Электрамагніт — прылада, якая стварае магнітнае поле пры праходжанні электрычнага току праз яго. Звычайна электрамагніт складаецца з абмоткі і ферамагнітнага стрыжня, які набывае ўласцівасці магніта пры праходжанні па абмотцы электрычнага току. У электрамагнітах, прызначаных, перш за ўсё, для стварэння цягавых намаганняў, таксама прысутнічае якар (рухомая частка магнітапровада), які перадае намаганне.

Прамы провад з токам. Ток (I), працякаючы праз провад, стварае магнітнае поле (B) вакол провада
Магнітнае поле саленоіда

Абмотку электрамагнітаў вырабляюць з ізаляванага алюмініевага або меднага провада, хоць ёсць і звышправодныя электрамагніты. Магнітапровады вырабляюць з магнітна-мяккіх матэрыялаў — звычайна з электратэхнічнай або якаснай канструкцыйнай сталі, літой сталі і чыгуну, жалезанікелевых і жалезакобальтавых сплаваў. Для зніжэння страт на віхравыя токі (токі Фуко) магнітаправоды выконваюць з набору лістоў.

Гісторыя правіць

У 1825 годзе англійскі інжынер Уільям Стэрджэн вырабіў першы электрамагніт, які ўяўляў сабой сагнуты стрыжань з мяккага жалеза з абмоткай з тоўстага меднага дроту. Для ізалявання ад абмоткі, стрыжань быў пакрыты лакам. Пры прапусканні току жалезны стрыжань набываў уласцівасці моцнага магніта, але пры спыненні току ён імгненна іх губляў. Менавіта гэтая асаблівасць электрамагнітаў і дазволіла шырока ўжываць іх у тэхніцы[1][2].

Акрамя прамысловага выкарыстання, магніты сталі шырока прымяняцца ў медыцыне. Яшчэ ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя на старонках Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона Мендэльсон М. Э. пісаў, што электрамагніт «служит самым лучшим способом для извлечения инородных тел из полости глаза»[3].

Класіфікацыя правіць

 
Найпрасцейшы электрамагніт: вакол ферамагнітнага стрыжня наматаны электрапровад ў ізаляцыі

Вылучаюць тры тыпы электрамагнітаў паводле спосаба стварэння магнітнага патоку.

Нейтральныя электрамагніты пастаяннага току

Пастаянны магнітны паток ствараецца пастаянным токам у абмотцы такім чынам, што сіла прыцягнення залежыць толькі ад велічыні і не залежыць ад кірунку току ў абмотцы.

Палярызаваныя электрамагніты пастаяннага току

Прысутнічаюць два незалежныя магнітныя патокі — рабочы і палярызуючы. Першы ствараецца рабочай (або кіруючай) абмоткай. Палярызуючы паток часцей за ўсё ствараецца пастаяннымі магнітамі, часам дадатковымі электрамагнітамі, і выкарыстоўваецца для падтрымкі сілы прыцяжэння пры выключанай рабочай абмотцы. У цэлым дзеянне такога магніта залежыць як ад велічыні, так і ад кірунку электрычнага току ў рабочай абмотцы.

Электрамагніты пераменнага току

У гэтых магнітах сілкаванне абмоткі ажыццяўляецца ад крыніцы пераменнага току, магнітны паток перыядычна змяняецца па велічыні і кірунку, а аднанакіраваная сіла прыцягнення змяняецца толькі па велічыні, у выніку чаго сіла прыцягнення пульсуе ад нуля да максімальнага значэння з падвоенай частатой адносна частаты сілкавальнага току. Шырока ўжываюць у электратэхніцы, пачынаючы ад бытавой тэхнікі да электрамагнітных пліт для станкоў, пры магнітапарашковым метадзе неразбуральнага кантролю.

Іншыя класіфікацыі правіць

Электрамагніты адрозніваюць таксама па шэрагу іншых прыкмет: па спосабу ўключэння абмотак — з паралельнымі і паслядоўнымі абмоткамі; па характару работы — з працяглым, перарывістым і кароткачасовым рэжымамі; па хуткасці дзеяння — хуткадзейныя і запаволенага дзеяння, па характару поля — электрамагніты пастаяннага ці пераменнага магнітнага поля і г. д.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Sturgeon, W. (1825). "Improved Electro Magnetic Apparatus". Trans. Royal Society of Arts, Manufactures, & Commerce. London. 43: 37–52. cited in Miller, T.J.E (2001). Electronic Control of Switched Reluctance Machines. Newnes. p. 7. ISBN 0-7506-5073-7.
  2. Windelspecht, Michael. Groundbreaking Scientific Experiments, Inventions, and Discoveries of the 19th Century, xxii, Greenwood Publishing Group, 2003, ISBN 0-313-31969-3.
  3. Электромагнит в хирургии // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць