Эксперымент Мілгрэма

Эксперымент Стэнлі Мілгрэма (англ.: Stanley Milgram) — вядомы эксперымент у сацыяльнай псіхалогіі, упершыню апісаны ў 1963 годзе псіхолагам Стэнлі Мілгрэмам з Ельскага ўніверсітэта ў артыкуле «Падпарадкаванне: даследаванне паводзінаў» («Behavioral Study of Obedience»), а пазней у кнізе «Падпарадкаванне аўтарытэту: эксперыментальнае даследаванне» («Obedience to Authority: An Experimental View», 1974).

Эксперыментатар (E) патрабаваў ад «настаўніка» (T) даваць «вучню» (L) простыя задачы на запамінанне і пры кожнай памылцы «вучня» націскаць на кнопку, якая нібыта карала «вучня» ўдарам току (насамрэч акцёр, які граў ролю «вучня», толькі рабіў выгляд, што атрымлівае ўдары). Пачаўшы з 15 В, «настаўнік» з кожнай новай памылкай павінен быў павялічваць напружанне на 15В аж да 450В.

Уступ правіць

У сваім эксперыменце Мілгрэм спрабаваў праясніць пытанне: колькі пакутаў гатовыя прычыніць звычайныя людзі іншым, зусім бязвінным людзям, калі такое прычыненне болю ўваходзіць у іхнія рабочыя абавязкі? У ім была прадэманстраваная няздольнасць паддоследных адкрыта супрацьстаяць «начальніку» (у дадзеным выпадку даследчыку, апранутаму ў лабараторны халат), які загадваў ім выконваць заданне, нягледзячы на моцныя пакуты, што прычыняюца іншаму ўдзельніку эксперымента (у рэальнасці падсадному акцёру). Вынікі эксперымента паказалі, што патрэба падпарадкавання аўтарытэтам укаранёная ў нашай свядомасці настолькі глыбока, што паддоследныя працягвалі выконваць указанні, нягледзячы на маральныя пакуты і моцны ўнутраны канфлікт.

Перадгісторыя правіць

Фактычна Мілгрэм пачаў свае пошукі, каб праясніць пытанне, як нямецкія грамадзяне ў гады нацысцкага панавання маглі прымаць удзел у знішчэнні мільёнаў бязвінных людзей у канцэнтрацыйных лагерах. Пасля наладкі сваіх эксперыментальных методык у Злучаных Штатах Мілгрэм планаваў адправіцца з імі ў Германію, жыхары якой, як ён меркаваў, надта схільныя да падпарадкавання. Аднак пасля першага ж праведзенага ім у Нью-Хейвэне (штат Канектыкут) эксперымента стала ясна, што ў паездцы ў Германію няма патрэбы і можна працягваць займацца навуковымі пошукамі побач з домам. «Я выявіў столькі падпарадкавання, — казаў Мілгрэм, — што не бачу патрэбы праводзіць гэты эксперымент у Германіі».

У далейшым эксперымент Мілгрэма ўсё-такі быў паўтораны ў Нідэрландах, Германіі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі і Іарданіі, і вынікі аказаліся такімі ж, як і ў Амерыцы. Падрабязная справаздача аб гэтых эксперыментах апублікаваная ў кнізе Стэнлі Мілгрэма «Obedience to Authority» (1973) або, напрыклад, у кнізе Меўса і Рааэймакерса (Meeus W. H.J, & Raaijmakers Q. A. W. (1986). «Administrative obedience: Carrying out orders to use psychological-administrative violence». «European Journal of Social Psychology», 16, 311—324).

Апісанне эксперымента правіць

Удзельнікам гэты эксперымент быў прадстаўлены як даследаванне ўплыву болю на памяць. У доследзе бралі ўдзел эксперыментатар, паддоследны і акцёр, які граў ролю другога паддоследнага. Заяўлялася, што адзін з удзельнікаў («вучань») павінны завучваць пары слоў з доўгага спісу, пакуль не запомніць кожную пару, а другі («настаўнік») — правяраць памяць першага і караць яго за кожную памылку ўсё больш моцным электрычным разрадам.

У пачатку эксперымента ролі настаўніка і вучня размяркоўваліся паміж паддоследным і акцёрам «паводле лёсавання» з дапамогай складзеных лістоў паперы са словамі «настаўнік» і «вучань», прычым паддоследнаму заўжды даставалася роля настаўніка. Пасля гэтага «вучня» дэманстратыўна прывязвалі да крэсла з электродамі. «Настаўнік» атрымліваў «дэманстрацыйны» удар напружаннем 45В.

«Настаўнік» выходзіў у іншы пакой і сядаў за стол перад прыборам-генератарам. Генератар уяўляў сабой скрыню, на пярэдняй панэлі якой былі размешчаны 30 перамыкачоў ад 15 да 450В, з дыяпазонам у 15В. Эксперыментатар тлумачыць «настаўніку», што пры націску на кожны з перамыкачоў да вучня падводзіцца адпаведнае напружанне, пры адпусканні перамыкача ўздзеянне току спыняецца. Націснуты перамыкач застаецца ў ніжнім становішчы, каб «настаўнік» не забываўся, які выключальнік быў ужо націснуты, а які не. Над кожным перамыкачом напісанае адпаведнае яму напружанне, апроч таго, групы выключальнікаў падпісаныя тлумачальнымі фразамі: «Слабы ўдар» (англ.: Slight Shock), «Умераны ўдар» (англ.: Moderate Shock), «Моцны ўдар» (англ.: Strong Shock), «Вельмі моцны ўдар» (англ.: Very Strong Shock), «Інтэнсіўны ўдар» (англ.: Intense Shock), «Надта інтэнсіўны ўдар» (англ.: Extreme Intensity Shock), «Небяспечна: цяжкі ўдар» (англ.: Danger: Severe Shock). Апошнія два перамыкачы графічна адасобленыя і памечаныя знакамі «X X X». Панэль прыбора зробленая ў высокай якасці, ёсць надпісы пра назначэнне (генератар 15—450В) і вырабляльніка (Type ZLB, Dyson Instrument Company, Waltham, Mass.), на панэлі ёсць стрэлачны вольтметр. Націсканне перамыкачоў суправаджалася загараннем адпаведных лампачак, а таксама гудзеннем і пстрычкамі рэле. Іначай кажучы, прыбор рабіў сур’ёзнае ўражанне рэальнага, не даючы падставы сумнявацца ў сапраўднасці эксперымента.

Пасля інструктажу пачынаўся эксперымент і «настаўнік» зачытваў «вучню» спіс асацыятыўных параў слоў, якія «вучань» павінны быў запомніць. Затым «настаўнік» зачытваў першае слова з пары і чатыры варыянты адказу. «Вучань» мусіў выбраць слушны варыянт і націснуць адпаведную яму адну з чатырох кнопак, якія знаходзяцца ў яго пад рукой. Адказ вучня адлюстроўваўся на светлавым табло перад настаўнікам. У выпадку памылкі «настаўнік» паведамляў, што адказ няправільны, паведамляў, удар якім напружаннем атрымае «вучань», націскаў на кнопку, якая нібыта карала «вучня» ўдарам току і затым паведамляў слушны адказ. Пачаўшы з 15В, «настаўнік» з кожнай новай памылкай мусіў павялічваць напружанне з дыяпазонам у 15В аж да 450В. Пры дасягненні 450В эксперыментатар патрабаваў, каб «настаўнік» працягваў выкарыстоўваць апошні выключальнік (450В). Пасля трохразовага выкарыстання апошняга перамыкача эксперымент спыняўся.

