларусі. Часопіс падвяргаўся нападкам з боку БССР, заходнебеларускага камуністычнага друку, кансерватыўнага крыла БХД. Польскія ўлады 14 разоў канфіскоўвалі тыраж асобных нумароў, арганізавалі некалькі судоў супраць рэдкалегіі і выдаўца. Выданне спыненае ў верасні 1939 года.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць