Эбла

старажытны горад-дзяржава ў Сірыі

Э́бла, цяпер гарадзішча Тэль-Мардзі́х (تل مرديخ) — старажытны семіцкі гандлёвы горад-дзяржава, які існаваў на тэрыторыі старажытнай Сірыі ў сярэдзіне III тыс. да н.э. Эбла размяшчалася на захад ад лукавіны Еўфрата ў Сірыі, у 53 км на паўднёвы захад ад сучаснага Алепа. Эбла з’яўляецца адной з найстарэйшых цывілізацый Сірыі.

Урадлівы паўмесяц у сярэдзіне III тысячагоддзя да нашай эры. Эбла -бураватая пляма ў цэнтры.

Заснаванне правіць

Заснавальнікамі Эблы лічацца эблаіты, старажытны народ семіцкага паходжання, які перасяліўся ў Сірыю з Паўднёва-Усходняй Аравіі ў сярэдзіне IV тыс. да н.э. Эблаіты карысталіся шумера-акадскім клінапісам. У перыяд росквіту Эблы яе гаспадарчы і палітычны ўплыў распаўсюджваўся ад фінікійскага Бібла на Міжземнаморскім ўзбярэжжы да горада-дзяржавы Мары ў сярэднім цячэнні Еўфрата. Горад меў ажыўленыя гандлёвыя і палітычныя сувязі з шумерскім насельніцтвам старажытнага Двурэчча, Эламам і Егіптам.

Гібель Эблы звязана з разгромам горада акадскім царом Шарумкенам (Саргонам Вялікім) у XXIII стагоддзі да н.э. Яго ўнук Нарам-Суэн канчаткова падарваў яе моц і, магчыма, далучыў большую частку тэрыторыі Эблы да сваёй дзяржавы.

Эканоміка і гандаль правіць

Дабрабыт Эблы быў заснаваны на развітай сельскай гаспадарцы: глебы паўночнай Сірыі дазвалялі вырошчваць ячмень, пшаніцу, алівы, фінікі, вінаград, гранаты і іншыя культуры, разводзіць буйных і дробных жывёл. У горадзе была наладжана вытворчасць тканін і разнастайных металічных вырабаў, важная роля ў эканоміцы Эблы адводзілася такім прадуктам сельскай гаспадаркі, як аліўкавы алей, віно, піва.

Эблаіты ўвозілі золата, срэбра, медзь, волава, каштоўныя камяні, а таксама авечак. Горад квітнеў дзякуючы свайму выгоднаму размяшчэнню на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, якія вялі з Персіі, Анатоліі і Кіпра ў Шумер і Егіпет. Адзежа і тканіны, разнастайныя рамесныя вырабы, аліўкавы алей былі асноўнымі артыкуламі экспарту.

У цеснай сувязі з эканомікай знаходзіліся палітычныя адносіны Эблы з суседзямі. У дзяржаўным архіве захоўваліся асобнікі дагавораў, заключаныя з рознымі гарадамі, сярод якіх многія прызнавалі валадарства Эблы. Супраць горада Мары, які адмовіўся падпарадкавацца, быў прадпрыняты ваенны паход, які скончыўся для Мары паражэннем, у выніку якога ён прымушаны быў выплаціць Эбле даніну срэбрам і золатам.

Палітычная структура правіць

Палітычная гісторыя Эблы вывучана недастаткова. Магчыма, што сапраўднай уладай ў краіне была алігархія багатых і ўплывовых купцоў. Кіраваў Эблай правадыр-жрэц, які насіў тытул «малікум». Яго ўлада не была спадчыннай і ажыццяўлялася на працягу вызначанага тэрміна. У прыняцці рашэнняў удзельнічаў таксама савет старэйшын. Кіраванне горадам праводзілася праз адміністратараў, прызначаных правадыром. Існавалі таксама асобыя военачальнікі — лугалі. Падобная схема кіравання існавала ў той час і ў Мары, Лагашы і іншых дзяржавах рэгіёна.

Мова правіць

Эблаіцкая мова належыць да семіцкай групы і мае шмат агульнага з акадскай, уваходзячы разам з ёй у т.зв. усходнесеміцкую галіну. Праз акадскую мову ў эблаіцкую пазней пракраліся словы шумерскага паходжання. З другой паловы III тыс. да н.э. вядома вялікая колькасць клінапісных дакументаў, напісаных на эблаіцкай мове.

Адукацыя правіць

Кіраўнікі Эблы надавалі значную ўвагу адукацыі, уважліва кантралявалі навучанне, выкарыстоўваючы метады навучання, якія былі распаўсюджаны ў шумерскіх гарадах Месапатаміі. Знойдзены шматлікія вучнёўскія працы, якія паказваюць, што школы Эблы рыхтавалі сваіх студэнтаў для пасад будучых дзяржаўных служачых.

Сучасныя раскопкі правіць

 
Спадарожнікавы здымак тэрыторыі колішняй Эблы (2005)

Раскопкі гарадзішча пачаліся ў 1964 італьянскай археалагічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Паала Маціэ. У 1975 археолагі выявілі каласальны царскі архіў Эблы  (англ.), датаваны III тысячагоддзем да н.э. На працягу наступных 10 гадоў навукоўцы вынялі на свет каля 20 тыс. гліняных таблічак і іх фрагментаў. Архіў уяўляў сабой мноства гліняных таблічак на эблаіцкай і шумерскай мовах. З прычыны шматзначнасці клінапісу і недастатковай вывучанасці мовы Эблы многія з таблічак вельмі цяжка прачытаць. Часта адну і тую ж таблічку розныя даследчыкі інтрэпрэтуюць зусім па рознаму. Каля 80 % дакументаў з’яўляецца эканамічна- адміністрацыйнымі дакументамі звязанымі з земляробствам, жывёлагадоўляй, тэкстыльнай вытворчасцю, купляй і продажам каштоўных металаў і лесу, выплатай падаткаў, ахвярапрынашэннямі, пастаўкай прадуктаў да царскага двара і да т.п.. Ёсць таксама некаторыя міжнародныя дагаворы, найважнейшым з якіх з’яўляецца дагавор паміж Эблай і Ашурам, што тычыцца ўмоў гандлю. Прыкметнае месца займаюць царскія ўказы, пасланні, дыпламатычная перапіска, а таксама лексічныя тэксты — спісы слоў, амаль выключна назоўнікаў, згрупаваных па некалькіх крытэрыях (тапонімы, імёны, назвы прафесій, жывёл, рыб, птушак, найбольш ужываныя тэрміны), пералікі іерогліфаў, табліцы граматычных формаў, шумера-эблайскія слоўнікі і да т.п.. Літаратурных твораў вельмі мала і сярод іх пераважна загаворы і гімны.

Да разбурэння горада яны складалі унікальны па памерах і старажытнасцю добра ўпарадкаваны архіў, дакументы ў якім ляжалі на драўляных паліцах [1] у некалькіх пакоях. Цяпер большасць гэтых шматлікіх таблічак знаходзяцца ў музеі Алепа і Нацыянальным музеі Дамаска.

У рэлігійна-міфалагічных тэкстах, знойдзеных у 1974—1975 гадах, згадваюцца каля пяцісот імёнаў розных божастваў, што сведчыць пра сінкрэтызм шумерскіх, акадскіх і заходне-семіцкіх божастваў. Галоўным богам Эблы, верагодна, быў Дагон, які выступаў пад імёнамі «Дагона Тутальскага», «Дагона Сівадскага» і «Дагона Ханаанскага». З’яўленне слова «Ханаан» ясна пацвярджае старажытнае паходжанне гэтай назвы, а таксама пацвярджае правільнасць гіпотэзы, згодна з якой этнічнае пазначэнне «ханаанеі» значна старэйшае, чым звычайна лічылася.

У адным з тэкстаў гаварылася, што насельніцтва гэтага горада-дзяржавы складала 260 тыс. чалавек, прычым 22 тыс. жылі непасрэдна ў горадзе. Раскопкі пацвердзілі, што ў эпоху росквіту, у XXV стагоддзі да н.э., сцены горада маглі ўмяшчаць да 30 тыс. жыхароў. Іншая табліца адзначае, што цар Эблы валодаў велізарным полем з аліўкавымі дрэвамі, памеры якога складалі каля 3 з паловай тыс. акраў.

 
Зікурат Эблы

Раскопкі Эблы выявілі рэшткі ступеньчатай вежы — зікурата, па якой цар Эблы спускаўся са свайго палаца, здзяйсняючы ўрачыстыя выхады. Аналіз зікурата паказаў, што ён быў збудаваны каля 4400 гадоў назад з неабпаленай цэглы. Вышыня зікурата складае прыкладна шэсць метраў. Былі знойдзены таксама багатыя залатыя ўпрыгажэнні, якія маглі належаць царскай сям’і.

 
Разваліны царскага палаца ў Эбле.

Таксама былі знойдзены рэшткі царскага палаца, якія адносяцца да III тыс. да н.э., і некалькі храмаў і манументальных варотаў, якія адносяцца да II тыс. да н.э. У ім была выяўлена вялікая колькасць лазурыту з Афганістана, вазы і чары з Егіпта. Гэта пацвярджае, што горад Эбла меў найважнейшае значэнне ў гандлёвай сетцы старажытнага Усходу. Верагодна, менавіта дабрабыт Эблы і стаў прычынай яе падзення: багацце горада прыцягнула да яе ўвагу магутнай Акадскай імперыі, заснаванай у Ніжняй Месапатаміі Саргонам Старажытным.

У сваіх надпісах Саргон паведамляе, што Эблу аддаў яму Даган, галоўны бог горада, і ён, Саргон, мог спаганяць даніну з яго кіраўнікоў. Пацверджанае археалагічнымі раскопкамі разбурэнне Эблы большасць навукоўцаў датуе часам кіравання Нарам-Суэна (2236—2200 да н.э.), унука Саргона, па загадзе якога горад быў спалены.

Праз 250 гадоў тэрыторыю Эблы занялі амарэйскія плямёны, якія заснавалі тут сваю дынастыю і нанова адбудавалі палац і храмы. Аднак горад ужо ніколі больш не уздымаўся да ўзроўню, параўнальнага з перыядам яго найвышэйшага росквіту ў 24 ст. да н.э.

Канчатковае разбурэнне Эблы адносіцца да сярэдзіны 17 ст. да н.э., гэта значыць да часу, калі большасць дзяржаў Блізкага Усходу апынулася пад уладай касітаў, якія ўварваліся на тэрыторыю Месапатаміі і суседніх з ёй рэгіёнаў з горных раёнаў Заграса.

Біблейскія сенсацыі правіць

З прычыны тэндэнцыйнага і філалагічна дрэнна абгрунтаванага прачытання шэрагу дакументаў у 70-х — опчатку 90-х гадоў XX стагоддзя некаторыя даследчыкі лічылі, што ў таблічках з Эблы згадваюцца біблейскія героі — Аўраам, Ізраіль, Ісаў і населеныя пункты Ханаана — Іерусалім, Хацор, Садом. Аднак на самой справе ў тэкстах згадваюцца толькі падобныя семіцкія імёны. Цяпер лічыцца дакладным толькі прачытанне імёнаў шэрагу багоў вядомых у Бібліі — Баала, Маліка, Дагона, Сіпіш (верагодна месапатамскі Шамаш), Каміш (Хамос), Аштат.

Цары Эблы правіць

  • Ігрыш-Халам (каля 2300)
  • Іркаб-Даму
  • Ар-Энум (Рэшы-Энум)
  • Ібрыум
  • Ібі-Сіпіш (Ібі-Зікір), сын Ібрыума
  • Дубуху-Ада

Зноскі

  1. Самі стэлажы не захаваліся, але ў сценах засталіся сляды мацавання паліц.

Літаратура правіць

  • Древняя Эбла (Раскопки в Сирии). Сост. и введ. П. Маттиэ. Общ. ред. и закл. статья И. М. Дьяконова. М., 1985.

Спасылкі правіць