Юзаф Войцехавіч Зарэцкі, або Іосіф Альбертавіч Заржэцкі (руск.: Иосиф Альбертович Заржецкий; 1800, Скамарошкі[2], цяпер у складзе Гродна, або м. Івянец[3], цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць — 10 лютага 1869) — ваенны інжынер.

Юзаф Зарэцкі
Дата нараджэння 19 лютага 1800(1800-02-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 студзеня (1 лютага) 1869[1] (68 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Войцех Зарэцкі[d]
Дзеці Ганна Яўгенія з Зарэцкіх[d]
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Заржэцкіх. Сын Войцеха Зарэцкага і невядомай з Крыдзеляў. Нарадзіўся ў Скамарошках (магчыма, у Скамарошках Гродзенскага раёна)[2].

Напэўна скончыў дваранскае вучылішча. Паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Вучыўся ва ўніверсітэце ў год, калі былі раскрыты таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў. У маі 1824 г., у часы следства, яго ўзяў на парукі сваяк Аляксандр Крыдзель, старшыня Лідскага гродскага суда. Юзаф Зарэцкі, гэтак жа як Ігнат Дамейка і яшчэ 14 студэнтам, а распараджэнні Навасільцава былі адпушчаны ў месцы іх ранейшага жыхарства. Юзаф Зарэцкі быў адпраўлены ў Лідскі павет у маёнтак Крыдзеля[2].

Скончыў у 1826 годзе фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, паступіў у Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін; адначасова быў залічаны кандуктарам у 4-ты вайскова-працоўны батальён. Праслухаўшы інстытуцкі курс паспяхова здаў іспыт і атрымаў годнасць прапаршчыка корпуса інжынераў шляхоў зносін, пасля чаго працягнуў навучанне ў афіцэрскіх класах. У 1828 г. здаў іспыт і атрымаў годнасць падпаручніка, у наступным годзе — паручніка і быў залічаны ў рэзерву. Здольнасці, працавітасць і поспехі Заржэцкага былі адзначаныя занясеннем яго прозвішча на мармуровую дошку ў канферэнц-зале Пецярбургскага інстытута інжынераў шляхоў зносін[2].

У 1829 г. паручнік І. Заржэцкі займаўся тапаграфічнай здымкай мясцовасці пад Ноўгарадам для вайсковых паселішчаў. Дырэктар Будаўнічага дэпартамента па марской частцы генерал-лейтэнант Л. Л. Карбаньер у 1830 г. запрасіў маладога інжынера займацца праектаваннем докаў для Кранштата. Заржэцкі пагадзіўся і быў пераведзены ў корпус інжынераў марской будаўнічай часці і прыкамандзіраваны да Кранштацкай інжынернай каманды. На працягу сарака гадоў ён займаўся будаўнічымі справамі па Марскім ведамстве[2].

Першыя 16 гадоў Іосіф Заржэцкі быў тэхнічным кіраўніком на будаўніцтве Мікалаеўскіх докаў у Кранштаце. Імператар Мікалай I вырашыў пабудаваць кранштацкія докі на месцы, якое не здужаў яго прапрадзед Пётр І. Будаўніцтва докаў ажыццяўлялася ў неверагодна цяжкіх умовах з-за сталага прытоку вады. Некаторыя падмуркі закладваліся на 12 м ніжэй ад узроўню вады. Тэхнічныя сродкі для пабудовы докаў заставаліся такімі ж, як і пры Пятры I: для адпампоўкі вады скарыстоўваліся палівачкі, драўляныя помпы і каўшы на ланцугах. Толькі ў 1835 г. з’явілася першая паравая васьмісільная машына з двума чыгуннымі помпамі. Але да таго часу найбольш складаныя работы былі завершаныя. У 1838 г. быў завершаны Карабельны док. За час будаўніцтва гэтага дока Іосіф Заржэцкі атрымаў чыны штабс-капітана (1834 г.) і капітана (1837 г.)[2].

У 1843—1850 гадах інжынер-палкоўнік Заржэцкі кіраваў будаўніцтвам асабіста спраектаванай 4-яруснай казематаванай артылерыйскай батарэі ва ўнутранай частцы паўбастыёна Купецкай гавані Кранштата[4]. Пасля завяршэння асноўных работ, паводле ўказа імператара Мікалая I, батарэя стала называцца батарэяй «Князь Меншыкаў». На сцяне батарэі была размешчана памятная дошка — «У часы кіравання Марскім Міністэрствам Адмірала Князя Меншыкава будаўніком быў інжынер-палкоўнік Заржэцкі, пры правядзенні работ знаходзіліся: інжынер-капітан Вільсан, інжынер-штабс-капітан Дамантовіч, інжынер-падпаручнік Шведэ».

У 1850 г. Зарэцкі аказаў садзейнічанне мастаку А. П. Багалюбаву, які ў сваіх «Запісках марака-мастака» пакінуў аб ім ўспамін[2]:

  У той час жыў-быў у Кранштадце палкоўнік Зарэцкі — хвалёны будаўнік фартоў. Ён быў адукаваны інжынер, любіў мастацтва, часта са мной гутарыў аб маім жыцці наогул, і калі я … паказаў яму свой альбом, ён моцна мною зацікавіўся.  

Заржэцкі пераканаў генерала Кохіуса ўзяць Багалюбава да сабе асабістым ад’ютантам[2]:

  Прадставіўшы, сказаў, што з мяне будзе мастак, калі ён дасць мне волю займацца ў Акадэміі. «Дык ён зусім не фрунтовы», — адказваў генерал. «Ды які вам фрунтовы патрэбен, ён сумленны хлопец. Калі дасце яму якое-небудзь даручэнне, то ніколі вас не падмане. А фрунтавік навошта вам?»  

У 1850—1863 гадах кіраваў будаўніцтвам распрацаванай па яго праекце «Мікалаеўскай батарэі» на форце «Кроншлот».

Па праекце Ю. Заржэцкага і пад яго кіраўніцтвам у 1856 годзе пабудавана першая ў Расіі марская астранамічная абсерваторыя ў двары Кранштацкага штурманскага вучылішча.

У 1856 годзе ўзведзены ў генерал-маёры, пераведзены ў Марское міністэрства. У 1864 годзе ўзведзены ў генерал-лейтэнанты.

Аўтар асноўнай ідэі праекта Марскога канала, які злучае востраў Котлін з вусцем Вялікай Нявы[5].

Памёр генерал-лейтэнант Іосіф Заржэцкі ў Санкт-Пецярбургу. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Лідзе з паўночнага боку капліцы Святой Барбары. На велізарнай надмагільнай гранітнай пліце выпуклы надпіс: IOZEF ZARZECKI SYN WOICIECHA HERBU WARNIA GENERAL LEITNANT KORPUSU INGYNIEROW. URODZIL SIE W SKOMOROCZKACH 19 GRUDNIA 1800 ROKU UMARL W PETERSBURGU 29 STYCZNIA 1869 ROKU. У сямейным магільным склепе, абгароджанай металічнай агароджай, таксама пахаваныя: сын Мікалай Іосіфавіч Зарэцкі (11.09.1843 — 12.01.1883); жонка сына Марыя Зарэцкая (1.03.1854 — 2.09.1933); унучка Ганна Мікалаеўна Зарэцкая (1881, Вільня — 1899, Парыж). З паўднёвага боку агароджы пахаваныя Войцах, Марыя і Ружа Зарэцкія — без дат, верагодна, маленькія дзеткі і Мая Крыдзель. У польскіх крыніцах паведамлялася, што побач з Юзафам Зарэцкім пахавана яго жонка Ганна Карлаўна Зарэцкая, народжаная фон Грэвенс (1.07.1807 — 1.11.1891), але яе надмагільны помнік адсутнічае[2].

Сям’я правіць

У шлюбе з Ганнай Карлаўнай фон Грэвенс — дачкой капітана першага рангу Карла Ільіча фон Грэвенса. У сакавіку 1838 г. у іх нарадзілася дачка Ганна Яўгенія, а праз 5 гадоў сын Мікалай[2].

У 1862 г. дачка Ганна Яўгенія выйшла замуж за Фёдара Антонавіча Шванебаха — камандзіра грэнадзёрского сапёрнага батальёна, пасля генерал-маёра. Нарадзіліся ўнукі — Барыс (1863), Яўгенія (1864), Эмануіл (1866), Ганна (1869)[2].

Сваякі Іосіфа Зарэцкага ў Лідскім павеце валодалі маёнткамі Зарэчча і Чаплеўшчына, Крыдзелі валодалі маёнткам Пяцюлеўцы або Малюзін і фальваркам Талькаўшчына. Юзаф Зарэцкі у 1860-я гады набыў маёнткі Воранава і Жырмуны. Пасля яго смерці, смерці сына Мікалая і ўнучкі Ганны Мікалаеўны маёнткі ў 1899 г. перайшлі дачцэ Ганне Іосіфаўне Шванебах. Яна склала тастамант, паводле якога маёнткі размеркавала паміж малодшым сынам Тодарам Шванебахам 1874 г.н. і непаўнагадовым унукам Барысам Шванебахам, сынам яе памерлага старэйшага сына Эмануіла. У 1920-х гадах па прычыне адсутнасці ўладальнікаў маёнткі перайшлі Польскай дзяржаве[2].

Зноскі

  1. Заржецкий, Иосиф Альбертович // Русский биографический словарьСПб.: 1916. — Т. 7. — С. 231–232.
  2. а б в г д е ё ж з і к л Генерал-лейтэнант Юзаф Зарэцкі (Іосіф Заржэцкі) (19.12.1800 — 29.01.1869)
  3. Заржэцкі Іосіф Альбертавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  4. Гавани Кронштадта(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2007. Праверана 15 снежня 2014.
  5. Редакция журнала. С.-Петербургский морской канал // Всемирная иллюстрация : журнал. — 1881. — Т. 26. — № 666. — С. 297—298.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць