Якан (саманазва: Yakan) — аўстранезійскі народ. Жывуць на востраве Басілан і на поўдні Мінданаа ў Філіпінах. Агульная колькасць (2010 г.) — 202 314 чалавек.

Якан
(Yakan)
Агульная колькасць 202314 (2010)
Рэгіёны пражывання  Філіпіны   
Мова якан
Рэлігія анімізм, шаманізм, іслам
Блізкія этнічныя групы сангірцы, баджа

Гісторыя правіць

Лічыцца, што назва якан азначае іх паходжанне ад даякаў з суседняга вострава Калімантан. Аднак па мове і культуры яны бліжэй да баджа. Першасным месцам, населеным імі, з’яўляецца востраў Басілан. Значная абшчына якан на поўдні Мінданаа склалася толькі ў 1970-я гг. у выніку міграцыі з-за рэлігійных канфліктаў. Якан жывуць пераважна ва ўнутраных раёнах Басілана, адрозніваюцца ад баджа і таўсуг узбярэжжа высокім ростам і высокім пераноссем.

Да XV ст. на Басілане склалася дзяржава, якую кітайцы называлі Кумаларанг. Адсюль кітайскія гандляры прывозілі жэмчуг. У 14201421 гг. валадар Кумаларанга наведваў імперыю Мін, дзе памёр у Фуцзяні. У XVII ст. іспанскія езуіты заснавалі на ўзбярэжжы хрысціянскую місію. Але іх кантакты з якан заставаліся абмежаванымі, паколькі тыя захоўвалі традыцыйную анімістычную рэлігію. Каля 1754 г. поўдзень і захад вострава трапілі пад кантроль султанаў Сулу. Лічыцца, што з гэтага часу пачалася ісламізацыя якан. Адной з яе прычын было пазбаўленне ад нападаў падданых Сулу, што ваявалі супраць хрысціян і анімістаў, пры гэтым прадавалі палонных у рабства.

У XVIII ст. на ўсходзе Басілана ўзнікла аб’яднанне яканскіх плямён. Яго ўзначальвалі традыцыйныя правадыры-дату і так званыя «багатыя людзі» аранг кая. У 1874 г. уладу ў ім захапіў хрысціянін-філіпінец Педра Куэвас. У 1886 г. ён быў прызнаны ў якасці лідара якан іспанскімі ўладамі, а пасля 1899 г. — амерыканскімі. Ён і яго нашчадкі фактычна заставаліся аўтаномнымі кіраўнікамі якан да 1936 г. Але і пасля гэтага сям'я Куэвас захоўвала значную нефармальную ўладу. У 1969 г. яе прадстаўнік абвясціў сябе султанам.

У 1920-я гг. дату ад імя абшчын прадалі большую частку ўрадлівых зямель буйным кампаніям. На Басілане былі заснаваны плантацыі гевеі і цукровага трыснягу, дзе якан працавалі ў якасці наёмных рабочых. Падчас II Сусветнай вайны многія з іх удзельнічалі ў руху супраціўлення японскім акупантам. У пасляваенны перыяд абшчына якан моцна пацярпела з-за рэлігійных сутычак паміж мусульманамі і хрысціянамі Басілана і Мінданаа.

Культура правіць

 
Традыцыйныя тканіны

Галоўнай гаспадарчай дзейнасцю якан здаўна з’яўляецца багарнае земляробства. Яны вырошчваюць рыс, какосавую пальму, клубневыя, гародніну, бетэль. Палеткі аруць плугам, запрэжаным буйваламі. У мінулым у кожнай гаспадарцы меўся свой статак рагатай жывёлы, багатыя сем'і гадавалі коняў. Важнымі дадатковымі заняткамі былі паляванне, збіральніцтва ў горных лясах, рыбалоўства. У нашы дні якан ужываюць шмат рыбы, але купляюць яе ў гандляроў. Традыцыйныя рамёствы: апрацоўка драўніны і металаў, выраб тканін. Камерцыйны характар захоўвае толькі ткацтва, якое лічыцца жаночым заняткам. Якан вядомы каляровымі тканінамі, што вырабляюць на ручных станках.

Вёскі якан маюць раскіданую планіроўку. Жытло будуюць сярод зямель, якімі карыстаецца сям'я, так што адна гаспадарка можа быць вельмі аддалена ад іншай, заўважных межаў паміж сельскімі паселішчамі няма. Цэнтрам абшчыны з’яўляецца мячэць лангал. Аднакамерныя чатырохкутныя хаціны будуюць на па́лях. У мінулым іх крылі саламянымі дахамі, у нашы дні — бляшанымі. Дах узводзяць таксама над ганкам, які можа выкарыстоўвацца як дадатковае гаспадарчае збудаванне. Сцены робяць з бамбука, падлогу — з драўляных дошак. Да жытлаў звычайна прыбудоўваюць кухню.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца малая нуклеарная сям'я. У якан дазволена палігінія, вітаюцца шлюбы са сваякамі па лініі бацькі. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па бацькоўскай і матчынай лініям. Фармальным лідарам лічыцца бацька. Напярэдадні шлюбу сваякі жаніха выплочваюць сваякам нявесты выкуп, які вяртаецца пасля нараджэння дзяцей або разводзе. Сваякі нявесты таксама даюць ёй пасаг. Маёмасць сям'і падзяляецца на маёмасць мужа, жонкі і супольную сямейную.

Сваякі звычайна імкнуцца жыць у адным паселішчы, аказваюць узаемную дапамогу, арганізуюць супольныя святы, пахаванні, рэлігійныя абрады. Паселішча з мячэццю складаюць асобную сацыяльна-палітычную адзінку на чале імама і рады мужчын-гаспадароў. Асаблівай павагай карыстаюцца заможныя гаспадары і старыя людзі. У мінулым лідар абшчыны станавіўся ваенным правадыром дату. Паколькі міжабшчынныя ваенныя канфлікты здараліся часта, улада дату была заўважнай і ў мірны час, магла перадавацца па спадчыне. Прыхільнасць да традыцыйных лідараў і іх нашчадкаў у наш час тлумачыцца асаблівасцю палітычнага жыцця. На выбарах у Басілане хрысціянская групоўка звычайна аб’ядноўваецца з групоўкай мусульман таўсуг і баджа, каб супрацьстаяць яканскай большасці. У выніку якан рэдка прадстаўлены ў дзяржаўных установах. Традыцыйныя лідары выступаюць у якасці пасрэднікаў паміж уладамі і абшчыннікамі.

Якан вядомы музычнымі і танцавальнымі традыцыямі. Звычайныя музычныя інструменты: арфа і ўдарныя. Найбольш вядомы ваенныя мужчынскія танцы, пантамімы пад музыку.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі. Захаваліся многія звычаі старой анімістычнай рэлігіі — абрады, прысвечаныя сяўбе і збору ўраджая, вера ў шматлікіх духаў, рытуал купання для абароны ад іх. Нароўні з мусульманскімі святарамі дзейнічаюць шаманы-бахаса, якія займаюцца лекаваннем, выгнаннем злых духаў, вырабам абярэгаў.

Спасылкі правіць