Насамрэч акцёр, які граў ролю «вучня», толькі рабіў выгляд, што атрымлівае ўдары, адказы вучня былі стандартызаваныя і падбіраліся такім чынам, каб у сярэднім на кожны слушны адказ было тры памылковыя. Такім чынам, калі «настаўнік» дачытваў пытанні да канца першага ліста, вучню назначаўся ўдар у 105В, пасля гэтага «настаўнік» браў другі ліст, а эксперыментатар прасіў пачынаць зноў з 15В, і, дасягнуўшы канца ліста, пачынаць чытаць пытанні спачатку, пакуль вучань не вывучыць усе пары. Гэтым самым «настаўніку» давалася магчымасць асвоіцца і прывыкнуць да сваіх абавязкаў, апроч таго яўна паказвалася, што эксперымент не спыніцца пры дасягненні канца пераліку пытанняў.

Калі паддоследны праяўляў няўпэўненасць, то эксперыментатар патрабаваў працягу адной з прадвызначаных фразаў[1]:

  • «Калі ласка, працягвайце» (англ.: Please continue/Please go on);
  • «Эксперымент патрабуе, каб вы працягнулі» (англ.: Experiment requires that you continue);
  • «Абсалютна неабходна, каб вы працягнулі» (англ.: It is absolutely essential that you continue);
  • «У вас няма іншага выбару, вы мусіце працягваць» (англ.: You have no other choice, you must go on).

Гэтыя фразы гаварыліся па парадку, пачынаючы з першай, калі «настаўнік» адмаўляўся працягваць эксперымент. Калі «настаўнік» адмаўляўся далей, гаварылася наступная фраза са спіса. Калі «настаўнік» адмаўляўся пасля 4-ай фразы, эксперымент перапыняўся.

Апроч таго, былі дзве спецыяльныя фразы. У выпадку, калі паддоследны пытаўся, ці не атрымае «вучань» пашкоджанняў, эксперыментатар адказваў: «Нягледзячы на тое, што ўдары токам могуць быць балючымі, яны не прывядуць да доўгачасовых пашкоджанняў тканкаў» (англ.: «Although the shock may be painful, there is no permanent tissue damage»). Калі паддоследны звяртаў увагу да таго, што «вучань» адмаўляецца працягваць, эксперыментатар адказваў: «Падабаецца гэта вучню, ці не, вы мусіце працягваць, пакуль ён не вывучыць правільна ўсе пары слоў» (англ.: «Whether the learner likes it or not, you must go on until he has learned all the word pairs correctly»). Па ходзе эксперымента ў фільме Мілгрэма відаць, што эксперыментатар пры неабходнасці ўжываў і іншыя фразы, напрыклад, запэўніваў, што ён сам нясе адказ, калі з «вучнем» штосьці здарыцца. Пры гэтым, аднак, эксперыментатар ніяк не пагражаў няўпэўненым «вучнем».

Удзельнікі атрымлівалі грашовую ўзнагароду ў памеры 4.5 долара за ўдзел у эксперыменце, аднак перад пачаткам эксперыментатар папярэджваў, што грошы выплачваюцца за прыход у лабараторыю, і яны застануцца ў паддоследных незалежна ад таго, што адбудзецца далей. Праведзеныя ў далейшым даследаванні на 43 суб’ектах, якія бралі ўдзел без узнагароды, але былі студэнтамі таго ж Ельскага ўніверсітэта, паказалі падобныя вынікі[1].

Асноўны варыянт эксперымента правіць

У першым варыянце эксперымента, які быў апісаны Мілгрэмам у яго працы «Behavioral Study of Obedience»[1], «вучань» знаходзіўся ў суседнім з «настаўнікам», гукаізаляваным памяшканні. «Настаўнік» не чуў воклічаў «вучня», але на 300 вольтах той пачынаў выразна для «настаўніка» стукаць у сцяну. Пасля гэтага вучань пераставаў выдаваць адказы пры дапамозе табло. Эксперыментатар патрабаваў трактаваць адсутнасць адказу на працягу 5—10 секунд як няправільны адказ і назначаць наступны ўдар. На наступным удары (315В) таксама чуліся стукі ў сцяну без адказу на табло, у далейшым ад вучня не падавалася ні адказаў, ні гукаў.

Фільм «Obedience» правіць

У дакументальным фільме Мілгрэма «Obedience», які адлюстроўвае ход эксперымента, паказаны дапрацаваны варыянт. У гэтым варыянце «вучань» перад пачаткам эксперымента папярэджвае, што меў праблемы з сэрцам у мінулым. Апроч таго, «вучань» не быў гукаізаляваны ад «настаўніка», так што апошні мог чуць ускрыкванні ад удараў токам. На 150 вольтах акцёр-«вучань» пачынаў патрабаваць спыніць эксперымент і скардзіцца на сэрца, аднак эксперыментатар казаў «настаўніку»: «Эксперымент патрэбна працягваць. Працягвайце, калі ласка». Па меры павелічэння напружання акцёр разыгрываў усё больш моцны дыскамфорт, затым моцны боль, і, нарэшце, крычаў, каб эксперымент спынілі. На 300 вольтах «вучань» заяўляў, што адмаўляецца далей браць удзел у эксперыменце і не давацьме адказы, але працягваў крычаць пры назначэнні ўдару. Пачынаючы з 345 вольтаў, «вучань» пераставаў крычаць і падаваць прыкметы жыцця.

«Вучань» патрабаваў выпусціць яго, спыніць эксперымент, скардзіўся на сэрца, адмаўляўся адказваць, але не лаяў «настаўніка» ці эксперыментатара, не пагражаў помстай ці судовым пераследам, і нават проста не звяртаўся да «настаўніка» непасрэдна.

Вынікі правіць

 
Вынікі эксперымента ў адсотках[1].

У адной серыі доследаў асноўнага варыянта эксперымента 26 паддоследных з 40, замест таго, каб злітавацца над ахвярай, працягвалі павялічваць напружанне (да 450В) да таго часу, пакуль даследчык не аддаваў распараджэнне скончыць эксперымент. Толькі пяць паддоследных (12,5 %) спыніліся напружання ў 300В, калі ад ахвяры з’явіліся першыя прыкметы незадаволенасці (стук у сцяну) і адказы перасталі паступаць. Яшчэ чатыры (10 %) спыніліся на напружанні 315В, калі ахвяра другі раз стукала ў сцяну, не даючы адказу. Два паддоследныя (5 %) адмовіліся працягваць на ўзроўні 330В, калі ад ахвяры перасталі паступаць як адказы, так і стукі. Па аднаму чалавеку — на трох наступных узроўнях (345, 360 і 375В). Астатнія 26 з 40 дайшлі да канца шкалы.

Дыскусіі і здагадкі правіць

За некалькі дзён да пачатку свайго эксперымента Мілгрэм папрасіў некалькіх сваіх калегаў (студэнтаў-выпускнікоў, якія спецыялізуюцца ў галіне псіхалогіі ў Ельскім універсітэце, дзе праводзіўся эксперымент) азнаёміцца з планам даследавання і паспрабаваць угадаць, колькі паддоследных-«настаўнікаў», нягледзячы ні на што, павялічвацьмуць напружанне разраду да таго часу, пакуль іх не спыніць (пры напружаннні 450В) эксперыментатар. Большасць апытаных псіхолагаў выказалі здагадку, што такім чынам паступяць ад аднаго да двух адсоткаў усіх паддоследных.

Таксама былі апытаныя 39 псіхіятраў. Яны далі яшчэ менш дакладны прагноз, выказаўшы здагадку, што не больш за 20 % паддоследных працягнуць эксперымент да паловы напружання (225В) і толькі адзін з тысячы павысіць напружанне да мяжы. Такім чынам, ніхто не чакаў ашаламляльных вынікаў, якія былі атрыманы — насуперак усім прагнозам, большасць паддоследных падпарадкаваліся ўказанням навукоўца, які кіраваў эксперыментам, і караў «вучня» электрашокам нават пасля таго, як той пачынаў крычаць і біць у сцяну нагамі.

Для тлумачэння праяўленай паддоследнымі жорсткасці было выказана некалькі здагадак.

