Э́сты (лац. Aesti) — прынятая ў заходнееўрапейскіх (пераважна лацінскіх) крыніцах назва сярэдневяковага насельніцтва сучаснай Эстоніі[1]. У старажытнарускіх крыніцах ёй адпавядае экзаэтнонім «чудзь».

Эсты на французскай карце 1685 года

Найстаражытнейшае насельніцтва Эстоніі правіць

Найстаражытнейшымі знаходкамі на тэрыторыі Эстоніі з'яўляюцца артэфакты, знойдзеныя ў час археалагічных раскопак паселішчаў Пулі і Кунда, якія адносяцца да кундаскай археалагічнай культуры. Ім на змену прыйшлі неалітычныя народы нарвскай культуры. Этнічная прыналежнасць ні тых, ні іншых не вядомая.

Эстыі антычных аўтараў правіць

Aestii каля Віслы (суседзі відыварыяў) — народ, згаданы Тацытам у трактаце «Пра паходжанне германцаў і месцазнаходжанне Германіі»:

Эстыі пакланяюцца прамаці багоў і як знак адрознення свайго культу носяць на сабе выявы вепрукоў; яны ім замяняюць зброю і ахоўваюць тых, хто шануе багіню, нават у гушчы ворагаў. Меч у іх — рэдкасць; ужываюць жа яны часцей за ўсё колле. Збожжа і іншыя плады зямныя вырошчаюць яны старанней, чым прынята ў германцаў з уласцівай ім нядбайнасцю. Больш таго, яны абшнырваюць і мора і на беразе, і на водмелях адзіныя з усіх збіраюць бурштын, які самі яны называюць глезам.[2]

Мяркуючы па апісанні, эстыі — адно з заходніх плямёнаў старажытных балтаў, якое займалася зборам бурштыну і яго экспартам у Рымскую імперыю па Бурштынавым шляху. Прыведзеная Тацытам назва бурштыну на мове эстаў, glesum, верагодна, германскага паходжання (пар. гоц. glas, англ. glass).

Няма падстаў атаясамляць з эстонцамі тых эстаў, да якіх звяртаўся ў 537 г. з прамовай Касіядор, а таксама народ айстаў (Hestii), які згадвае Іарданам у якасці даннікаў Германарыха. Згадкі эстаў у антычных аўтараў такія кароткія, што дакладна вызначыць арэал іх рассялення не ўяўляецца магчымым.

Сярэдневяковыя эсты правіць

 
Гістарычныя вобласці Эстоніі

Эсты як паганскі народ з Балтыйскага мора ўпершыню апісаны ў лівонскіх хроніках XIII стагоддзя (у прыватнасці, у Генрыха Латвійскага). Іх назву, атрыманую ў спадчыну ад антычных лацінскіх пісьменнікаў, сярэдневяковыя аўтары памылкова разумелі як утвораную ад тэрміна «ўсход», «ост» (гэта значыць «Усходняя зямля» — Эстланд).

Сучасныя эстонцы ўзялі гэты кніжны тэрмін для абазначэння сваёй нацыі толькі з XIX стагоддзя (у перыяд «нацыянальнага адраджэння»). У мясцовай традыцыі лац. Aesti ператварылася ў «ээстласед». Да гэтага яны сябе называлі «маарахвас» (эст.: maarahvas, літар. «народ зямлі»).

Зноскі

  1. Marcantonio, Angela (2002). The Uralic language family: facts, myths and statistics. Oxford, UK: Blackwell. pp. 21–23. ISBN 0-631-23170-6.
  2. Тацыт. Пра паходжанне германцаў і месцазнаходжанне Германіі

Спасылкі правіць