Штаб БКА, таксама вядомы як Цэнтральны штаб БКА[1], Галоўнае кіраўніцтва БКА[2], Беларускі штаб[2], — кіроўны орган Беларускай краёвай абароны, які, аднак, быў залежны ад нямецкага штаба і быў абмежаваны ў сваіх дзеяннях[2]. 5 кастрычніка 1944 года вайсковы аддзел БЦР быў ператвораны ў Кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР, якому быў падпарадкаваны штаб, які ўжо існаваў толькі намінальна[3].

Пры самым пачатку арганізацыі БКА немцы стараліся як найбольш абмежаваць кампетэнцыі беларускага штаба. Так, у штабе БКА не было аперацыйнага аддзела, што зводзіла ягоную ролю на другараднае месца. Паводле нямецкага плану, заданнем штаба БКА, апрача правядзення мабілізацыі, была праца прапагандовая. З гэтым поглядам беларускі штаб безупынна змагаўся[2].

Немцы штаб спачатку называлі «аддзелам БКА», з чым не магла пагадзіцца БЦР. Немцы не хацелі згадзіцца на назву «штаб», таму БЦР вырашыла называць штаб «Галоўным Кіраўніцтвам БКА»[2].

Перадумовы правіць

Ад самага пачатку стварэння БКА паміж БЦР і Генеральным камісарыятам распачаліся разнагалоссі. Немцы ўважалі, што БЦР мае толькі правесці мабілізацыю, а кіраваць змабілізаванымі людзьмі будуць яны самі. БЦР не пагаджалася з такім станам, а ўважала, што пры арганізацыі і кіраўніцтве БКА павінная браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго штабу. Па доўгіх дыскусіях паміж прэзідэнтам Астроўскім і кіраўніком палітычнага аддзела генеральнага камісара д-рам Маркусам было прынята канчатковае развязанне.

Пры БЦР павінны быў стварыцца аддзел БКА, які б падрыхтаваў і правёў мабілізацыю ў БКА. У далейшым гэты аддзел будзе супрацоўнічаць са штабам Готберга ў справах БКА датычна прапаганды, вайсковай падрыхтоўкі ды гаспадарчай і санітарнай частак. Увесь аперацыйны бок БКА павінны быў належаць толькі да нямецкага штабу Готберга, які прыняў на сябе абавязак належнага ўзбраення БКА.

Прэзідэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіравання, якое мела быць цывільным, з нашыўкамі на каўняры паводля ўзору, апрацаванага БЦР. Харчаванне БКА мелі забяспечыць старшыні паветаў у паразуменні з акруговымі камісарамі.

Па гэтым узгадненні ў палове лютага 1944 года начальнік галоўнага кіраўніцтва БКА Ф. Кушаль распачаў арганізацыю штабу.

Дзейнасць правіць

У лютым 1944 года Готберг паведаміў пра хуткую мабілізацыю ў сакавіку. Галоўнае кіраўніцтва БКА хутка распачало падрыхтоўку мабілізацыі і арганізацыю афіцэрскіх і падафіцэрскіх курсаў у Менску. Штаб БКА нахутка апрацоўваў усё неабходнае да арганізацыі і вайсковай падрыхтоўкі, бо не было адпаведных беларускіх структур, праграм. Камандоўцам курсаў з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готберга капітан Шнайдэр, а з беларускага боку — лейтэнант Чабатарэвіч.

10 сакавіка 1944 года была агалошаная мабілізацыя ў БКА.

У канцы траўня нямецкі штаб пастанавіў ужываць лепш падрыхтаваныя батальёны БКА ў вялікіх аперацыях супраць партызанаў. Першым быў 15-ты батальён з павета Гарадзішча, які стаяў у вёсцы Вольнай. Атрымаўшы загад са штабу Готберга, акруговы камендант нямецкай паліцыі Баранавічаў звярнуўся да намесніка БЦР, а той — да начальніка Галоўнага кіраўніцтва БКА па справе выканання загаду Готберга. Начальнік БКА і намеснік згадзіліся і батальён быў перавезены ў Менск, абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны. Камандовец батальёну Мануэй быў мала вядомы Галоўнаму кіраўніцтву БКА, таму да батальёну быў прызначаны спецыяльна ўпаўнаважаны ад Галоўнага кіраўніцтва БКА надлейтэнант У. Родзька. Батальён быў далучаны да аперацыйнай акцыі.

У палове чэрвеня 1944 года быў узяты ў акцыю супраць партызанаў 34-ты батальён БКА са Стоўбцаў. Штаб Готберга выслаў загад акруговаму каменданту паліцыі і той сам паехаў у Стоўбцы для перавозу батальёну. Не бачачы беларускага кіраўніцтва, жаўнеры разбегліся. Прэзідэнт Астроўскі заявіў прадстаўніку Готберга, што без папярэдняга паведамлення беларускаму кіраўніцтву БКА батальёны БКА не могуць быць забіраныя са сваіх казарм. Да 34-га батальёну быў высланы маёр Мікула, які і выправіў яго ў акцыю.

У другой палове чэрвеня 1944 года загадам Готберга быў вызначаны нямецкі штаб лучнасці, у складзе аднаго маёра, двух капітанаў і 4-х падафіцэраў. Вызначаны штаб атрымаў памяшканне для працы ў будынку штаба БКА. Заданнем штаба лучнасці было не толькі тэхнічна ўтрымоўваць лучнасць паміж беларускім штабам і штабам Готберга, але і ўнікаць ва ўсе патрэбы БКА і палягчаць цяжкасці беларускага штаба адносна матэрыяльных патрэбаў БКА. Аднак штаб лучнасці не паспеў пачаць сваю дзейнасць з-за актыўных дзеянняў на фронце.

27 чэрвеня нямецкія ўлады атрымалі загад аб эвакуацыі Менска. Увечары таго ж дня начальнік нямецкага штабу палкоўнік Родэ паведаміў Кушалю, што па аўтастрадзе з Барысава на Менск ідуць масы дэзертыраў нямецкай арміі і, каб іх спыніць, патрэбны батальён БКА. Побач былі два батальёны ў Рудзенску і Менску, але яны не мелі абмундзіравання, таму іх нельга было кідаць на бой.

5 ліпеня Галоўнае кіраўніцтва БКА прыбыла ў Кёнігсберг разам з БЦР. Па праходзе некалькіх дзён Кушаль разам з некалькімі афіцэрамі паехаў на фронт, дзе ён хацеў арганізаваць зборныя пункты, на якіх афіцэры збіралі б БКА ў групы і накіроўвалі б у Лодзь, дзе ў глыбокім тыле можна было б пераарганізоўваць іх у баявыя адзінкі.

У пачатку верасня 1944 года Кушаль са сваім ад’ютантам з’явіўся ў вайсковай камендатуры Берліна і запатрабаваў прыдзелу кватэр для БКА. Запатрабаванне сваё ён матываваў тым, што шмат жаўнераў БКА прыбывае і са шпіталяў у штаб БКА і для іх няма кватэр. Камендатура прыдзяліла школьны будынак пры Ліхенерштрасэ 50, з поўным уладжаннем кватэравання трохсот чалавек.

Склад правіць

Штаб выглядаў наступным чынам:[4]

Таксама з 15 сакавіка 1944 года Анатоль Плескачэўскі загадам Астроўскага быў прызначаны шэфам інтэндантуры штаба БКА. З 1 ліпеня Астроўскі яго прызначае галоўным касірам Беларускай краёвай абароны. 13 студзеня 1945 года быў адкамандзіраваны афіцэрам сувязі штаба БКА пры 1-й беларускай дывізыі. 10 красавіка 1945 года быў прызначаны афіцэрам сувязі штаба БКА з кватэрай Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады[6].

З 17 верасня 1944 да 27 лістапада 1944 Зміцер Чайкоўскі быў ад’ютантам Францішка Кушаля[7].

Як адзначаў Францішак Кушаль, не было ніводнага спецыяліста ў прынятай на сябе функцыі, апрача кіраўніка санітарнай часці[2].

Некаторыя сябры прэзідыуму БЦР стараліся дашукацца віны за недахопы ў батальёнах, у штабе БКА. Так, напрыклад, Усевалад Родзька закідаў штабу, што ён складаецца з вельмі маладых афіцэраў і выглядае непаважна, з чым пагаджаўся і сам Кушаль[2].

Аддзелы правіць

Штаб складаўся з наступных аддзелаў:[2]

  • Аддзел арганізацыйны
  • Аддзел прапагандовы,
  • Аддзел санітарны,
  • Аддзел гаспадарчы,
  • Агульная канцылярыя.

Заўвагі правіць

  1. Наталля Голубева. Калабаранты. Якой была цана адраджэння ў перыяд нямецкай акупацыі // Звязда. — 12.03.2021 20:20.
  2. а б в г д е ё ж Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі(бел. (тар.)) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
  3. За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі: дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960 — С. 128.
  4. а б Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 271
  5. Сяргей Ёрш. Забыты беларускі вайсковы дзеяч(бел. (тар.)) // Голас камбатанта. — Слонім: лістапад-сьнежань 2000. — № 5. — С. 7-8.
  6. Анатоль Плескачэўскі. Людзі БКА
  7. Андрэй Блінец. Дзмітрый Чайкоўскі – беларускі мастак у Мюнхене // Будзьма беларусамі!. — 17.11.2017.

Літаратура правіць