Юрый Іосіфавіч Пунтус

савецкі і беларускі футбаліст і трэнер

Юрый Пунтус (нар. 8 кастрычніка 1960, в. Цівалі, зараз у межах Мінска) — савецкі і беларускі футбаліст (нападнік) і трэнер. У цяперашні час працуе галоўным трэнерам віцебскага «Макслайна».

Футбол
Юрый Пунтус
Поўнае імя Юрый Іосіфавіч Пунтус
Нарадзіўся 8 кастрычніка 1960(1960-10-08) (63 гады)
Грамадзянства  СССР
 Беларусь
Пазіцыя нападнік
Інфармацыя пра клуб
Клуб Беларусь Макслайн
Пасада галоўны трэнер
Клубная кар’ера[* 1]
1977—1979 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Трактар (Мінск)
1979—1980 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Граніт (Мікашэвічы)
1980 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Лакаматыў (Баранавічы)
1981—1986 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Спутнік (Мінск)
1986 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Спартак (Сяміпалацінск) 12 (4)
Трэнерская кар’ера
1987—1990 Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Спутнік (Мінск) трэнер
1991—1992 Беларусь Прамень (Мінск)
1993 Расія Дынама (Якуцк)
1994 Расія Саматлор-XXI (Ніжневартаўск) трэнер
1995 Расія Рыбак (Старадубскае)
1996—2004 Беларусь БАТЭ (Барысаў)
1999—2005 Беларусь Беларусь (да 21)
2004—2006 Беларусь МТЗ-РІПА (Мінск)
2006—2007 Беларусь Беларусь
2007—2009 Беларусь МТЗ-РІПА (Мінск)
2009—2011 Беларусь Дынама (Брэст)
2011—2013 Беларусь Смалявічы-СТІ
2014—2017 Беларусь Славія (Мазыр)
2019 Беларусь Белшына (Бабруйск)
2019—2021 Беларусь Тарпеда-БелАЗ (Жодзіна)
2022 Беларусь Макслайн (Рагачоў)
2022—2023 Беларусь Нафтан (Наваполацк)
2023— Беларусь Макслайн (Віцебск)
  1. Колькасць гульняў і галоў за прафесійны клуб лічыцца толькі для розных ліг нацыянальных чэмпіянатаў.

Клубная кар’ера правіць

Выхаванец мінскай СДЮШАР-5, выступаў за розныя клубы ў Чэмпіянаце БССР. Значных дасягненняў як ігрок не меў. У 1986 годзе гуляў за казахскі «Спартак» з Сяміпалацінска. На наступны год завяршыў кар’еру іграка з-за траўмы і перайшоў на трэнерскую працу.

Трэнерская кар’ера правіць

У 1987 годзе пачаў кар’еру трэнера ў мінскім «Спутніку». Пазней узначальваў мінскі «Прамень». У 1993—1995 гадах працаваў у Расіі.

БАТЭ правіць

У 1996 годзе прыняў прапанову Анатоля Капскага і ўзначаліў адроджаны барысаўскі БАТЭ. За два гады вывеў клуб у Вышэйшую лігу, а ўжо ў 1999 годзе выйграў залатыя медалі. За сем гадоў, пакуль Пунтус узначальваў БАТЭ ў вышэйшай лізе (1998—2004) барысаўчане ніводнага разу не засталіся без медалёў.

У 1999 годзе дадаткова стаў галоўным трэнерам моладзевай зборнай Беларусі. Вывеў яе ў фінальную частку моладзевага чэмпіянату Еўропы 2004.

МТЗ-РІПА і нацыянальная зборная правіць

У канцы 2004 года нечакана пакінуў БАТЭ і стаў галоўным трэнерам мінскага МТЗ-РІПА, які толькі што ледзь выратаваўся ад вылету. Але ўжо на наступны год мінчане разам з Пунтусам выйгралі Кубак Беларусі і бронзавыя медалі чэмпіянату.

У лютым 2006 года Пунтус быў прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, адначасова працягваў працаваць з МТЗ-РІПА. У канцы 2006 года пакінуў МТЗ-РІПА і сканцэнтраваўся на працы ў зборнай. Але асаблівых поспехаў з нацыянальнай камандай не меў і ў ліпені 2007 года, пакінуўшы зборную, вярнуўся ў МТЗ-РІПА. У 2008 годзе зноў выйграў Кубак і бронзавыя медалі.

«Дынама» Брэст правіць

У 2009 годзе перайшоў на месца галоўнага трэнера брэсцкага «Дынама». Праводзіў амаладжэнне брэсцкай каманды, запрасіў у Брэст такіх ігракоў, як Уча Гагаладзэ і Ігар Бурко, у той жа час па яго ініцыятыве ў верасні 2010 года родны клуб пакінуў Раман Васілюк. У сезонах 2009 і 2010 брэсцкая каманда займала пятае месца ў чэмпіянаце, а старт сезона 2011 быў правалены, і ў ліпені 2011 года Пунтус быў звольнены з брэсцкага клуба.

«Смалявічы-СТІ» правіць

Вельмі хутка Пунтус нечакана для ўсіх прыняў прапанову ўзначаліць смалявіцкі «Вігвам», які на той час замыкаў турнірную табліцу Другой лігі. Намерваўся вывесці клуб (які пазней атрымаў назву «Смалявічы-СТІ») ў Вышэйшую лігу, як некалі зрабіў з БАТЭ[1]. У сезоне 2011 здолеў падняць «Смалявічы» у сярэдзіну турнірнай табліцы, а на наступны год клуб, які ўзмацніўся перспектыўнімі маладымі ігракамі, перамог у Другой лізе і выйшаў у Першую.

У сезоне 2013 «Смалявічы-СТІ» выступалі ў Першай лізе. Каманда працягвала выступаць маладымі ігракамі, толькі ўзмацнілася вопытным Алегам Страхановічам, які працаваў пад кіраўніцтвам Пунтуса ў БАТЭ і МТЗ-РІПА. Асаблівых поспехаў клуб са Смалявічаў не меў, чаргуючы перамогі з паражэннямі, і ў выніку апынуўся ў сярэдзіне турнірнай табліцы. У кастрычніку 2013 года, пасля разгромнага паражэння да светлагорскага «Хіміка» (1:6), Пунтус падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера[2].

«Славія» правіць

У студзені 2014 года з’явілася інфармацыя аб тым, што Пунтус узначаліць мазырскую «Славію», якая страціла месца ў Вышэйшай лізе. Афіцыйна стаў галоўным трэнерам мазырскага клуба ў пачатку лютага[3]. У Мазыры здолеў сабраць маладую каманду, у якой выступаў шэраг вопытных ігракоў (сярод якіх Алег Страхновіч), значную частку футбалістаў Пунтус запрасіў са свайго былога клуба — «Смалявічаў-СТІ». У выніку «Славія» за некалькі тураў да фінішу Першай лігі гарантавала сабе вяртанне ў элітны дывізіён.

Сезон 2015 «Славія», якая ў міжсезонні ўзмацнілася ў асноўным ігракамі з Першай лігі, пачала добра і апынулася ў сярэдзіне табліцы, але ў другой палове чэмпіянату стала цярпець паражэнні і стала блізкай да зоны вылету. Пасля хатняга паражэння ад «Слуцка» (1:6) у пачатку кастрычніка Пунтус заявіў пра жаданне пакінуць пасаду галоўнага трэнера, аднак кіраўніцтва клуба прапанавала трэнеру працягнуць працу з камандай[4]. 8 лістапада Пунтус кіраваў «Славіяй» у матчы апошняга тура супраць гродзенскага «Нёмана» (1:3), тым самым стаў першым у гісторыі трэнерам, які правёў 400 матчаў у Вышэйшай лізе[5].

У снежні 2015 года стала вядома, што Пунтус застанецца галоўным трэнерам «Славіі» на наступны сезон[6]. Пасля роўнага сезона 2016, у 2017 годзе каманда апынулася ў зоне вылету, у канцы сезона апусціўшыся на перадапошняе месца. Пасля паражэння ў 29-м туры ад наваполацкага «Нафтана» (1:2) Пунтус быў адхілены ад кіравання камандай, якую да апошняга тура рыхтаваў Міхаіл Марціновіч. У выніку «Славія» страціла месца ў Вышэйшай лізе, а Пунтус па заканчэнні кантракта ў лістападзе 2017 года пакінуў пасаду галоўнага трэнера мазыран[7].

«Белшына» правіць

У студзені 2019 года быў прызначаны галоўным трэнерам бабруйскай «Белшыны»[8]. Пад кіраўніцтвам Пунтуса бабруйскі клуб стаў адным з лідараў у Першай лізе, у сезоне 2019 каманда ўпэўнена ўтрымлівала другі радок, які забяспечваў выхад у Вышэйшую лігу.

«Тарпеда-БелАЗ» правіць

У верасні 2019 года, пакінуўшы «Белшыну», перайшоў на пасаду галоўнага трэнера жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ»[9]. У 2020 годзе прывёў жодзінцаў да першых у гісторыі каманды бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі. У сезоне 2021 каманда стала выступаць горш, знаходзілася ў сярэдзіне табліцы. У ліпені 2021 года пакінуў жодзінскі клуб[10].

Апошнія гады правіць

У маі 2022 года пасля адстаўкі Сяргея Кавальчука быў адным з прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера брэсцкага «Дынама», аднак не ўзначаліў каманду. У чэрвені 2022 года было абвешчана, што Пунтус будзе кіраваць чэрвеньскім «Коласам» у матчах папярэдняга раўнда Кубка рэгіёнаў УЕФА[11]. Разам з Пунтусам «Колас» атрымаў перамогі над камандамі з Азербайджана і Казахстана і выйшаў у асноўны раўнд, на турніры асноўнага раўнда ў Турцыі таксама кіраваў «Коласам», але там беларускі клуб не здолеў прайсці далей.

У ліпені 2022 года быў прызначаны галоўным трэнерам рагачоўскага «Макслайна»[12]. Пад кіраўніцтвам Пунтуса «Макслайн» заняў чацвёртае месца ў Першай лізе і пасля перамогі ў стыкавых матчах над дзяржынскім «Арсенал» атрымаў павышенне ў Вышэйшую лігу. Аднак, неўзабаве АБФФ адмовіла рагачоўскаму клубу ў праходжанні ліцэнзавання для ўдзелу ў Вышэйшай лізе, і ў снежні 2022 года Пунтус узначаліў наваполацкі «Нафтан»[13]. Аднак пачатак сезона 2023 для каманды атрымаўся няўдалым, і пасля серыі з пяці паражэнняў запар у маі 2023 года Пунтус пакінуў пасаду[14]. У хуткім часе вярнуўся на месца галоўнага трэнера ў «Макслайн», які на той час ужо пераехаў у Віцебск[15].

Трэнерскія дасягненні правіць

Крыніцы правіць

  1. Юрий Пунтус: «Смолевичи» будут в высшей лиге
  2. Юрий Пунтус уволился из "Смолевичей-СТИ" (дополнено)
  3. Юрый Іосіфавіч Пунтус - наш галоўны трэнер! // Афіцыйны сайт ФК «Славія»
  4. Директор «Славии»: «Отставка Пунтуса? Считаю, что свои ошибки нужно исправлять самим»
  5. Футбол. Наставник "Славии" Юрий Пунтус стал первым тренером высшей лиги, проведшим 400 матчей
  6. Пунтус продлил контракт со «Славией»
  7. Юрий Пунтус покидает "Славию"
  8. Юрий Пунтус возглавил "Белшину"
  9. Юрий Пунтус возглавил "Торпедо-БелАЗ"
  10. Официально: Зеневич возглавил "Торпедо-БелАЗ"
  11. Кіраваць чэрвеньскім "Коласам" у матчах папярэдняга раўнду Кубка рэгіёнаў будзе Юрый Пунтус
  12. Юрий Пунтус - новый главный тренер "Макслайна"
  13. Юрий Пунтус - главный тренер "Нафтана" (руск.). football.by (26 снежня 2022). Праверана 27 снежня 2022.
  14. Юрий Пунтус покинул пост главного тренера "Нафтана" (руск.). football.by (25 мая 2023). Праверана 30 мая 2023.
  15. Юрий Пунтус вновь возглавил "Макслайн" (руск.). football.by (30 мая 2023). Праверана 30 мая 2023.