Эве́нкі (саманазва эвенки «лясныя людзі») — народ, карэнныя жыхары Сібіры, Паўночнай Манголіі і паўночнага захаду Кітая.

Эвенкі
Агульная колькасць 38396 чал. у Расіі (2010 г.), 29300 чал. у Кітаі (2000 г.), 537 чал. у Манголіі (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Расія, Кітай, Манголія
Мова Эвенкійская
Рэлігія Анімізм, шаманізм, праваслаўе, будызм
Блізкія этнічныя групы Эвены, орачэны, негідальцы, маньчжуры

Паходжанне правіць

Старажытныя тунгусы, агульныя продкі эвенкаў і эвенаў, у першай палове I тысячагоддзя н. э. мігрыравалі на ўсход і поўнач ад возера Байкал, дзе асімілявалі мясцовае насельніцтва, блізкае да продкаў юкагіраў, асвоілі аленегадоўлю, і адтуль пад ціскам новых прышэльцаў з Алтаю перабраліся ў раён сярэдняга Амура. У кітайскіх гістарычных запісах V—VII стст. яны былі вядомы як увань. У XII—XIII стст. чжурчжэні і манголы вымусілі частку тунгусаў адысці на поўнач, дзе яны качавалі ў міжрэччы Енісея і Лены. На новых месцах рассялення эвенкі актыўна кантактавалі з суседзямі, запазычвалі рысы іх мовы і лад жыцця. Так, акрамя аленных эвенкаў, з’явіліся эвенкі, якія займаліся конегадоўляй, паляваннем і ловам рыбы. Пры гэтым яны захавалі агульную самасвядомасць.

У XVII ст. эвенкі сутыкнуліся з каланізацыяй Сібіры Расіяй і актывізацыяй палітыкі маньчжурскага Кітая ў дачыненні да прыамурскіх зямель. У некаторых выпадках яны аказвалі супраціўленне, але ў большасці аддавалі перавагу руху ў іншыя месцы. Расійскія даследчыкі Сібіры XIX ст. нават параўноўвалі іх з цыганамі. Такім чынам, да пачатку XX ст. эвенкі дысперсна засялілі велізарныя тэрыторыі ад Ледавітага акіяна на поўначы да Ўнутранай Манголіі і Маньчжурыі на поўдні і ад міжрэчча Абі і Іртыша на захадзе да вострава Сахалін на ўсходзе.

Эвенкі ў Расіі правіць

Эвенкі — самая вялікая па тэрыторыі рассялення этнічная меншасць Сібіры. Кампактныя групы эвенкаў насяляюць Якуцію, Краснаярскі край, Бурацію, Хабараўскі край, Іркуцкую вобласць, Томскую вобласць, Цюменскую вобласць, Забайкалле, Амурскую вобласць, Сахалін. Найбольшая колькасць эвенкаў жыве ў Якуціі — 18232 чал. у 2010 г.

Дынаміка колькасці эвенкаў у Расіі:

У 1927 г. савецкімі ўладамі было створана некалькі эвенкійскіх нацыянальных раёнаў, аб’яднаных у 1930 г. у Эвенкійскую аўтаномную акругу. Яна праіснавала да 2006 г.

Эвенкі ў Кітаі правіць

Эвенкі мігрыравалі на тэрыторыю сучаснага Кітая ў XVIII—XIX стст. Афіцыйна кітайскія ўлады прызналі іх самастойным народам у 1957 годзе. Нягледзячы на тое, што іх мова засталася бяспісьменнай і што яны, як і астатнія народы гэтай краіны, перажылі культурную рэвалюцыю, мясцовыя эвенкі адносна добра захавалі сваю культуру і лад жыцця.

Вылучаюцца два буйныя арэалы пражывання эвенкаў Кітая: Хулунбуйр-Эвенкійскі аўтаномны аймак (хашун) Унутранай Манголіі і прылеглыя да яго тэрыторыі, а таксама горныя лясы правінцыі Хэйлунцзян і прылеглых да яе тэрыторый. Усяго ў 2000 г. у Кітаі налічвалася 29300 асоб, якія вызнавалі сябе эвенкамі.

Эвенкі ў Манголіі правіць

Невялікая група эвенкаў-хамніганаў качуе ў вярхоўі р. Іро і ля воз. Буйрнур. Яны займаюцца пераважна аленегадоўляй і паляваннем. Агульная колькасць — 537 чал. (2010 г.).

Традыцыйная культура правіць

 
Шаманскі бубен

Вылучаюць некалькі традыцыйных гаспадарчых тыпаў — «пешы» (паляўнічы), «аленны» і «конны». «Пешыя» ці «сядзячыя» эвенкі першапачаткова палявалі на лясных капытных звяроў, але з прыходам у Сібір рускіх сталі здабытчыкамі футра. Паляванне было важным таксама і для аленяводаў. Вялікіх статкаў аленяў не трымалі, выкарыстоўвалі іх як седлавых і транспартных жывёл. «Конныя» эвенкі разводзілі коней, вярблюдаў, авечак. Лоў рыбы меў пераважна дапаможнае значэнне. Мяса складала аснову паўсядзённай ежы, але летам пілі малако аленяў, сілкаваліся лукам, дзікім часнаком, ягадамі і г. д. Найбольш звыклы напой — чай з малаком і соллю. Да прыходу рускіх была вядомая кавальская справа. Жанчыны апрацоўвалі скуры і бяросту. Мужчыны лічыліся добрымі разьбярамі па косці.

Асновай сацыяльнай сістэмы быў патрыярхальны род на чале са старэйшынамі, які падзяляўся на сваяцкія ці сяброўскія тэрытарыяльныя грамады, а тыя — на пашыраныя ці малыя сем’і. Найбольш распаўсюджанае старажытнае жытло-дзю ўяўляла сабой чум з трох асноўных жэрдзяў, звязаных зверху рамянём, і дапаможных тычак. Ён накрываўся скурамі ці бяростай. Пры перакачоўках каркас пакідалі на месцы. Зімовыя стойбішчы складаліся з 1—2 чумаў, летнія — да 10 і болей. Былі таксама вядомыя зямлянкавыя і паўзямлянкавыя жытлы. Аселыя жыхары Амурскага рэгіёну і Хэйлунцзяну будавалі хаціны з бярвенняў, падобныя на кітайскія фанзы.

Мужчыны і жанчыны апраналі натазнікі хэркі, нагавіцы арамус, распашны кафтан з аленяй скуры, які звязваўся на грудзях, пад ім насілі нагруднік. Жаночыя нагруднікі ўпрыгожваліся пацеркамі. Дарослыя людзі заўсёды мелі пас, да якога чаплялі нож, капшук, скрыню з кнотам і г. д. І жанчыны, і мужчыны насілі доўгія валасы, часам запляталі косы.

У вуснай творчасці важнае месца займалі казкі, легенды, камічныя апавяданні, эпічныя казанні аб героях-сонінг. Рытуальнае значэнне мелі карагоды.

Мова правіць

Мова эвенкаў адносіцца да тунгуса-маньчжурскай моўнай групы, блізкая да мовы эвенаў і негідальцаў. Падзяляецца на вялікую колькасць дыялектаў і гаворак. Фанетычна вылучаюцца паўночная дыялектная група з вымаўленнем ха і паўднёвыя дыялектныя групы з вымаўленнямі се і шэ. Эвенкі Кітая і Манголіі пісьмовай мовы не маюць. У Расіі ў 1929 г. былі распрацаваныя адзіная літаратурная мова і граматыка на аснове лацінкі. З 1937 г. у пісьмовай мове ўжываецца толькі кірыліца. Мова выкладаецца ў школах і ВНУ, на ёй друкуюцца падручнікі, газеты, вядуцца радыёперадачы, развіваецца мастацкая літаратура.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя рэлігійныя культы заснаваны на спалучэнні анімізму і шаманізму. У Расіі большасць вернікаў адносяцца да праваслаўных. У Кітаі захоўваецца шаманізм. Хамніганы Манголіі — будысты. Будызм спавядае таксама частка вернікаў-эвенкаў Кітая (29 %).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць