Юрый Іванавіч Бандажэўскі

Юрый Іванавіч Бандажэўскі (нар. 9 студзеня 1957, г.п. Радунь, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласцьБССР) — беларускі імунолаг, патолаг, буйны спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук (1987), прафесар (1989), акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі медыцынскіх навук, правадзейны член Нью-Ёркскай акадэміі навук, ганаровый акадэмік Польскай акадэміі медыцынскіх навук, ганаровы доктар Марсельскага ўніверсітэта. Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з дня яго заснавання 1 лістапада 1990 да 2001 года. Спецыялізуецца на вывучэнні ўплыву на арганізм чалавека невялікіх доз радыяцыі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Юрый Іванавіч Бандажэўскі
Дата нараджэння 9 студзеня 1957(1957-01-09) (67 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці урач, выкладчык універсітэта, імунолаг, патолагаанатам
Навуковая сфера імуналогія[1] і паталогія[1]
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Навуковае званне
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Прафесійная дзейнасць у Беларусі правіць

Скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1980 г.) па спецыяльнасці паталагічная анатомія (Anatomical pathology).

Доктарскую дысертацыю абараніў у 1987 годзе. У тым жа годзе прызначаны дырэктарам Цэнтральнай лабараторыі навуковых даследаванняў. У 1990 годзе стаў першым рэктарам Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.

Ва ўніверсітэце заснаваў катэдру паталогіі, стварыў пры інстытуце навукова-даследчы Цэнтр радыяцыйнай паталогіі, які вывучаў уплыў радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей.[2]

Справа прафесара Бандажэўскага правіць

13 ліпеня 1999 г прафесар Бандажэўскі быў арыштаваны па падазрэнні ў атрыманні хабараў агульнай сумай у 25 800 долараў ЗША. 4 жніўня 1999 г. яму было прад'яўленае абвінавачанне па арт. 169 ч. 3 ( атрыманне хабару, здейсненае службовай асобай). 

18 чэрвеня 2001 ваенная калегія Вярхоўнага суда прызнала яго вінаватым і прысудзіла да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці на суму 35.449.200 беларускіх рублёў, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.

На думку суда, у перыяд з 1997 па 1998 год Юрый Бандажэўскі ў змове з прарэктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па выхаваўчай працы Уладзімірам Раўковым і старэйшым выкладчыкам кафедры біялогіі Наталляй Фомчанка бралі хабар з бацькоў студэнтаў, забяспечваючы тым самым паспяховае паступленне ў інстытут іх дзецям. Аднак ні следствам, ні судом месцазнаходжанне гэтых грошай не было ўстаноўлена.

У сувязі з сусветнай вядомасцю прафесара Бандажэўскага як вучонага справа атрымалася гучнай і выклікала міжнародны рэзананс. На думку найбольш аўтарытэтных беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, справа Бандажэўскага была сфабрыкавана беларускімі ўладамі, бо вынікі яго навуковых даследаванняў істотна разыходзіліся з афіцыйнымі дадзенымі аб наступствах выбуху на ЧАЭС. Юрый Бандажэўскі выступаў катэгарычна супраць пашырэння выкарыстання забруджаных радыяцыяй земляў у сельскагаспадарчых мэтах.

Падчас папярэдняга зняволення Бандажэўскі быў пазбаўлены доступу да паслуг адваката, а сам працэс назіральнікі палічылі несправядлівым. Акрамя таго, суд будаваўся на паказаннях Уладзіміра Раўкова, які пасля ад іх адмовіўся і заяўляў, што даў іх пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, ужытых да яго 12 ліпеня 1999 г органам папярэдняга расследавання. Суд пасля разгляду дадзенай версіі, прызнаў яе не правамоцнай, без дадатковых каментарыяў.

Беларускі навуковец стаў 25-м чалавекам у свеце, якія атрымалі пашпарт свабоды, які дае права свабодна выбіраць месца жыхарства ў Еўропе. Пашпарт быў падпісаны дэпутатамі 15 краін Еўрасаюза.

Камітэт у абарону прафесара быў створаны ў Францыі. У лютым 2003 года ён абвешчаны ганаровым грамадзянінам Парыжа. Прэзідэнт Францыі Жак Шырак прасіў хадайнічаць за Бандажэўскага перад беларускім прэзідэнтам на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Пуціным.

Акрамя таго, справа прафесара Бандажэўскага стала адной з прычын адмовы дэпутатамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў аднаўленні для Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага. У прынятай ПАРЕ 27 верасня 2002 рэзалюцыі па Беларусі справа Бандажэўскага разглядаецца як рэпрэсіі супраць іншадуства.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Бандажэўскага вязнем сумлення.[3] 

У кастрычніку 2003 года з-за праблем са здароўем і недаглядзе турэмных урачоў прафесар апынуўся ў рэанімацыі з гангрэнозна-флегмонозным апендыцытам, які мог прывесці да перытаніту. Экстраная аперацыя прайшла паспяхова і навуковец выжыў.

5 жніўня 2005 г., за 5 месяцаў да заканчэння тэрмiну пакарання, Бандажэўскі быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова без права пакідаць краіну на працягу 5 месяцаў. Ён правёў у зняволенні больш за шэсць гадоў, два гады былі скарочаныя па амністыі.

У эміграцыі правіць

У красавіку 2006 г. пры пасрэдніцтве пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Шмялеўскага пакінуў радзіму і пасяліўся ў Францыі. З 2006 па 2007 гады Бандажэўскі працаваў па гадавым кантракце па перадачы досведу па праблематыцы ўздзеяння радыяцыі на арганізм чалавека ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай у Францыі, напісаў дзве кнігі. Паводле яго слоў, замежныя навукоўцы актыўна палемізуюць з яго даследаваннямі ў сваіх дысертацыях і на старонках навуковага часопіса «Кардыяльная таксікалогія». Па словах навукоўца, у яго тэорыі ў Еўропе ёсць як апаненты, якія не лічаць, што ўздзеянне радыяцыі гэтак сур’ёзна адбіваецца на здароўе людзей, так і прыхільнікі. У 2008 г. прафесар пражываў у Вільнюсе.

17 жніўня 2008 г. па ініцыятыве Бандажэўскага ў Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя, па выніках якой была прынятая дэкларацыя аб постчарнобыльскай сітуацыі ў Беларусі. Дэкларацыя заклікае еўрапейскую супольнасць працягнуць аказанне дапамогі Беларусі ў рэабілітацыі найбольш пацярпелым рэгіёнам, а таксама надаць асаблівую ўвагу становішчу ліквідатараў катастрофы. У дакуменце вітаецца стварэнне ў Вільнюсе міжнароднага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія і здароўе» з арганізацыяй міжнароднага сіндыката дапамогі ліквідатарам.

З 2009 года жыве і працуе ва Украіне, дзе ўзначальвае Каардынацыйны аналітычны цэнтр «Экалогія і здароўе». Кіраўнік міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўздзеяння[2]. У 2019 годзе прадставіў вынікі маніторынгу радыеактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння[4].

Асабістае жыццё правіць

Жанаты з 1978 года. Жонка — Галіна Бандажэўская, урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук.

Узнагароды правіць

Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1990 г.), залаты медаль Альберта Швайцэра (1998 г.). 

Працы правіць

Навуковыя працы па этыялогіі і патагенезе ўнутрывантробнага развіцця, імуннай рэгуляцыі антагенезу, функцыянаванні арганізма ва ўмовах інкарпарацыі радыенуклідаў. Аўтар больш за 270 навуковых працаў. На падставе ўласнага досведу напісаў дапаможнік «Турма і здароўе», адрасаваны вязням, якія не збіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.

Бібліяграфія правіць

  • Имунная регуляция онтогенеза (Гомель, 1994)
  • Клинико-эксперементальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм (Гомель, 1995, у сааўт.)
  • Філасофія майго жыцця (Францыя, 2005)
  • Турма і здароўе (2013)

Зноскі

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. а б https://www.svaboda.org/a/24646507.html Юры Бандажэўскі: Біяграфічная даведка
  3. https://en.wikipedia.org/wiki/Category:Amnesty_International_prisoners_of_conscience_held_by_Belarus
  4. svaboda.org

Літаратура правіць

Спасылкі правіць