Шу́дра (санскр.: शूद्रः) — ніжэйшая з 4 асноўных варн у індуізме. Падзяляецца на мноства каст, кожная з якіх можа мець адрозны сацыяльны статус.

Жаніх і нявеста адной з ніжэйшых каст шудраў, 1908 г.

Паходжанне правіць

Паводле гімна X.XC Рыгведы[1], пры ахвярапрынашэнні першачалавека Пурушы багі зрабілі з яго вуснаў брахмана, з рук — раджу, са сцёгнаў — вайш’я, з ног — шудру. Законы Ману[2] атаяснялі шудраў з аказаннем паслуг, не давалі магчымасці змяніць нізкі статус, забаранялі двіджа ўступаць з імі ў шлюб, дазвалялі цялесныя пакаранні ў дачыненні да прадстаўнікоў гэтай варны. Яны ж пералічваюць шэраг плямёнаў кшатрыяў, якія з-за грэбавання святарамі былі паніжаны да статуса шудраў. Такім чынам, у ранняй брахманічнай культуры нізкі статус шудр тлумачыўся як першаснай міфалогіяй аб іх паходжанні, так і ўчынкамі продкаў, якія спачатку мелі болей высокі статус.

Шудры ў Індыі правіць

Еўрапейскія даследчыкі XIX — першай паловы XX стст., якія мелі справу з нізкім сацыяльным становішчам большасці каст шудр у іх час, звычайна шукалі падставы для гэтага ў старажытнай індуісцкай літаратуры. У заходнім свеце шырылася ідэя пра тое, што рэлігійныя ўяўленні адлюстроўвалі сацыяльны стан, які існаваў у старажытнасці. Некаторыя гісторыкі нават імкнуліся рацыянальна патлумачыць нізкі статус тым, што шудры з’яўляліся нашчадкамі карэнных народаў, заваяваных і пераўтвораных у рабоў арыямі[3]. Аднак старажытныя тэксты накшталт Махабхараты сведчаць пра тое, што шудры былі арыямі, да таго ж маглі мець нашчадкаў, якія падвышалі свой статус у сістэме варн[4]. Іншыя тэксты накшталт Артхашастры[5] наогул ігнаруюць забабоны сацыяльнай мабільнасці ніжэйшай варны.

У другой палове XX ст. шэраг даследчыкаў сканцэнтраваўся на абвяржэнні традыцыйнага тлумачэння спрадвечнага нізкага статуса шудр. Былі выяўлены факты, калі шудры засноўвалі манархічныя дынастыі. Так, Махападма Нанда стварыў старажытную імперыю Нанда[6]. Шудра Дурджая стаў заснавальнікам сярэднявечнай дынастыі валадароў Какатыя ў Андхра-Прадэш[7]. У паходжанні ад шудраў падазраюць дынастыю Маур’яў[8]. У індуізме вядомы шудры, якія займаліся актыўнай рэлігійнай дзейнасцю. Напрыклад, Бходжа Бхагат з Гуджарата паходзіў з непрывілеяванай касты земляробаў, але ў выніку быў ушанаваны як святы[9]. З гэтай нагоды выказваецца думка, быццам нізкі сацыяльны статус шудр — адносна нядаўняя гістарычная з’ява, а вядомая каставая сістэма была сканструявана каланіяльнымі ўладамі Брытанскай Індыі[10].

Меркаванне прыхільнікаў другога пункту гледжання часткова пацвярджаюць сучасныя генетычныя даследаванні, якія выявілі, што ў перыяд 4200 — 1900 гадоў таму людзі з розных генетычных папуляцый у Індыі актыўна змешваліся, але пазней пачалі практыкаваць эндагамію[11]. Гэта можа сведчыць пра пачатак укаранення каставай сістэмы. Такім чынам, нізкі сацыяльны статус шудр характэрны для эпохі не раней за пачатак нашай эры. Аднак генетычныя даследаванні ніяк не тлумачаць факт узвышэння дынастый шудр у сярэднявеччы і ніяк не пацвярджаюць дачыненне каланіяльных улад да стварэння каставай сістэмы. Прамежкавым пунктам гледжання можа быць тое, што каставая сістэма ў розныя перыяды змякчалася пад ціскам абставін, і касты з варны шудр прасоўваліся па сацыяльнай лесвіцы. Часцяком яны імкнуліся змяніць фармальна нізкі статус на болей высокі і пераўтварыцца ў прадстаўнікоў вышэйшых варн. Так, каста маратхаў стала часткай варны кшатрыяў толькі у XVII ст. у выніку ўзвышэння свайго прадстаўніка Шываджы. На поўдні і ўсходзе Індыі, дзе індуізм пачаў распаўсюджвацца пазней, чым у іншых рэгіёнах, варны кшатрыяў і вайш’яў не склаліся, таму некаторыя касты шудр занялі характэрнае для іх сацыяльнае становішча.

Варна шудр не з’яўляецца адзінай і падзяляецца на мноства каст джаці. У розных рэгіёнах існуюць свае ўяўленні пра пэўны сацыяльны статус той ці іншай джаці. На ніжэйшай прыступцы стаяць касты «недатыкальных» далітаў. Сучасныя генетычныя даследаванні ў Тамілнадзе паказалі, што прадстаўнікі каст, статус якіх разглядаецца як непрывабны, найболей генетычна неаднастайны і радзей уступаюць у шлюбныя адносіны з прадстаўнікамі іншых каст[12]. Паміж прадстаўнікамі ніжэйшых каст часцей успыхваюць узаемныя сутычкі[13].

Пасля ўсталявання брытанскай каланіяльнай сістэмы ўладамі рабіліся захады для паляпшэння сацыяльнага становішча чальцоў непрывілеяваных джаці[14]. У сучаснай незалежнай Індыі прадстаўнікі розных каст з’яўляюцца роўнымі перад законам, аказваецца дапамога прадстаўнікам «недатыкальных» каст, аднак каставы падзел працягвае існаваць і аказвае значны ўплыў на развіццё краіны.

Шудры на Балі правіць

У сярэднявеччы індуізм распаўсюджваўся за межамі Індыйскага субкантынента ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. У нашы дні найбуйнейшым месцам шчыльнага пражывання індуістаў за межамі Індыі з’яўляецца востраў Балі ў Інданезіі. Тут замацаваўся падзел грамадства на 4 асноўныя варны, прычым шудры склалі 90 % ад усяго насельніцтва. Іх сацыяльны статус апісваўся мясцовымі вызначэннямі Jaba «чужынец» і Panjak «абшчыннік»[15]. Сярод балійцаў таксама існуюць аб’яднанні warga, падобныя на індыйскія джаці, але яны ўзніклі адносна нядаўна ў XIX ст.[16], не з’яўляюцца надзвычай замкнёнымі і болей характэрныя для варн брахманаў і кшатрыяў. Мадэрнізацыя, якая адбываецца на Балі з пачатку мінулага стагоддзя, прывяла да разбурэння традыцыйных узаемаадносін паміж варнамі. Сярод адукаваных балійцаў папулярны рэфармаваны індуізм, які адвяргае жорсткую каставую сістэму.

Зноскі правіць

Спасылкі правіць