  • Паддоследных гіпнатызаваў аўтарытэт Ельскага ўніверсітэта.
  • Усе паддоследныя былі мужчынамі, таму мелі біялагічную схільнасць да агрэсіўных дзеянняў.
  • Паддоследныя не разумелі, наколькі моцную шкоду, не кажучы пра боль, маглі прычыніць «вучням» такія магутныя электрычныя разрады.
  • Паддоследныя проста мелі схільнасць да садызму і атрымлівалі асалоду ад магчымасці прычыніць пакуту.
  • Усе ўдзельнікі эксперымента былі людзьмі, схільнымі да падпарадкавання аўтарытэту эксперыментатара і прычыненню пакутаў «вучню», таму што астатнія проста адмовіліся ўдзельнічаць у эксперыменце адразу ці даведаўшыся пра яго падрабязнасці, не прычыніўшы такім чынам «вучню» ніводнага ўдару токам. Натуральна, што тыя, хто адмовіўся ад удзелу ў эксперыменце, у статыстыку не трапілі.

Пры далейшых эксперыментах ніводная з гэтых здагадак не пацвердзілася.

Вынікі не залежалі ад аўтарытэту ўніверсітэта правіць

Мілгрэм паўтарыў эксперымент, наняўшы памяшканне ў Брыджпарце (штат Канектыкут) пад шыльдай «Даследчая асацыяцыя Брыджпарта» і адмовіўшыся ад якіх-небудзь спасылак на Ельскі ўніверсітэт. «Даследчая асацыяцыя Брыджпарта» прадстаўлялася камерцыйнай арганізацыяй. Вынікі змяніліся не моцна: дайсці да канца шкалы згадзіліся 48 % паддоследных.

Пол паддоследнага не ўплываў на вынікі правіць

Іншы эксперымент паказаў, што пол паддоследнага не мае вырашальнага значэння; «настаўнікі»-жанчыны трымалі сябе сапраўды таксама, як і мужчыны ў першым эксперыменце Мілгрэма. Гэта развеяла міф пра мяккасардэчнасць жанчын.

Людзі ўсведамлялі небяспеку электрычнага току для «вучня» правіць

Яшчэ ў адным эксперыменце вывучалася здагадка, што паддоследныя недаацэньвалі патэнцыйную фізічную шкоду, якую яны прычынялі ахвяры. Перад пачаткам дадатковага эксперымента «вучню» была дадзена інструкцыя заявіць, што ён мае хворае сэрца і не вытрымае моцных удараў токам. У працэсе эксперымента «вучань» пачынаў крычаць: «Усё! Выпусціце мяне адсюль! Я казаў вам, што ў мяне хворае сэрца. Маё сэрца пачынае мяне турбаваць! Я адмаўляюся працягваць! Выпусціце мяне!». Аднак паводзіны «настаўнікаў» не змяніліся; 65 % паддоследных добрасумленна выконвалі свае абавязкі, даводзячы напружанне да максімума.

Паддоследныя былі звычайнымі людзьмі правіць

Здагадка пра тое, што паддоследныя мелі парушаную псіхіку (ці асаблівую схільнасць да падпарадкавання), таксама была адрынутая, бо не мела пад сабой падстаў. Людзі, што адгукнуліся на аб’яву Мілгрэма і выказалі жаданне прыняць удзел у эксперыменце па вывучэнні ўплыву пакарання на памяць, па ўзросту, прафесіі і адукацыйным узроўні з’яўляліся сярэднестатыстычнымі грамадзянамі. Больш за тое, адказы паддоследных на пытанні спецыяльных тэстаў, што дазваляюць ацаніць асобу, паказалі, што гэтыя людзі былі зусім нармальнымі і мелі даволі ўстойлівую псіхіку. Фактычна яны нічым не адрозніваліся ад звычайных людзей ці, як сказаў Мілгрэм, «яны і ёсць мы з вамі».

Паддоследныя не былі садыстамі правіць

Здагадка, што паддоследныя атрымлівалі асалоду ад пакутаў ахвяры, была аспрэчана некалькімі эксперыментамі.

  • Калі эксперыментатар сыходзіў, а ў пакоі заставаўся яго «асістэнт», толькі 20 % згаджаліся на працягванне эксперымента.
  • Калі паддоследнаму давалі права самому выбіраць напружанне, 95 % заставаліся ў межах 150 вольтаў.
  • Калі ўказанні даваліся па тэлефоне, паслушэнства моцна зменшылася (да 20 %). Пры гэтым многія паддоследныя рабілі выгляд, што працягваюць эксперымент.
  • Калі паддоследны аказваўся перад двума даследчыкамі, адзін з якіх загадваў спыніцца, а другі настойваў на працягванні эксперымента, паддоследны спыняў эксперымент.

Дадатковыя эксперыменты правіць

У 2002 годзе Томас Блас з Мерылэндскага ўніверсітэта апублікаваў у часопісе «Psychology Today» зводныя вынікі ўсіх паўтарэнняў эксперымента Мілгрэма, зробленых у ЗША і па-за іхнімі межамі. Высветлілася, што да канца шкалы даходзяць ад 61 да 66 % незалежна ад часу і месца.

Калі Мілгрэм мае рацыю і удзельнікі эксперымента — такія ж звычайныя людзі, як мы, то пытанне: «Што можа прымусіць людзей паводзіць сябе падобным чынам?» набывае асабісты характар: «Што можа прымусіць нас дзейнічаць такім чынам?». Мілгрэм упэўнены — у нас глыбока ўкаранілася разуменне неабходнасці падпарадкавання аўтарытэтам. На яго думку, у эксперыментах, што ён праводзіў, вырашальную ролю іграла няздольнасць паддоследных адкрыта супрацьстаяць «начальніку» (у дадзеным выпадку даследчыку, апранутаму ў лабараторны халат), які загадваў паддоследным выконваць заданне, нягледзячы на моцны боль, які прычыняўся «вучню».

Мілгрэм прыводзіць важкія доказы, якія пацвярждаюць яго здагадку. Яму было відавочна, што, калі б даследчык не патрабаваў працягваць эксперымент, паддоследныя хутка б выйшлі з гульні. Яны не жадалі выконваць заданне і мучыліся, бачачы пакуты сваёй ахвяры. Паддоследныя малілі эксперыментатара дазволіць ім спыніцца, а калі той ім гэтага не дазваляў, то працягвалі задаваць пытанні і націскаць на кнопкі. Аднак пры гэтым паддоследныя пакрываліся потам, дрыжалі, мармыталі словы пратэсту і зноў малілі аб вызваленні ахвяры, хапаліся за галаву, так моцна сціскалі кулакі, што іхнія пазногці ўразаліся ў далоні, кусалі вусны да крыві, а некаторыя пачыналі нервова смяяцца. Вось што расказвае чалавек, што назіраў за ходам эксперымента:

Я бачыў, як у лабараторыю ўвайшоў салідны бізнесмен, які ўсміхаўся і быў упэўнены ў сабе. За 20 хвілін ён быў даведзены да нервовага зрыву. Ён дрыжаў, заікаўся, пастаянна тузаў сябе за мочку вуха і заломваў рукі. Адзін раз ён ударыў сябе кулаком па лбе і прамармытаў: «О Божа, хопіць гэтага». І тым не менш, ён працягваў рэагаваць на кожнае слова эксперыментатара і беспярэчна яму падпарадкаваўся.

— Мілгрэм, 1963

Мілгрэм правёў некалькі дадатковых эксперыментаў і ў выніку атрымаў даныя, якія яшчэ больш пераканаўча сведчаць пра слушнасць яго здагадкі.

Паддоследныя адмаўляўся падпарадкоўвацца чалавеку яго рангу правіць

Так, у адным выпадку ён унёс у сцэнарый істотныя змены. Цяпер даследчык загадваў «настаўніку» спыніцца, у той час як ахвяра адважна настойвала на працягванні эксперымента. Вынікі гавораць самі за сябе: калі працягваць патрабаваў усяго толькі такі ж паддоследны, як і яны, паддоследныя ў 100 % выпадкаў адмовіліся выдаць хоць адзін дадатковы электрычны разрад.

