Эфатэ́ (англ.: Efate) — востраў у групе Новыя Гебрыды. Уваходзіць у склад Вануату. На Эфатэ знаходзіцца Порт-Віла, сталіца дзяржавы. Плошча — 899,5 км². Насельніцтва (2009 г.) — 65 734 чал.

Эфатэ
англ. Efate
Пляж Эракор
Пляж Эракор
Характарыстыкі
Плошча899,5 км²
Насельніцтва65 734 чал.
Шчыльнасць насельніцтва73,08 чал./км²
Размяшчэнне
17°41′ пд. ш. 168°22′ у. д.HGЯO
АкваторыяКаралавае мора
Краіна
Эфатэ (Вануату)
Эфатэ
Эфатэ
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

Востраў Эфатэ месціцца на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна ў 1738 км ад бліжэйшага мацерыка Аўстралія. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 46 км, з захаду на ўсход — 33 км. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся на лініі разлому тэктанічных пліт. Паверхня ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт — гара Мак-Дональд (647 м). Частку ўзбярэжжа займаюць пясчаныя пляжы.

Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +20,8 °C да +26,4 °C. Сезон са снежня да мая суправаджаецца дажджлівым надвор’ем і трапічнымі цыклонамі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 2405 мм.

На Эфатэ пераважаюць кіслотныя вулканічныя глебы. Захаваліся трапічныя лясы. Фаўна прадстаўлена рознымі відамі птушак, кажанамі, казуркамі, крабамі.

Гісторыя правіць

У старажытнасці (XIII ст. да н. э.) Эфатэ быў населены прадстаўнікамі культуры Лапіта, якіх звычайна атаясняюць з продкамі палінезійцаў. Аднак археалагічныя раскопкі могілак носьбітаў Лапіта паказалі, што яны нарадзіліся за межамі вострава. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Эфатэ быў заняты меланезійцамі.

Сувязі з Палінезіяй захоўваліся ў пазнейшы перыяд. У сярэднявеччы знешнія палінезійцы засялілі астравок Філа каля Эфатэ. Меланезійскае насельніцтва жыло пераважна на ўзбярэжжы, займалася земляробствам і рыбалоўствам. У XVI — XVII стст. на паўночным захадзе склаўся магутны саюз правадыроў роду Роі-Мата, які паступова распаўсюдзіў уладу на Эфатэ і суседнія астравы.

Эфатэ быў адкрыты ў 1606 г. іспанскай экспедыцыяй на чале з П. Ф. дэ Кірасам. У апошняй чвэрці XIX ст. на востраў прэтэндавалі дзве каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія і Францыя. У 1878 г. востраў стаў часткай нейтральных тэрыторый. Французскія пасяленцы з Новай Каледоніі заснавалі плантацыйныя гаспадаркі ў раёне Порт-Віла. У 1889 г. яны абвясцілі незалежнасць, што прывяло да супрацьстаяння з брытанскімі місіянерамі. У 1906 г. было канчаткова зацверджана сумеснае кіраванне Францыяй і Вялікабрытаніяй.

З 1980 г. Эфатэ ў складзе незалежнай дзяржавы Вануату.

Эканоміка правіць

Востраў Эфатэ — адна з найбольш эканамічна развітых тэрыторый Вануату. Галоўны гандлёвы і прамысловы цэнтр — Порт-Віла. У сельскай гаспадарцы дамінуе камерцыйнае земляробства — вырошчванне цукровага трыснягу, бананаў і какава. На ўзбярэжжы створаны рыбалоўныя кааператывы. У мястэчку Фарары некаторы час здабывалі марганец. Эфатэ прыцягвае турыстаў, якія прыбываюць для баўлення часу на мясцовых пляжах і знаёмства з культурнай спадчынай астравіцян.

Спасылкі правіць