У іншым выпадку даследчык і другі паддоследны мяняліся ролямі такім чынам, што прывязаным да крэсла аказваўся эксперыментатар. Пры гэтым другі паддоследны загадваў «настаўніку» працягваць, у той час як даследчык бурна пратэставаў. І зноў ніводзін паддоследны не дакрануўся да кнопкі.

Пры канфлікце аўтарытэтаў паддоследны спыняў дзеянні правіць

Схільнасць паддоследных да беспярэчнага падпарадкавання аўтарытэтам была пацверджаная вынікамі яшчэ аднаго варыянта асноўнага даследавання. На гэты раз «настаўнік» аказваўся перад двума даследчыкамі, адзін з якіх загадваў «настаўніку» спыніцца, калі ахвяра маліла аб вызваленні, а другі настойваў на працягванні эксперымента. Супярэчлівыя загады бянтэжылі паддоследных. Збітыя з панталыку паддоследныя пераводзілі позірк з аднаго даследчыка на другога, прасілі абодвух кіраўнікоў дзейнічаць узгоднена і аддаваць аднолькавыя каманды, якія можна было б без роздумаў выконваць. Калі ж даследчыкі працягвалі «сварыцца» адзін з адным, «настаўнікі» спрабавалі зразумець, хто з іх двух галоўней. У канчатковым выніку, не маючы магчымасці падпарадкоўвацца менавіта аўтарытэту, кожны паддоследны-«настаўнік» пачынаў дзейнічаць зыходзячы са сваіх найлепшых намераў і спыняў караць «вучня».

Іншыя варыянты эксперымента правіць

  • Мілгрэмам дадаткова былі праведзеныя эксперыменты ў варыянце, калі «вучань» сядзіць у адным пакоі з «настаўнікам». У гэтым выпадку паслухмянасць зменшылася.
  • У іншым варыянце эксперымента, таксама праведзеным Мілгрэмам, «вучань» знаходзіўся побач з «настаўнікам» і «атрымліваў» удары, толькі калі прыціскаў руку да металічнай пласціны. На 150 вольтах «вучань» адмаўляўся прыкладваць руку да пласціны, і ў гэтым выпадку эксперыментатар патрабаваў, каб «настаўнік» трымаў «вучня» за руку і прыкладваў яе да пласціны гвалтам. У гэтым выпадку паслухмянасць была яшчэ меншая. Такім чынам, блізкасць ахвяры адваротна сказваецца на паслухмянасці.
  • Калі ўказанні даваліся па тэлефоне, колькасць тых, хто падпарадкаваўся, зменшылася ў 3 разы. Пры гэтым многія паддоследныя рабілі выгляд, што працягваюць эксперымент.
  • У іншых варыянтах у эксперыменце таксама ўдзельнічалі адзін ці два дадатковыя «настаўнікі». Іх таксама гралі акцёры. У варыянце, калі акцёр-«настаўнік» настойваў на працягванні, толькі 3 з 40 паддоследных спынілі эксперымент. У іншым выпадку два акцёры-«настаўнікі» адмаўляліся працягваць эксперымент — і 36 з 40 паддоследных рабілі тое ж самае.
  • Калі адзін эксперыментатар быў «вучнем» і патрабаваў спыніць эксперымент, а другі эксперыментатар патрабаваў працягваць — 100 % спынялі.

Высновы правіць

На думку Мілгрэма, атрыманыя звесткі сведчаць пра наяўнасць цікавага феномена: «Гэтае даследаванне паказала надзвычай моцна выражаную гатоўнасць нармальных дарослых людзей ісці невядома як далёка, кіруючыся ўказанням аўтарытэта».

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г Milgram, Stanley Behavioral Study of Obedience // Journal of Abnormal and Social Psychology. — 1963. — № 67. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2015.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць